Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
    1. 2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі

      1. 2.1 Сінтаксіс як узровень мовы і раздзел граматыкі

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Н. Чалюк «Сінтаксіс беларускай мовы. Словазлучэнне. Просты сказ».

Тэрмін сінтаксіс прадугледжвае два яго разуменні. Сінтаксіс мовы – гэта адзін з яе ўзроўняў, на якім паводле пэўных заканамернасцей аргані­зуюцца сінтаксічныя адзінкі для перадачы паведамленняў, выяўляюцца функцыі розных граматычных адзінак. Сінтаксіс – гэта і раздзел навукі пра мову (раздзел граматыкі), які вывучае пабудову і значэнне сінтаксічных адзінак (словазлучэнні, сказы, звышфразавыя адзінствы, фрагменты, закон­чаныя тэксты), сінтаксічныя адносіны і сінтаксічныя сродкі.

На працягу развіцця лінгвістыкі вылучыліся розныя падыходы да вы­вучэння сінтаксічных адзінак. Апісальны сінтаксіс выяўляе і апісвае ў сінхрон­ным плане тыпы словазлучэнняў і сказаў, іх агульныя функцыі і значэнне. Гістарычны сінтаксіс аналізуе змены ў сінтаксічным ладзе мовы ў працэсе яе развіцця. Канструкцыйны (статычны, структурны, фармальны) сінтаксіс вылучае і апісвае сінтаксічныя адзінкі (сказ, словазлучэнне) без сувязі з кан­тэкстам і маўленчай сітуацыяй. Камунікацыйны (дынамічны) сінтаксіс да­следуе актуальны і сінтагматычны падзел сказа, яго камунікацыйную пара­дыгму, тыпалогію выказванняў. Семантычны сінтаксіс разглядае семантыч­ную арганізацыю сінтаксічных адзінак – іх інфармацыйны змест і тыпавое, абагульненае значэнне. Функцыянальны сінтаксіс разглядае прызначэнне, ролю (функцыі) сінтаксічных сродкаў (канструкцый) у арганізацыі звязна­га маўлення. Паколькі функцыя моўных адзінак залежыць ад іх семантыкі, функцыянальны і семантычны аспекты іх вывучэння цесна звязаны. Яны ўтвараюць функцыянальна-семантычны сінтаксіс. Сінтаксіс тэксту аналі­зуе заканамернасці арганізацыі большых за сказ напісаных, надрукаваных або выказаных вусна паведамленняў, якія характарызуюцца сэнсавым адзінствам, паслядоўным разгортваннем агульнай тэмы, звязнасцю і струк­турнай завершанасцю. Стылістычны сінтаксіс даследуе выяўленчыя маг­чымасці сінтаксічных адзінак, іх сінаніміку, магчымасць узаемазамен і ўжы­ванне ў розных стылях. Паэтычны сінтаксіс апісвае разнастайныя сінтак­січныя фігуры (параўнанне, градацыя, паралелізм, перыяд, анафара, эпіфа­ра, антытэза). Аўтарскі сінтаксіс выяўляе заканамернасці (агульнае і ад­метнае) арганізацыі выказванняў і тэкстаў пэўнымі асобамі (прамоўцамі, лектарамі, летапісцамі, пісьменнікамі). Стылістычны, паэтычны, аўтарскі сінтаксіс і сінтаксіс тэксту актыўна распрацоўваюцца пры лінгвістычным аналізе мастацкіх твораў.

Сінтаксіс – самы высокі ўзровень у сістэме мовы, асноўная адзінка якога (сказ) выконвае выключна важную ролю – выступае сродкам фарма­вання і перадачы звязных паведамленняў, сродкам ажыццяўлення зносін па­між людзьмі. Аднак сказ як адзінка найвышэйшага сінтаксічнага ўзроўню мовы выконвае сваю асноўную камунікацыйную функцыю толькі ў цеснай сувязі з адзінкамі ніжэйшых узроўняў. Так, фармальна сказы будуюцца з улікам граматычнай (марфалагічнай) спалучальнасці словаформ. Інфарма­цыйны змест сказаў фармуецца іх граматычнай структурай і лексічным на­паўненнем. Спалучальнасць слоў (а часам сінтаксічная роля словаформы і тып сказа) залежаць і ад іх лексічнага значэння.

