Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
293
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Складаназлучаны сказ

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Т. Рамзы «Сінтаксіс: Тэарэтычны курс».

Складаназлучаны сказ – такі тып складанага сказа, прэдыкатыўныя часткі якога звязваюцца злучальнымі злучнікамі. Яны характарызуюцца адноснай раўнапраўнасцю прэдыкатыўных частак і наяўнасцю злучальных злучнікаў, якія займаюць замацаваную пазіцыю паміж прэдыкатыўнымі часткамі.

Пра адносную раўнапраўнасць прэдыкатыўных частак складаназлу­чаных сказаў гаворыцца таму, што сэнсава яны, як правіла, узаемаабумоў­леныя, і пра гэта сведчыць наяўнасць пэўных моўных элементаў у іх струк­туры. Такімі сродкамі сувязі прэдыкатыўных частак, акрамя злучальных злу­чнікаў і інтанацыі, з’яўляюцца:

1) анафарычныя элементы ў другой частцы (займеннікавыя словы, што адсылаюць да папярэдняй: ён, сам, той, гэты, там, туды і пад.): Душа ў Андрэя была адыходлівая, і ён ужо не злаваў на брата (Карам.); Скажы, Мікола, папраўдзе: а табе не страшна было там?.. (Кудр.);

2) злучнікавыя элементы (сінтаксічна спецыялізаваныя словы: толь­кі, зноў, таму, значыць, усё-такі, усё роўна, тым не менш і пад.): Колькі дзён пабылі маразы – і зноў цяплынь распарыла зямлю (Карам.); Сяло спа­ла, і толькі у некалькіх хатах гарэла святло (Кудр.);

3) суаднесенасць часава-трывальных формаў і мадальных планаў вы­казнікаў: Прарваўся, аглушаючы, гром, і лівень хлынуў на лес (Пестр.);

4) наяўнасць дэтэрмінанта ў першай частцы – агульнага кампанента для абедзвюх частак: Здаецца, бялейшыя сталі гнуткія бярозы і яшчэ вы­шэй падаліся стромкія хвойкі ды елкі (Лыньк.);

5) непаўната другой прэдыкатыўнай часткі: Маладая ігумення папра­сіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру ў навучанне грамаце, а по­тым таемна пастрыгла здольную вучаніцу ў манашкі (У.А.);

6) лексіка-тэматычнае кола слоў: Спалі ўсе на падлозе ў гасцінай, а займаліся на кухні (У.Д.);

Класіфікуюцца складаназлучаныя сказы паводле двух параметраў: а) характару злучнікаў; б) адкрытасці / закрытасці структуры.

Характар злучніка (спалучальнага, супастаўляльнага, размеркаваль­нага, далучальнага) матывуе тып сэнсавых адносінаў паміж прэдыкатыў­нымі часткамі.

У сказах са спалучальнымі злучнікамі (і, ды (у значэнні ‘і’), ні...ні, таксама выражаюцца адносіны пералічэння:

а) адначасовасць: Ля берагу рака была травяністая, і да чыстай плы­ні вяла кладка з вялікіх камянёў (Марц.);

б) паслядоўнасць; На бярозах, на многіх іншых дрэвах пачалі трэс­кацца пупышкі, і з’яўляліся светла-зялёныя, кволыя лісточкі (У.Д.);

в) адмоўнае пералічэнне: Ні мы не наймалі чужых, ні нашы не ад­давалі дзяцей у людзі (Янк.);

г) прычынна-выніковыя: Дзень толькі пачынаўся, і спяшацца не было куды (Карам.).

У сказах з супастаўляльнымі злучнікамі (а, але, ды (у значэнні ‘але’), аднак, затое) выражаюцца адносіны:

а) супастаўлення: Я ўжо быў гатовы ісці на нараду, але да пачатку яе заставалася яшчэ з гадзіну (Янк.);

б) супрацьпастаўлення: Выжыць – гэта любой цаною, а жыць гэта ўсё-такі менш ці больш сумленна (Б.);

в) саступальныя: Астатнія тры Давідовічы зямлю хоць мелі, але лесу ў іх не было (С.Д.);

г) замены, кампенсацыі: Пятка следу была вузенькая, клінам, затое «пальцы», кіпцюры шырока растапырваліся на падталым снезе (С. Даві­довіч).

У сказах з размеркавальнымі злучнікамі выражаюцца адносіны:

а) узаемавыключэння, несумяшчальнасці, выбару (злучнікі ці, або, альбо): Шуміць вецер, або ідзе дождж (Гал.);

б) чаргавання (злучнік то... то; ці... ці): Марознай зорнай ноччу на шашы то прасунуцца ціхія сані, то зноў прамчыцца машына (Б.);

в) неадрознення, няўпэўненасці, меркавання (злучнікі не то...не то; ці то... ці то): Не то загукала сава, не то прапішчаў заяц (Я.М.).

У сказах з далучальнымі злучнікамі (і, ды і, ды, а, але і, і таму, і да таго ж, і ўсе ж, і толькі) выражаюцца адносіны далучэння – дадатковага тлумачэння, заўвагі, высновы, паведамлення і пад.: Вясковыя дзеці бачылі фактычна толькі адны школьныя падручнікі, ды і тых было небагата: кніга для чытання, задачнік і «закон Боскі» (Карам.).

Паняцце адкрытай / закрытай структуры складаназлучаных ска­заў звязана з семантыка-структурнай арганізацыяй прэдыкатыўных частак і характарам злучніка.

Складаназлучаныя сказы адкрытай структуры маюць прэдыкатыў­ныя часткі, якім уласціва аднатыпная будова, значэнне адначасовасці, спа­лучальныя ці пералічальныя адносіны між імі, наяўнасць (неабавязкова) агульнага даданага члена ці агульнай прэдыкатыўнай часткі: Ці драч па­дасць голас з рэчкі, з поплаву, ці крыкне па-дзіцячы жаласлівым голасам сава, ці прачнецца зязюля... (Карам.).

Складаназлучаныя сказы закрытай структуры характарызуюцца на­яўнасцю толькі дзвюх прэдыкатыўных частак, якім уласцівы структурная рознааформленасць, семантычная абумоўленасць (сэнсавая залежнасць ад­ной часткі ад другой), супастаўляльныя, выніковыя ці далучальныя адносі­ны паміж імі: Хмары хутка плылі па небе, а з імі ўцякаў і дождж з далёкі­мі раскатамі грому (Пестр.).