Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать

2. Ахарактарызуйце лексічныя, лексіка-граматычныя і ўласна сінтаксічная сродкі міжфразавай сувязі ў зфа.

І. Снег... Снег... Снег... Разам пасыпаўся, як з вялізнага каша. Сняжынкі белень­кія, кволенькія замітусіліся мітульгой у гулліва-вар’яцкіх скоках... – Гэй, беражыся! Дарогу нам! Аблепім, спаўём, беллю пабелім... Усё! І пабялілі... Зямлю атулілі коўдрай мяккай, пухкай. А на будынкі, на дрэвы – бровы белыя панавесілі, дзядамі сівымі зра­білі... Людзі хаджалыя твары хаваюць: не хочуць гарэзлівых пацалункаў спрытных сня­жынак. Але ці ж ад іх схаваешся – гэткія пройды... Залезуць пад шапку, за каўнер, раз­ліюцца вільгаццю, мыюць чалавека гвалтам... Во якія дасціпныя!..

(М. Зарэцкі. Бель)

ІІ. Чалавек не можа ні сама-жыць, ні сама-памерці, ні сама-перайначыцца. Усё гэта магчыма толькі ў кірунку да н е ч а г а , і чым далей яно, гэтае н е ш т а, тым больш істотны і змястоўны чалавечы спосаб жыцця, тым больш чалавек – чалавек. Каб ісці далей, чалавек мусіць ісці не сабой, а з сябе – удакладняцца, удасканальвацца, станавіц­ца наступнейшым; гэта – шлях ва ўсё большую свабоду, усё большую адказнасць і ўсё большую неабсяжнасць, на якім нават нягоды і перашкоды па-свойму спрыяюць чала­веку. І не самі па сабе, а менавіта ў «кірунку да н е ч а г а» магчымы веды, магчыма ра­зуменне, магчыма жыццё і смерць.

А ўсе тыя набыткі, што не сугучны асноўнаму чалавечаму шляху, урэшце аказ­ваюцца цяжарам і зманам і адпадаюць, як з дрэў сухая кара. Нярэдка – разам з самім чалавекам.

(А. Разанаў. Зномы)

3. Кваліфікуйце асноўныя (праз займеннікі і займеннікавыя словы, праз лек­січны паўтор са зменай сінтаксічнай функцыі словаформы, праз кантэкстуальныя сінонімы, праз нулявы знак) і дадатковыя сродкі ланцужковай сувязі ў мікратэкс­тах.

Для беларускай народнай кулінарыі ХІХ – пачатку ХХ ст. характэрна шырокае выкарыстанне розных грыбоў. Іх ужывалі адвараныя, смажаныя, тушаныя, марынава­ныя, салёныя. Але найбольш падабалі сушаныя грыбы – баравікі, падбярозавікі, рыжы­кі, валуі і г.д. Іх выкарыстоўвалі для заправы першых страў (супоў, капусты, юшкі), дадавалі да тушанай бульбы. З рыжыкаў рабілі рыжыкавае масла для падлівак. Сушылі грыбы звычайна ў цёплай печы на блясе, засланай саломай. Бляху ставілі ў печ, як пра­віла, пасля выпечкі хлеба. Сушылі некалькі разоў, потым нанізвалі копамі на ніткі і звязвалі ў вянкі. Перад выкарыстаннем вымочвалі па дванаццаць і болей гадзін у вадзе. Сушылі таксама грыбы на палатне ў цяні. Перад ужываннем іх замочвалі ў малацэ, і яны амаль не адрозніваліся ад свежых. Грыбы варылі і тушылі, дадаўшы масла ці смя­таны.

(Т. Навагродскі. Класіфікацыя страў беларускай народнай кулінарыі)

4. Кваліфікуйце спосаб ажыццяўлення паралельнай сувязі ў тэкставых фраг­ментах (праз лексіка-сінтаксічны паўтор, праз словы адной тэматычнай групы, праз паралелізм сінтаксічных канструкцый) і назавіце яе асноўныя прыметы.

Да чаго прыгожая гэта вясновая раніца! У паветры яшчэ сыра. На лістах вішняку вісяць буйныя кроплі начных туманаў. На платах і на стрэхах ляжыць яшчэ вільгаць. За сялом густа і тучна зеляніццца поле. Загоны перасякаюцца то тонкімі, то шырокімі заві­лінамі дарог. На пагорку стаіць і яшчэ дрэмле вятрак, але, здаецца, ён ужо сіліцца ўзмахнуць паднятымі крыламі. Узыходзіць сонца. Яно паволі і баязліва паказваецца з-за гарызонта – першыя промні яго кладуцца шырока – густым і нібы цягучым золатам. Над стрэхамі хат вывіваюцца лёгкія празрыстыя дымкі. За імі на небе такое ж самае лёгкае ружаватае воблачка. Здаецца, што яму нудна быць невялічкаму, аднаму на гэтай сіняватай бясконцасці неба, але запрапасціўся недзе свавольнік-вецер, і яно не можа скрануцца... Сонца падымаецца над лесам. Яно слізгае па вяршалінах дрэў і западае ў прагаліны. Лес пачынае дыміцца густымі пахамі. Бесклапотна цвыркаюць птушкі.

(Я. Скрыган)

5. Вызначце далучальную сувязь у мікратэкстах і назавіце яе асноўныя срод­кі (злучнікі, злучальныя словы, часціцы, мадальныя словы, інтанацыя, парадак размяшчэння кампанентаў выказвання, парцэляцыя).

Трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта «жыць на колах», шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы прыгожы для нас край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай, няяркай краі­ны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце гарады і вёскі, цём­ныя волаты замкаў. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млы­ны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрай зямлі. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачы­це зуброў і аленяў. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты бела­рускі народ.

(У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі)