Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
299
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
    1. 2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі

      1. 2.1 Сказ як прэдыкатыўная адзінка мовы

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Т. Рамзы «Сінтаксіс: Тэарэтычны курс».

Традыцыйна асноўную сінтаксічную адзінку намінуюць сказам. Сказ – гэта сэнсава і інтанацыйна закончаная, граматычна аформленая па законах пэўнай мовы сінтаксічная прэдыкатыўная адзінка, якая арганізуецца са сло­ва ці спалучэння слоў і прызначаецца для рэалізацыі пэўнага камунікацый­нага задання (Н. Чалюк, 2004).

Аднак паводле пункту гледжання В. Матэзіуса, трэба размяжоўваць паняцці мадэль сказа (= структурная схема) і выказванне (= фраза): «<...> cказ як адцягненая мадэль з’яўляецца сінтаксічнай формай і мусіць быць аднесенай да мовы», а ў маўленні ж «сказ рэалізуецца як канкрэтнае вы­казванне» (Матэзіус, 1967). У такім разе тэрмін сказ мусіць адпавядаць па­няццю мадэлі сказа, а дэфініцыя, што звычайна даецца сказу, у прынцыпе ёсць азначэнне выказвання, таму што любое канкрэтнае выказванне нале­жыць маўленню, але ствараецца яно згодна з абстрактнай мадэллю, што належыць мове і прысутнічае ў свядомасці носьбіта мовы. Значыць, мадэль сказа (= сказ) – гэта адцягнены ўзор, паводле якога будуецца канкрэтнае выказванне. А выказванне – гэта такая адзінка паведамлення, якая аргані­завана паводле пэўнага ўзору (сказа), мае граматычную, сэнсавую, інтана­цыйную завершанасць і служыць для вербальных зносінаў.

Не любы набор слоў з’яўляецца сказам. Каб быць сказам адпаведнай структурнай мадэлі (адпавядаць характэрным прыметам сказа як адзінкі сін­таксісу), словы і словазлучэнні павінны:

1) размяшчацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ад парадку слоў у сказе, на­прыклад, залежыць: а) яго граматычная структура: Позняя вясна (аднаса­стаўны развіты сказ) і Вясна позняя (двухсастаўны неразвіты сказ); б) яго структурнае чляненне: Пані чакае таксі і Таксі чакае і Таксі чакае пані; в) семантычная і эмацыйная характарыстыка сказа і яго членаў: Заместа водгулля Пагоні яшчэ сягоння, як Крумкач, у набалелым сэрцы звоне жанчыны беларускай плач (Ген.) – суб’ектыўны парадак членаў сказа надае сказу дадатковую семантычную і экспрэсіўна-эмацыйную нагрузку;

2) уступаць у адносіны і сувязі паміж сабой пры дапамозе прыназоў­нікаў, канчаткаў, злучнікаў, інтанацыі і парадку слоў;

3) выражаць адносна закончанае паведамленне. Паняцце сэнсавай за­кончанасці ці незакончанасці сказа акрэсліць адназначна немагчыма, яно залежыць ад кантэксту, сітуацыі і аб'ёму інфармацыі, якую трэба перадаць. У мове ёсць выказванні (камунікацыйныя адзінкі), якія завершаны сэнсава і інтанацыйна, але не нясуць канкрэтнага самастойнага паведамлення. На­прыклад, непадзельныя сказы функцыянуюць толькі ў кантэксце, у сувязі з іншымі сказамі і часцей за ўсё ў дыялагічнай мове: Ён пагрозліва варух­нуўся. «Ну, ну...» (Шам.); – Аге. Прыходзь, Гануля... (І.М.). Далейшай кан­крэтызацыі заўсёды патрабуе назоўны тэмы, які таксама можа існаваць толькі побач з іншымі сказамі, што ўдакладняюць яго сэнс: Свіслач. У па­мяці яна засела з маленства, калі яшчэ вучыўся чытаць і пісаць (Янк.); Стронгі... Ручай каля Мар’яліва... Не стрымаюся, раскажу (Янк.). Такія кан­струкцыі моваведы называюць функцыянальнымі аналагамі сказаў. Акра­мя таго, бывае, што аднаго сказа проста недастаткова, каб цалкам перадаць неабходнае паведамленне, і патрабуецца некалькі сказаў, якія ўжо разам могуць утвараць сінтаксічную адзінку іншага, вышэйшага, узроўню – звыш­фразавае адзінства, якое больш поўна і закончана перадае патрэбны аб’ём інфармацыі;

