Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
341
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
2 Мб
Скачать
☆
      1. 2.4 Прэдыкатыўная аснова двухсастаўнага сказа

        1. 2.4.1 Дзейнік, яго прызначэнне, спосабы выражэння

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Н. Чалюк «Сінтаксіс беларускай мовы. Словазлучэнне. Просты сказ».

Член сказа – «гэта частка сказа (асобная словаформа або спалучэнне словаформаў), якая з’яўляецца матэрыяльным выражэннем (увасабленнем) элемента семантыка-сінтаксічнай мадэлі сказа. Таму член рэальнага сказа беларускай мовы з’яўляецца адначасова элементам структуры сказа і нось­бітам сэнсавага значэння» (Міхневіч, 1965).

Прэдыкатыўная, ці граматычная, аснова простага двухсастаўнага ска­за абавязкова ўключае дзве пазіцыі – дзейніка і выказніка.

Пазіцыя дзейніка ў сказе прызначана для таго, каб увесці прадмет маўлення.

Паводле выражэння дзейнікі падзяляюцца на намінатыўныя і інфіні­тыўныя. Намінатыўны дзейнік выражаецца назоўнікам назоўнага склону (гэта асноўная, марфалагізаваная форма яго выражэння) або формамі са зна­чэннем прадметнасці – суадноснымі з назоўнікамі займеннікамі, а таксама іншымі часцінамі мовы пры ўмове іх субстантывацыі ў сказе – прыметні­камі, дзеепрыметнікамі, лічэбнікамі, суадноснымі з прыметнікамі займен­нікамі: А недзе песня жніўная плыве (Грах.); Я схаваў твар у травы (Панч.); Хто там гэтак нахабна прэцца? Хто там злоўлены на лжы? (С.П.); Мінулае заўжды для нас адкрыта (Зар.); Чатыры дзеліцца на два; Сваё – гэта сваё.

Намінатыўны дзейнік можа выражацца словазлучэннямі розных ма­дэлей са значэннем колькасці, сумеснасці, выбіральнасці, пэўнасці / няпэў­насці. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца наступныя спалучэнні: а) назоў­ніка з дапасаваным прыметнікам, займеннікам, лічэбнікам: На самым заха­дзе маёй Беларусі ляжыць Белавежская пушча (Каратк.); Сама прырода адарыла гасцінец прысадамі (Пташ.); Чатыры лодкі прыйшлі да берага амаль праз гадзіну (Б.); б) назоўніка з назоўнікам, асабовым займеннікам творнага склону з прыназоўнікам з або асабовага займенніка з назоўнікам, асабовым займеннікам творнага склону з прыназоўнікам з (са): Жыў ляс­нік са сваёй леснічыхай каля завадзі ціхай (А.К.); Мы з табою справілі за­ручыны на зары далёкае пары (Зв.); в) назоўніка з назоўнікам роднага скло­ну без прыназоўнікаў: Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох (Бяд.); г) займенніка з назоўнікам, займеннікам, лічэбні­кам, субстантываваным прыметнікам або дзеепрыметнікам роднага склону з прыназоўнікам з: І хтосьці з нас, жывых, напіша свой рэквіем праз двац­цаць год (А. Пысін); Доўга зіму начныя крычалімы далі (А. Кўляшоў); Хтось з хлапчукоў уздумаў падражніцца... (А.П.); д) лічэбніка з назоўнікам, суб­стантываваным прыметнікам або дзеепрыметнікам роднага склону: Трое коней пасвіліся на поплаве (К.Ч.); Двое меншых зусім яшчэ дзеці (К.Ч.); е) лічэбніка адзін з назоўнікам, займеннікам, лічэбнікам, субстантывава­ным прыметнікам або дзеепрыметнікам: Адно са слоў у фразе звычайна вымаўляецца з больш моцным націскам.

Значэнне прадметнасці і сінтаксічную функцыю дзейніка могуць на­бываць прыслоўі, службовыя словы і выклічнікі: Невядомае заўтра чакае цябе; Дзякуючы – прыназоўнік вытворны; ...Панясецца «ку-ку» праз лясы, праз палі, праз наш Нёман-раку (Ц.).

