Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
299
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.4 Устаўныя канструкцыі

Устаўнымі канструкцыямі з’яўляюцца сінтаксічныя адзінкі, якія шля­хам дапаўнення, паяснення, удакладнення сэнсу ўсяго сказа ці яго асобных членаў пашыраюць інфармацыйны змест выказвання.

Традыцыйна лічыцца, што такія канструкцыі не ўключаюцца ў струк­туру сказа і фармальна-граматычна не звязваюцца з ім, а прымацоўваюцца пры дапамозе сэнсавай (суадноснай) сувязі і вылучаюцца са сказа інтана­цыйна: вымаўляюцца паніжаным тонам і паскораным тэмпам з выразнымі паўзамі на іх мяжы, што абазначаецца дужкамі або працяжнікамі пры іх афармленні на пісьме. Аднак сінтаксічная функцыя ўстаўных адзінак са сказам не адназначная. Узнікаючы ў працэсе маўлення як спадарожныя да асноўнага паведамленні, яны па-рознаму звязваюцца са сказам. Адны з іх мо­гуць быць граматычна ўключаны ў сказ як яго члены або даданыя часткі – гэта ўстаўныя адзінкі неканструкцыйнага тыпу, або звязаныя з асноўным паведамленнем: Часта да адкрыццяў (і вялікіх і малых) падсуседжваліся змрочныя Мефістофелі (Сіп.); У шведскую вайну абедзве арміі (і швед­ская, і руская) <...> харчаваліся пераважна ласіным мясам (Чыгр.); Такія канструкцыі вызначаюцца дваістасцю сінтаксічнай прыроды: яны наблі­жаюцца па функцыі да пэўных членаў сказа ці частак сказа (пры апусканні знакаў прыпынку могуць стаць адасобленымі членамі або даданымі част­камі) і ў той жа час выяўляюць сваю структурна-сэнсавую адасобленасць. Другія ўстаўныя канструкцыі немагчыма ўключыць ў граматычную струк­туру сказа – гэта ўстаўныя адзінкі канструкцыйнага тыпу, або не звязаныя з асноўным паведамленнем: Ён адказаў: – Каб ты ведала што! (Урачыс­тая і трывожная паўза.) Толькі барані цябе божа, калі каму раскажаш або хоць адным словам... (К.Ч.)

Паводле структуры ўстаўныя канструкцыі падзяляюцца на:

а) устаўныя словы: Яблык апісаў над Кастуськом дугу (пералёт!) і мякка ўпаў на пясок (Янк.);

б) устаўныя спалучэнні слоў: Паміж хаткай і абрывам, на вялікай раз­легласці ўсяго (кіламетраў паўтара), варушыліся чалавечыя постаці (К.Ч.);

в) устаўныя сказы: Прыснілася, што сею жыта (Чамусьці часта сны такія сняцца) (М.Т.).

У функцыі ўстаўных могуць выступаць і больш аб’ёмныя канструк­цыі (складаныя сказы, спалучэнні сказаў, абзацы) або, наадварот, мінімаль­ныя графічныя адзінкі (пытальны, клічны знакі ці іх спалучэнне): Тут жы­лі – Богараўскія, Сцепуржынскія (стрыечныя браты вядомага нам Ску­ратовічавага суседа-лесніка. Яны сюды з’явіліся год за пятнаццаць да вайны, купілі ў князя зямлю), Ярмалінскія (не Ярмаліцкія, а Ярмалінскія! Ярмаліцкія асталіся ў вёсцы, на хутары не пайшлі, прозвішчы не аб­далікатнілі, нажыналі кожны год па коп дзве жыта і сыпалі ў хлеб тоўчаную кару. Хоць на гэта не гаравалі: навокал былі лясы, кары ха­пала, адно еш на здароўе) (К. Ч.); Аповесць А. Кажадуба «Высока соней­ка, высока...» пачынаецца сказам: Баба Зося, выйшаўшы са двара свае хаты (?!), заўсёды любіла на яе азірнуцца... (Каўр.)

У асноўны сказ устаўныя канструкцыі ўключаюцца трыма асноўнымі спосабамі:

а) без злучнікаў і злучальных слоў: У садках – іх мелі не ўсе вяскоў­цы – паспелі яблыкі, грушы (Янк.);

б) злучальнымі злучнікамі і, ці, а: ...Лазовыя дровы крыва ляжаць, але вельмі добра (ці – вельмі горача, ці – вельмі хораша) гараць (Янк.);

в) падпарадкавальнымі злучнікамі і злучальнымі словамі (што, які, каторы, калі, хоць, як, бо, быццам і інш.): Шчыльны (хоць ты пакратай рукой) туман на колькі дзён засланяў сабой наваколле... (В.П.)

Месца ўстаўных канструкцый у сказе вызначаецца іх прызначэннем і сувяззю з усім сказам ці яго часткай (асобным словам). Пры ўдакладненні зместу ўсяго сказа ўстаўныя канструкцыі размяшчаюцца ў сярэдзіне, у канцы або за яго межамі: Вакзал ужо і гамоніць, грукае, шоргае (абцасы, сундучкі, кошыкі... на цэменце)! (Янк.); Суадноснасць устаўных канструк­цый з асобнымі членамі сказа выражаецца іх кантактнай пазіцыяй: А калі ўлічыць, што цана на журавіны (афіцыйная, закупачная) павялічылася ў... сотні разоў, дык увогуле ніштавата атрымліваецца (В.П.).

Устаўныя канструкцыі выконваюць у сказах-выказваннях розныя сэнсавыя функцыі, якія можна аб'яднаць у тры асноўныя:

1) тлумачальная, калі дадаткова раскрываюцца значэнні ўстарэлых, новых ці дыялектных слоў, а таксама тэрмінаў: З удзячнасцю Жыгімонт Стары надаў нават шляхецкі герб і даверыў пасаду літоўскага падскарбія (міністра фінансаў) аднаму віленскаму гараджаніну, які ў час нападу непрыяцеля «крови и горла не пажалел» (У.К.); Нагрэлі ў бляшанцы піку – чорнага будаўнічага гудрону – і абмазалі ім днішча (Федар.);

2) удакладняльна-паясняльная, калі канкрэтызуюцца родавыя па­няцці, значэнне займеннікаў і ўласных імёнаў, удакладняюцца аб’екты дзеяння, месца, час і розныя абставіны яго ажыццяўлення, выказаная дум­ка пашыраецца праз паясняльна-далучальныя, прычынна-выніковыя ці су­пастаўляльна-супраціўныя адносіны, выказванне ілюструецца прыкладамі, даведачна-адсылачнымі ўказаннямі: Жаўрук вельмі шкадаваў Жытнёвіка – такое было імя ў коласа, – а як памагчы яму, не ведаў (Ягоў.); Па Віцеб­скай вобласці аказалася: ад імя Ян утворана 22 паселішчы (Яновічы, Яна­ва, Янаўшчына, Янушова і пад.); ад імя Янка – 8 паселішчаў (Янкавічы, Янкава, Янкаўшчына і пад.) (Скр.);

3) эмацыйна-экспрэсіўная, калі выяўляюцца аўтарскія эмацыйна-ацэ­начныя тлумачэнні і характарыстыкі: Хоць – як не дзіва! – дом гэты вы­стаяў пад громам навальніц (М.Т.); Раптам – ну быццам нехта павярнуў чараўнічае кола! – з ночы замурзанае неба ажывілася... (Кір.)

Разнастайныя функцыі ўстаўных канструкцый спрыяюць іх выкарыс­танню ва ўсіх стылях мовы.