4) афармляцца закончанай інтанацыяй. Інтанацыя закончанасці – гэта паказчык прэдыкатыўнасці сказа, завершанасці яго інфармацыйнага зместу і граматычнай аформленасці. Акрамя таго, інтанацыя выражае мадальнасць сказа, яго мэтанакіраванасць і сінтаксічныя адносіны; суадносіць заключа­ны ў іх змест з рэчаіснасцю, гэта значыць, вызначацца прэдыкатыўнасцю. Слова, словазлучэнне становяцца сказам толькі пры ўмове прэдыкацыі – суаднясення іх зместу з рэчаіснасцю, паказу, што падзеі, факты, пра якія паведамляецца, маюць месца, існуюць у рэчаіснасці ў момант маўлення або існавалі да моманту маўлення ці будуць існаваць пасля моманту маўлення як рэальныя або пажаданыя (ірэальныя).

Сказы будуюцца са слоў і словазлучэнняў па пэўных узорах, якія на­зываюцца структурнымі схемамі. Паводле Г.А. Золатавай, мадэль сказа – гэта «мiнiмальна дастатковае спалучэнне ўзаемаабумоўленых сiнтаксiчных формаў, якiя ўтвараюць камунiкацыйную адзiнку з пэўным тыпавым зна­чэннем» (Золатава, 1973). Пад тыпавым значэннем разумеецца сінтаксічная абстракцыя, якая абагульняе значэнне мноства выказванняў, што рэпрэзен­туюць дадзеную мадэль, а таксама сiнанiмiчных мадэляў, што маюць раў­назначныя, але рознааформленыя кампаненты.

У якасці ўмоўных абазначэнняў кампанентаў структурных схем ска­заў моваведамі выбраны літары і спалучэнні літар, адпаведныя лацінскім назвам часцін мовы, якімі выражана прэдыкатыўная аснова сказа. Выка­рыстоўваюцца наступныя асноўныя абазначэнні: N – назоўнік (nomen – імя; лічбы пры літары N ад аднаго да шасці ўказваюць на формы склонаў), Adj – прыметнік (аdjektivum), Рrоn – займеннік (рrоnоmеn), Іnf – інфінітыў (іnfinitivum), Vf – спрагальная форма дзеяслова (verbum finitum), Adv – прыслоўе (adverbum), Рraed – прэдыкатыў (praedikacatum), Neg – адмаў­ленне (negation), Сор – звязка (сорulа), S -адзіночны лік (singularium), рl – множны лік (рluralium) і г.д. Так, структурнай схеме (сінтаксічнай мадэлі) N1 – Vf адпавядаюць наступныя выказваннi: Дзіця забаўляецца; Прайшоў дождж; Лекцыя закончылася; Сонца свецiць; Суніцы саспелі; схеме Vf3s – Не спіцца; Дажджыць; Пазалачала; Пацягнула дымам; Praed – Холадна; Ціха; Ветрана; N1 – Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня (Бр.) і г.д. У лiнгвiстычнай навуцы iснуюць два адрозныя пункты гледжання на мадэль сказа. Згодна з адной з iх, структурная схема – гэта адцягнены ўзор, паводле якога можа быць пабудавана граматычна дастатковая прэдыкатыў­ная адзiнка, і ў такім выпадку структурная схема тоесная прэдыкатыўнаму мiнiмуму (дзейнiк + выказнiк цi толькі адзіны галоўны член). Другое мер­каванне грунтуецца на тым, што мадэль сказа – гэта структура, якая вало­дае не толькi граматычнай, але i iнфармацыйнай дастатковасцю, і ў гэтым выпадку ў структурную схему ўключаюцца і пашыральнікі граматычнай асновы, бо яны лічацца iнфармацыйна аблiгаторнымi.

