Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
287
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.5.2 Сінкрэтызм у сістэме даданых членаў

Вядома, што ў прасцейшых выпадках кожны член сказа выражаецца адным словам і супадае з пэўнай часцінай мовы. «Аднак член сказа – адзін­ка не лексіка-марфалагічная, а змястоўна-паняційная. Таму паралелізм па­між членамі сказа і часцінамі мовы не можа быць паслядоўны. Адна і тая словаформа ў залежнасці ад пазіцыі ў сказе і ад непасрэднай сувязі са сваім азначаемым словам у словазлучэнні можа выступаць у ролі розных членаў сказа, напр.: Яны хадзілі полем (акаліч.); Яны былі задаволены полем (дап.); Лес за полем вельмі стары (азнач.). Нярэдка адзін і той жа член сказа мо­жа быць аднесены да розных паняційных катэгорый, напр.: «Вось вам пра­дукты на дарогу (якія? для якой мэты? на які час?)» (Клюсаў, 1972).

Лінгвістамі даўно адзначаецца той факт, што кожнае слова як часці­на мовы можа выкарыстоўвацца ў сказе ў сваёй асноўнай сінтаксічнай функ­цыі, функцыі-базіс, якая замацавалася за ім у працэсе развіцця граматыч­нага ладу мовы і якая зъяўляецца грунтам для фарміравання часцін мовы, і ў вытворнай, дэрывацыйнай (г.зн. не ўласцівай дадзенаму слову часціне мо­вы) сінтаксічнай функцыі. У такім выпадку размова ідзе пра марфалагіза­ваныя і немарфалагізаваныя члены сказа. Марфалагізаваны член сказа (сін­таксічная катэгорыя)  гэта паўназначнае слова (лексічная катэгорыя), што рэпрэзентуе тую часціну мовы (лексіка-граматычную катэгорыю), для якой дадзеная сінтаксічная функцыя з’яўляецца асноўнай, звычайнай. Калі ж сін­таксічная функцыя, у якой выступае слова, з’яўляецца не асноўнай, то гэта будзе немарфалагізаваны член сказа. Так, марфалагізаванымі членамі сказа будуць: азначэнне, выражанае прыметнікам, акалічнасць  прыслоўем, да­паўненне назоўнікам з прыназоўнікам ці без яго; тут форма і змест адпа­вядаюць адно аднаму. Немарфалагізаваныя члены  азначэнне ці акаліч­насць, выражаныя прыназоўнікава-склонавай формай назоўніка, а таму ў іх парушаецца суаднесенасць паміж граматычнай формай і зместам, напр., у сказе Браслаў раскінуўся на перашыйку між азёрамі (В.В.) да сінтаксемы між азёрамі магчыма паставіць два пытанні  азначэння якім? і дапаўнен­ня між чым? Тут мэтазгодна гаварыць пра сінкрэтычны член сказа, бо сло­ваформа сумяшчае ў сабе і атрыбутыўнае, і аб’ектнае значэнні (бо канкрэ­тызуе назоўнік).

Такім чынам, сінкрэтызм у сістэме членаў сказа  гэта сумяшчэнне (сінтэз) у адным члене сказа дыферэнцыяльных прымет розных членаў ска­за, розных іх функцый.

Сумяшчацца могуць: а) недапасаванае азначэнне і акалічнасць месца, накшталт: Вандроўкі на хутар не дужа вабілі Лабановіча (К-с); б) недапа­саванае азначэнне і дапаўненне тыпу: Малойцы Сцяпана адпачывалі на па­сцелях з імху і сена (Пестр.); в) дапаўненне і акалічнасць прычыны тыпу: Гучна трэскаліся ад марозу дубы (Шам.); г) дапаўненне і акалічнасць мэ­ты: Я прадаў сваю кніжачку сам дзеля ратунку Эльзы (Сам.) і г.д. Такога плану сінкрэтызм заснаваны на сінтагматычнай шматзначнасці  гэта наяў­насць у моўнай адзінкі некалькіх значэнняў, якія рэалізуюцца ў словафор­ме адначасова ў адным тэксце.

У сучасным беларускім мовазнаўстве праблему сінкрэтычных членаў сінтаксісты спрабуюць вырашыць, не выходзячы за межы традыцыйнай класіфікацыі. Так, М. Яўневіч і П. Сцяцко прапануюць такія тэрміны: азна­чальнае дапаўненне, што сумяшчае семантыку азначэння і дапаўнення, ты­пу: напамін пра сына; акалічнаснае дапаўненне, што сумяшчае значэнне дапаўнення і акалічнасці спосабу дзеяння, прычыны ці прасторы, тыпу: ад спёкі гарыць пясок, акалічнасць з аб’ектным адценнем, дзе пры сумяш­чэнні значэнняў пераважае прадметнае, ці дапаўненне з акалічнасным ад­ценнем.

Асобным даданым членам сказа з’яўляецца дуплексіў. «Тэрмін дуплек­сіў адлюстроўвае спецыфіку такога члена сказа як у плане зместу (аб’яд­ноўвае значэнні двух членаў сказа), так і ў плане выражэння (валодае двай­ной залежнасцю ад імя і ад дзеяслова  двайной сувяззю)» (Часнакова, 1991), напр.: Першыя падалі сігнал аб старым чалавеку вясковыя сабакі (Карп.). У прыведзеным сказе сінтаксема першыя залежыць і ад дзеяслова па­далі, і ад спалучэння вясковыя сабакі, значыць, адначасова выконвае функ­цыю і акалічнасці, і азначэння.

Дуплексіў можа спалучаць у сабе значэнні атрыбутыўнае і акалічнас­нае, атрыбутыўнае і аб’ектнае; выражацца назоўнікам, прыметнікам, па­радкавым лічэбнікам, дзеепрыметнікам, займеннікам, кампаратывам, сло­вам адзін, г.зн. такімі сінтаксемамі, якія ўтрымліваюць у сабе сему непас­таяннасці, пераменнасці, часовасці, прымета якіх можа замяняцца іншай, напр.: Вечары апускаюцца маўклівыя і кароткія (Скр.); Алесь варочаўся дахаты таксама занепакоены (Бр.); Другім ішоў чалавек сярэдніх год (Лыньк.); Мікіта зноў застаўся адзін (М.З.).

Між тым Л. Часнакова падае важкія аргументы разыходжання дуплек­сіва і іменнага выказніка, пераканаўча паказваецца адрозненне сінтаксіч­ных функцый сінтаксемы спакойнае ў наступных выпадках: спакойнае дзі­ця (азначэнне), Дзіця было спакойнае (іменная частка выказніка), Дзіця вяр­нулася спакойнае (дуплексіў).

У беларускім мовазнаўстве ў дачыненні да такіх лексем выкарыстоў­ваюць тэрмін прэдыкатыўнае азначэнне – «даданы член сказа, што мае двай­ную сінтаксічную залежнасць: ад выказніка і ад дзейніка ці ад дапаўнення» (Міхневіч, 1990). I ў залежнасці ад гэтага адрозніваюць суб’ектнае і аб’ект­нае прэдыкатыўныя азначэнні, што могуць выкарыстоўвацца пры дзеясло­вах са значэннем руху (ісці, бегчы, плысці, паўзці, вяртацца і да т.п.), стану (жыць, стаяць, вісець, расці, нараджацца, паміраць і інш.), ментальнага дзеяння (гаварыць, думаць, разважаць, размаўляць, адказваць, пытацца і інш.), успрымання (бачыць, глядзець, назіраць, слухаць і інш.).