Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
293
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.3 Віды сувязі ў тэксце

Міжфразавая сувязь у ЗФА – гэта сувязь паміж выказваннямі, што ўтва­раюць яго сэнсавае і структурнае адзінства. Міжфразавая сувязь у тэксце аб’ядноўвае іншыя яго кампаненты між сабой: ЗФА, абзацы, фрагменты і г.д., таму адрозніваюць міжфразавую сувязь кантактную (спалучае сусед­нія выказванні, гл. мікратэкст I) і дыстантную (спалучае аддаленыя выказ­ванні, мікратэкст II).

I. На гэты раз бабёр прыпазніўся і паказаўся на вадзе, калі сонца па­залаціла ўжо вяршаліны дубоў над Шчараю. З затокі, не ныраючы і не азі­раючыся, быццам прашываючы густым і тоўстым швом рачную роўнядзь, бабёр пашыбаваў пад другі бераг. А там, на прыбярэжнай пясчанай не­шырокай касе, ляжала зялёная, з лісцем, галіна. Бабёр выбраўся, як на ват­ных ножках, на пясок і адразу пачаў есці. Чамкаў ён гучна і стараючыся. Відаць, падганялі бабра інстынкт і памяць: пачнецца людскі рух – да са­мага цямна трэба знікнуць, схавацца, сцерагчыся, каб і на вочы людскія не трапіць. Бабёр падсілкоўваўся. (Янк.)

1-ы і 2-і сказы звязаны кантактнай сувяззю праз паўтор лексемы бабёр, а таксама праз кантэкстуальныя сінонімы на вадзе – з затокі, 2-і і 3-і сказы – праз прыслоўную замену: бераг – там; 3-і і 4-ы – праз паўтор ад­ной семы – пясчанай касе – на пясок; 4-ы і 5-ы – праз кантэкстуальныя сі­нонімы: есці – чамкаць і займеннікавую замену: бабёр – ён; 5-ы і 6-ы – праз замену займенніка назоўнікам: ён – бабра; 6-ы і 7-ы – праз паўтор лексемы бабёр.

II. Сцішваецца. I ўсё возера падзялілася на палосы: адна люстраная, а побач ветравая, быццам шырокая сцяжынка, па якой бягуць... не ногі, а самі добрыя душы.

I зусім сцішылася. Усё возера стала люстрам. То хоць плотачка торкала, сяды-тады «ўскідвалася» следам за паплаўком... і трапятала на дне лодкі. А цяпер – хоць бы нюхнула... Можна і не глядзець на паплаўкі. (Янк.).

У дадзеным выпадку выказванні першага і другога абзацаў спалу­чаюцца між сабой дыстантнай сувяззю праз паўтор лексем: сцішваецца – сцішылася і ўсе возера.

Дыстантнай сувяззю звязваюцца, як правіла, інфармацыйна самыя значныя кавалкі тэксту, а таму найбольш выразна яна і праяўляецца якраз паміж абзацамі, фарміруючы «стрыжань» усяго тэксту і забяспечваючы яго цэласнасць.

Паводле характару сродкаў і механізмаў (спосабаў) іх дзеяння адроз­ніваюць некалькі тыпаў сувязі: ланцужковую (паслядоўную), паралельную, далучальную, змешаную.

Ланцужковая сувязь праяўляецца тады, калі выказванні чапляюцца адно за адно на ўзор звёнаў ланцужка. Рэалізуецца такая сувязь або праз адзін сродак, або праз некалькі адначасова:

• праз анафарычныя ці ўказальныя займеннікі, напр.:

Сёння ў нас цюльпаны ўпрыгожваюць амаль кожны агародчык. А між іншым, першыя звесткі пра іх сустракаюцца ў Персіі. Чароўную кветку ў выглядзе ліхтара ці кубка называлі «дзюль-баш» – «турэцкая чалма», ад якога пазней пайшло слова «цюр-ман». Ён быў апеты многімі персідскімі паэтамі. <...>

