Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
299
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Простая, няўласна-простая I ўскосная мова

За аснову раздзела ўзяты матэрыял падручніка М. Яўневіч, П. Сцяцко «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы».

Той, хто піша ці гаворыць (аўтар), можа з пэўнай мэтай уключаць у сваю мову выказванне іншай асобы – чужую мову. Чужая мова выкарыс­тоўваецца ў розных стылях, у розных жанрах літаратуры.

Чужое выказванне можа падавацца аўтарам у форме простай, ускос­най, паўпростай і няўласна-простай мовы. Кожны з гэтых спосабаў падачы чужой мовы мае свае адметныя рысы і прызначэнне.

Простая мова – гэта чужое выказванне, якое падаецца ад імя персана­жа – той асобы, якой яно належыць; тут дакладна перадаецца не толькі змест, але і форма чужога выказвання – яго лексічныя, граматычныя і сты­лістычныя асаблівасці.

Сінтаксічная канструкцыя з простай мовай складаецца з дзвюх час­так: простай мовы і аўтарскага сказа (слоў аўтара), які ўводзіць простую мову. Простая мова ў адносінах да аўтарскіх слоў выступае як незалежны сказ (некалькі сказаў); з аўтарскім сказам яна аб'ядноўваецца толькі сэнсам і інтанацыйна: Назарэўскі працягнуў Зосі руку: «Цяпер я веру вам» (К.Ч.).

Паводле адносінаў, якія ўстанаўліваюцца паміж простай мовай і аў­тарскім сказам, канструкцыя з простай мовай набліжаецца да складанага бяззлучнікавага сказа. Простая мова можа выражаць аб’ектныя, суб’ект­ныя і атрыбутыўныя адносіны: «Хлопец твой ужо добра падрос?» – спы­таў той прыглушана (Б.). А у зале загуло: «Міколу слова даць, няхай рас­кажа, як было!» (Бач.). З крыкам «Татка!» дзяўчына кінулася ў пярэднюю (Пасл.).

Простая мова, як правіла, багатая на эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі (выклічнікі, звароткі, мадальныя словы і часціцы), на пытальныя, па­буджальныя, клічныя сказы. У ёй захоўваюцца элементы гутарковага сты­лю – прафесіяналізмы, аргатызмы, дыялектызмы і г.д. Усё гэта дае магчы­масць пісьменнікам шырока выкарыстоўваць простую мову ў мастацкіх творах для стварэння вобразаў, для індывідуалізацыі мовы персанажаў.

Часам простая мова ўключаецца ў аўтарскае апавяданне як устаўны сказ (гэта эканомны спосаб перадачы чужога выказвання, спадарожных ду­мак, заўваг); яна тут можа ўжывацца і без слоў аўтара, але з кантэксту ві­даць, каму яна належыць: 1. Калі прыйшлі фашысты, Алісей хаваўся. Па людзях, у лесе. Партызан яшчэ не было. Толькі немцы ды паліцаі хадзілі, ездзілі свабодна, пакуль што паўнапраўныя ў здзеках, не бітыя. Падпіль­навалі яны былога старшыню, калі ён дадому зайшоў Без ланьскага сабакі тут, – казалі людзі, – не абышлося!..»), акружылі на досвітку і разам з жонкай – дзяцей у іх не было – расстралялі (Б.). 2. Часта тады бы­вала, што непісьменнай цётцы або дзядзьку Без акуляраў ужо аніяк не магу») пісьмо ад сына з войска ці з турмы або ад дачкі з далёкай службы ў горадзе ці ў маёнтку ўголас чыталі на лаўцы перад хатай, пры цэлай ча­радзе актыўна зацікаўленых слухачоў і каментатараў (Б.). Простая мова Без акуляраў ужо аніяк не магу належыць непісьменнай цётцы або дзядзь­ку.

У форме простай мовы можа перадавацца не толькі рэальна выказа­нае, але і думкі, разважанні персанажа. Такая нявыказаная простая мова заўсёды бярэцца ў двукоссе, хоць і пачынаецца з чырвонага радка (гэтым яна адрозніваецца ад рэальна выказанай простай мовы): Больш за месяц ішоў ён з Ковельшчыны цераз Палессе. На страху перад ворагам, на ласцы людской дабіраўся да родных мясцін.

«А потым, – думае Алесь, – пастукаў у мае акно...» (Б.).

Выказаная простая мова, паводле сучаснай выдавецкай практыкі, у двукоссе не бярэцца, а пішацца з абзаца з працяжнікам. Так афармляюцца і рэплікі дыялогу ў выказанай мове: Мы ў хаце пачулі роспачны крык су­седкі:

Ідуць... Там, па заборскай дарозе!

