Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
293
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.3 Сказы з аднароднымі членамі

Аднароднымі называюцца два ці некалькі звязаных паратаксіснай сувяззю членаў сказа, якія абазначаюць аднатыпныя паняцці аб’ектыўнай рэчаіснасці, выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю (асноўная пры­мета аднароднасці), звязваюцца ў сказе з адной словаформай сувяззю пад­парадкавання або каардынацыі. Аднародныя члены сказа характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй аднароднасці, яна выступае сродкам выражэння злучальнай сувязі. Аднак інтанацыя і паўзы выконваюць дапаможную ро­лю, не заўсёды з’яўляюцца бясспрэчным крытэрыем аднароднасці членаў сказа. Супастаўляльная і пералічальная інтанацыі – разнавіднасці інтана­цыі аднароднасці.

Аднароднымі бываюць у сказе ўсе яго члены – галоўныя і даданыя. Яны ўтвараюць аднародны рад, які выступае адным структурна-семантыч­ным блокам. Гэта значыць, што кампаненты такога спалучальнага рада не ўтвараюць кожны паасобку падпарадкавальных словазлучэнняў ці прэды­катыўных спалучэнняў з суадноснымі словаформамі, а з’яўляюцца адным пашыраным (ці злітным або ўскладненым) членам сказа: Маўчалі [і за­гоншчыкі, і лес] (М.Т.); А надвор’е на здзіўленне [ціхае, яснае, цёплае] (К-с).

Аднародны рад адкрыты, калі дапускае ўключэнне новых членаў, і закрыты, калі ўключэнне новых членаў немагчымае, параўн.: Люблю я ўзгоркі, і насып-курган, і сіняй далечы празрысты туман (К-с) і Гнуцца лозы над крыніцай ды шумяць тужліва (К-с).

Аднародныя члены звычайна выражаюцца словамі аднаго лексіка-гра­матычнага разраду (у гэтым выпадку назіраецца марфалагічная і сінтаксіч­ная аднароднасць), радзей – рознымі часцінамі мовы або рознымі формамі адной часціны мовы.

Канструкцыі з аднароднымі членамі звярталі на сябе ўвагу аўтараў пер­шых рускіх і еўрапейскіх граматык. У распрацоўцы пытання аднародных членаў вызначаюцца два важнейшыя кірункі: 1) фармальна-лагічны і 2) сін­таксічны. Першы кірунак лічыць аднародныя члены вынікам зліцця, сця­жэння сказаў з агульнымі членамі. У граматыцы Грэча, Буслаева (30-я гг. XIX ст.) сказы з аднароднымі членамі называюцца злітнымі. Вастокаў ска­зы з аднароднымі членамі лічыў складанымі. Паводле яго слоў, складаны сказ уключае па некалькі дзейнікаў або выказнікаў.

Упершыню ад тэрміна «злітны сказ» адмовіўся Аўсянніка-Кулікоў­скі. Ён назваў гэтыя канструкцыі «аднолькавымі часткамі сказа».

А. Пяшкоўскі захоўвае традыцыйны тэрмін «злітны сказ». Побач з гэ­тым даследчык уводзіць тэрмін «аднародныя члены сказа», пад якімі ра­зумее члены, якія злучаны або могуць быць злучаны злучнікамі без змены граматычнага сэнсу.

Меркаванне пра блізкасць сказаў з аднароднымі сказамі і складаных атрымала далейшае развіццё. У прыватнасці А. Белашапкава, аўтар раздзе­ла «Складаны сказ» у АГ-70 сказы з аднароднымі выказнікамі разглядае як складаныя.

Другі падыход у распрацоўцы праблемы аднародных членаў улічвае іх функцыянальную тоеснасць, характар сувязі і асаблівасці структуры.

Большасць даследчыкаў аднародныя члены сказа лічаць аб’ектам простага сказа.

Аднароднымі не лічацца:

а) словаформы, якія паўтараюцца для абазначэння працягласці дзеян­ня, узмацнення ступені якасці і інш. У такіх выпадках пэўны член сказа разглядаецца як ускладнены: Вось так і планіруюць, планіруюць буслы (Каратк.); Ішло і ішло гэта шэрае, нібы зажуранае поле (І.М.);

б) ускладненыя простыя дзеяслоўныя выказнікі, якія абазначаюць рух і яго мэту: Ну пайду пашукаю весялейшай кампаніі (І.М.);

в) спалучэнні прыметнікаў з лічэбнікамі і займеннікамі: Найчасцей мой хатні час быў заняты работаю службоваю... (Скр.);

г) словы, цесна звязаныя па сэнсе, якія выступаюць адным членам сказа (яны не вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння): Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень (К-с);

д) сінанімічныя спалучэнні: з дэфісным напісаннем: А часам трап­ляецца адбітак-адпячатак тагачасных казюрак, жывёлінак (Лыньк.);

е) фразеалагічныя спалучэнні, у якіх пры дапамозе паўторных злуч­нікаў часта спалучаюцца антанімічныя паняцці: Бацька сам едзе ні жывы ні мёртвы... (І.М.);

ж) спалучэнне двух аднолькавых слоў з адмоўем ні: звер ні звер, спеў ні спеў.

Сінтаксічная аднароднасць суадносіцца з аднароднасцю лагічнай, што абумоўлена сувяззю і ўзаемадзеяннем граматыкі і логікі. Пад лагічнай ад­народнасцю разумеем падпарадкаванне менш агульных паняццяў (відавых) аднаму і таму ж агульнаму паняццю – родаваму. Значыць, з лагічнага боку аднародныя члены сказа – гэта члены аднаго роду, гэта вынік дзялення ро­давага паняцця на відавыя.

Аднак прыклады сведчаць, што адназначнай залежнасці паміж сін­таксічнай і лагічнай аднароднасцю не існуе.

Н. Валгіна сцвярджае, што злучальная сувязь магчыма толькі паміж членамі сказа, лагічна адназначнымі і лагічна суадноснымі.

Даследчыкі адзначаюць, што характар суадносін лагічнага, семантыч­нага і сінтаксічнага момантаў розных класаў аднародных членаў неадноль­кавы. Лагічны момант, напрыклад, адыгрывае важную ролю для прэпазі­цыйных аднародных азначэнняў, у адрозненне ад постпазіцыйных: Я ад­чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё беларускае, роднае, кроўнае, та­кое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль яшчэ ў жыцці непазнанае, гарачае слова ад шчырага сэрца. (Біч.)

Пры аднародным радзе могуць ужывацца абагульняльныя словы – лек­семы з больш шырокім значэннем, якія ў самым агульным выглядзе акрэс­ліваюць семантыку аднародных членаў. З кампанентамі аднароднага рада абагульняльныя словы суадносяцца як родавае і відавыя паняцці або як цэ­лае і часткі. Абагульняльныя словы выконваюць у сказе аднолькавую з ад­народнымі членамі сінтаксічную функцыю, размяшчаюцца перад адна­роднымі членамі (тады яны выяўляюць удакладняльнае абагульненне) або пасля аднародных членаў (тады рэалізуюць уласнае абагульненне) і выра­жаюцца найчасцей займеннікам усё (гэта ўсе), а таксама назоўнікамі, пры­слоўямі, дзеясловамі, спалучэннямі слоў: Стэп і неба – усё ў змроку шэ­рым (М.Т.); Белыя вышываныя сарочкі, порты, вянкі – усё, стракатае, каляровае, рухаецца вакол нечага, што цяжка Алексу разглядзець здалёку (Іп.).