Ёсць звесткі, што ў Еўропе гэтая прыгожая кветка з’явілася ў па­чатку 50-х гадоў XIV стагоддзя. Цюльпан прывёз у Вену пасланнік аў­стрыйскага імператара Фердынанда. які ўбачыў у садзе турэцкага сул­тана ў Канстанцінопалі незнаёмыя кветкі. Закупіўшы партыю цыбулін, ён вярнуўся ў Вену. Так пачалося трыумфальнае шэсце цюльпанаў у Еўропе. («Звязда»)

• праз паўтор лексемы, якая мяняе функцыі члена сказа, тыпу:

Усе значныя адкрыцці ўзніклі на мяжы «не можа быць», на мяжы нонсенсу. Нонсенс – неабходны фактар жыцця, неабходны фактар твор­часці. Смерць – нонсенс, але жыццё раіцца з ёю. (Раз.)

(Варта нагадаць, што, акрамя сродку міжфразавай сувязі, лексічны паўтор можа быць адначасова і стылістычным прыёмам з мэтай актуаліза­цыі ўвагі чытача / слухача на значэнні гэтай лексемы, а разам – зместу ўся­го звязнага маўлення.);

• праз кантэкстуальныя сінонімы, напр.:

Чалавека заўсёды хваляваў яго лёс. Яшчэ і сёння многія людзі звяр­таюцца да варажбітак і да цыганак, каб даведацца пра сваю будучыню. Але і тыя, хто не верыць у варажбу, не могуць не задумвацца пра сваё жыццё, пра таямнічы ланцуг вялікіх і малых падзей, якія вызначаюць важнейшыя яго этапы. (Шамяк.)

(У гэтым фрагменце сувязь ажыццяўляецца і праз іншы ланцужок: чалавек – людзі тыя, хто не верыць у варажбу);

• праз лексічную непаўнату, напр.:

Быў поўдзень. Ззяла сонца. Па небе між дубовых, з зялёнага кара­куля шапак плавалі нерухомыя аблачыны. I белыя, і шэрыя. 3 тых шэрых і пырснуў дождж. Нечакана. Пад сонцам. Сляпы. Пырснуў і хуценька су­няўся. А потым зноў разахвоціўся. I сонца ззяла, і залаты дождж імжыў. (Карам.)

Відавочна, што, акрамя адзначаных сродкаў ланцужковай сувязі, ёсць і іншыя, якія «дзейнічаюць» адначасова з асноўнымі. Гэта словы адной лексіка-тэматычнай ці семантычнай групы, кантэкстуальныя антонімы, паўторная намінацыя і інш.

Так, для прыведзенага вышэй тэкставага фрагмента, апроч асноўнага сродку ланцужковай сувязі – структурнай непаўнаты, трэба назваць семан­тычнае кола слоў ‘прырода’: сонца, неба, аблачыны, дождж; <дождж> пырснуў, суняўся, разахвоціўся, імжыў; лексіка-граматычны сродак – злуч­нік а на пачатку сказа і прыслоўе потым, што ўказвае на паслядоўнасць разгортвання падзеі. Прысутнічае тут і дыстантная сувязь праз паўтор слоў: сонца – пад сонцам – сонца, ззяла сонца – сонца ззяла, дождж; так­сама есць паралельная – тры першыя сказы і далучальная сувязь – пяты сказ (гл. пра іх ніжэй).

Паралельная сувязь адзначаецца тады, калі будова сказаў тоесная. Такая сувязь грунтуецца на паралелізме структуры канструкцый, дзе мо­гуць ужывацца:

• паўтор адной і той жа лексемы (часта з яе пачынаюцца выказванні, т.зв. сінтаксічная анафара), напр.:

Родная мова – гэта мільёны жывых клетачак мозгу, унаследаваных чалавекам ад папярэдзіўшых яго пакаленняў, мільён перажыванняў красы, дабра і зла, згукаў і форм, несчыслёнае багацце душы, каторае адкрываец­ца толькі пад дотыкам тых самых згукаў, каторай наградзілі іх калісь у душах далёкіх пакаленняў.

