Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
295
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.1.1 Адасобленыя паўпрэдыкатыўныя азначэнні і прыдаткі

Паўпрэдыкатыўнымі адасобленымі членамі бываюць азначэнні, ака­лічнасці і асобныя дапаўненні.

Дапасаваныя паўпрэдыкатыўныя азначэнні выражаюцца прыметні­камі і дзеепрыметнікамі (адзіночнымі, парнымі і развітымі залежнымі сло­вамі) і адасабляюцца:

а) калі размяшчаюцца пасля паяснёнага назоўніка: Аднекуль апусціў­ся кляновы ліст, чырвоны, як гусіная лапка (Парх.); Пад нагамі хораша шапацела нам золата лістоты, яшчэ не звялай, не прытаптанай даж­джамі (Б.);

б) незалежна ад размяшчэння, калі паяснёным словам выступае зай­меннік: Мы доўга і лёгка маўчалі, абнятыя пачуццём з’яднанасці з вя­лікай цішынёй прасторы (Луж.); А галоўнае – вецер. Сухі, калючы, ён на­лятаў спадцішка... (Іп.);

в) калі паміж азначэннем і паяснёным словам размяшчаецца выказнік або (і) іншыя члены: Шэры палявы прастор навокал усё болей цямнеў, за­тканы бялявай смугой завеі (В.Б.); Лабановіч шпарка пайшоў яму [Алесю Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню (К-с);

г) перад паяснёным словам пры выяўленні дадатковага акалічнаснага значэння (прычыны, умовы, уступкі, часу): Уражаны, Буткевіч адступіў і разгублена глядзеў... (Каратк.); Звыклыя да кветак, вяскоўцы не часта лю­баваліся імі (Л.Л.).

Недапасаваныя паўпрэдыкатыўныя азначэнні звычайна выражаюц­ца прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўнікаў (з залежнымі словамі і без іх) і адасабляюцца, калі адносяцца да назоўнікаў ці асабовых займен­нікаў або ўключаюцца ў адзін рад з дапасаванымі адасобленымі азначэн­нямі: ...I пачалося змярканне, з расой і камарамі (Б.); Цішка Гартны – па­эт, пышнавалосы, тонкі, высокі і стройны, з кволым пявучым голасам (Скр.).

Адасобленыя прыдаткі бываюць неразвітыя і развітыя і адасабляюц­ца:

а) у постпазіцыі да паяснёнага назоўніка: ...Скардзіцца зямля на свай­го сына – чалавека (М.Т.);

б) у прэпазіцыі да паяснёнага назоўніка, калі выяўляюць дадатковае акалічнаснае значэнне: Выдатны псіхолаг, Колас вельмі добра разумеў чалавечыя характары... (Шам.);

в) калі звязваюцца з паяснёным словам злучнікам як з прычынным значэннем або словамі па прозвішчы, па мянушцы, па клічцы і інш.: Ста­рэйшая пісаранка, як гаспадыня, часта адлучалася (К-с).

Адасобленыя прыдаткі, уведзеныя ў сказ пры дапамозе злучніка як са значэннем прычыны ці ўступкі трэба адрозніваць ад зваротаў з тым жа злучнікам, якія маюць значэнне «у якасці». Такія звароты прыдаткамі не з’яўляюцца і не адасабляюнца: Вялікая літара можа выкарыстоўвацца як стылістычны сродак падкрэслівання асаблівых адносін да чаго-небудзь... (Сям.).

Адасобленыя паўпрэдыкатыўныя азначэнні, акрамя асноўнага, улас­на атрыбутыўнага, значэння, выяўляюць спадарожныя адценні:

а) дадатковае паведамленне: Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны (Каратк.);

б) акалічнаснае значэнне: Паляшук ішоў, аточаны чатырма салда­тамі, і нешта мармытаў сабе пад нос (Каратк.).

Азначэнні са спадарожнай семантыкай дадатковага паведамлення пры­мацоўваюцца да сказа праз паяснёныя імі назоўнікі і займеннікі, якія вы­конваюць функцыю дзейніка, дапаўнення ці акалічнасці: Галіны рукі, зага­рэлыя да лакцёў, гудуць ад стомы (Б.). Азначэнні з дадатковым акалічнас­ным значэннем сэнсава звязаны ў сказе як з назоўнікамі і займеннікамі ў функцыі дзейніка, дапаўнення ці акалічнасці, так і з дзеясловамі ў функцыі выказніка: Але, ахоплены прагай помсты, Язэп не чуў гэтай перасцярогі (Як.).