Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Сродкі міжфразавай сувязі ў мікратэксце

У звязным маўленні (вусным ці пісьмовым) выказванні суадносяцца адно з адным, і гэтыя адносіны (сінтаксічная сувязь) прэзентуюцца ў іх гра­матычнай форме. «Адзін з найбольш агульных, пашыраных спосабаў сувя­зі самастойных сказаў <...> заключаецца ў паўтарэнні, разгортванні часткі структуры якога-небудзь члена папярэдняга сказа ў наступным» (Г. Салга­нік). Сувязь гэтая, як зазначае Г. Салганік, ажыццяўляецца ці «праз суб’ект», ці «праз прэдыкат», г.зн. праз пасрэдніцтва паўтору элементаў суб’екта ці прэ­дыката папярэдняга выказвання.

Сэнсавая сувязь паміж выказваннямі не існуе сама па сабе: яна грун­туецца на лексіка-граматычных сродках, што матэрыяльна забяспечваюць яе ў звязным тэксце. Некаторыя даследчыкі размяжоўваюць дзве групы та­кіх сродкаў: а) агульныя як для спалучэння частак складанага сказа, так і для спалучэння самастойных выказванняў (злучнікі, часціцы, пабочна-мадаль­ныя словы; аднолькавыя часава-трывальныя формы дзеясловаў; займенні­кавыя і сінанімічныя замены і інш.); б) уласна міжфразавыя, што выкарыс­тоўваюцца толькі для спалучэння самастойных выказванняў (словы і сло­вазлучэнні, якія не раскрываюць сваёй семантыкі ў межах сказа; лексічны паўтор; простыя неразвітыя двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы; асобныя пытальныя і клічныя канструкцыі, намінатыўныя сказы) (Л. Лосева).

Класіфікацыя сродкаў міжфразавай сувязі ў ЗФА можа быць дадзена і паводле лексіка-граматычнага крытэрыю: лексічныя, лексіка-граматыч­ныя і ўласна сінтаксічныя.

Лексічныя сродкі міжфразавай сувязі – гэта словы адной лексіка-семантычнай ці тэматычнай групы, сінонімы, антонімы, словы, паміж якімі наладжваецца асацыяцыйная сувязь.

Зноў раніца.

На тэрмометры мінус трыццаць. I сонечна. Бадзёры, паэтычны дзень. (Б.)

(У дадзеным выпадку сродкам сувязі служаць словы адной лексіка-семантычнай групы.)

Цяжкасці дазваляюць ісці хутчэй. Кісцяпёрая рыба, выйшаўшы на сушу, «пайшла» хутчэй і «дайшла» да чалавека. (Раз.)

(Тут сродак сувязі – лексіка-семантычная група слоў як вынік дэры­вацыі).

У маладосці жыў дробязямі, а час цягнуўся марудна...

Цяпер жыву падрабязна. а час пралятае імгненна... (Л.Г.)

(Прапанаваны тэкст звязаны з дапамогай кантэкстуальных антоні­маў: у маладосці – цяпер; цягнуўся – пралятае; марудна – імгненна; лексіч­ных паўтораў час, жыў, а таксама паўторам адной семы ў розных словах: дробязямі – падрабязна).

Звязнасць тэксту ажыццяўляецца і з дапамогай паўторнай наміна­цыі – разнастайнага абазначэння аднаго і таго ж прадмета (асобы), што ўключае не толькі літаральныя паўторы, але і метафары, назвы па адносі­нах да роду заняткаў, прафесіі, паводле ўзросту, ацэначнай характарыстыкі і да т.п.

Параўнайце два тэксты:

I. Ёсць такое паняцце – «імя». Пра значнага, вядомага чалавека так і гавораць: «О гэта імя!»

Адам Мальдзіс – імя і не толькі ў кантэксце айчыннай літаратуры. Гаворачы пра гэтую асобу, увесь час даводзіцца паўтараць: «стварыў», «заснаваў», «ініцыяваў», «узначальваў». Так, у свой час Адам Мальдзіс стварыў у Інстытуце літаратуры сектар узаемасувязей літаратур, іні­цыяваў і ўзначаліў утварэнне біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісь­менікаў, дзякуючы яго ж намаганням быў заснаваны Нацыянальны навуко­ва-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны, дырэктарам якога Адам Восіпавіч быў працяглы час, ім жа заснаваны часопіс «Кантакты і дыялогі»...