Любы сказ, незалежна ад свайго складу i будовы, характарызуецца прэдыкатыўнасцю. Паняцце прэдыкатыўнасці сказа як суаднясення яго зместу з рэчаіснасцю, сфармуляванае В. Вінаградавым, замацавалася ў сін­таксісе сказа як найбольш прымальнае. Гэта галоўная прымета сказа, яго канструкцыйная (вызначальная) катэгорыя. Прэдыкатыўнасць – гэта грама­тычнае значэнне сказа, а структурная схема – гэта яго граматычная форма. Услед за В. Вінаградавым неабходнымі элементамі-складнікамі прэдыкатыў­насці мовазнаўцы называюць катэгорыі мадальнасці, асобы і часу (Булахаў, 1959; Гурскі, 1962), якія набываюць у кантэксце шырокае сінтаксічнае зна­чэнне.

Мадальнасць – гэта сінтаксічная (семантычна-граматычная) катэго­рыя, якая выяўляе адносіны таго, хто гаворыць, да выказвання з пункту погляду рэальнасці зместу выказвання або магчымасці, неабходнасці, мэ­тазгоднасці ці пажаданасці названых у сказе падзей і з’яў. Мадальнасць-вы­ражаецца формамі ладу дзеясловаў, мадальнымі словамі, часціцамі, інтана­цыяй і бывае аб’ектыўнай і суб’ектыўнай.

Аб’ектыўная мадальнасць перадае адносіны выказвання да рэчаіс­насці, сцвярджаючы рэальнасць або ўяўнасць названага дзеяння ці падзеі. Яна рэалізуецца ў сказе катэгорыямі ладу, часу, інтанацыяй і бывае рэаль­най і ірэальнай. Пры ўжыванні ў сказе формаў абвеснага ладу паказваецца рэальнасць дзеянняў, падзей у цяперашнім, прошлым ці будучым часе (рэ­альная мадальнасць): Міхась гадзінамі чытае кнігі; Дзень быў незвычайны. Формы ўмоўнага і загаднага ладу пераносяць дзеянні, падзеі ў ірэальны, уяўны план (ірэальная мадальнасць): Хутчэй бы прыйшла зіма; Хай бы прыйшла зіма; Была б зараз зіма... Ірэальная мадальнасць паказвае дзеянні (падзеі, прыметы) як а) магчымыя: Я мог бы пабыць з вамі яшчэ, але маю неадкладныя справы; б) пажаданыя: Пабыў бы ты з намі яшчэ; в) патрэб­ныя, неабходныя: Пабудзь са мною яшчэ: я баюся заставацца адна; г) умоў­ныя: Я пабыў бы з вамі яшчэ, калі б не меў неадкладных спраў.

Суб’ектыўная мадальнасць перадае адносіны таго, хто гаворыць, да таго, пра што ён гаворыць, і надае паведамленню экспрэсіўны характар, да­датковыя адценні ўпэўненасці, няўпэўненасці, сумнення, меркавання, зго­ды, нязгоды і г.д. Суб’ектыўная мадальнасць рэалізуецца ў сказе мадаль­нымі словамі, часціцамі, устаўнымі канструкцыямі, выклічнікамі, інтана­цыяй, парадкам слоў: Штосьці ад сапраўднай Поўначы мае, здаецца, мой край (Сіп.); Згарыць яна няхай такая і служба гэта, і пасада, і гэта крыў­да, й гэта здрада, і гэта панская адплата (К-с); Канікулы (колькі тых ка­нікул!) скончыліся; Конік з горкі як пабег, бабка з санак гоп у снег! (К-с); I такое апраўдваеш ты?! (інтанацыя і парадак слоў).