Не трэба было тлумачыць, хто ідзе, адкуль (В.Л.).

З гасцей ехалі моўчкі.

– А вы як бы засумавалі? – спагадліва павярнуўся да Міхайлавай пісьменнік.

Шкада мне яе, Іван Дзям’янавіч... (Е.Л)

Нявыказаная простая мова можа падавацца ў тэксце без слоў аўтара.

Алесь усміхнуўся з цёплым сумам, успомніўшы, што ў гэты час не спяць у цёмнай пушчанскай зямлянцы дзве маці.

«Пра што гавораць яны? Або – яшчэ цяжэй – пра што маў­чаць?..» (Б.).

Даіграй, гарманіст, коні сена даелі... «Прабачай, мой сынок, часта­валі, чым мелі». Пыл страсае з шынеля, засмучона глядзіць і не ведае, род­ная, чым дагадзіць (Панч.).

Адна простая мова можа ўключацца ў другую. Такая канструкцыя называецца шматступеннай простай мовай. У ёй знешняя простая мова звычайна падаецца з абзаца з працяжнікам,а ўнутраная бярэцца ў двукоссе:

– Жыццё адзін раз даецца чалавеку, – паўтарала Таццяна Карпаўна словы М. Астроўскага, – трэба яго хораша пражыць, каб на схіле год можна было сказаць: «Не дарэмна я жыў на свеце!» (Тур.).

Нявыказаная знешняя мова і ў гэтым выпадку бярэцца ў двукоссе: Успомніў [Алесь] з цёплай усмешкай:

«А там і ночка прыйдзе такая, што хтосьці пастукае ў акно: «Ану, уставай, пайшлі за сваё!..» (Б.).

Ускосная мова – гэта чужая мова, якая падаецца не ад імя асобы, якой яна належыць, а ад імя аўтара (апавядальніка). Аўтар засяроджвае ўвагу толькі на змесце чужога выказвання, сама форма выказвання яго амаль не цікавіць, таму лексічныя, граматычныя і стылістычныя асаблівасці чужой мовы тут не перадаюцца; з аўтарскага пункту погляду афармляюцца і аса­бовыя формы дзеясловаў, асабовыя і прыналежныя займеннікі. Параўн.: Настаўнік зварачаўся да некаторых сялян з запытаннем, ці не ведаюць яны, дзе знайсці каго з выганаўскіх. і

– Скажыце, будзьце ласкавы, – зварачаўся настаўнік да некаторых сялян, – ці не ведаеце, дзе б тут знайсці каго з выганаўскіх? (К-с)

Сінтаксічна канструкцыя з ускоснай мовай утварае складаназалежны сказ, у якім галоўная частка – гэта словы аўтара (аўтарскі сказ), яны паказ­ваюць, каму належыць чужое выказванне, а даданая частка (часцей дапаў­няльная, можа быць дзейнікавая і азначальная) перадае змест чужой мовы.

Ускосная мова пазбаўлена экспрэсіўнасці і эмацыянальнасці, ёй не ўласцівае ўжыванне формаў загаднага ладу дзеясловаў, звароткаў, выкліч­нікаў, мадальных слоў і часціц, клічных сказаў, а таксама элементаў гутар­ковага стылю. Выклад чужой мовы вытрымліваецца ў рамках нейтральнага стылю. Такое істотнае адрозненне ўскоснай мовы ад простай часта не да­зваляе рабіць замену простай мовы ўскоснаю і наадварот. Звычайна не за­мяняецца ўскоснаю простая мова, у якой перадаюцца пераважна эмоцыі персанажа: «Ваякі, трасца вашай галаве!» – сказаў сам сабе дзед Талаш, калі заціхлі стрэлы (К-с). «Цяпер вам, старым, толькі і пажыць без клопа­ту». – «Дзіва што! Канечне!» – адказваюць бацькі (Саб.).

Паўпростая мова  гэта чужое выказванне, якое перадаецца ў форме даданай часткі (са злучнікам што) з захаваннем асабовых форм дзеясло­ваў, асабовых займеннікаў і лексічных асаблівасцей простай мовы: Дзяў­чынку паднялі на рукі, пад кажух, сказалі, адкінуўшы І суровую жорст­касць і паходны мужчынскі цынізм, што ты не плач, маленькая, ужо не бойся, мы – людзі (Б.). Максім адмовіўся падпісаць і сказаў, што няхай мяне караюць (Маш.)

