Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.2.1 Тыпы словазлучэнняў

У сучаснай беларускай мове словазлучэнні апісваюцца на аснове на­ступных характарыстык.

І. Паводле віду сувязі паміж кампанентамі непрэдыкатыўныя сло­вазлучэнні падзяляюцца на паратаксісныя і гіпатаксісныя. Паратаксісныя словазлучэнні арганізуюцца з незамкнутага або замкнутага рада раўнапраў­ных кампанентаў, якія звязаны злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам і з’яўляюцца аднолькавымі членамі сказа: выступалі навукоўцы, практыкі, метадысты; летам і зімою; не толькі сёння, а і заўтра. Незамкнуты рад ад­розніваецца ад замкнутага магчымасцю развіцця (працягу): летам і зімою, вясной і восенню; выступалі эксперыментатары, навукоўцы, практыкі, ме­тадысты. Гіпатаксісныя словазлучэнні – гэта словазлучэнні з замкнутым радам нераўнапраўных кампанентаў, якія звязаны пры дапамозе прыназоў­нікаў або без іх і з’яўляюцца рознымі членамі ў сказе: каляровы тэлевізар; клапаціцца пра дзяцей; ісці асцярожна; вельмі неспакойны.

II. Паводле выражэння галоўнага кампанента гіпатаксісныя сло­вазлучэнні бываюць іменныя (іх галоўны кампанент выражаецца іменнай час­цінай мовы): вясёлае дзіця, вельмі сумны і г.д., дзеяслоўныя (дзеяслоў і яго формы – дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе – галоўныя кампаненты): дабіцца поспехаў; пакласці на стол; прапанаваць зайсці; пайшоў усміхаючыся; на­палоханы стрэлам; затрымаўшы дыханне, адвербіяльныя (прыслоўе, катэ­горыя стану ў ролі галоўнага кампанента): па-ранейшаму сур’ёзна; даволі рана; блізка ад дому; яму радасна. У залежнасці ад таго, якой іменнай час­цінай мовы выражаны галоўны кампанент іменных словазлучэнняў, сярод іх вылучаюцца а) субстантыўныя (назоўнік у ролі галоўнага кампанента): чорная хмара; прыезд гасцей; б) ад’ектыўныя (прыметнік выступае галоў­ным кампанентам): мокры ад дажджу; в) пранамінальныя (займеннік – га­лоўны кампанент): нешта новае, нехта са знаёмых; г) нумаратыўныя (лі­чэбнік у ролі галоўнага кампанента) словазлучэнні: дваццаць крокаў; трое сутак; першы злева.

Паратаксісныя словазлучэнні ў залежнасці ад выражэння кампанен­таў бываюць аднатыпныя і неаднатыпныя. Сярод словазлучэнняў з адна­тыпнай формай вылучаюцца тыя ж разнавіднасці: іменныя: лес ды луг; не брат, а сястра (субстантыўныя); то радасны, то сумны (ад’ектыўныя); тры ці два (нумаратыўныя); ні твой, ні мой (пранамінальныя), дзеяслоў­ныя: устаць ды пайсці, адвербіяльныя: спакойна і ўтульна. Сярод паратак­сісных словазлучэнняў з неаднатыпнай формай найбольш прадукцыйныя субстантыўна-пранамінальныя: ты і брат і субстантыўна-адвербіяльныя: уважліва, але з недаверам; з хаты або дахаты.

III. У залежнасці ад характару сувязі паміж кампанентамі слова­злучэнні дзеляцца на: 1) свабодныя, у якіх кожны кампанент захоўвае сваё самастойнае значэнне і з’яўляецца асобным членам сказа (карысны дапамож­нік); 2) несвабодныя, у якіх пэўныя кампаненты аслабілі сваё лексічнае зна­чэнне і выступаюць у ролі аднаго члена сказа, утвараючы непадзельнае сін­таксічнае адзінства: тры вучні.

