Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
338
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
        1. 2.3.2 Аднароднасць галоўных членаў двухсастаўнага і аднасастаў­нага сказа

У сінтаксісе супярэчліва вырашаецца пытанне пра аднароднасць вы­казнікаў. Традыцыя класіфікаваць сказы з аднароднымі членамі як злітныя аказала ўплыў на погляды некаторых сучасных сінтаксістаў.

В. Белашапкава сцвярджае, што сказы з аднароднымі выказнікамі іс­тотна адрозніваюцца ад сказаў з іншымі аднароднымі членамі, бо ў іх злу­чальнай сувяззю звязаны члены сказа – носьбіты прэдыкатыўнасці. Значыць у гэтым сказе некалькі прэдыкатыўных цэнтраў, мадальныя і часавыя пла­ны якіх аўтаномныя. Значыць сказ з аднароднымі выказнікамі – поліпрэды­катыўная пабудова, а значыць – складаны сказ.

Своеасабліва вырашае пытанне пра аднароднасць выказнікаў Н. Вал­гіна. Улічваючы з аднаго боку аб’яднанасць такіх выказнікаў адным дзей­нікам, з другога боку расчлененасць іх прэдыкатыўнай асновы, даследчыца лічыць сказы з некалькімі дзеяслоўнымі выказнікамі пераходнымі паміж простымі і складанымі, якія ў канкрэтных сваіх праяўленнях набліжаюцца то да аднаго, то другога з гэтых палярных тыпаў.

У адпаведнасці з граматычнай традыцыяй сказы з некалькімі выказ­нікамі будзем лічыць простымі сказамі з аднароднымі членамі.

Што датычыцца двухсастаўных сказаў з некалькімі дзейнікамі, то ўсе сінтаксісты кваліфікуюць іх як простыя.

Аб’яднанне галоўных членаў у форме аднасастаўных намінатыўных сказаў прадстаўляе сабой сказ складаны, калі гэтыя галоўныя члены не ма­юць пры сабе агульнага азначэння: Сонца,1 вясёлка2. (Складаны сказ.) Прыдарожныя хмызы і кветнікі. (Просты сказ.)

У аднасастаўных асабовых сказах (пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых, абагулена-асабовых) аднародныя члены з’яўляюцца аднароднымі, калі вы­ражаныя імі дзеянні адносяцца да адной і той жа асобы: пэўнай, няпэўнай або абагуленай: Не парушу, не ўстрывожу дзіўных мараў хараства.

У аднасастаўных безасабовых сказах галоўныя члены з’яўляюцца аднароднымі, калі:

а) у іх маецца пры некалькіх інфінітывах агульны дапаможны дзея­слоў, агульнае безасабова-прэдыкатыўнае слова або агульны кароткі дзеепры­метнік залежнага стану: Мне заўсёды хацелася ў гэтым месцы пасядзець, паслухаць водгулле жыцця;

б) паказчыкам функцыянальнай тоеснасці ў безасабовым сказе з’яў­ляецца агульны даданы член сказа, структурна неабходны для сказаў да­дзенага тыпу: Яго калаціла, кідала, то ў жар, то ў холад; У лесе заўсёды так ціха і ўрачыста.

Галоўныя члены інфінітыўных сказаў трэба разглядаць як аднарод­ныя, калі яны маюць агульны даданы член сказа або агульную даданую частку: Нам лётаць высока, ісці далёка.

        1. 2.3.3 Аднародныя і неаднародныя азначэнні

Пры размежаванні аднародных і неаднародных дапасаваных азначэн­няў варта ўлічваць іх семантычныя і граматычныя ўласцівасці.

Постпазіцыйныя азначэнні граматычна заўсёды аднародныя, неза­лежна ад сваёй семантычнай аднапланавасці або разнапланавасці.

Прэпазіцыйныя дапасаваныя азначэнні могуць быць як аднародныя, так і неаднародныя. Пытанне пра іх аднароднасць даволі складанае.

Семантычнай асновай аднароднасці дапасаваных азначэнняў высту­пае характарыстыка прадмета (прадметаў) па аднатыпнай прымеце (па ко­леры, матэрыяле, памеры, родзе заняткаў і г.д.): Дурное, агіднае рамяство – вайна (Каратк.); Гэта добрае, яснае сонейка выклікала яе [травінку] да жыцця (К-с). У такім выпадку паміж азначэннямі можна ўставіць спалу­чальны злучнік і: Гэта добрае і яснае сонейка выклікала яе да жыцця.