Інфінітыўны дзейнік выражаецца незалежнай формай дзеяслова – інфінітывам. У сказе з такім дзейнікам выражаюцца сэнсавыя адносіны па­між дзеяннем і яго прыметай і ўжываецца выказнік, выражаны назоўнікам (займеннікам) або прэдыкатывам: Ніколі не збочваць з дарогі – зайздрос­ная доля (Няк.); Уявіць далейшае не цяжка (Б.). Калі інфінітыў – непаўна­значны дзеяслоў, ён выступае дзейнікам у спалучэнні з формай творнага склону назоўніка, прыметніка або дзеепрыметніка: Стаць прафесіяна­лам – нялёгка; Называцца руплівым гаспадаром прыемна. Інфінітыўны дзейнік суадносіцца таксама з інфінітывам-выказнікам: Эх, брат, жыццё пражыць – не поле перайсці (К-с); Глядзець – гэта і гадаваць, і выхоўваць на чалавека, і выводзіць на чалавека, выводзіць у людзі, выводзіць у свет і зберагаць, хаваць, пільнаваць (Янк.).

У cказах тыпу Размаўляць з ім прыемна; Уявіць далейшае не цяжка; Быць выхаваным добра дзейнік і выказнік, на думку многіх даследчыкаў, трэба вызначаць паводле іх пазіцый у сказе (дзейнік-інфінітыў папярэдні­чае выказніку-прэдыкатыву), параўн. пры адваротным парадку: З ім прыем­на размаўляць; Не цяжка ўявіць далейшае; Добра быць выхаваным (ад­насастаўныя безасабовыя сказы). Больш дакладна дзейнік і выказнік у та­кіх сказах выяўляюцца пры наяўнасці ў іх размежавальнага працяжніка, які становіцца знакам прэдыкацыі, афармляючы паўзу паміж саставам дзейні­ка і выказніка і паказваючы, што інфінітыў і прэдыкатыў не аб’ядноўваюц­ца ў састаўным выказніку безасабовага сказа, параўн.: Размаўляць з ім – прыемна; Уявіць далейшае – не цяжка; Быць выхаваным – добра. На па­добныя сказы і сказы з прэпазіцыйным прэдыкатывам тыпу Важна глыбо­ка разабрацца ў прычынах аварыі існуе таксама погляд, што інфінітыў у іх трэба лічыць дзейнікам незалежна ад яго пазіцыі, бо прэдыкатыўным сло­вам у іх абазначаецца якасная характарыстыка таго, пра што гаворыцца ў сказе (пра дзеянне, выражанае інфінітывам).

Пры выражэнні галоўных членаў інфінітывам і назоўнікам назоўнага склону, як, напрыклад, у сказе Найбольшая прыемнасць глядзець на вобла­кі ў пагодлівыя дні... (Гр.), назоўнік з’яўляецца выказнікам: а) калі ён мае адцягненае значэнне (прыемнасць); б) калі пры ім ёсць часціца або азна­чэнне, выражанае якасным прыметнікам (найбольшая) і в) калі яго можна замяніць формай творнага склону, параўн.: Глядзець на воблакі ў пагодлі­выя дні з’яўляецца (было) прыемнасцю. Падрабязны агляд розных поглядаў і спрэчных пытанняў, звязаных з вызначэннем дзейніка ў апісаных вышэй сказах і ў сказах іншай структуры змяшчаецца ў працы В. Рагаўцова «Сін­таксіс беларускай і рускай моў: Дыскусійныя пытанні». – Мн., 2001.

Па структуры дзейнікі бываюць: а) простыя, калі складаюцца з адна­го кампанента, раўназначнага адной граматычнай форме: На полі малая стаіць і разводзіць рўкамі... (А.К.); І божы свет здаваўся мілы (К-с); А ця­пер нібыта антонаў агонь прыкінуўся (Мак.). Фразеалагічныя спалучэнні пры такім ўжыванні адпавядаюць сваім значэннем аднаму асобнаму слову: антонаў агонь – гангрэна; божы свет – рэчаіснасць, зямля; б) складаныя, калі ўключаюць два кампаненты без звязкі. Гэта, як правіла, розныя слова­злучэнні: Хтосьці з нас жыве па ўзносах даўніх, падбірае з поля каласкі (А.П.); в) састаўныя, калі маюць у складзе два структурныя кампаненты, адзін з якіх звязка-інфінітыў, а другі – назоўнік, прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік, абагульнена-якасны займеннік творнага склону без прыназоўніка: Лічыцца сапраўдным сябрам – радасць; Быць прыкладам іншым – цяжка.

На думку Т. Рамзы, калі разглядаць сказ як мадэль, якую ўтвараюць функцыянальна-сінтаксічныя пазіцыі, то класіфікацыя паводле структуры кампанентаў з’яўляецца неактуальнай, бо ў любым выпадку тут не ідзе раз­мова пра адрозненне ў перадачы часткамі дзейніка лексічнага і граматыч­нага значэнняў, што так істотна пры вылучэнні і размежаванні тыпаў вы­казніка.