Свабодныя словазлучэнні бываюць: а) лексічна неабмежаваныя (калі замест пэўнага кампанента могуць ужывацца многія іншыя словы адпавед­най катэгорыі): светлы пакой (можна: наш, утульны, добры, цёплы, пры­браны, прасторны, шырокі і г.д.) і б) лексічна абмежаваныя (калі замест пэўнага кампанента могуць ужывацца іншыя, але абмежавана): гартаць ча­сопіс (кнігу, газету), але не стол (кветку, зямлю).

Несвабодныя словазлучэнні бываюць: а) сінтаксічныя (калі аднаго сло­ва-кампанента недастаткова для перадачы інфармацыі з-за семантычнай ас­лабленасці): дзеці школьнага ўзросту (не гаворым: дзеці ўзросту); некалькі студэнтаў; дзве сяброўкі; б) фразеалагічныя (прадмет фразеалогіі), кампа­ненты якіх толькі ў цесным адзінстве абазначаюць пэўнае паняцце, маючы пастаянную семантыку, структуру і склад: (правялі) разведку боем; тры­маць сябе ў руках.

IV. Па структуры вылучаюцца словазлучэнні простыя і складаныя. Простыя словазлучэнні складаюцца, як правіла, з двух самастойных слоў: вясновы дзень; дзень і ноч; марыць пра будучыню. Але можа быць і боль­шая колькасць слоў. Гэта бывае, калі адзін з кампанентаў выражаны: а) сін­таксічна несвабодным спалучэннем: хлопчык [з кучараваю галавою], дзіця [сямі гадоў], язда [тры гадзіны], [дзве дачкі] і маці; б) аналітычнай фор­май: [самая вялікая] радасць, [стану (буду) маўчаць] і слухаць; в) фразеа­лагічным зваротам: прыйсці [на разбор шапак], сядзець і [разводзіць сы­расць].

Прыём праверкі, што такія словазлучэнні простыя, наступны: кампа­нент, які выражаны двума словамі, можна замяніць адным словам-сіноні­мам: кучаравы хлопчык, сямігадовае дзіця, трохгадзінная язда, дочкі і ма­ці; найвялікшая радасць, памаўчу і паслухаю; прыйсці позна, сядзець і пла­каць.

Складаныя словазлучэнні арганізуюцца з некалькіх самастойных слоў: праверка хатняга задання; наш новы куратар; хлебныя палеткі і мурож­ныя лугі. Складаныя словазлучэнні ўтвараюцца на базе простых трыма асноў­нымі шляхамі: а) далучэннем паясняльных слоў (аднаго або некалькіх) да залежнага кампанента: успамінаць канікулы – успамінаць летнія канікулы (успамінаць радасныя летнія канікулы); б) далучэннем паясняльных слоў да галоўнага кампанента: чакаць лета – з нецярплівасцю чакаць лета (з вялікай нецярплівасцю чакаць лета); в) далучэннем паясняльных слоў і да галоўнага, і да залежнага кампанентаў: успамінаць канікулы – з задаваль­неннем успамінаць летнія канікулы (з вялікім задавальненнем успамінаць ра­дасныя летнія канікулы). Часам такое вылучэнне складаных словазлучэн­няў здаецца штучным з-за магчымасці ператварэння іх у закончаныя сказы.

Існуе іншая класіфікацыя такіх тыпаў, якая абапіраецца на колькасць і характар спосабаў падпарадкавальнай сувязі. Паводле гэтай класіфікацыі вылучаюцца словазлучэнні: 1) простыя (пабудаваныя на аснове аднаго спо­сабу сувязі, двухчленныя і трохчленныя): успамінаць лета, даць цацку дзі­цяці; 2) складаныя (утвараюцца на аснове двух і больш розных сувязей ад аднаго слова): летнія дні на возеры; 3) камбінаваныя (утвараюцца на асно­ве розных сувязей ад розных слоў): захоплена чытаць кнігі пра Беларусь, аднак, зноў жа, параўн.: Захоплена чытаю кнігі пра Беларусь.