Калі прадмет характарызуецца паводле розных прымет, азначэнні не­аднародныя і ўключэнне злучніка і немагчымае: Церусіў дробны асенні дождж (Парх.);

Часам аднароднымі з'яўляюцца азначэнні, якія хоць і называюць роз­ныя прыметы прадмета, але пры неабходнасці перадачы адзінага ўяўлення аб прадмеце сэнсава збліжаюцца ў кантэксце. Лічыцца, што ў семантыцы такіх азначэнняў адбываецца пэўны зрух і гэта стварае ўмовы для іх сінанімічнасці: Цяпер ляжала ў Куранях вялікая, халодная цішыня (І.М.). Аднак параўн.: Беларуская народная песня прайшла з народам вялікі цяр­ністы шлях (Шыр.).

Граматычныя ўмовы аднароднасці азначэнняў бываюць марфалагіч­ныя і сінтаксічныя. Да марфалагічных умоў адносіцца выкарыстанне ў якас­ці аднародных азначэнняў:

а) толькі якасных або толькі адносных прыметнікаў: Бацькаўшчына. Радзіма. Айчына. Родны край. Старонка родная... Шчырымі, лагоднымі словамі называем мы родную зямлю... (С.П.); Так, руская, беларуская, польская, чэшская, сербская і балгарская мовы маюць больш агульных рыс, чым, напрыклад, нямецкая і руская, хоць і яны належаць да адной сям'і (Уводзіны ў мовазнаўства);

б) прыметніка (адзіночнага дзеепрыметніка) і дзеепрыметнага зваро­ту: Стаяла высокая, пасівелая ад туману і густой расы трава (Стр.), параўн.: Атрад спыніўся на стаянку ў густым непраходным лесе (Лыньк.) – у функцыі азначэнняў прыметнік і адзіночны дзеепрыметнік. Калі адно аз­начэнне выражаецца якасным прыметнікам, а другое – адносным, азначэн­ні неаднародныя: Мы адшукаем ранкам глухі лясны зацішак... (Вял.).

Не з’яўляюцца аднароднымі азначэнні, выражаныя займеннікам і прыметнікам або лічэбнікам і прыметнікам: У палісаднічках, ля вясковых хат, наперагонкі хваліліся сваёй някідкай прыгажосцю жоўтыя вяргіні і астры. Але ўсеўладная восень неадступна цікавала за гэтымі апошнімі праявамі хмельнага летняга жыцця (І.Н.); Раннюю цемень неяк знутры пад­свечваў першы рэдзенькі снег (Сіп.).

Сінтаксічныя ўмовы аднароднасці азначэнняў грунтуюцца:

а) на характары сувязі слоў-кампанентаў у словазлучэнні. Калі адно азначэнне (выражанае, як правіла, адносным прыметнікам) непасрэдна звя­зана з азначальным словам і ўтварае з ім словазлучэнне, а другое (звы­чайна якасны прыметнік) адносіцца да ўсяго гэтага словазлучэння, азна­чэнні – неаднародныя: У канцы чэрвеня прайшлі шчодрыя летнія даж­джы... (К-с); А пасля нас, дарослых, на палескі руднік даімчыць стогалосы пасажырскі цягнік (Вял.). Калі азначэнні паясняюць азначальнае слова адзіным, непадзельным структурна-семантычным блокам, яны аднарод­ныя: Увечары рэчку расшчапіла [чорная, злавесная] трэшчына... (Ягоў.);

б) на колькасным аб’ёме рада азначэнняў: У іх [апавяданнях Ас­таф’ева– праўда сённяшняга дня, сённяшняга чалавека, праўда высокая, чэсная, балючая, ажно крывавая, як і ў нашага Быкава (Г.);

в) на пазіцыі азначэнняў у сказе: адасобленыя постпазіцыйныя да на­зоўніка азначэнні, як правіла, аднародныя, параўн.: Вялікі абветраны спа­кой стаіць над полем (Адамч.) і Спакой, вялікі, абветраны, стаіць над полем.