Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
293
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Камунікацыйны аспект сказа. Актуальнае чляненне выказ­вання.

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Т. Рамзы «Сінтаксіс: Тэарэтычны курс».

Сучасныя даследчыкi часцей за ўсё ўзводзяць гiсторыю ўзнiкнення iдэй, што ляжаць у аснове актуальнага члянення (АЧ), да працы А Вейля «Парадак слоў у старажытных мовах у параўнаннi з сучаснымi» (1869). У вынiку супастаўлення парадку слоў у старажытных i сучасных яму мовах, ён прыйшоў да высновы, што ў сказе можна вылучыць два вiды арганi­зацыi: парадак праходжання членаў сказа i парадак праходжання iдэй. Пры тым «iдэi» ў складзе сказа могуць быць двух вiдаў: зыходны пункт паве­дамлення i яго мэта. У старажытных мовах тое, што названа зыходным пунктам, размяшчалася, як правiла, у пачатковай пазiцыi, а мэта паведам­лення размяшчалася ў канцы сказа.

Ідэя бiнарнага сэнсавага члянення сказа, выказаная ў рабоце А. Вей­ля, стала ў далейшым грунтам для значнай часткi работ па актуальным чляненнi сказа. Але сама тэорыя актуальнага члянення як самастойная га­лiна навуковых даследаванняў узнiкла толькі ў 20–30-я гг. XX ст., і ля яе вытокаў стаяць чэшскiя лiнгвiсты В. Матэзiус, Ф. Траўнiчак, П. Адамец і інш. Сам тэрмiн актуальнае чляненне належыць В. Матэзiусу.

Што датычыць беларускай лінгвістыкі, то спецыяльных прац, прысве­чаных гэтаму пытанню, тут бракуе, існуе шэраг публікацый і даведачных матэрыялаў, якія так ці інакш закранаюць праблему актуальнага члянення беларускага сказа, у прыватнасці работы Л. Выгоннай, А. Міхневіча, Т. Бан­дарэнкі, Л. Бурака, Л. Антанюк, Л. Сямешкі і інш.

Актуальнае чляненне – гэта сэнсавы падзел выказвання на тэму і рэ­му, iстотны для дадзенага кантэксту цi сiтуацыi. Актуальнае чляненне ска­за адпавядае камунiкацыйнаму заданню: яно арганiзуе сказ для перадачы актуальнай iнфармацыі, г.зн. таго аспекту рэчыўнай iнфармацыi (звязанай з лексiчным напаўненнем i фармальнай арганiзацыяй выказвання), якi скла­дае сутнасць дадзенай камунiкацыi, i дзеля паведамлення якога дадзеная камунiкацыя i павiнна адбыцца.

Тэрмiн актуальнае чляненне супрацьпастаўляецца фармальна-сiнтак­сiчнаму чляненню выказвання i падкрэслiвае, што яно iстотнае (актуаль­нае) у дадзеным кантэксце цi для дадзенай сiтуацыi і цалкам залежыць ад моўцы цi таго, хто пiша. Актуальнае чляненне каардынуецца з сінтаксіч­ным, але не падпарадкоўваецца яму, паколькі, па-першае, актуальнае чля­ненне заўсёды бiнарнае (уключае тэму i рэму), нягледзячы на тое, што вы­казванні маюць розную колькасць кампанентаў; а па-другое, тэмай і рэмай могуць быць любыя члены сказа. Згадаем прыклад з «Паэмай» Р. Бараду­ліна: Мне цябе не стае // Тае... Паводле фармальна-сінтаксічнага члянення тут вылучаюцца чатыры члены сказа: галоўны член безасабовага сказа не стае, прамое дапаўненне цябе, ускоснае дапаўненне мне і дапасаванае аз­начэнне тае; згодна з камунікацыйным чляненнем, тут тэмай будзе частка мне цябе не стае, а рэмай – сінтаксема тае, таму што на яе прыпадае ас­ноўны лагічны націск і ўся сэнсавая нагрузка выказвання.

Як правіла, даследчыкі вызначаюць тры прыметы тэмы:

– гэта «зыходны пункт выказвання» (В. Матэзіус);

– яна актуальна менш значная, чым рэма;

– гэта частка выказвання, якая звычайна вядомая, прадвызначаная папярэднiм кантэкстам.