V. Паводле сэнсава-граматычных адносін паміж кампанентамі сярод гіпатаксісных словазлучэнняў вылучаюцца: 1) словазлучэнні з аб’ект­нымі адносінамі: цікавіцца мастацтвам; размова пра вучобу; гатовы да выступлення; 2) словазлучэнні з атрыбутыўнымі адносінамі: сіняе неба; узаранае поле; першы дзень; 3) словазлучэнні з акалічнаснымі (сітуацый­нымі) адносінамі: ускочыць ад нечаканасці (прычынныя); паўтарыць двой­чы (колькасныя); узысці наверх (прасторавыя); чысты заўсёды (часавыя) і г.д. Выдзяляюць яшчэ (Л. Бурак, А. Міхневіч): 4) словазлучэнні з суб’ект­нымі адносінамі (калі залежны кампанент абазначае ўтваральніка дзеяння або носьбіта адзнакі): загад камандзіра; сінь неба; прамова старшыні; на­дыход вясны; 5) словазлучэнні з камплетыўнымі адносінамі (калі залежны кампанент папаўняе недахоп інфармацыі, змешчанай у галоўным): куча саломы; тры бярозы; стаць героем.

Сярод паратаксісных словазлучэнняў з незамкнутым радам кампа­нентаў вылучаюцца: 1) словазлучэнні са спалучальнымі адносінамі (калі па­казваецца адначасовасць, сумеснасць або паслядоўнасць прадметаў, дзеян­няў, з’яў): прачнуцца ды памыцца; (чытаць) газеты, часопісы; бацька і сын; 2) словазлучэнні з размеркавальнымі адносінамі (калі паказваецца чар­гаванне або ўзаемнае выключэнне прадметаў і з’яў): ці сюды, ці туды; і ту­ды, і сюды; ці дождж, ці вецер, ці бура; то тут, то там.

Сярод паратаксісных словазлучэнняў з замкнутым радам кампанен­таў вылучаюцца: 1) словазлучэнні з супраціўнымі адносінамі (паказваецца неадпаведнасць прадметаў і з’яў): не ганарлівы, а сціплы; свеціць, але не грэе; 2) словазлучэнні з градацыйнымі адносінамі (падкрэсліваецца неадпа­ведная сумеснасць прадметаў і з’яў): нетолькі свеціць, але ігрэе; не прыхо­дзіў, ды і не хадзіў; не тое што не ведаў, а нават і не мог падумаць.

VI. Паводле разнавіднасцей сінтаксічнай сувязі паміж кампанен­тамі сярод гіпатаксісных словазлучэнняў вылучаюцца словазлучэнні з да­пасаваннем, словазлучэнні з кіраваннем і словазлучэнні з прымыканнем.

Дапасаванне – від падпарадкавальнай сувязі, пры якой залежнае сло­ва мае тыя ж самыя граматычныя формы, што і галоўны кампанент. Поў­нае дапасаванне – дапасаванне залежнага кампанента да галоўнага ва ўсіх магчымых формах: зімовым ранкам (у родзе, ліку і склоне); апошнія па­ведамленні (у ліку і склоне). Няпоўнае дапасаванне – прыпадабненне залеж­нага кампанента да галоўнага не ва ўсіх граматычных формах: маладая да­цэнт (ёсць дапасаванне ў склоне і ліку, але няма – у родзе). Дапасуюцца прыметнікі, дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, пэўныя разрады займен­нікаў, часам назоўнікі (горад Брэст). Колькасныя лічэбнікі да пяці дапа­суюцца ў склоне: два, тры, чатыры дубы; лічэбнікі ад пяці – ва ўскосных склонах дапасуюцца (пяці дубоў, пяццю дубамі), а ў назоўным склоне кіру­юць: пяць сталоў.

Кіраванне – від падпарадкавальнай сувязі, пры якой залежны кампа­нент ставіцца ў пэўнай склонавай форме, абумоўленай значэннем галоўна­га кампанента або сэнсам выказвання.

