Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
299
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать

2.2 Няпоўныя сказы. Тыпы няпоўных сказаў.

Няпоўнымі з’яўляюцца сказы з лексічна незамешчанымі сінтаксіч­нымі пазіцыямі, г.зн. «у якіх фармальна адсутнічае адзін або некалькі чле­наў сказа, што падказваюцца абставінамі размовы, кантэкстам ці ўласнымі лексіка-граматычнымі сродкамі сказа» (Лапаў, 1966).

Апушчаныя члены сказа лёгка ўзнаўляюцца з кантэксту, але ў боль­шасці выпадкаў пастаноўка іх на свае пазіцыі ў структуры сказа парушае яго лаканічнасць і выразнасць, а ў некаторых выпадках выяўляе ненату­ральнасць маўлення, напр.: За тыдзень «Масквіч» застаяўся пад соснамі, застыў. Не заводзіцца. (Б.) (у другім і трэцім сказах прапушчаны дзейнік).

Няпоўнымі лічацца сказы з пункту погляду іх структурнай арганіза­цыі пры супастаўленні з поўнымі мадэлямі; у сэнсе ж перадачы інфарма­цыі яны паўнавартасныя, камунікацыйна дастатковыя адзінкі (калі абапіра­юцца на кантэкст ці маўленчую сітуацыю), напр.: За дуброваю на Панскім возеры жаласна енчылі кнігаўкі. Лёталі і плакалі (Карам.); «Адзін ільгот­ны, калі ласка» (у касе метро).

Апускацца могуць як даданыя, так і галоўныя члены ў двухсастаў­ных і аднасастаўных сказах. Самымі разнастайнымі паводле граматычнага складу з’яўляюцца няпоўныя сказы ў дыялагічнай мове, бо шмат якую вер­бальную інфармацыю дапаўняюць або замяняюць пазамоўныя фактары: мі­міка, жэсты, самі абставіны. Таму ў склад няпоўных сказаў уваходзяць толь­кі тыя кампаненты, якія падтрымліваюць і разгортваюць далейшае паве­дамленне, напр.: «Куды, кума, едзеш?» – «За трыдзевяць зямель, у тры­дзесятае царства». – «Чаго?» «Там, кажуць, курэй і каршуны не дзя­руць...» – «А бараны ў тым царстве ёсцека?» – аблізнуўся воўк. – «Ды імі там хоць гаць гаці!» (Казка).

У залежнасці ад сферы выкарыстання адрозніваюць дзве разнавід­насці няпоўных сказаў: кантэкстуальныя і сітуацыйныя, «паколькі кантэкст і сітуацыя абумоўліваюць непаўнату саставу сказа і разам з тым дапамага­юць зразумець гэтыя сказы, нягледзячы на пропуск тых ці іншых членаў» (Бандарэнка, 1986).

Кантэкстуальнымі называюцца няпоўныя сказы з неназванымі чле­намі сказа, якія згадваліся ўжо ў папярэднім кантэксце: Шчодра цвіў гэтай вясною сад. Спачатку вішні і грушы, потым – яблыні (I.М.) – апушчаныя выказнікі; У нас цяпер яблыкаў няма куды дзяваць. Сыплюцца, гніюць. Свінням па кашы носім (А.Ж.) – у 2-м сказе прапушчаны дзейнік, у 3-м – дапаўненне.

Сітуацыйнымі называюцца няпоўныя сказы з неназванымі членамі, якія падказваюцца акалічнасцямі ў пэўных абставінах, яны зразумелыя толь­кі з самой сітуацыі. У такіх сказах маўленчая сітуацыя кампенсуе пропуск, а форма наяўных членаў сказа ўказвае на граматычную сувязь з імі, напр.: «На вакзал, калі ласка!» – «Не. У парк еду». – «Калі ласка!» – «Сядайце». (А.Ж.); «Ваш праязны!» (у трамваі).

Пераходную групу паміж поўнымі і няпоўнымі сказамі займаюць эліптычныя сказы, у якіх адсутнічае дзеяслоў-выказнік, накшталт: У кан­верце два лісткі (Янк.); На сталах рознакаляровыя карты, турыстычныя часопісы, рэкламныя буклеты (Л.Л.). У адрозненне ад няпоўных сказаў, сэнс якіх вынікае толькі з кантэксту ці пэўных абставінаў, эліптычныя сказы – адзінкі сэнсава і сінтаксічна самастойныя, змест якіх зразумелы са структу­ры саміх сказаў. Пры адсутнасці выказніка ў сказ абавязкова ўваходзяць даданыя члены з яго складу (звычайна акалічнасці месца), значэнне якіх якраз і кампенсуе пропуск выказніка, напр.: На стале тры экземпляры кніжкі (Янк.); Пад вокнамі – бэз (Карам.).

На сучасным этапе сінтаксічнай навукі ўсё больш прыхільнікаў на­бывае гіпотэза, згодна з якой шахматаўскі падзел сказаў на адна- і двух­састаўныя ўжо неактуальны. Так, Г. Золатава адзначае, што вылучэнне ад­насастаўных сказаў было прагрэсіўным крокам для ўпарадкавання сінтак­січных канструкцый, але зараз, калі размяжоўваюцца паняцці мовы і маў­лення, яно вычарпала сябе, таму што за аднасастаўныя сказы 1) прымаліся маўленчыя рэалізацыі двухсастаўных мадэляў з кантэкстным ці сітуацый­ным эліпсісам (Пішу пісьмо; Сёння выдадуць стыпендыю; У газеце пішуць пра новае павышэнне цэн; Дзе будзеце сустракаць свята?) і 2) не было пе­раадолена марфалагічнае абмежаванне ва ўяўленнях аб спосабах выражэн­ня дзейніка (ён можа быць не толькі ў назоўным склоне). А таму, зыходзя­чы з таго, што сказ служыць акту мыслення (значыць, суб’ект і прэдыкат думкі-суджэння павінны адпавядаць яго двум граматычным цэнтрам), лін­гвісты прапануюць разглядаць дзейнік не толькі ў назоўным, але і ва ўсіх астатніх склонах. Так, французскі лінгвіст М. Гіро-Вэбер прапанавала тэр­мін сінтаксічны дзейнік у дачыненні да іменнага кампанента ў любым склоне, які спалучаецца з выказнікам прэдыкатыўнай сувяззю і ўтварае правільнае і граматычна дастатковае выказванне: Бацькі не было; Мне па­шанцавала; Часу не хапае. Польская даследчыца Д. Вячорэк прапануе тэр­міналагізаваць такога кшталту дзейнікі як непрамыя (ускосныя, ненаміна­тыўныя) і дыферэнцыруе іх так: генітыўны: Цудаў на свеце не бывае; да­тыўны: Мне нездаровіцца; акузатыўны: Хворага нудзіць; інструментальны: Ударыла громам; З хворым дрэнна; лакатыўны: На акіяне штарміла.

У дадзеным выпадку, як бачна, на ролю дзейніка прапануецца семан­тычны суб’ект, і тым самым сумяшчаюцца фармальны і семантычны аспек­ты сказа (дзейнік / семантычны суб’ект і выказнік / семантычны прэдыкат).