Пры вызначэннi рэмы адзначаецца, што:

– гэта «ядро выказвання» (В. Матэзіус);

– яна актуальна больш значная, чым тэма, бо змяшчае ў сабе асноў­ны змест паведамлення;

– звычайна з’яўляецца носьбiтам «новага», «перадае тое, што вылу­чае дадзенае выказванне, што не тоеснае раней вядомаму для моўцы». У прынцыпе тут назіраецца пэўны стылістычны эфект, т.зв. «ілюзія дадзена­га» (І. Каўтунова), паколькі для адрасата ўся інфармацыя (і тэма, і рэма) можа быць новай, але моўца зыходзіць з яе некаторай дадзенасці, будуючы сваё выказванне так, быццам слухач пра гэтыя факты таксама ведае. Возь­мем для прыкладу вершаваныя радкі, якія чытаюцца намі ўпершыню, і тым не менш мы вылучаем тут тэму (як інфармацыю вядомую) і рэму (новую інфармацыю – вылучана ў тэксце): У кожным з нас / жыве Варава, І рэд­кім госцем – / Пан Хрыстос. (Барад.)

Адбываецца гэта таму, што любое выказванне будуецца паводле прынцыпу разгортвання інфармацыі: ад тэмы да рэмы, ад дадзенага да но­вага; і нават калі «дадзенае» ёсць цалкам новае, тым не менш вылучаецца тэма і рэма, хаця разгортванне ў прынцыпе ідзе ад новага да новага. Вы­казванне можа не мець граматычна выражанай тэмы, але пры гэтым рэму – заўсёды, а таму выказванне без тэмы (па-іншаму: з нулявой тэмай) утварае толькі рэма: Прыйшла зiма. Пахне марознай свежасцю. Наступiла раніца; параўн. у вершы: Самоціцца восень. Самоціцца неба (Т.Д.); Маленькі жаль. Маленькі боль. Ледзь чутная трывога. Цярпіма (Т.Д.).

Выказванне – «адзінка паведамлення, якая мае сэнсавую цэласнасць і можа быць успрынятая слухачом у пэўных сітуацыях моўных зносінаў» (Сцяцко, 1990). Для выказвання характэрная камунікацыйная сітуацыя, «кам­панентамі якой з’яўляюцца моўца і яго адрасат (ва ўсёй паўнаце сацыяль­ных і псіхалагічных роляў, фонавых ведаў і нацыянальна-культурных кан­цэптаў), іх матывы і мэты зносінаў, інтэнцыі, ацэнкі, эмоцыі, адносіны, месца і час стасункаў і г.д.» (Формановская, 1999).

Калі актуальнае чляненне выказвання – гэта падзел на тэму і рэму, то актуалізацыя – змяненне нарматыўнай структуры выказвання пад уздзеян­нем камунікацыйнага задання. Асноўнымі сродкамі актуальнага члянення з’яўляюцца інтанацыя і парадак слоў у іх узаемадзеянні, дадатковымі – роз­нага кшталту часціцы.

Для актуалізацыі выкарыстоўваюцца розныя дадатковыя прасадыч­ныя, а на пісьме (асабліва часта) графічныя сродкі. Інтанацыя – «сукуп­насць фанетычных сродкаў, якія служаць для афармлення фразы і асобных яе частак як адзінага цэлага, а таксама для больш дакладнай перадачы думак і пачуццяў асобы, якая гаворыць» (Выгонная, 1990). Паводле мерка­вання А.Я. Міхневіча, інтанацыя знаходзіцца не па-за сказам, а па-над ска­зам і прысутнічае абавязкова (так як і канчаткі, злучнікі і інш. матэрыяль­ныя носьбіты пэўнага значэння). Разам з тым даследчыкамі ўказваецца што «нельга спрашчаць адносіны між сінтаксісам і інтанацыяй, лічыць, што іс­нуе самая непасрэдная і строга абумоўленая сувязь між пэўнай сінтаксіч­най структурай і інтанацыйнай формай яе выражэння, што кожная сінтак­січная адзінка мае толькі ўласцівае ёй афармленне» (Выгонная, 1991).

Інтанацыя – гэта і сродак дыферэнцыяцыі сэнсавых адносінаў і сувя­зяў у выказванні, а таксама універсальны сродак перадачы суб’ектыўнай мадальнасці. У маўленні інтанацыя выступае ў сукупнасці сваіх складні­каў: націск, тэмп, тэмбр, паўзы.

