Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.5 Даданыя члены сказа

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Т. Рамзы «Сінтаксіс: Тэарэтычны курс».

        1. 2.5.1 Традыцыйнае вучэнне аб членах сказа

Праблема членаў сказа, і ў прыватнасці даданых, у сучаснай лінгвіс­тыцы актыўна абмяркоўваецца і дасюль застаецца нявырашанай. У рускім мовазнаўстве ўвогуле адмаўлялі паняцце член сказа ці прапаноўвалі замест яго іншыя тэрміны (Ломцеў, 1958; Грамматика, 1970). Беларускія мова­знаўцы паслядоўна трымаюцца традыцыйнага пункту гледжання, вылу­чаючы два галоўныя і тры даданыя члены сказа.

Члены сказа – «гэта сінтаксічныя катэгорыі, пад якія падводзяцца словы (словаформы), некаторыя словазлучэнні, што служаць для выражэн­ня найбольш агульных сінтаксічных адносінаў» (Л. Часнакова). На аснове трох такіх асноўных адносінаў і вылучаны яшчэ з часоў антычнасці тры да­даныя члены сказа: азначэнне – на аснове азначальных (атрыбутыўных), дапаўненне – аб’ектных, акалічнасць – акалічнасных. Разам з тым кожнае агульнае значэнне мае шэраг прыватных, што ў сваю чаргу перадаюцца праз сінтаксемы. Таму наяўнасць сінтаксем прадугледжвае і наяўнасць агуль­ных тыпаў – членаў сказа. Напр., агульнае атрыбутыўнае значэнне ўклю­чае ў сябе шэраг прыватных: прыналежнасці (пасесіўнасці) – мой лан­цужок, сестрыно люстэрка, зайцаў след; якасці (кваліфікатыўнасці) – вы­сачэзны гмах, выразны голас, шаўковая сукенка; колькасці (квантытатыў­насці) – трэці тыдзень, да пяці гадоў, з дзвюх страў і інш.

Даданыя члены сказа – паняцце граматычнае, якое звязана са струк­турнай іерархіяй членаў сказа, а з боку сэнсавай, інфармацыйнай значнасці яны могуць быць зусім не «даданымі» членамі, а сэнсава вызначальнымі.

Паводле сваёй семантыкі даданыя члены сказа падзяляюцца на ты­повыя (адназначныя) і сінкрэтычныя (шматзначныя) (В. Бабайцава). Адна­значныя члены сказа – азначэнне, дапаўненне і акалічнасць – маюць поўны набор сваіх дыферэнцыяльных прымет, а шматзначныя характарызуюцца дыфузнасцю семантыкі, паколькі сумяшчаюць дыферэнцыяльныя прыме­ты розных членаў сказа.

Азначэнне – такі даданы член, які абазначае прымету прадмета і та­му абавязкова падпарадкоўваецца слову з прадметным значэннем: Каля бя­розак беланогіх рабіны стройныя стаялі (Бур.). Спецыфічнай асаблівас­цю азначэнняў з’яўляецца тое, што яны не выконваюць у сказе структур­най функцыі, але вельмі істотныя з пункту гледжання семантыкі, бо, кан­крэтызуючы абазначаны прадмет, дазваляюць больш глыбока паказаць якас­ці прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Нярэдка менавіта азначэнні нясуць асноў­ную сэнсавую нагрузку пэўнага члена сказа, калі ён выражаны назоўнікам: Жылі там людзі з розных краёў (Бр.).

Пра сэнсавую нагрузку азначэнняў нярэдка сведчыць і іх актуаліза­цыя пры парцэляцыі: Чалавеку патрэбен чалавек. Жывы. Цёплы. З усмеш­каю ў сэрцы (Т.Б.).

Паводле спосабу выражэння вылучаюць дапасаваныя і недапасава­ныя азначэнні.

Дапасаваныя азначэнні заўсёды выражаюцца словамі, здольнымі да дапасавання: прыметнікамі, дзеепрыметнікамі, займеннікамі-прыметні­камі, парадкавымі лічэбнікамі, напр.: Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць (Ст.). Але не лічыцца азначэннем пры­метнік, што ўваходзіць ва ўстойлівае спалучэнне: Мінскае мора; Вялікая Мядзведзіца; Восьмае сакавіка.