Такім чынам, сінтаксіс цесна звязаны з марфалогіяй і лексікалогіяй і абапіраецца на лексічны і граматычны (марфалагічны) узроўні мовы. Су­вязь марфалогіі і сінтаксісу абумовіла адну з лінгва-метадычных ідэй школь­най практыкі – вывучэнне марфалогіі на сінтаксічнай аснове і вывучэнне сін­таксісу на марфалагічнай базе, на лексіка-марфалагічных уласцівасцях сін­таксічных адзінак. Менавіта ў сінтаксісе складаецца сістэма часцін мовы, праводзіцца іх падзел на знамянальныя і службовыя. Сінтаксіс мае сувязь таксама з фанетыкай, бо і фанетычныя сродкі, а найперш інтанацыя, афармля­юць сінтаксічныя канструкцыі.

Сінтаксіс як раздзел навукі пра мову ўключае сістэму паняццяў, якія адлюстроўваюць агульныя ўласцівасці, адносіны і сувязі сінтаксічных адзі­нак. Асноўнымі паняццямі сінтаксісу з’яўляюцца: сінтаксема, сінтаксічная канструкцыя, cінтаксічныя адносіны, сінтаксічная сувязь, сродкі сінтаксіч­най сувязі, сінтаксічнае значэнне, сінтаксічная функцыя, сінтаксічныя адзінкі.

Сінтаксічная канструкцыя – гэта сінтаксічнае цэлае, у якім моўныя адзінкі (словы, словазлучэнні, сказы) аб’ядноўваюцца паводле сваіх грама­тычных уласцівасцей: канструкцыя словазлучэння, канструкцыя простага сказа, канструкцыя складанага сказа, а таксама канструкцыя беспрыназоў­нікавая і прыназоўнікава-іменная, пасіўная і актыўная, адасобленая, параў­нальная, пабочная, устаўная, далучальная, парцэляваная.

Сінтаксічныя адносіны – гэта адносіны паміж сінтаксічнымі адзін­камі або іх кампанентамі, якія адлюстроўваюць характар структурна-сэн­савых залежнасцей паміж імі. Гэта адносіны паміж кампанентамі словазлу­чэння, паміж членамі сказа, паміж часткамі складаных сказаў, паміж ска­замі як кампанентамі звышфразавых адзінстваў. Вылучаюцца два асноў­ныя віды сінтаксічных адносін; прэдыкатыўныя і непрэдыкатыўныя. Прэ­дыкатыўныя адносіны выяўляюцца паміж дзейнікам і выказнікам як суб’ек­там і прэдыкатам суджэння. Непрэдыкатыўныя адносіны складваюцца па­між кампанентамі словазлучэння, паміж членамі простага і часткамі скла­данага сказаў, паміж сказамі ў звышфразавых адзінствах. Непрэдыкатыў­ныя адносіны маюць паратаксісны (паміж раўназначнымі кампанентамі) і гіпатаксісны (паміж нераўназначнымі кампанентамі) характар і падзяля­юцца на спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя, атрыбутыў­ныя і апазіцыйныя (адносіны паміж прыдаткам і паяснёным словам), аб’ек­тныя і акалічнасныя. У прамежкавы від адносін паміж прэдыкатыўнымі і непрэдыкатыўнымі атрыбутыўнымі або акалічнаснымі вылучаюцца паўпрэ­дыкатыўныя адносіны паміж адасобленым членам сказа і паяснёным ім словам. Яны выдзяляюцца на аснове магчымасці замены адасобленых чле­наў даданай часткай або аднародным ці дадатковым выказнікам, параўн. пары сказаў: Палеткі, выгінаючыся на ўзгорках, упіраюцца ў сінь, у лясы, у сёлы (Скр.) і Палеткі выгінаюцца на ўзгорках і ўпіраюцца ў сінь, у лясы, у сёлы.

