Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
299
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Словазлучэнне

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Н. Чалюк «Сінтаксіс беларускай мовы. Словазлучэнне. Просты сказ».

У беларускім мовазнаўстве iснуе некалькi пунктаў гледжання на сло­вазлучэнне. Разыходжанні закранаюць як разуменне яго сутнасці («гато­вая» гэта адзінка, што існуе «да сказа», ці толькі адзінства, якое ўтвараецца непасрэдна ў выказванні), так і разуменне яго аб’ёму, магчымых кампа­нентаў, значэння і функцыі.

У мовазнаўстве склалася два асноўныя падыходы да вывучэння сло­вазлучэння.

1. Традыцыйна-сінтаксічны падыход. Яго прыхільнікі разглядаюць словазлучэнне як мінімальнае аб’яднанне слоў у сказе, але празмерна па­шыраюць яго паняцце. Пад гэтым тэрмінам яны аб’ядноўваюць і прэдыка­тыўныя спалучэнні (дзейнік і выказнік), і свабодныя сінтаксічныя слова­злучэнні з рознымі відамі сувязі (злучальнай і падпарадкавальнай), і ўстой­лівыя выразы. Прадстаўнікамі гэтага падыходу з’яўляюцца рускія мова­знаўцы Ф. Фартунатаў, А. Пяшкоўскі, А. Шахматаў, В. Ахманава.

Сучасныя даследаванні розных моўных адзінак паказваюць, што да словазлучэнняў нельга адносіць прэдыкатыўныя спалучэнні і ўстойлівыя выразы. Сінтаксічныя словазлучэнні вылучаем з саставу дзейніка і з саста­ву выказніка (або з саставу аднаго галоўнага члена ў аднасастаўным сказе).

Да сённяшняга дня мовазнаўцы адназначна не вызначыліся са спалу­чальнымі (звязанымі злучальнай ці бяззлучнікавай сувяззю) аб’яднаннямі слоў тыпу яблыні і грушы; дрэвы, а не кустоўе. Тыя, хто ўключае такія спа­лучэнні ў лік сінтаксічных словазлучэнняў, сцвярджаюць, што ў аснове апа­зіцыі двух сінтаксічных адзінак сказ – словазлучэнне павінен быць толькі адзін крытэрый – прэдыкатыўнасць (непрэдыкатыўнасць). Словазлучэнне – непрэдыкатыўнае аб’яднанне слоў на аснове сінтаксічнай сувязі, якая бы­вае злучальнай і падпарадкавальнай. Таму словазлучэннямі трэба лічыць любыя непрэдыкатыўныя канструкцыі, у тым ліку і злучальныя (В. Бела­шапкава – у рускім мовазнаўстве, Л. Бурак – у беларускім).

2. Лексічна-сінтаксічны падыход. Ён звязваецца найперш з імем рус­кага мовазнаўца акадэміка В. Вінаградава, які істотна звузіў і змяніў разу­менне словазлучэння. Па-першае, ён выключыў з аб’ёму гэтага паняцця на­ступныя спалучэнні: а) дзейніка і выказніка, паміж якімі адносіны прэды­катыўныя, што ўзнікаюць толькі ў сказе; б) адасобленага звароту і слова, якое ён паясняе, бо паміж імі выяўляюцца паўпрэдыкатыўныя адносіны, якія таксама магчымы толькі ў сказе; в) спалучэнні аднародных членаў, бо яны не з’яўляюцца складаным найменнем з’яў рэчаіснасці (за выключэн­нем спалучэнняў бацька і маці [бацькі]; дзень і ноч [суткі], якія ўжываюцца з намінацыйнай функцыяй); г) прыназоўнікава-склонавыя і аналітычныя фор­мы (на працягу дня; у выніку дажджоў; буду думаць; самы разумны; нельга ісці). Паводле В. Вінаградава, «словазлучэнне – гэта спалучэнне слоў, якое арганізавана па законах пэўнай мовы і выражае якое-небудзь паняцце, хоць і складанае, і здольнае служыць яго абазначэннем. Гэта свабодны эквіва­лент фразеалагічнай адзінкі». Па-другое, В. Вінаградаў лічыў, што слова­злучэнне:

а) суадноснае са словам складанае найменне, якое, як і слова, выкон­вае намінацыйную функцыю;

б) прадукт семантычнага развіцця слова;

в) будаўнічы матэрыял для сказа (для зносін). Канцэпцыя В. Вінагра­дава мае шмат паслядоўнікаў, яна была замацавана ў акадэмічнай Грама­тыцы рускай мовы (1960).

