Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.4.3 Праблема каардынацыі дзейніка і выказніка

За аснову раздзела ўзяты матэрыял вучэбнага дапаможніка Т. Рамзы «Сінтаксіс: Тэарэтычны курс».

Дзейнік і выказнік у сказе ўзаемна суадносяцца: яны звязаныя паміж сабой сэнсам, граматычна і фармальна прыпадабняюцца адзін да аднаго: Прашумеў каршун. Узвіўся сокал. Дыхае расою сенажаць. Замірае лецейка. Высока зоры прахалодныя звіняць (Я. Янішчыц).

Аднак у беларускім мовазнаўстве няма адзінства поглядаў ва грама­тычную сувязь паміж галоўнымі членамі двухсастаўнага сказа, бо адны кваліфікуюць яе як дапасаванне (Я. Карскі, Я. Лёсік, М. Гурскі, Ц. Ламцёў, А. Супрун, I. Германовіч, В. Ляпёшкін і інш.), другія – як каардынацыю (Л. Бурак, Л. Падгайскі, Т. Бандарэнка, М. Яўневіч, П. Сцяцко і інш.), трэ­ція – як прэдыкатыўную сувязь (Лепешаў, 2002).

Дапасаванне як сувязь падпарадкавальная прадугледжвае аднабако­вую залежнасць адной сінтаксемы ад іншай, а каардынацыя грунтуецца на ўзаемаабумоўленасці і раўнапраўнасці абодвух кампанентаў прэдыкатыў­най асновы. «Каардынацыя (лац. со(празам + оrdiпatіо – ‘размяшчэнне па парадку’) – сувязь паміж дзейнікам і выказнікам, якая мае характар уза­емнага дапасавання або ўзаемнага падпарадкавання» (Сцяцко, 1990). Ду­маецца, што пераважная частка ўсіх выказванняў якраз будуецца на сувязі каардынацыі, і толькі ў вызначанай колькасці граматычных асноў выразна прасочваецца абумоўленасць граматычнай формы выказніка семантыкай і граматычным значэннем дзейніка, перадусім пры колькасна-іменных спа­лучэннях і нязменных словах.

Як правіла, фармальнае прыпадабненне дзейніка і выказніка не вы­клікае цяжкасцей, але ёсць і праблемныя выпадкі. У першую чаргу гэта да­тычыць канструкцый, якія змяшчаюць «колькасны, дзейнік» (А. Супрун), што мае значэнне множнасці, г.зв. у яго склад уваходзіць лічэбнік ці спа­лучэнне лічэбніка з назоўнікам, і таму дапасаванне адбываецца не паводле формы, а паводле сэнсу. У сучаснай беларускай мове лічэбнік, за выклю­чэннем адзінкавых слоў, не мае ні катэгорыі ліку, ні катэгорыі роду, таму пры колькасным дзейніку і назіраецца ваганне ў граматычных формах ліку выказніка – т.зв. тэндэнцыя да нейтралізацыі ліку выказніка. Разам з тым статыстычны падлік і параўнанне з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі дазво­лілі А. Супруну выявіць пераважнасць ва ўжыванні адной з лікавых фор­маў пры колькасным дзейніку ў беларускай мове. Вучоны прыйшоў да вы­сновы, што на гэта ўплывае найперш характар лічэбніка, які ўваходзіць у склад дзейніка, а таксама парадак размяшчэння выказніка: прэпазіцыя ці постпазіцыя адносна дзейніка.

Множны лік выказніка заўсёды выкарыстоўваецца пры:

• лічэбніках абодва, абедзве, абое: Абодва прасіліся ў атрад і рас­казвалі пра сябе – як на духу (Янк.); Абое сур’ёзныя, тоўстыя, габардзін­ныя сядзяць у кіно (Б.). Аддаецца яму перавага і пры:

• лічэбніках два, тры, чатыры: Чатыры лодкі прыйшлі да берага амаль праз гадзіну (Б.). Але у часавых канструкцыях з дзеясловамі са зна­чэннем ‘прайшло, мінула’ і дзеясловам заставалася выкарыстоўваецца адзіночны лік выказніка: Мінулася яшчэ два гады <...> (У.А.);

• зборных лічэбніках: Чацвёра не зводзілі ліхтарыкаў з лодак, лодач­нікаў (Янк.); Калі ж выказнік знаходзіцца ў прэпазіцыі, то магчымы і адзіночны лік: Прыйшло на сход трое старых (Хадк.).

Адзіночны лік пераважае пры дзейніку, у склад якога ўваходзяць:

• неазначальна-колькасныя словы больш, менш, многа, мала, багата, шмат, колькі, столькі і пад.: Сабралася багата людзей (Лыньк.). Што да­тычыць некалькі, то А. Супрун адзначае тут істотную ролю парадку кампа­нентаў: калі выказнік перад дзейнікам, то – адзіночны лік, а калі наадварот, то – множны: Узвілося некалькі чорных дымных ракет (Лыньк.), але: Не­калькі танкаў прарваліся ў лес (К.Г.).