Формай выражэння розных сінтаксічных адносін або іх фармальным паказчыкам з’яўляецца сінтаксічная сувязь. Сінтаксічная сувязь – гэта фа­рмальнае выражэнне адносін паміж сінтаксічнымі адзінкамі або іх кампа­нентамі. Асноўныя віды сувязі адпавядаюць характару адносін паміж сін­таксічнымі адзінкамі: граматычна раўназначныя адзінкі або кампаненты звязваюцца паратаксіснай, ці злучальнай, сувяззю, а граматычна нераўна­значныя адзінкі або кампаненты – гіпатаксіснай, ці падпарадкавальнай, сувяззю. Паратаксісная сувязь рэалізуецца пры аб’яднанні аднародных чле­наў і частак складаназлучанага сказа, гіпатаксісная – у словазлучэннях і складаназалежных сказах.

Сінтаксічныя адносіны і сінтаксічная сувязь маюць у мове сродкі вы­ражэння. Сродкамі сінтаксічнай сувязі служаць канчаткі зменных часцін мовы, прыназоўнікі, злучнікі і займеннікі, прыслоўі, часціцы, мадальныя словы, парадак слоў і інтанацыя. Канчаткі звязваюць нераўназначныя кам­паненты словазлучэнняў: мая сястра, сачыць глушцоў; дзейнік і выказнік: Заліваліся салаўі; непасрэдна выражаюць граматычныя значэнні сінтаксіч­ных адзінак: Дажджы ідуць і ідуць – канчатак -уць каардынуе формы дзей­ніка і выказніка, выяўляе прэдыкатыўныя адносіны, афармляе катэгорыі сін­таксічнай мадальнасці і сінтаксічнага часу, паказваючы лад і час. Прына­зоўнікі, разам з канчаткамі, звязваючы нераўназначныя кампаненты сло­вазлучэнняў, выражаюць пэўныя сінтаксічныя адносіны: ішоў узбоч дарогі, стаміўся пасля (доўгай) дарогі, непакоіўся перад дарогай. Злучнікі (займен­нікі, прыслоўі, часціцы, мадальныя словы ў іх ролі) звязваюць раўназнач­ныя кампаненты словазлучэнняў (тут і там), раўназначныя і нераўна­значныя часткі складаных сказаў: Спакон вякоў пяе народ, і песні б’юць жывой крыніцай (С.К.). Часціцы могуць выконваць пэўныя сінтаксічныя функцыі і самастойна. Напрыклад, у сказе Але дачка не слухала маці часці­ца не афармляе адмоўны сказ, а ў сказе Дачакацца б лепшых часоў часціца б выражае мадальнасць. Займеннікі і прыслоўі, а таксама паўторы слоў у складаных сказах і звышфразавых адзінствах могуць выступаць тыпізава­нымі лексічна-граматычнымі сродкамі сувязі: Агнявыя валаконцы ткуцца ў шоўк чырвоны – гэта хмаркі ладзяць сонцу і дзяньку кароны (К-с); Зага­дуем сад навокал, там зязюля закукуе (Бр.); Чытаць мяне навучылі па-рус­ку да школы. А школа ў нашым Загоры была тады польская, з рэдкімі бела­рускімі ўрокамі (Б.); Я люблю назіраць за воблакамі. Яны супакойваюць і настройваюць на філасофскі лад. Парадак слоў і інтанацыя лічацца дапа­можнымі сродкамі сувязі пры наяўнасці флексійных паказчыкаў і злучні­каў, а могуць быць асноўнымі паказчыкамі сінтаксічных адносін пры ад­сутнасці граматычных сродкаў, напрыклад, пры размежаванні галоўных членаў і тыпаў сказа: Працаваць – дабрабыт мацаваць; Чалавек малады (параўн.: малады чалавек).

