Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.5.3 Дэтэрмінаваныя члены сказа

У адрозненне ад даданых членаў, што з’яўляюцца прыслоўнымі па­шыральнікамі і канкрэтызуюць, удакладняюць значэнне пэўнага слова, лінг­вісты вылучаюць свабодныя пашыральнікі, што тлумачаць граматычную ас­нову сказа ў цэлым. Гэтыя пашыральнікі ўпершыню тэрміналагізавала і ўвя­ла ў навуковы абыходак Н. Шведава як дэтэрмінаваныя члены сказа (дэ­тэрмінанты): дэтэрмінаваны аб’ект і дэтэрмінаваная акалічнасць.

Дэтэрмінаваныя дапаўненні (аб’екты) уваходзяць у структуру ска­за не ў якасці залежнага кампанента словазлучэння (што характэрна для да­паўнення), а як свабодная словаформа, ужыванне якой не прадвызначаецца ніякім словам, а абумоўлена зместам граматычнай асновы: Мне вельмі па­дабаюцца спевы ляснога жаваранка (К-с); У яго перахапіла дыханне (Каратк.). Звычайна ў ролі дэтэрмінаваных дапаўненняў выступаюць словаформы ў давальным, а таксама родным склоне з прыназоўнікамі у, ад, для і некато­рых іншых.

Н. Шведава кваліфікуе дэтэрмінаванае дапаўненне як «склонавае ці прыназоўнікава-склонавае спалучэнне, якое абазначае асобу ці прадмет, што звязана з прэдыкатыўнай асновай сказа адносінамі накіраванасці, зна­чэннем аднесенасці» (Шведава, 1964).

Асновай для кваліфікацыі дэтэрмінаваных дапаўненняў як самастой­ных пашыральнікаў сказа служаць (у сукупнасці) наступныя прыметы: «а) вы­ражаецца формамі ўскосных склонаў назоўніка ці займенніка без прына­зоўніка і з прыназоўнікам, аформленасць і ўжыванне якіх не прадвызна­чаецца ніякім канкрэтным словам выказвання; б) мае значэнне суб’екта, радзей аб’екта, у адносінах да якога ці ў сувязі з якім праяўляецца сітуа­цыя, што складае змест асноўнай часткі выказвання; в) уступае з асновай у граматычную сувязь свабоднага далучэння; г) звычайна размяшчаецца ў аб­салютным пачатку сказа» (Малашчанка, 1992).

Дэтэрмінаваныя акалічнасці, як і дэтэрмінаваныя дапаўненні, не залежаць ад канкрэтнага слова ў структуры сказа, а служаць «фонам» якой-небудзь сітуацыі, а таму і ўсяго выказвання ў цэлым, напр.: Пад акном роўна шумелі старыя ліпы (Шам.); На трэці дзень у яго галаве злажыўся пэўны план (К-с). У адносінах да такіх лексем чэшскімі лінгвістамі П. Адам­цом і У. Грабэ быў прапанаваны тэрмін сітуанты (ён жа прыняты рускімі сінтаксістамі Г. Золатавай і В. Сірацінінай і інш.), пад якім разумеюцца «аўтаномныя кампаненты адвербіяльнага значэння, якія не вынікаюць з валентнасці прэдыката і якія пазней вызначаюць сказ; яны адносяць увесь змест сказа да пэўнага месца і часу, уключаюць яго ў прычынна-выніковыя адносіны» (Адамец, Грабэ, 1968). Н. Шведавай адзначаўся і той момант, што такіх кампанентаў у структуры сказа можа быць некалькі, напр.: У пер­шыя вераснёўскія дні на полацкія вуліцы прыйдзе свята, якога горад яшчэ не ведаў (У.А.).

Сітуанты могуць быць апушчаны без шкоды для структуры і семан­тыкі сказа, бо яны толькі дапаўняюць асноўную інфармацыю ўказаннем на розныя акалічнасці. Вось гэтай сваёй неабавязковасцю (факультатыўнас­цю) сітуанты адрозніваюцца ад дэтэрмінаваных дапаўненняў, наяўнасць якіх (у большасці выпадкаў) звязваецца з утварэннем пэўных канструкцый (звычайна безасабовых, інфінітыўных і пасесіўных). Хаця ў некаторых вы­падках і сітуанты з’яўляюцца неабходным структурным кампанентам беза­сабовых сказаў са значэннем стану навакольнага асяроддзя ці адчування жывых істот: На душы пасвятлела. Параўн.: Цёпла. Мне цёпла. Пад сне­гам цёпла. На дварэ цёпла. У маі ўжо цёпла.

Варта звярнуць увагу, што адназначнага стаўлення да прапанаванага паняцця і тэрміна ў сучаснай лінгвістыцы не існуе. Так, Г. Золатава пага­джаецца з вылучэннем дэтэрмінантаў, але толькі пад тэрмінам пашыраль­нікаў сказа, і толькі ў дачыненні да сітуантаў, тым самым звужаючы гэтае паняцце. Л. Часнакова, наадварот, сцвярджае, што «тэрмінам дэтэрмінант можна абазначыць больш шырокую групу з’яў, чым гэта прынята ў цяпе­рашні час»: ад пашыральнікаў словазлучэнняў  зваротаў  простых сказаў да пашыральнікаў складаных сказаў.

Некаторымі лінгвістамі дэтэрмінанты і сітуанты праз іх ролю ў пабу­дове сказа, а таксама праз характар сувязі выводзяцца за межы трады­цыйных членаў сказа. Аднак тое, што вылучаюцца яны, як правіла, сярод ускосных дапаўненняў, а таксама акалічнасцей месца, часу, прычыны і не­каторых іншых, дае падставы іншым мовазнаўцам разглядаць такія кампа­ненты ў якасці членаў сказа. Дэтэрмінаны – гэта «толькі асобныя выпадкі функцыянавання акалічнасцей і дапаўненняў, спецыфічнай уласцівасцю якіх з’яўляецца асобная пазіцыя ў сказе, што абумоўлівае невыразнасць су­вязяў іх з іншымі членамі сказа», а таму «дэтэрмінант  гэта даданы член сказа (акалічнасць ці дапаўненне) з паслабленай сінтаксічнай сувяззю» (Ба­байцева, 1988).

У беларускім мовазнаўстве дэтэрмінанты разглядаюцца як даданыя члены: «Дэтэрмінантамі называюцца даданыя члены сказа (акалічнасці і да­паўненні), якія адносяцца да ўсяго сказа, азначаючы яго ў цэлым, а не толь­кі галоўны член аднасастаўнага ці адзін з галоўных членаў двухсастаўнага сказа» (Бандарэнка, 1986).

Асноўны ж аргумент недакладнасці гэтай канцэпцыі можна звесці да аднаго пастулата, выказанага М. Усеваладавай «словаформа ўваходзіць у склад сказа толькі праз сувязь з іншымі словамі», а таму «т.зв. дэтэрмінант на самой справе заўсёды з’яўляецца пазіцыяй ці прыслоўнай, ці абумоў­ленай».