Цяжка пералічыць усе навуковыя, творчыя дасягненні Адама Восіпа­іча. які карыстаецца вялікім аўтарытэтам у навукоўцаў усяго свету. <...>

Адам Восіпавіч Мальдзіс – сапраўды значны чалавек, асоба. Яго ве­даюць і як цікавага субяседніка з энцыклапедычнай эрудыцыяй і беларус­кім досціпам, і палымянага абаронцу беларусчыны, энтузіяста сваёй спра­вы, прынцыповага і сумленнага чалавека. (ЛіМ)

II. Вітольд Бялыніцкі-Біруля – майстра лірычнага «пейзажу на­строю». які ўзнік і атрымаў развіццё ў 80-90-я гг. XIX ст. У «пейзажы на­строю» аўтары імкнуліся вельмі тонка, эмацыйна перадаць пачуцці і пе­ражыванні чалавека, выказаць сваю любоў да роднай прыроды, зрабіць краявіды адухоўленымі.

Беларускі мастак здолеў адшукаць хараство і паэзію ў вельмі прос­тых пейзажах. Непаўторнасць, своеасаблівасць яго творчай манеры выяві­лася перш за ўсё ў каларыстычным выражэнні: палітра жывапісца абме­жаваная шэра-блакітным, зеленавата-шэрым, бэзавым адценнямі; найтан­чэйшыя адценні фарбаў, мяккі каларыт надалі творам камернасць, паэтыч­насць. («Роднае слова»)

Калі ў першым ЗФА найбольш ярка прысутнічае эмацыянальная ха­рактарыстыка асобы, што і перадаецца адпаведнымі лексічнымі сродкамі (Адам Мальдзіс, Адам Восіпавіч, Адам Восіпавіч Мальдзіс → імя – значны чалавек – асоба – цікавы субяседнік з энцыклапедычнай эрудыцыяй і бела­рускім досціпам – палымяны абаронца беларушчыны – энтузіяст сваёй справы – прынцыповы і сумленны чалавек), то ў другім – паўторная наміна­цыя паводле прафесійнай дзейнасці асобы (Вітольд Бялыніцкі-Біруля → майстра лірычнага «пейзажу настрою» – аўтар – беларускі мастак – жы­вапісец).

Лексіка-граматычныя сродкі сувязі гэта перадусім рознага кштал­ту анафарычныя элементы: асабовыя, указальныя займеннікі, а таксама сло­вы, што вяртаюць да зместу папярэдніх выказванняў (прыслоўі тут, там, туды, адтуль і інш., словы і словазлучэнні з часавым і прасторавым зна­чэннем і пад.), мадальныя словы, злучнікі, часціцы. Гэтыя сродкі выка­рыстоўваюцца нароўні (адначасова ці па чарзе) з чыста лексічнымі, напр.:

На гэтым тыдні беларусам уручаны сертыфікат аб прыналежнасці нашага Мірскага замка да Спісу сусветнай спадчыны. Фігураванне гэтага помніка беларускай архітэктуры ў згаданым рэестры – без перабольш­вання факт нацыянальнага гонару. Таму не. дзіўна, што мы так часта хва­лімся гэтым і кажам, як гэта пачэсна.

Між тым цікава ведаць. што наогул такое Спіс сусветнай спад­чыны, якія яшчэ аб'екты занесеныя ў яго разам з нашым Мірскім замкам. Спіс гэты быў створаны ў 1972 годзе згодна з Канвенцыяй па абароне су­светнай культуры і прыроднай спадчыны і з тае пары на працягу ўжо 30 га­доў увесь час папаўняецца. На сёння ў ім каля сямі соцень пазіцыяў. Гэта помнікі культуры і прыроды з болей як сотні краінаў – ад статуі Свабоды да Галапагоскіх выспаў, ад Калізея да Вялікай кітайскай сцяны. Трэба ска­заць, кампанія ў Мірскага замка як мае быць! («Наша свабода»)

У гэтым тэкставым фрагменце выразна прасочваюцца анафарычныя замены (чыстыя ці ў сукупнасці з паўторнай намінацыяй): Спіс – у ім, на­шага Мірскага замку гэтага помніка; факт нацыянальнага гонару – хва­лімся гэтым; Спіс сусветнай спадчыны – Спіс гэты: каля сямі соцень пазі­цыяў – гэта помнікі культуры і прыроды, а таксама кантэкстуальныя сіно­німы: Мірскі замак – помнік беларускай архітэктуры аб’ект – пазіцыя – помнік культуры і прыроды; Спіс сусветнай спадчыны – рэестр.

