Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
338
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.5 Пабочныя канструкцыі

Пабочныя канструкцыі – гэта фармальна незалежныя ад сказа адзін­кі, якія выражаюць адносіны моўцы да зместу выказвання.

Са сказам пабочныя канструкцыі звязваюцца сэнсавай (суадноснай) сувяззю, якая выражаецца пры дапамозе інтанацыі (такія адзінкі вымаў­ляюцца паскораным тэмпам з паніжэннем тону і аддзяленнем паўзамі ад астатняй часткі сказа) і пазіцыі гэтых адзінак (прымацаванасці ў залеж­насці ад прызначэння да ўсяго сказа або да яго асобных кампанентаў). Па­бочныя адзінкі, звязаныя па сэнсе з усім сказам, размяшчаюцца звычайна ў яго пачатку або ў канцы. Пры сэнсава-інтанацыйнай сувязі пабочных эле­ментаў з асобнымі членамі сказа яны, як правіла, займаюць з гэтымі члена­мі кантактную пазіцыю: Калі б ён [Чэсь] толькі што не папрасіў праба­чэння, ёй, напэўна ж, не захацелася б зараз крышку памучыць яго (Федар.).

Пабочныя канструкцыі могуць адносіцца да адасобленых ці ўстаў­ных адзінак або да прэдыкатыўных частак складанага сказа: З Ушацкага раёна (з-пад самай, як даўно і сёння кажуць там, Вушачы) прыйшоў па­кет... (Янк.); Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера (Я.М.).

Пабочныя канструкцыі далучаюцца да сказа пераважна бяззлучніка­вым спосабам. Злучнікі (каб, як, калі, што, хоць і інш.), якія часам ужы­ваюцца ў пабочных адзінках, не выконваюць ролю сродкаў сувязі, функ­цыянальна яны набліжаюцца да часціц: Стрыманасць і ўраўнаважанасць, роздум і засяроджанасць, як правіла, пануюць у лірычных вершах многіх паэтаў (Гіл.); Першым пасяленцам тут, як сцвярджаюць мясцовыя лю­дзі, быў чалавек па прозвішчы Мікаш (Парх.).

Па структуры адзінкі, якія выражаюць суб'ектыўную ацэнку выказ­вання, падзяляюцца на:

а) пабочныя словы, фармальна суадносныя з назоўнікамі ўскосных склонаў з прыназоўнікамі і без іх, са склонавымі формамі субстантывава­ных прыметнікаў і займеннікаў, з прыслоўямі і дзеясловамі: Звернемся да першых твораў I. Пташнікава, у прыватнасці, да рамана «Чакай у далё­кіх Грынях» (Каўр.); Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягваў да сябе, гэты Сла­вік (Шам.);

б) пабочныя спалучэнні слоў, якія арганізуюцца з двух і больш зна­мянальных слоў і спалучэнняў пабочных слоў з прыслоўямі, займеннікамі, злучнікамі: Мастацкая літаратура, на думку Коласа, не толькі дзейсны сродак выхавання, але і найважнейшы сродак замацавання і пашырэння літаратурнай мовы (Каўр.); Як сведчаць некаторыя нашы даследчыкі, толькі ў Беларусі за час яжоўска-берыеўскіх рэпрэсій 30-х гадоў знішчана каля двух мільёнаў чалавек (В.Б.).

У мове ёсць нязменныя мадальныя словы і спалучэнні слоў, якія ўжываюцца толькі ў ролі пабочных кампанентаў сказа (уласна кажучы, мабыць, напрыклад, па-першае, па-другое і інш.) і словы, суадносныя з пэў­нымі часцінамі мовы, якія трэба адрозніваць у функцыі пабочных элемен­таў сказа і ў ролі членаў сказа, часціц, злучнікаў або галоўных частак скла­даназалежных сказаў, параўн.: Усе ж яны ў той ці іншай меры таленты, урэшце, здольныя і разумныя людзі (У.Л.) і Ён урэшце заўважыў мядзве­дзя... (Каратк.).

Паводле значэння (сэнсавых функцый) пабочныя канструкцыі падзя­ляюцца на:

1) пабочна-мадальныя, калі выражаецца верагоднасць (пэўнасць) / не­верагоднасць (няпэўнасць) паведамлення (зразумела, вядома, бясспрэчна, безумоўна, без сумнення, несумненна, праўда; магчыма, можа, здаецца, напэўна, відаць, думаецца і г. д.): Спыніўся, вядома, на парозе (Б.); I тады я, можа, упершыню так свядома задумаўся над лёсам кнігі (У.Л.);

2) пабочна-абагульняльныя, калі падкрэсліваецца звычнасць выка­занага (як правіла, як заўсёды, здараецца, бывае, як звычайна бывае): У са­кавіку, здараецца, ноччу ідзе дождж... (Стр.);

3) пабочна-кантактныя, калі ўвага да паведамлення прыцягваецца праз зварот да суразмоўцы ці выяўляецца ўказанне на спосаб выражэння думак (згадзіцеся, ведаеце, ці ведаеце, мяркуйце самі, з дазволу сказаць, так сказаць, іншымі словамі, прызнацца, кажучы проста і г.д.): Нам, па­вер, папраўдзе не ўсё роўна, як сягоння выглядаеш ты... (Н.М.); А я, пры­знацца, таксама люблю збіраць розныя манеткі... (Федар.);

4) пабочна-аўтарскія, калі называецца аўтарства думкі, крыніца па­ведамлення (па-мойму, як кажуць, паводле слоў [некага], як вядома, на на­шу (яго, маю) думку і г.д.): Як вядома, героі казак вельмі часта з’яўляюцца на свет у выніку тых ці іншых надзвычайных праяў або маюць на сабе які-небудзь надзвычайны знак (К-с); Што ж, як кажуць, дыму без агню не бывае (Як.);

5) пабочна-злучальныя, калі выяўляюцца лагічныя сувязі паміж дум­камі праз адносіны пералічэння, далучэння, супрацьпастаўлення, абагуль­нення, выніку (па-першае, па-другое, дарэчы, аднак, наадварот, такім чынам, між іншым, наогул, як адзначалася, адным словам, у прыватнасці, напрыклад і г.д.): Дзядзька, напрыклад, паліў печ мораным дубам... (Каратк.); Між тым, барабаны на плошчы забілі і мацней і часцей (Як.);

6) пабочна-эмацыйныя, калі праз выражэнне пачуцця выяўляюцца эмацыйныя адносіны да паведамлення (як на бяду, як на ліха, на жаль, на шчасце, дзіўная справа і г.д.): – Няпроста добры сад, якіх у нас, на жаль, мала яшчэ, – адказаў Лемяшэвіч (Шам.); І, як на тое ліха, яшчэ і конь сам дамоў прыйшоў – ведама, прывык (Сіп.);

7) пабочна-ацэначныя (галоўнае, самае галоўнае, па меншай меры): Збіраючыся ў лес, нельга гаварыць куды, калі і, галоўнае, па што ідзеш (Ф.В.).