Недапасаваныя азначэнні дапасуюцца да азначаемага слова, а кіру­юцца ім ці прымыкаюць да яго; выражаюцца ўскоснымі прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўніка, (радзей) прыслоўямі, інфінітывам, непа­дзельнымі спалучэннямі і цэлымі сказамі: Батальён з крыкам «ура» пад­няўся ў поўны рост (Грах.); Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі (К.Ч.); Па краіне цырыманіяльным крокам ішоў заклік «эканоміка павінна быць эканомнай» (Вожык).

У ролі азначэння, выражанага непадзельным словазлучэннем, часцей выступаюць спалучэнні назоўніка ў родным склоне з дапасаваным да яго колькасным лічэбнікам (дзіця гадоў пяці) спалучэнне назоўніка з прыметні­кам у творным склоне (дзяўчына з тонкім станам, кацяня з шэрымі вачы­ма); словазлучэнні, якія складаюцца з прыметніка і назоўніка ў родным склоне (голас прыемнага тэмбру, віно лепшага гатунку, валасы невыраз­нага колеру, хлопец прызыўнога ўзросту).

Прыдатак – гэта разнавіднасць азначэння, азначэнне-назоўнік, што дапасуецца да назоўніка ў склоне ці ўжываецца толькі ў форме назоўнага склону: Доўгімі вякамі стаяў дуб-асілак. у самай добрай згодзе з суседам Нёманам (К-с).

Спецыфічнай рысай семантыкі прыдаткаў з’яўляецца тое, што, вызна­чаючы прадмет, яны даюць яму іншую назву. Гэта і абумовіла субстантыў­ную форму такога віду азначэння, бо галоўная функцыя назоўніка  намі­нацыйная.

Прыдатак, надаючы прадмету ці асобе іншую назву, падкрэслівае іх характэрныя рысы. Так, ён абазначае:

а) сваяцкія адносіны, сацыяльную прыналежнасць, прафесію, нацыя­нальнасць: дзядзька Антось, бабуля Сцепаніда, вучні-цесляры, рабочы-муляр; хлопцы-беларусы;

б) уласнае імя: геаграфічныя назвы, назвы прадпрыемстваў, устаноў, газет, мастацкіх твораў і г.д.: возера Свіцязь, вёска Узмёны, ААП «Каму­нарка», часопіс «Крыніца», аповесць «Сцяна»;

в) эмацыянальную ацэнку прадмета ці асобы: дожджык-грыбасей, Дзвіна-красуня, ноч-мачыха, вочкі-свярдзёлкі, дзік-бадзяга.

Паводле сваёй структуры прыдаткі могуць быць простымі (калі вы­ражаюцца адной словаформай) і складанымі (калі выражаюцца словазлу­чэннем).

Ад прыдаткаў трэба адрозніваць асацыяцыйныя спалучэнні (хлеб-соль, каліна-маліна); антанімічныя спалучэнні (пытанне-адказ, прыход-расход), сінанімічныя спалучэнні (трава-мурава, гусі-лебедзі), складавыя словы, што з’яўляюцца тэрмінамі (генерал-маёр, раман-газета) ці маюць у сваім складзе ацэначнае слова (жар-птушка, гром-баба).

Прыдатак далучаецца да азначаемага слова як бяззлучнікавай сувяз­зю: Месяц-жоўтая лодка – плыве між воблакаў (Бур.), так і з дапамогай злучнікаў як, або, ці, гэта значыць, а таксама слоў на прозвішча, па мя­нушцы: Гэта быў адзін з майстроў вялікіх, звалі яго Люцыян Таполя, а па клічцы проста Багароб (М.Т.).

Каб адрозніць прыдатак ад азначаемага слова, трэба мець на ўвазе:

– прыдаткі не толькі называюць прадметы, а адначасова надаюць ім своеасаблівыя характарыстыкі;

– служаць відавой назвай прадмета (у той час як родавую назву вы­ражае паясняемы назоўнік);

– не каардынуюцца з выказнікам і не дапасуюцца да азначэння: На­рэшце пад абед Зіна знайшла нейкую гарадскую аўтабазаўскую машыну-лесавоз (Саб.).

