Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать

11. Адшукаць памылкі ў кіраванні і дапасаванні і, выправіўшы іх, запісаць сказы.

1. Тоні было няёмка за свой страх, яна смяялася над сабой. 2. Кожнаму хочацца паціснуць руку высокага госця, пажадаць яму добрага здароўя, шчаслівай дарогі. 3. Ці забудзеш на дарогі Крыма... 4. Узяўшы рэцэпт, Саша падзякавала Веру Ігнатаўну... 5. Устала і Агата. Нібы не сваімі нагамі ішла яна па разрытым бульбянішчу. 6. Яшчэ не паспеў я скончыць інстытут, а ўжо абком партыі і Міністэрства асветы падабралі мне пасаду загадчыка Сапоцкінскім раённым аддзелам народнай асветы. 7. Іхнім смехам жалезным, каб чула жабрацтва, ён смяяўся над прынцыпам «роўнасць і брацтва». 8. Два томікі, як два чырвоных святы. 9. Калі ж паглядзець у ЗАГС апошнія запісы, то на сто нованароджаных хлопчыкаў прыпадае часам 20 Аляксандраў, 15–20 Андрэяў і 15 Сяр­геяў. 10. За лясамі, за гарамі зашумеў Дняпро шырокі, над крутымі берагамі тры дубы стаяць высокіх.

12. 1) Выпішыце са сказаў дзесяць простых словазлучэнняў, абазначце ў іх галоўны кампанент. Вызначце тып словазлучэння паводле прыналежнасці галоў­нага кампанента да пэўнай часціны мовы. Выпішыце два-тры складаныя слова­злучэнні.

2) Выпішыце дзеяслоўныя словазлучэнні. Вызначце сэнсавыя адносіны па­між кампанентамі словазлучэнняў.

3) Выпішыце з тэксту па чатыры словазлучэнні з дапасавальнай і кіраваль­най сувяззю слоў, а таксама ўсе словазлучэнні, залежныя кампаненты якіх пры­мыкаюць да галоўных.

4) Выпішыце з тэксту пяць-шэсць словазлучэнняў, ахарактарызуйце іх у на­ступным парадку: структурны тып (простае, складанае); галоўны кампанент, тып словазлучэння паводле выражэння галоўнага кампанента (субстантыўнае, ад’ек­тыўнае, дзеяслоўнае, прыслоўнае) і паводле сінтаксічных адносін (аб’ектнае, ат­рыбутыўнае, акалічнаснае); від сінтаксічнай сувязі (дапасаванне, кіраванне, пры­мыканне); сродак яе выражэння; парадак кампанентаў словазлучэнняў у тэксце (кантактны, дыстантны; прамы, інверсійны).

Варыянт I

1. Беларусь – краіна раўнінная. Спакойныя ландшафты краю добра спалучаюцца са спакойным, мірным характарам народа, тым самым характарам, рысы якога заўва­жаюць і цёпла ацэньваюць перакладчыкі нашай літаратуры.

Але ёсць на нашай зямлі і ўзгоркі. Ёсць узгорак, які называецца географамі га­рой Маяк. З яго відаць вёска Вязынка, відаць хата, дзе прайшло паэтава дзяцінства. З гары гэтай пачынаецца наша Свіслач. Недзе тут пачынаецца і рака купалаўскай паэзіі. Адсюль пясняр убачыў карціну, якая ўразіла яго сэрца і выклікала ў ім гаркотна-суро­выя і велічныя словы: людзьмі звацца. I не выпадкова, што менавіта з верша «А хто там ідзе?» пачала наша паэзія выходзіць у свет, пачала з лёгкай рукі Максіма Горкага пера­кладацца на іншыя мовы... Гэтыя радкі, гэтыя словы пераклалі і ўкраінец, і француз, і чэх, і англічанін, і латыш, і немец... Радкі прывабілі як паэтычнае ўвасабленне лёсу на­рода, яго сацыяльнага і палітычнага ідэалу. Наша паэзія атрымала дзякуючы ім надзвы­чай добрую навуку, атрымала прыклад таго, якой яна павінна быць, як яна павінна слу­жыць народу, каб мець права не толькі «гутарку весці», а несці з годнасцю ўсяму свету свой дар. (Вярц.)