Мадальнасць цесна звязана з тэмпаральнасцю, бо значэнне рэальнас­цi / iрэальнасцi паведамлення заўсёды праяўляецца ў плане пэўнага часу – цяперашняга, прошлага цi будучага. Тэмпаральнасць (часавасць) – «гэта се­мантычная катэгорыя, што адлюстроўвае ўспрыняцце і асэнсаванне чала­векам часу абазначаемых сітуацый і іх элементаў у адносінах да моманту маўлення моўцы ці іншага пункту адліку» (Бандарко, 1990). Паводле мер­кавання В. Вінаградава, сінтаксічны час, нароўні з сінтаксічнай асобай, – неад’емны складнік паняцця прэдыкатыўнасці. Калі марфалагiчнае значэн­не часу ўласцiвае формам дзеяслова як формам слова, што структурна вы­ражаецца сродкамi марфем, то сiнтаксiчны час – катэгорыя ўзроўню сказа, якая мае свае ўласна фармальныя сродкi выражэння: уласна структурную схему сказа як зыходны член апазiцыi, што выражае сiнтаксiчны цяпе­рашнi час, i дзеяслоўнае слова (знамянальнае i службовае) з яго сродкамi словазмянення. Праз такое адрозненне марфалагiчнага i сiнтаксiчнага часу граматычнымi формамi дзеяслова ва ўмовах кантэксту могуць выражацца такiя часавыя значэннi, якiя нiяк не суаднесеныя з дадзеным марфалагiч­ным значэннем дзеяслоўнай формы. Параўн. абумоўленае кантэкстам ужы­ванне сiнтаксiчнага цяперашняга (што перадаецца марфалагiчнай формай цяперашняга часу дзеяслова) для абазначэння дзеяння ў будучым (Заўтра еду ў Кракаў; Сёння я яшчэ студэнт, заўтра я выкладчык) цi ў прошлым (Iду я ўчора на заняткi), ужыванне сiнтаксiчнага прошлага (выражаецца марфа­лагічнай формай прошлага часу дзеяслова) для абазначэння будучага (Да пабачэння, я пайшоў) i iнш. (Міхневіч, 1990).

Персанальнасць (асабовасць), сiнтаксiчная катэгорыя асобы, разам з катэгорыямi мадальнасцi i часу, выражае аднесенасць выказвання да рэ­чаiснасцi праз сiтуацыю маўленчых зносiнаў, якая ўтвараецца суаднесенас­цю ўдзельнiкаў. А таму пад сiнтаксiчнай катэгорыяй асобы варта «разу­мець адпаведнасць суб’екта – носьбiта дзеяння, стану, прыметы, пра якiя паведамляецца ў сказе, – аднаму з трох асоб удзельнiкаў / няўдзельнiкаў зносiнаў» (Золатава, 1973). З гэтага вынiкае, што сказы Ты чакай мяне доў­га. Ты чакай мяне мудра і проста (Бур.); Гасподзь! Затрымацца дазволь на гэтай грэшнай зямлі (Барад.); Не сніся мне. Навошта снішся мне? (Н.М.), нягледзячы на марфалагiчныя, структурна-сiнтаксiчныя i мадальныя адроз­неннi, аб’яднаныя сiнтаксiчнай катэгорыяй 2-й асобы: суб’ект дзеяння, ста­ну, прыметы ў iх тоесны адрасату маўлення.

Але ўжо В. Вінаградавым адзначалася: «Катэгорыя асобы як струк­турны элемент сказа з’яўляецца патэнцыяльнай. Яна выражаецца, акрамя аса­бовых формаў дзеяслова, таксама асабовымі займеннікамі, напр. даваль­ным склонам у спалучэнні з інфінітывам, а ў некаторых канструкцыях, напр., інфінітыўных ці іменных, адвербіяльных і выклічнікавых з імператыўным значэннем – інтанацыяй. Вядома, што ў т.зв. безасабовых ці бессуб’ектных сказах катэгорыя асобы выяўляецца негатыўна <...>» (Виноградов, 1955). Відавочна, што сінтаксічнае разуменне катэгорыі асобы выводзіць яе за межы толькі марфалагічнага ўвасаблення.

Катэгорыя прэдыкатыўнасці – граматычнае значэнне сказа – рэалі­зуецца праз сінтаксічныя формы часу і ладу, што ў сукупнасці складаюць сiнтаксiчную парадыгму сказа. Поўная парадыгма ўключае: формы цяпе­рашняга, прошлага i будучага часу абвеснага ладу, а таксама формы ўмоў­нага i загаднага ладу. Зыходнай лiчыцца форма цяперашняга часу абвесна­га ладу. Пры структурна-семантычнай класiфiкацыі сказаў традыцыйна зы­ходзяць з некалькіх параметраў і размяжоўваюць іх паводле:

структуры:

– простыя і складаныя;

– двухсастаўныя, аднасастаўныя, бессастаўныя;

– развiтыя i неразвiтыя;

– поўныя i няпоўныя;

– ускладненыя i няўскладненыя;

характару прэдыкатыўных адносінаў:

– сцвярджальныя i адмоўныя;

мэты выказвання:

– апавядальныя, пытальныя i пабуджальныя;

эмацыянальнай афарбоўкі:

– няклiчныя i клiчныя (Бурак, 1987).