Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
293
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.6 Зваротак

Зваротак – гэта слова або спалучэнне слоў, што служаць для абаз­начэння асоб ці прадметаў, якім адрасуецца паведамленне. Асобы, да якіх звяртаюцца, каб прыцягнуць іх увагу, заахвоціць да дзеяння ці выклікаць рэакцыю, называюцца па імені, прозвішчы, сваяцтве, пасадзе, узросце, ро­дзе заняткаў, нацыянальнай прыналежнасці, па вызначальнай прымеце і г.д.: ...Пад якім курганом безыменным ты, Харужая Вера, спачыла? (М.Т.); Гэты свет ты, дачка, беражы, як зялёны свой шарык святочны (А.П.). Маўленне можа быць звернута да розных адушаўлёных істот, пры персані­фікацыі – да неадушаўлёных прадметаў, з’яў прыроды, абстрактных паняц­цяў, геаграфічных назваў і г.д.: Ну, гадай, зязюля! (Ц.); Маладосць мая! Навошта ценем так нясмела ходзіш ты за мной? (А.П.)

Традыцыйна лічыцца, што зваротак граматычна не залежыць ад чле­наў сказа – кампанентаў словазлучэнняў, а звязваецца са сказам сэнсавай (суадноснай) сувяззю, якая выражаецца пры дапамозе інтанацыі. Аднак у некаторых сказах, пераважна пабуджальных і пытальных, зваротак можа ўступаць у граматычную суадноснасць з займеннікам ці з дзеясловам-вы­казнікам загаднага ладу або прошлага часу: Калі ты вырасла, дачушка, ка­лі паспела пасталець? (Грах.), параўн.: Калі ж ты вырас, сынок? Калі ж вы выраслі, дзеткі? – суадноснасць з дзеясловам-выказнікам у форме ліку (у адзіночным ліку і ў форме роду), а з займеннікам – у форме ліку і склону.

Суадносныя са звароткам займеннікі могуць мець формы як назоў­нага склону, так і ўскосных склонаў. Пры ўскосна-склонавай форме зай­менніка суадноснасць са звароткам выяўляецца толькі ў ліку, параўн.: А я з тае пары цябе, матуля, даганяю (А.П.).

Граматычная суадноснасць зваротка з членамі сказа адсутнічае, калі ён адносіцца да зместу ўсяго сказа: Самотна памаўчым удвух, лясная Прыпяць (Мят.).

Асноўнай формай выражэння зваротка з’яўляецца форма назоўнага склону назоўніка або субстантываванай часціны мовы (часцей за ўсё пры­метніка ці дзеепрыметніка, радзей – займенніка ці лічэбніка): Радзіма, твой прастор і межы я пакідаў за век не раз (Кір.); Табе складаю гімн, мой го­рад! (М.Т.)

Зваротак можа выражацца былой формай клічнага склону назоўніка, сінанімічнымі спалучэннямі, метафарычнымі, метанімічнымі або перыфрас­тычнымі выразамі, непадзельнымі словазлучэннямі: Партрэт збіраешся, мой дружа, напісаць (М.Т.); Заўжды квітней, зямля Тараса, зямля маіх сясцёр, братоў! (М.Т.); Вітаю цябе, дваццаць першае стагоддзе! (ЛіМ).

Паводле структуры звароткі бываюць неразвітыя і развітыя. Неразві­тыя звароткі выражаюцца адным словам – назоўнікам назоўнага ці былога клічнага склону або субстантывам: Ой, Дняпро! Прыгалубі, мілы, сіняру­сую дзяўчыну Прыпяць... (Ч.)

Развітыя звароткі – гэта словазлучэнні, у якіх асноўны кампанент мае пры сабе неадасобленыя або адасобленыя дапасаваныя ці недапасава­ныя азначэнні, прыдаткі, дапаўненні, акалічнасці, а таксама даданыя част­кі: Эх, дзяўчаткі-чараўнічкі, лепш на нас не пазіраць (К-с); Чым жа ты цяпер са мной падзелішся, Прыпяць, пачарнелая з тугі? (Панч.); Неруш ранішні – матчына слова, мне, як бору, цябе засланяць! (Барад.) Звароткі (неразвітыя і развітыя) могуць быць аднароднымі і звязвацца бяззлучніка­вай або паратаксіснай сувяззю: Не трашчыце, не шасціце, сухалесы, пус­тацветы! Мох, чарнобель, расхініся (Куп.); Бывай, маё сэрца і шчасце, бывай! (М.Т.);

Паводле ўжывання звароткі падзяляюцца на: а) адзіночныя: Суровы і цвярозы век дваццаты, люблю цябе да скону і кляну (Бур.); б) паўторныя: Кветка, кветка, выглянь смела! (Куп.); в) групавыя: Стройныя яблыні, грушы і вішні мае! Знаеце вы, дарагія, якое вам дадзена неба, сонца якое над вамі штодзённа ўстае... (М.Т.)