У залежнасці ад характару сувязі паміж галоўным і залежным кампа­нентамі кіраванне бывае моцнае і слабае. Моцнае кіраванне – такое, пры якім залежны кампанент мае форму толькі аднаго ўскоснага склону, якая вызначаецца лексічна-граматычнымі ўласцівасцямі галоўнага кампанента. Галоўны кампанент у такім выпадку патрабуе ўдакладнення або папаўнен­ня сваёй сэнсавай недастатковасці: правяраць заданне; набыць мэблю; жаць жыта; дасягнуць мэты. Моцнае кіраванне найчасцей магчыма пры пера­ходных дзеясловах, якія ўжываюцца з прамым аб’ектам. Моцнае кіраванне, на думку некаторых сінтаксістаў (Т. Рамза, М. Яўневіч, П. Сцяцко), можа быць не толькі пры пераходных, але і пры: 1) непераходных дзеясловах: ус­міхацца яму, сустракацца з каляжанкай, хвалявацца ад невядомага, здзіў­ляцца з яе, раіцца з бацькам, радавацца сустрэчы; 2) непераходных дзея­словах з прасторавым значэннем (пры спалучэннях з якімі прыстаўка дублі­руецца ў прыназоўніку): дайсці да хаты, з’ехаць з гары, адштурхнуцца ад берага; 3) дзеясловах са значэннем жадання, дасягнення, асцярогі: жадаць шчасця, марыць пра падарунак, дабівацца рашэння; 4) назоўніках, суаднос­ных з дзеясловамі: клопат пра блізкіх, выратаванне жыцця, вызваленне ад захопнікаў; 5) спалучэннях з колькаснымі адносінамі: дзесяць рабочых, част­ка лесу, вагон пяску, гэтулькі гора, кубак чаю; 6) спалучэннях назоўніка з назоўнікам: дазвол на паляванне, права на працу, загад рэктара.

Слабае кіраванне – такое, пры якім формы залежнага кампанента за­лежаць ад сэнсавых адносін, а не ад лексічна-граматычнага значэння га­лоўнага кампанента: дом з калонамі, дом без калон; указальнік каля пава­роту, указальнік за паваротам, указальнік перад паваротам. Слабае кіра­ванне адзначаецца тады, калі залежны кампанент, як правiла, можа мець розныя граматычныя варыянты: пайсцi... па сястру, з сястрой, ад сястры, да сястры і інш.

Праверыць, слабае ці моцнае кіраванне ў словазлучэнні, можна, ка­рыстаючыся наступным прыёмам: калі да залежнага кампанента ставіцца пытанне розных членаў сказа (напрыклад, дапаўнення і акалічнасці) – кіра­ванне слабае: дом які? з чым? з калонамі. Слабае кіраванне падобнае да пры­мыкання. Прыём праверкі наступны: толькі калі да залежнага кампанента нельга паставіць склонавага пытання, яны (кампаненты) звязаны прымы­каннем: вярнуліся на змярканні, дабіраліся з гадзіну.

У залежнасці ад наяўнасці / адсутнасці прыназоўніка перад залеж­ным кампанентам кіраванне бывае: а) беспрыназоўнікавае (непасрэднае): пісаць вершы; гудок паравоза; б) прыназоўнікавае (апасродкаванае): гута­рыць з сябрамі; нейкае са слоў.

У залежнасці ад марфалагічнага выражэння галоўнага кампанента вы­лучаецца кіраванне: а) субстантыўнае: складанне праекта; б) ад’ектыўнае: смелы на паляванні; в) нумаратыўнае: пяты ад пачатку; г) пранаміналь­нае: нехта з вас; д) дзеяслоўнае: лавіць рыбу, узараны трактарам; е) ад­вербіяльнае: не горш за іншых.

Кіраваць могуць усе паўназначныя часціны мовы, але часцей за ўсё дзеяслоў і яго формы. Залежным кампанентам у словазлучэннях з кіраван­нем заўсёды выступае назоўнік або слова з прадметным значэннем.

Прымыканне – від падпарадкавальнай сувязі, пры якой залежнасць падпарадкаванага кампанента выражаецца толькі сэнсава. Прымыканне бы­вае: а) уласнае (калі да галоўнага кампанента прымыкаюць нязменныя сло­вы – прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітывы): ісці напяваючы; жаданне маля­ваць; гаворка па-беларуску; даволі разумны; недзе побач; двойчы два; б) імен­нае (калі да галоўнага кампанента прымыкаюць ускосна-склонавыя формы назоўнікаў з аслабленым прадметным значэннем і выразна выражаным ака­лічнасным. Такія формы назоўнікаў блізкія да прыслоўяў): казаць па шчы­расці (шчыра); прыйсці на досвітку (досвіткам); пабегчы без аглядкі (хутка); жыць на віду (адкрыта).