У старажытных славян многія ўласныя імёны ўтвараліся ад назваў жывёл, раслін, шырока ўжываліся імёны-характарыстыкі: Заяц, Воўк, Дуб, Граб, Сокал, Косы, Рабы, Кульгавы. У пазнейшы час ім на змену прый­шлі новыя імёны, у якіх таксама адчувалася семантыка слоў-характарыс­тык: Яраполк, Багалеп, Барыслава, Гарыслаў, Уладзіслаў. Страцілі актыў­насць такія імёны ва ўсходніх славян пасля прыняцця хрысціянства, ад­нак гэты працэс быў павольным, паступовым. Людзі высокіх саслоўяў, у асноўным князі, баяры, адразу пасля прыняцця хрысціянства мелі звы­чайна два імені. Пасля нараджэння дзіцяці давалася тыповае, найчасцей складанае імя, якое характэрным і досыць ужывальным было яшчэ з часоў язычніцтва (Яраполк, Ізяслаў, Усяслаў, Брачыслаў, Святаполк, Любамір, Мсціслаў і інш.), а пазней, калі дзіця хрысцілі, яно атрымлівала яшчэ адно імя, запазычанае з царкоўнага календара-святцаў. (Ш.)

Выказванні гэтага звышфразавага адзінства звязаны перадусім слова­мі і спалучэннямі, што вяртаюць да зместу папярэдніх выказванняў, напр., словазлучэнні і прыслоўі з часавым значэннем: зыходнае ў старажытных славян → у пазнейшы час пасля прыняцця хрысціянства – з часоў языч­ніцтва – пасля, таксама анафарычнымі заменамі: імёны-характарысты­кі → ім; Яраполк, Багалеп, Барыслава, Гарыслаў, Уладзіслаў – такія імёны, паўторам лексем імёны, імя і г.д.

Пасля нічога не будзе. Усё ёсць сёння. Запамінай кожную дробязь, каб было чым жыць пасля... (Л.Г.)

Мініяцюру Л. Галубовіча складаюць усяго тры выказванні, звязаныя між сабой найперш проціпастаўленнем часавых формаў дзеяслова быць: не будзе – ёсць – было, а таксама прыслоўяў пасля сёння, антонімамі нічо­га – усё і паўторам прыслоўя пасля, якое ўтварае кола, пачынаючы і за­канчваючы тэкст.

Уласна сінтаксічныя сродкі сувязі гэта найперш парадак слоў, непаўната сказаў і эліпсіс, а таксама сінтаксічны паралелізм.

Азёры прыносяць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць. Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў. Сві­цязь натхняла Міцкевіча. Возера Нешчарда – аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў новага часу, аўтара «Рабункаў мужыкоў» і чатырохтомнага зборніка апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. (Каратк.).

У прапанаваным звышфразавым адзінстве відавочны сінтаксічны па­ралелізм – 1-ы і 2-і сказы, прамы парадак слоў – дзейнік, затым выказнік, а таксама структурная непаўната 2-і і 3-і сказы (апушчаны дзеяслоў нат­хняла).

Зразумела, што ў канкрэтным тэксце сродкі міжфразавай сувязі вы­карыстоўваюцца па-рознаму: можа быць сукупнасць усіх, а можа даміна­ваць толькі адзін з іх, што абумоўліваецца тыпам тэксту і інтэнцыямі аўта­ра, напр.:

Усе мы нараджаемся простымі і светлымі, як сонечныя промні. Але складанае зямное жыццё змушае нас прымаць яго пакручастыя фор­мы. I мы – круцімся, віхляем, прагінаемся, укладваючыся ў свае лёсавыя нішы...

I толькі на смяротным ложы зноў вяртаемся да першароднай прас­таты. Робімся яснымі і зразумелымі, як месячнае святло... (Л.Г.)

Прыведзены тэкст складаецца з двух абзацаў, што ўтвараюць адно ЗФА, якое ўмоўна можна назваць «Зямное жыццё і чалавек». Тут у наяў­насці сукупнасць сродкаў сувязі: злучнікі але, і; паўтор лексем мы – нас – мы і пэўных сем: простымі прастаты, светлымі святло; структурная непаўната выказванняў другога абзаца – апушчаны дзейнік мы; кантэкс­туальныя сінонімы зямное жыццё – лёсавыя нішы; простыя і светлыя – ясныя і зразумелыя; кантэкстуальныя антонімы зямное жыццё – смярот­нае ложа, сонечныя промні месячнае святло.