Асобныя звароткі ў кантэксце страчваюць сваё канкрэтнае значэнне і паводле функцыі збліжаюцца з пабочна-кантактнымі словамі: Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі (К-с); Паедзем, дружа, ва Ушачы! Там зараз вясна ды вясна... (Е.Л.)

Звароткі трэба адрозніваць ад адасобленых членаў: Вітаю вас, па­знаных і падобных, без запаветаў гучных і прамоў (А.П.), параўн.: Вітаю вас, пазнаныя і падобныя, а таксама ад канструкцый назоўнага ўяўлення, якімі абазначаюцца прадметы, з’явы, асобы з мэтай выклікаць пра іх уяўлен­не для ўспрыняцця, далейшага разважання, напамінання, пытання, параўн.: Ах, роднае Палессе. Шчаслівая пара. Душа не знае плесені – уся, нібы зара, дзе далеч беласнежыцца, сцяжыны замяло, дзе Прыпяць, дзе Аснежыцы, палескае сяло (Паш.).

Звароткі нельга змешваць з вакатыўнымі сказамі, якія хоць і ўтвары­ліся на базе звароткаў, аднак ужываюцца як самастойныя, не звязаныя з якім-небудзь сказам, выказванні, якія заўсёды змяшчаюць пэўнае дадатко­вае адценне: выражаюць здзіўленне, радасць, дакор, абурэнне, жах і г.д., параўн.: Тата! – загаласіў Івась, заламаўшы ручкі (К-с). і – Вось, тата, не дасі веры (К-с).

Адрозніваюцца звароткі і ад назоўнага ўяўлення, які называе згаданы і намаляваны ва ўяўленні таго, хто гаворыць, факт, прадмет, падзею і пад., пра што ў наступным сказе выказваецца пэўная думка, выражаецца па­чуццё: Бацька! Ціхі, маўклівы, ён быў у сям’і, але ці пасмелі б яны так з ім гаварыць. (Чарн.)

Называючы асобы ці прадметы, да якіх звернута маўленне з мэтай пры­цягнуць да выказвання ўвагу, пабудзіць слухача да дзеяння ці выклікаць яго адпаведную рэакцыю, звароткі як ускладняльныя кампаненты сказа вы­конваюць адметную, уласцівую толькі ім функцыю – намінацыйную (намі­нацыйна-звяртальную). Гэта асноўная функцыя звароткаў у мове, якую яны выконваюць, выступаючы як з прамым (нейтральным) лексічным значэн­нем, так і з пераносным значэннем.

Намінацыйная функцыя зваротка часта спалучаецца з ацэначна-ха­рактарыстычнай (эмацыйна-экспрэсіўнай) функцыяй. Эмацыйная ацэнач­насць выказвання асабліва выразная, калі ў ролі звароткаў ужываюцца ха­рактарыстычныя назоўнікі, назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі або калі зва­ротак мае пры сабе выклічнікі і часціцы, ацэначныя азначэнні ці паўта­раецца з мэтай эмацыйнага ўзмацнення: Расці, сыночак, хутчэй расці... (М.Т.); Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай! Зайграйце пацехай на родным загоне... (Куп.)

Звароткі могуць называць прадметы, з’явы, паняцці, якія непасрэдна не ўдзельнічаюць у зносінах. Такія звароткі выкарыстоўваюцца для вы­ражэння пачуццяў, пэўных думак, аўтарскіх адносін да выказанага: Ах ты мора, бяскрайняе мора, столькі хваль – не злічыць на вяку (Сіп.).

Звароткі, якія суадносяцца з займеннікамі, раскрываюць іх рэальны змест і выконваюць удакладняльную (намінацыйна-ўдакладняльную) функ­цыю: Дзе ты, маё шчасце, па нетрах якіх, па сцежках далёкіх блукаеш? (М.Т.); Ты пылай, пылай, пылай, дзень мой галубіны! (Гіл.)