Паводле разнавіднасцей паратаксіснай сувязі выдзяляюцца словазлу­чэнні 1) са з’яднаннем (адкрытая сінтаксічная сувязь, пры якой раўназнач­ныя кампаненты аб’ядноўваюцца спалучальнымі злучнікамі або бяззлучні­кавым спосабам): вучні і настаўнікі; добры і сціплы; (бачу) лес, поле, рэчку; 2) з раз’яднаннем (закрытая сінтаксічная сувязь, пры якой раўназначныя кампаненты супастаўляюцца паміж сабой пры дапамозе супастаўляльных злучнікаў або бяззлучнікавым спосабам): стары, але дужы; не сёння-заўт­ра; 3) з пераз’яднаннем (адкрытая сінтаксічная сувязь, пры якой раўна­значныя кампаненты чаргуюцца або ўзаемна выключаюцца, выражаючы размеркавальныя адносіны з дапамогай размеркавальных злучнікаў): то вясёлы, то сумны; зімой ці вясной; або там, або тут.

VII. Паводле парадку кампанентаў.

У паратаксісных словазлучэннях парадак кампанентаў, як правіла, сва­бодны, за выключэннем дзеяслоўных словазлучэнняў з адносінамі пасля­доўнасці. Параўн.: а) цёплы і сонечны (сонечны і цёплы); не толькі дзеці, а і дарослыя (не толькі дарослыя, а і дзеці); раніцай ці вечарам (вечарам ці раніцай) і б) прачнуўся і памыўся (нельга: памыўся і прачнуўся).

У гіпатаксісных словазлучэннях, дзе кампаненты не раўназначныя, іх парадак больш устойлівы. Сярод такіх словазлучэнняў вылучаюцца: 1) сло­вазлучэнні з прэпазіцыяй залежнага кампанента ў адносінах да галоўнага. Гэта назіраецца: а) пры дапасаванні: блакітнае неба; пры змене такога па­радку непрэдыкатыўнае словазлучэнне становіцца прэдыкатыўным; б) пры ўласным прымыканні, калі выражаюцца адносіны меры і колькасці: даволі хутка; вельмі блізка; шмат думаць; 2) словазлучэнні з постпазіцыяй залеж­нага кампанента. Гэта бывае: а) пры кіраванні і іменным прымыканні: па­добны да бацькі; кніга брата; вучыцца ў трэнера; выканаць у час; б) пры ўласным прымыканні, калі выражаюцца прасторавыя, мэтавыя, часавыя, прычынныя і атрыбутыўныя адносіны: зайсці сёння; сказаць назло; з’явіцца там; гаварыць спрасонку; жаданне апраўдацца і 3) словазлучэнні са сва­бодным парадкам кампанентаў. Гэта назіраецца пры ўласным прымыканні, калі выражаюцца адносіны спосабу дзеяння: радасна сказаць (сказаць ра­дасна); смела заявіць (заявіць смела).

Апісаны парадак кампанентаў лічыцца тыповым, прамым і стылістыч­на нейтральным. Відазмяняецца ён у канкрэтных выпадках са стылістыч­нымі мэтамі або пры неабходнасці тэкставай сувязі з папярэднімі сказамі. Гэта робіцца дзеля павышэння эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкі паведам­лення, узмацнення яго інфармацыйнасці і камунікацыйнай дзейснасці. І бы­вае часцей за ўсё ў творах мастацкай літаратуры, напрыклад: Над вадой ля берага ціха спіць асока ды лаза зялёная жаліцца-шуміць (Багд.); Напевамі песні шырокай гамоняць палі і лугі (К-с).

Прыведзеная тыпалогія словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове паказвае разнастайнасць іх арганізацыі і належны ўзровень вывучанасці.