Пры спалучэнні назоўнікаў уласнага (імя і прозвішча чалавека) і агуль­нага прыдаткам з’яўляецца агульны назоўнік, але ў выпадку неабходнасці ўдакладнення асобы, канкрэтызацыі яе, у якасці прыдатка можа ўжывацца імя ўласнае пры агульным. Параўн.: Ефрасіння Полацкая – дачка полацка­га князя Георгія Усяславіча і сястры візантыйскага імператара Мануіла Комніна, унучка князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея) (Траф.), але: Ма­ці – Ганна Юраўна – была з роду Лёсікаў (Луж.).

Дапаўненне – даданы член сказа, які абазначае аб’ект дзеяння, стану ці прыметы, таму адносіцца да дзеяслова, назоўніка, прыметніка, прыслоўя ці безасабова-прэдыкатыўнага слова.

Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці (аб’екта) абумоўлівае споса­бы яго выражэння. Акрамя назоўнікаў і займеннікаў, пазіцыю дапаўнення можа займаць любая іншая часціна мовы, спалучэнне слоў, службовыя час­ціны мовы пры іх субстантывацыі, сказы, напр.: Сказаць «Я жадаю паес­ці», «жадаю паглядзець карціну», «жадаю павесяліцца» – дрэнна. Усюды тут больш натуральна сказаць «хачу» (Скр.).

Адрозніваюць прамое і ўскоснае дапаўненне. Прамое дапаўненне мае граматычную форму:

– беспрыназоўнікавага вінавальнага склону назоўніка ці займенніка пры пераходных дзеясловах, напр.: Азалаціла восень поле ржышчам (К.Ч.);

– беспрыназоўнікавага роднага склону са значэннем: часткі аб’екта: Я наліў яму ў сподак малака (Б.); часовага карыстання аб’ектам: Дзядзька Марцін пазычыў суседу касы (К-с); аб’екта пры пераходных дзеясловах з ад­моўем: Прося не прыгатавала дзецям снядання (А.В.); вялікай колькасці або меры чаго-небудзь пры дзеясловах з прыстаўкамі на-, пана-, папа-: За сваё жыццё ён бярвення папаварочваў і карчоў папакарчаваў (К.Ч.).

Ускоснае дапаўненне выражаецца ўсімі ўскоснымі склонамі назоў­ніка, займенніка і іншых субстантываваных часцін мовы як з прыназоўні­камі, так і без іх (акрамя адзначаных вышэй выпадкаў): Глухому кажуху на вуха пра скруху шэпча завіруха (Барад.).

Асаблівай увагі патрабуе інфармацыйнае дапаўненне (аб’ектны інфі­нітыў), што абазначае дзеянне не суб’екта-дзейніка, а іншай асобы, якая часта і не ўказваецца ў сказе: Андрэй папрасіў бацьку зрабіць рамку для па­ртрэта (Пестр.); Яму загадалі маўчаць (I.М.); Мы навучым сваіх дзяцей быць новым народам (Дуд.).

Акалічнасць – даданы член сказа, які абазначае абставіны і характар дзеяння, стану ці прыметы. Выражаюцца акалічнасці прыслоўямі, дзеепры­слоўямі і прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўнікаў. У складзе сказа яны спалучаюцца з дзеясловам (часцей за ўсё), а таксама з прыметнікам, прыслоўем, назоўнікам і безасабова-прэдыкатыўнымі словамі.

У адрозненне ад азначэння і дапаўнення класіфікацыя акалічнасцей даецца не паводле граматычнай формы (дапасаванае / недапасаванае, пра­мое / ускоснае), а паводле значэння.

Пры больш дэталёвым размежаванні налічваюць дванаццаць і больш разрадаў, але часцей адрозніваюць толькі восем: месца, часу, прычыны, мэ­ты, спосабу дзеяння і ступені, параўнання, умовы, уступкі (Наркевіч, 1959; Бурак, 1987; Яўневіч, Сцяцко, 1987).

Пра тое, што акалічнасць па інфармацыйнай значнасці можа мець пер­шаснае значэнне, сведчыць вынясенне яе за межы сказа і пераўтварэнне ў самастойную сінтаксічную адзінку (пры парцэляцыі): Начлежнікі пасвілі коней. На поплаве. Каля самага Нёмана (К-с).