Згодна з вінаградаўскай канцэпцыяй трактуецца ў асноўным слова­злучэнне ў дапаможніку М. Яўневіча, П. Сцяцко «Сінтаксіс сучаснай бела­рускай мовы» (1987). Л. Бурак таксама адзначае, што словазлучэнне – гэта сінтаксічная адзінка, якая «абазначае пэўнае паняцце». Аднак некаторыя па­лажэнні лексічна-сінтаксічнай тэорыі словазлучэння не атрымалі агульнага прызнання.

Большасць айчынных сінтаксістаў разглядае словазлучэнне ў вузкім яго аспекце: як «свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух (або бо­лей) паўназначных слоў, звязаных падпарадкавальнымі адносінамі» (Міх­невіч, 1986). Такога ж пункту гледжання трымаюцца А. Наркевіч, Л. Пад­гайскі, М. Яўневіч, П. Сцяцко, М. Абабурка, Э. Блінава, Н. Гаўрош, М. Ка­валёва, В. Ляпёшкін, В. Рагаўцоў і інш.

Цалкам супрацьлеглы пункт гледжання на аб’ём словазлучэння нале­жыць Г. Клюсаву. Сутнасць яго трактоўкі ў тым, што пад словазлучэннем разумеецца любое двухчленнае спалучэнне лексем, у тым ліку і службовых слоў са знамянальнымі ці між сабой. Пры гэтым гранічнымі выпадкамі словазлучэння, з аднаго боку, лічыцца сказ (а дакладней, спалучэнне дзей­ніка і выказніка), а з другога – складанае слова, утворанае ў выніку лексі­калізацыі словазлучэння.

Падсумоўваючы вышэйадзначаныя меркаванні беларускіх сінтаксіс­таў адносна словазлучэння, варта сказаць, што больш правамерна разгля­даць словазлучэнне як субардынацыйнае спалучэнне сінтаксем, якое ўтва­раецца толькі ў межах выказвання і вылучаецца непасрэдна з яго, таму што «ў мове няма канкрэтных, загадзя падрыхтаваных на кожны выпадак сло­вазлучэнняў (калі не лічыць фразеалагізмаў). Іншая справа – наяўнасць у ёй пэўных мадэляў, спосабаў утварэння канкрэтных словазлучэнняў» (Пад­гайскі, 1971). Адсюль і функцыя словазлучэння не намінацыйная, а «ад­люстравальная» – вербальна перадаваць прадметна-лагічныя адносіны, што існуюць ці ўзнікаюць паміж з’явамі рэчаіснасці. Калі ж такіх адносінаў не ўзнікае, то няма падстаў лічыць тое ці іншае спалучэнне слоў словазлучэн­нем. «Словазлучэнні з’яўляюцца прасцейшымі сінтаксічнымі адзінствамі, якія існуюць не асобна ад сказа, а ўваходзяць у яго як састаўныя часткі і атрымліваюць у ім свае канкрэтныя функцыі і значэнні» (Булахаў, 1959).

Словазлучэнне і выказванне падобныя тым, што ў аснове іх пэўныя мадэлі, згодна з якімі ўтвараюцца разнастайныя іх маўленчыя варыянты. Адрозніваюцца ж яны паводле свайго статусу, структуры і функцый. Вы­казванне – камунікацыйная адзінка, словазлучэнне – некамунікацыйная; вы­казванне – самастойная, сэнсава і інтанацыйна завершаная адзінка, слова­злучэнне – прасцейшае сінтаксічнае адзінства ў яго структуры, што не мае моўнай самастойнасці; выказванне можа быць аднаслоўным, словазлучэн­не складаецца мінімум з двух кампанентаў; выказванне можа арганізоўвац­ца на аснове прэдыкатыўнай, падпарадкавальнай і злучальнай сувязі (а калі яно аднаслоўнае, то ўвогуле без сувязі), а словазлучэнне ўтвараецца толькі на аснове падпарадкавання (злучальная сувязь у складаных словазлучэн­нях пашырае адзін з яго кампанентаў).