Важкім сродкам актуалізацыі (асабліва ў пісьмовых тэкстах) з’яўля­ецца парадак слоў – гэта лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае граматычнае, камунікацыйнае (сэнсавае) і стылістычнае значэнне. Па-іншаму парадак слоў выконвае ў выказванні тры асноўныя функцыi: грама­тычную, камунікацыйную і стылістычную (Чайкун, 1994). Граматычная функ­цыя не толькі вызначае месца членаў сказа ў выказванні і іх адрозненне, але і арганізуе ў ім спалучэнні сінтаксем. Згодна з гэтай функцыяй, боль­шасць расчлянёных выказванняў пісьмовага маўлення адпавядае наступна­му размяшчэнню яго членаў: дзейнік – выказнік – пашыральнік: Студэн­ты / асвойваюць інтэрнэт; прычым дапасаванае азначэнне – перад азна­чаемым словам, недапасавае пасля: Дапытлівыя студэнты з філфака / ас­войваюць інтэрнэт. Прамое дапаўненне размяшчаецца пасля выказніка, акалічнасць спосабу дзеяння (выражаная прыслоўем на -о, -а), меры і сту­пені – перад дзеясловам-выказнікам ці ў самым пачатку сказа. Іншыя ака­лічнасці маюць больш свабоднае размяшчэнне. У нерасчлянёных выказ­ваннях схемы N1–Vf прэпазіцыя выказніка ёсць не інверсійны, а прамы па­радак, напр.: Зайшло сонца. Надышла ноч.

Парадак слоў выконвае важную сінтаксічную ролю: служыць для ад­рознення членаў сказа і тыпаў сказа, асабліва тады, калі кантэкст не дазва­ляе размежаваць аманімічныя формы слоў. Калі сказ складаецца з назоў­ніка і дапасаванага да яго прыметніка, то ў постпазіцыі прыметнік высту­пае выказнікам і сказ з’яўляецца двухсастаўным: Дзень цёплы (Кул.). У прэ­пазіцыі прыметнік выконвае ролю азначэння, сказ – аднасастаўны (наміна­тыўны): Цёмны бор, кусты, балоты (К-с). У сказах з інфінітывам і безаса­бова-прэдыкатыўным словам апошняе ў постпазіцыі з’яўляецца выказні­кам, сказ – двухсастаўны: Ехаць тут аўтамабілем – прыемна (Шах.). Пры прэпазіцыі яго – сказ аднасастаўны (безасабовы), у якім інфінітыў разам з безасабова-прэдыкатыўным словам утвараюць састаўны дзеяслоўны вы­казнік: У завеях пялёсткаў блакітных няцяжка цяпер заблудзіцца (Панч.).

Камунiкацыйная функцыя дапамагае перадачы актуальнага члянення выказвання i шырэй – любой актуалiзацыі сказа. Стылiстычная функцыя абумоўлена тым, што з мэтай выразнасці, экспрэсіўнасці звычайны пара­дак слоў свядома парушаецца: найбольш значны кампанент сказа выно­сіцца ў пачатак або ў канец сказа. Адбываецца ўзаемадзеянне парадку слоў з інтанацыяй праз інверсію. Інверсія – гэта парушэнне прамога парадку праз адваротную пастаноўку (рэма – тэма), а таксама нязвыклае (дыстант­нае) размяшчэнне кампанентаў спалучэння. Прамы парадак слоў (тэма – рэма) стылістычна нейтральны, а інверсійны спрыяе перадачы дадатковай семантычнай i стылiстычна-экспрэсіўнай афарбоўкі, таму ён розны і адроз­ны ў вусным маўленні, фальклорных, публіцыстычных і мастацкіх тэкстах. Так, напр., размяшчэнне дапасаваных азначэнняў у постпазіцыі і ў канцы паэтычнага радка дазваляе стылізаваць верш пад фальклорны тэкст: Слёзы халодныя... Астры маўклівыя... З днямі асеннімі, днямі тужлівымі... Плачце!.. Рыдайце пад зорамі мглівымі, Кветкі забытыя – Астры маўклі­выя! (Т.) Парадак слоў у сказе ў многім залежыць ад жанру твора, спосабу падачы матэрыялу.