Паралельна такому меркаванню існуе і іншы пункт гледжання на праблему дапасавання выказніка да колькаснага дзейніка.

Ён дэталёва апісаны ў акадэмічнай граматыцы (1966) (аўтар раздзела I. Германовіч) і паслядоўна прасочваецца ва ўсёй вучэбна-навуковай літа­ратуры (падручнікі Л. Бурака, М. Яўневіча і П. Сцяцко, М. Цікоцкага і інш.). Паводле гэтай канцэпцыі, хістанні ва ўжыванні формаў ліку выказніка абу­моўлены найперш лексічным значэннем самога выказніка і адушаўлёнас­цю / неадушаўлёнасцю дзейніка. Як правіла, множнаму ліку выказніка ад­даецца перавага пры актыўным дзеянні, адзіночнаму – пры перадачы стану ці пасіўнага дзеяння, пераважае множны лік і тады, калі дзейнік абазначае асоб альбо жывых істот, калі ж неадушаўлёныя прадметы – адзіночны лік выказніка.

Апошнім часам навукоўцы канстатуюць, што ў такіх канструкцыях пад уплывам гутарковага маўлення ўсё большае пашырэнне атрымлівае тэн­дэнцыя сэнсавага дапасавання выказніка да колькаснага дзейніка, г.зн. вы­казнік набывае форму множнага ліку, бо дапасуецца не да формы галоў­нага слова ў колькасна-іменным спалучэнні, а перадае лік рэальна дзеючых асоб (Бандарэнка, 1993).

У родзе выказнік каардынуецца з дзейнікам толькі пры абвесным ла­дзе дзеяслова прошлага часу адзіночнага ліку і дзеясловах у форме ўмоў­нага ладу адзіночнага ліку. Праблема суаднесенасці роду выказніка і дзей­ніка можа ўзнікнуць у выпадках, калі дзейнік выражаецца: абрэвіятурай; запазычанымі нязменнымі словамі; словамі са значэннем прафесій, пасад, званняў, роду заняткаў.

Калі ў якасці дзейніка выступае абрэвіятура, дастаткова ведаць яе апорнае слова, бо менавіта з яго родам каардынуецца форма выказніка: Пе­рад Новым годам БЕЛТА перадало радасную навіну (БЕЛТА – беларускае тэлеграфнае агенцтва). Разам з тым існуе і пэўная колькасць абрэвіятур, якія скланяюцца ў адпаведнасці са сваёй граматычнай формай: Папер БелВАКа яшчэ не даслаў (БелВАК – Беларуская вышэйшая атэстацыйная камісія); У сённяшнім ЛіМе змясцілі тваю нататку (ЛіМ – газета «Літаратура і мас­тацтва»).

Запазычаныя нязменныя словы, што абазначаюць неадушаўлёныя прадметы, належаць да ніякага роду, а таму і выказнік мусіць мець адпа­ведную граматычную форму: Замежнае турнэ ўдалося; Інтэрв’ю не ладзі­лася. Запазычаныя назвы жывых істот, за рэдкім выключэннем, маюць у беларускай мове мужчынскі род, што перадаецца і формай выказніка: Поні асцярожна ўзяў цукар з далоні. Калібры вылецеў з клеткі (але: Івасі ляжа­ла ў бляшанцы. Цэцэ была ў прабірцы). Калі ж неабходна акцэнтаваць, што размова ідзе пра самку, то выказнік набывае форму жаночага роду: Поні прывяла маленькае жарабятка.

Што датычыць уласных геаграфічных назваў, то выказнік каарды­нуецца ў сваіх граматычных формах з родавым паняццем, так, Хонсю – вост­раў, Эры – возера, Тарт – горад, Дарданелы – праліў, Гобі – пустыня, Кра­катау – вулкан, Эйр – возера, Хуанхэ – рака і пад.

Пры абазначэнні асоб па родзе заняткаў, прафесіі, званні, пасадзе вы­казнік мае форму мужчынскага роду незалежна ад таго, асобу мужчынска­га ці жаночага полу называе дзейнік, «паколькі адны прафесіі прынята лі­чыць пераважна «мужчынскімі», а другія – пераважна «жаночымі», і ў наз­вах гэтых прафесій няма паралельных марфалагічных сродкаў для ўказан­ня на граматычны род – мужчынскі або жаночы» (Булахаў, 1959). Але калі ў такога кшталту спалучэннях выкарыстоўваецца ўласнае імя, то выказнік каардынуецца з ім: Рэктар Баранава адкрыла ўрачыстае пасяджэнне. У гутарковым жа маўленні пры абазначэнні асоб жаночага полу выказнік най­часцей выкарыстоўваецца ў форме жаночага роду: прафесар заўважыла, інжынер апавядала, аграном паказала, доктар абследавала.