Паўпростая мова выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры для ад­люстравання непасрэдна сказанага. Такія канструкцыі маюць гутарковы ха­рактар. Часам аўтар як бы адмяжоўвае паўпростую мову ад сваёй, беручы першую ў двукоссе: Калісьці мама казала, што «вырасцеш, дзетанька, пойдзеш да пана Рушчыца грады палоць і заробіш сабе на сукенку» (Б.).

Няўласна – простая мова – гэта пашыраная ў мастацкай літаратуры форма перадачы чужой мовы, калі аўтар як бы падае «ўнутраную мову» персанажа: Ён [Аўсянкін] стаяў і прыслухоўваўся, ці хаця ж дома яны. А то сама яна мо ў сваім тэатры, а дзеці зноў мо пайшлі дзе да суседзяў на тэлевізар. Спачатку не чутно было ніякага голасу. А потым ён пачуў смех («Полымя»).

Няўласна-простая мова блізкая да простай: у ёй захоўваюцца лек­січныя і сінтаксічныя асаблівасці чужога выказвання, эмацыянальнасць і выразнасць яго. Як падача чужой мовы з пункту погляду аўтара, няўласна-простая мова набліжаецца да ўскоснай: у ёй адбываецца тая самая замена асабовых форм дзеясловаў, прыналежных і асабовых займеннікаў, што і ва ўскоснай мове. Спецыфічнае для няўласна-простай мовы тое, што яна звычайна афармляецца як адначленная канструкцыя, без слоў аўтара, часта мае форму пытальнага ці клічнага сказа.

Параўнаем гэтыя тры формы перадачы чужога выказвання.

Няўласна-простая мова: Палазок падпоўз бліжэй да ўзгорка. Сэрца яго моцна білася. Не прамахнуцца б! Не заўважылі б яго гітлераўцы ра­ней часу (К-с).

Простая мова:Палазок падпоўз бліжэй да ўзгорка. Сэрца яго моцна білася. Ён з бояззю падумаў: «Каб не прамахнуцца мне! Каб не заўва­жылі мяне гітлераўцы раней часу!»

Ускосная мова: Палазок падпоўз бліжэй да ўзгорка. Сэрца яго моцна калацілася. Ён баяўся, каб не прамахнуцца, каб яго раней не заўважылі гітлераўцы.

Выразная і яркая, эмацыянальная і вобразная, не абцяжараная ўмоў­насцямі ўскоснай і простай мовы няўласна-простая мова натуральна, арга­нічна ўваходзіць у аўтарскую мову, ажыўляе апавяданне.

Як простая і ускосная мова могуць афармляцца цытаты. Цытата – гэта даслоўная вытрымка з чыйго-небудзь выказвання, з кнігі іншага аўта­ра. Цытаты выкарыстоўваюцца з мэтай пацвердзіць думку спасылкаю на выказванне аўтарытэтнай асобы, а таксама як ілюстрацыя.

Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова: «Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы па­знаём жыццё і акаляючы нас свет», – гаварыў самым юным чытачам-школьнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас (Ю.).

Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа ці як даданы сказ, яна пачынаецца з малой літары (у арыгінале яна магла быць самастойным сказам і пачынацца вялікай літарай) і бярэцца ў двукоссе: Шырокі размах рэвалюцыйных падзей даваў паэту ўпэўненасць у тым, што існуючы лад будзе зламаны, што «жыццё залатое будзе ў нашай старане» (Крап.).

Пропуск часткі тэксту ў цытаце абазначаецца шматкроп’ем. Напрык­лад: «Сапраўднае хараство мовы, што дзейнічае як сіла, – пісаў Горкі, – ствараецца дакладнасцю, яснасцю, гучнасцю слоў, якія афармляюць кар­ціны, характары, ідэі кніг... Літаратар павінен зразумець, што ён не толькі піша пяром, але – малюе словамі... спрабуе паказваць людзей у ня­спынным руху, у дзеянні...» (Крап.).

Цытатай могуць быць вершаваныя радкі. Запісаныя слупком, яны ў двукоссе не бяруцца.

Пры цытатах – у дужках пасля цытаты ці ў зносцы – заўсёды робіцца спасылка на аўтара або на аўтара і яго твор. У навуковых работах, даследа­ваннях у спасылках паказваюцца не толькі прозвішча і ініцыялы аўтара кнігі, але і назва кнігі, месца і год яе выдання, старонка. Такая спасылка называецца дакладнай: Янка Купала і Якуб Колас прыйшлі ад зямлі, ад сахі і «прынеслі у літаратуру багацце і хараство беларускай народнай мовы, якая пад іх пяром заззяла усімі сваімі колерамі» (К. Крапіва. Збор твораў: у 3 т. Мн., 1956. Т. 2. С. 497.).