Сінтаксічнае значэнне – функцыянальны змест. 1) Унутраны бок, змест сінтаксічных катэгорый і сродкаў (значэнне дзейніка, значэнне дапаўнен­ня). 2) Змест, які перадаецца выказванню асаблівасцямі сітуацыі (сінтаксіч­нае значэнне часу ў сказе).

Сінтаксічная функцыя – асаблівасці ўжывання ў словазлучэнні і ска­зе, прызначэнне і ўласцівасці дадзенай адзінкі як часткі больш складанага сінтаксічнага цэлага.

Сінтаксічныя адзінкі – гэта структуры (элементы) сінтаксічнага ўзроў­ню мовы, якія адрозніваюцца паводле прызначэння і будовы. Яны выдзя­ляюцца па двух асноўных крытэрыях – функцыянальным і структурным. Паводле функцыянальнага прынцыпу вылучаюцца сказ як асноўная каму­нікацыйная адзінка і словазлучэнне як намінацыйная адзінка (хоць пытан­не пра намінацыйную функцыю словазлучэнняў неадназначнае). Паводле структурнага крытэрыю вылучаюцца: сінтаксічная словаформа, ці сінтак­сема, словазлучэнне, сказ (просты і складаны), звышфразавае адзінства.

Сінтаксема – гэта найменшая сінтаксічная адзінка, сінтаксічная фор­ма слова. Паводле Г. Золатавай, сінтаксема – гэта мінімальная, далей непа­дзельная семантыка-сінтаксічная адзінка мовы, якая адначасова выступае як носьбіт элементарнага сэнсу і як канструкцыйны кампанент больш скла­даных сінтаксічных пабудоў (словазлучэння, сказа, тэксту). Напрыклад, словаформы са злосці, спрасоння маюць значэнне прычыны, для шчасця, сумыслу – значэнне мэты і г.д.

Словазлучэнне – гэта сэнсава-граматычнае аб’яднанне дзвюх і болей сінтаксем у ланцужку выказвання, што ўзнікае толькі ў яго складзе ў адпа­веднасці з пэўнымі задачамі камунікацыі і служыць для перадачы семан­тыка-сінтаксічных адносінаў паміж паняццямі пазамоўнай сітуацыі. (Т. Ра­мза). Паводле Н. Чалюк, словазлучэнне – спалучэнне двух ці некалькіх са­мастойных слоў, звязаных сэнсава і граматычна на аснове падпарадкаваль­най сувязі.

Сказ – асноўная адзінка мовы, сэнсава і граматычна арганізаваная са словаформ (слова) для выражэння паведамлення, волевыяўлення, эмоцый і аформленая закончанай інтанацыяй. Сказ – гэта складаная шматаспектная адзінка, якая мае паказчыкі зместу і формы. З боку зместу вылучаюцца: граматычныя значэнні (іх выяўляе структурны аспект), канкрэтны інфар­мацыйны змест (семантычны аспект), характар камунікацыйнай нагрузкі яго частак (камунікацыйны аспект), формы думак-суджэнняў (лагічны ас­пект). Фармальны бок сказа складаюць: структурная схема, паказчыкі гра­матычных значэнняў, інтанацыйная арганізацыя. Існуе таксама разуменне сказа як адцягненага структурнага ўзору. Пры такім падыходзе сказ вы­значаецца як адзінка мовы, а яго інфармацыйны змест адносіцца да выказ­вання як адзінкі маўлення.

Са сказаў пры неабходнасці перадачы аб’ёмных паведамленняў фар­міруюцца кампаненты тэксту – звышфразавыя адзінствы. Звышфразавае адзінства – гэта сінтаксічна-стылістычная адзінка, якая складаецца з групы закончаных сказаў, звязаных агульнай тэмай і разнастайнымі (лексічнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі, стылістычнымі) сродкамі міжсказавай сувязі.

Сукупнасць сінтаксічных адзінак як узаемаабумоўленых і ўзаемазвя­заных устойлівымі адносінамі і сувязямі структурных элементаў утварае сістэму сінтаксічнага ўзроўню мовы.