Родная мова гэта музыка душы, каторай Навышні Стварыцель адарыў чалавека, гэта натуральны фундамент, на каторым чалавек паві­нен будаваць дом сваёй сілы духоўнай, свайго розуму, пачуцці дабра і зла, справядлівасці і крыўды, красы і брыдзі. (В.Л.)

• словы адной лексіка-тэматычнай групы, што характарызуюць адзін і той жа аб’ект з розных бакоў (таму тут няма зачаплення выказвання адно за адно, а ёсць аднатыповасць у іх пабудове):

На горад апускаецца вераснёвы вечар. Прыгожа ўспыхнулі схаваныя ў яшчэ зялёнай навісі дрэў ліхтары. Дзённы тлум паступова спадае. 3 лёгкім гулам праносяцца перапоўненыя тралейбусы, ледзь чутна шасцяць па асфальце таксі. Горад пачынае вячэрнюю казку. (I.Н.)

• паўтор канструкцыі (сінтаксічны паралелізм):

Срэбра зрэбнае: яно блізкае простаму людскому жыццю, шэраму на выгляд, шурпатаму навобмацак.

Золата аздобнае: заўсёды і ўсюды яно пачувае сябе волатам, які ўсё можа і якому ўсё дазволена, і тыя прарэхі і дзіркі, што нічым ужо нельга залатаць, латва залатваюцца золатам. (Раз.)

Далучальная сувязь назіраецца тады, калі змест наступнага выказ­вання дапаўняе, дадае інфармацыю да асноўнага, што адбываецца праз па­сярэдніцтва злучнікаў і, ды, ды і, і таму, і тады, і як і да т.п., напр.:

Востраў і праўда быў казачны, прыгожы.

I самае. галоўнае – неабжыты. Куды ні зірнеш, куды ні пойдзеш – нідзе ніводнай душы. Толькі дрэвы і травы, толькі мятлушкі і птушкі. Ды яшчэ мора, якое ласкава, па-кацінаму падкочвалася да ног адразу, як толькі закаханыя выходзілі на бераг. (Сіп.)

або праз прыём парцэляцыі:

Разам са словам – ім, словам, вырваным з цемры невядомасці! – на­радзіўся чалавек. Нарадзіўся, каб з году ў год, з веку ў век дабірацца, дакоп­вацца да сваёй сутнасці, неспазнанай, неразгаданай ні адразу, ні потым. Каб дакопвацца да схаванай ад яго ісціны. З году ў год. З веку ў век. Пры­стасоўваючыся да кароткага чалавечага жыцця. (Т.Б.)

Змешаная сувязь адзначаецца тады, калі пры спалучэнні выказван­няў выразна акрэсліваюцца прыметы ланцужковай і паралельнай сувязі, ланцужковай і далучальнай або ўсіх трох адначасова, напр.:

Адна рэч – чалавекам нарадзіцца. I зусім іншая – чалавекам памер­ці... Нарадзіцца – якім Бог даў. Памерці – якім Бог прыме... (Л.Г.)

У прапанаванай мініяцюры 1-ы і 2-і сказы звязаныя далучальнай су­вяззю (праз злучнік і), ланцужковай (праз структурную непаўнату – апуш­чана слова рэч) і паралельнай (праз паўтор канструкцыі); 3-і і 4-ы сказы аб’яднаныя паралельнай сувяззю (праз сінтаксічны паралелізм і паўтор лек­сем якім Бог), а таксама ланцужковай (праз антанімічнае супастаўленне: нарадзіцца – памерці). Ланцужковай дыстантнай сувяззю звязаны 1-ы і 3-і сказы (праз паўтор лексемы нарадзіцца), а таксама 2-і і 4-ы (праз паўтор лексемы памерці).

Дзеля нагляднасці і падсумавання тэарэтычнага матэрыялу прапану­ем абагульняльную табліцу.