2. У нас часта пад інтэлектуальнасцю механічна разумеюць адукаванасць чала­века. Гэта няправільна. Інтэлектуальнасць уключае ў сябе шчодрасць душы, чалавеч­насць, жыццёвы вопыт, спагадлівасць да чужога гора. (Р. Ш.)

3. Вітаю знаёмыя сцежкі,

Што дзесь пачаліся з вясны,

Сваіх спадарожнікаў даўніх –

Пад світкай імглы валуны.

Вітаю бярозы, якія

У зіму чарадою брыдуць,

I тыя вятры штармавыя,

Што мне несціхана гудуць.

Гудуць, каб ішоў я за імі

I не аглядаўся назад,

Ішоў, аж пакуль на дарозе

Не ўкрые слядоў лістапад. (М.Т.)

4. Настаўнік падыходзіць да пераезда, паварочвае ўправа ў лес і выходзіць на да­рогу, што ідзе на станцыю з яго вёскі. Колькі часу ідзе ён між маладых хвойнікаў, вы­ходзіць на круглую палянку, дзе калісь спаткаўся з паннаю Людмілаю. Адгэтуль ужо блізка вёска. Але раніца такая слаўная, у лесе так добра, што ён садзіцца на пень і слу­хае, як спяваюць дразды, як дзесь на ўзлессі кукуе зязюлька. Ён думае, чым зоймецца цяпер, калі так многа вольнага часу, колькі пабудзе яшчэ ў школе. (К-с)

Варыянт II

1. Тураўцу вельмі хацелася ведаць навіны з Вялікай зямлі. У яго было проста па­трэбай кожны дзень адчуваць жыццё Вялікай зямлі, а цяпер патрэба гэтая стала неаб­ходнасцю. Ён пашкадаваў, што не збераглі прыёмніка. Для ўсяго гэта была брыгадная рэліквія: два гады назад, рызыкуючы жыццём, прынесла яго з горада студэнтка-пад­польшчыца. (I.М.)

2. Свой літаратурны псеўданім Міхась Касцевіч запазычыў ад Максіма Багдано­віча, які ў славутым вершы «Слуцкія ткачыхі» зрабіў палявую кветку сімвалам радзі­май красы; і праграмныя вершы Васілька разгортваюць рамантычную ідэю пра цуда­дзейны ўплыў хараства на душу чалавека. (У.К.)

3. Палачане даўно зразумелі, што для іх горада важнае значэнне маюць Барыса­вы камяні. Каля стагоддзя назад узнікла ідэя дастаць з вады адзін з гістарычных валу­ноў і паставіць як помнік на плошчы ў цэнтры горада. Выбралі для гэтага камень, які ляжаў у рацэ побач з вёскай Падкасцельцы. Ён меў, можна сказаць, манументальны вы­гляд, а галоўнае, быў зусім побач з Полацкам.

Гэты валун называлі Барыс-Хлебнік. Менавіта за ім сачылі навакольныя сяляне як за агракалендаром. Калі ў межах спадала рачная вада і камень выходзіў да пэўнай адзнакі на паверхню, усе ведалі, што ўраджай паспеў, пара пачынаць працу. У такі час здалёку здавалася, што ў вадзе ляжыць вялізны бохан хлеба. Можа, адтуль і пайшла назва «Хлебнік». (Ляў.)

4. Пры гэтым, бацькавым, полымі пралі кужаль, воўну, кудзелю, трасцілі і сукалі ніткі, снавалі аснову, вязалі, цыравалі, рабілі нераты, чыталі, расказвалі суровую праў­ду і вясёлыя здарэнні, гісторыі, казкі. Пры ім расказвалі ўсё чысценька пра таго, хто з вёскі натварыў нечага, пра людзей з суседніх вёсак. Расказвалася – нібы гэта была шко­ла чалавечнасці, пашаны, любові і ўмення ў працы дакладна сказаць, хораша паспяваць, пастарацца рабіць так, як рабілі самыя ўмелыя, дасціпныя, кемлівыя. Была тут і зніш­чальная ацэнка паўтатку, пустадомку, неўставаку, разяваку. (Янк.)