Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВМК Сінтаксіс.doc
Скачиваний:
338
Добавлен:
13.11.2018
Размер:
1.7 Mб
Скачать
      1. 2.2 Параўнальныя звароты

Параўнальнымі канструкцыямі (параўнальнымі зваротамі) назы­ваюцца моўныя адзінкі, якія праз супастаўленне (параўнанне) з падобнымі ў пэўных адносінах прадметамі і з’явамі раскрываюць або канкрэтызуюць змест розных членаў сказа. Такімі адзінкамі ў выказванні характарызуюц­ца, удакладняюцца названыя прадметы (асобы), дзеянні, прыметы.

Тэрмінам «параўнальныя звароты» звычайна карыстаюцца для абаз­начэння слоў і словазлучэнняў, якія выражаюць параўнанне ў простым ска­зе. Гэтыя параўнальныя выразы адрозніваюцца ад няпоўных даданых па­раўнальных частак складаназалежных сказаў з адсутным выказнікам (у та­кіх частках ёсць даданыя члены з саставу выказніка): Наперадзе холадна, як лёд на чыстай вадзе, зазелянелася ранішняе неба (А.Ж.); На кветках дзяцеліны шчыравалі пчолы, кружылі цёмна-бухматыя чмялі, запыленыя пылком, нібы млынары мукою (Л.Л.).

Існуе меркаванне, што няпоўныя параўнальныя часткі складаназа­лежных сказаў, у якіх склад выказніка выяўлены, а сам выказнік узнаў­ляецца з галоўнай часткі, займаюць прамежкавае, пераходнае становішча паміж параўнальнымі зваротамі як структурнымі кампанентамі простага сказа і параўнальнымі даданымі часткамі з наяўным выказнікам і яго скла­дам. Да пераходнай з’явы паміж параўнальнымі зваротамі і няпоўнымі прэ­дыкатыўнымі часткамі складаных сказаў адносяць таксама канструкцыі з асабовымі формамі дзеясловаў тыпу: Фельчарыца прыйшла некалькі раней, чым абяцала (В.П.); І, як маглі, суседкі-ўдовы Ганну суцяшалі (А.П.).

Параўнальныя звароты ўключаюцца ў сказ пры дапамозе параўналь­ных злучнікаў нібы, нібыта, быццам, як быццам, бы, як, як бы, чым, што або бяззлучнікавым спосабам.

У сказах са злучнікавымі параўнаннямі адрозніваюць тры кампа­ненты: аб’ект параўнання (гэта тое, што параўноўваецца), прадмет параў­нання (тое, з чым параўноўваецца) і сродак афармлення параўнання (злуч­нік). Прадмет параўнання і аб’ект параўнання могуць выражацца як адной, так і рознымі часцінамі мовы і мець як суадносныя, так і несуадносныя формы: Буйныя, як клубнічныя, галоўкі суніц усцілаюць яркім агнём зямлю (І.М.); Трава высокая, як песня жаўрука, і мяккая, як летні сон, і хмельная, як мёд вясельны (М.Т.).

У сказе параўнальныя звароты могуць адносіцца да ўказальных слоў – займенніка такі і прыслоўя так або да спалучэння ўказальных слоў з прыслоўем, безасабова-прэдыкатыўным словам, назоўнікам, прыметнікам ці займеннікам: Дождж такі густы – быццам косы твае, такі лагодны – быццам рукі твае, такі гаючы – быццам вусны твае (М.Т.). У такім вы­падку параўнанне асабліва выразнае.

Бяззлучнікавыя параўнанні звязваюцца беспрыназоўнікавым або прыназоўнікавым кіраваннем і выражаюцца беспрыназоўнікавай формай творнага склону або рознымі прыназоўнікава-склонавымі формамі назоў­нікаў: Камяком боль у горле засох (Віт.); І лепей за ўсё была дзявочая каса. Таўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана (Каратк.).

Параўнанне таксама выражаецца спалучэннем прыметніка падобны з прыназоўнікава-склонавай формай назоўніка: Каця, прыгожанькая і смеш­ная, падобная на ляльку, з абвязаным тоўстаю хусткаю горлам, ляжыць на канапе пад пледам (Федар.).

Паводле структуры параўнальныя звароты бываюць неразвітыя (не­разгорнутыя, аднаслоўныя) і развітыя (разгорнутыя). Неразвітыя параў­нальныя звароты складаюцца з аднаго слова – часцей за ўсё назоўніка ў форме розных склонаў, радзей – прыметніка, прыслоўя, лічэбніка, дзеясло­ва: На ўзараных гародах зямля была чорная, ільсняная на адвалах, і сляпуча белыя яблыні стаялі на чорным, як нявесты (Каратк.).

Развітыя параўнальныя звароты ўключаюць назоўнік і залежныя ад яго словы – іншыя часціны мовы: Так і хацелася легчы на зялёную, све­жую, як ранняй вясной, траву (Шам.). Развітыя параўнальныя канструк­цыі могуць працягвацца, удакладняцца даданымі прэдыкатыўнымі частка­мі або іншымі параўнальнымі зваротамі: Перад хатай не было кветніка, а раслі два маладыя, як браты, падобныя адзін на аднаго, клёны з вы­глянцаванымі камлямі (Шам.).

Параўнальнымі зваротамі не лічацца і на пісьме не адасабляюцца словы і спалучэнні слоў (у тым ліку ўстойлівыя) са злучнікамі як, нібы, бы, быццам, што, калі яны выконваюць функцыю выказніка (уваходзяць у яго склад) або звычайнай акалічнасці: Дзяўчаты прыбраліся як на свята (Гр.); Трое з іх нібы знарок аднекуль прыйшлі да помніка (Янк.).

Да вызначэння сінтаксічнай функцыі параўнальных зваротаў у сказе мовазнаўцы падыходзяць неадназначна. Існуюць розныя погляды на іх ро­лю: а) параўнальныя звароты з’яўляюцца акалічнасцямі спосабу дзеяння; б) параўнальныя звароты набліжаюцца да акалічнасцей месца, часу, пры­чыны, мэты, меры і ступені; в) часцей за ўсё выконваюць азначальна-ака­лічнасную функцыю; г) выступаюць у сказе рознымі яго членамі.

Параўнальныя звароты адрозніваюцца паводле семантыкі і пры­значэння ў выказваннях. Адны з іх характарызуюцца метафарычнасцю і наяўнасцю мадальнага значэння. Праз асацыяцыйнае супастаўленне яны выразна характарызуюць прадметы і з’явы, ствараючы мастацкія вобразы – гэта вобразныя параўнальныя звароты. Іншыя параўнальныя звароты ме­тафарычнасцю і мадальнасцю не валодаюць, яны толькі канстатуюць тоес­насць, падабенства, адпаведнасць / неадпаведнасць прадмета параўнання з аб’ектам параўнання – гэта параўнальна-раўналежныя звароты.

Вобразныя параўнальныя звароты, маючы мадальныя значэнні, мо­гуць указваць на рэальнасць узятых для параўнання прадметаў і з’яў або на іх умоўнасць. Параўнанне з рэальна наяўнымі прадметамі рэалізуецца пры дапамозе злучнікаў што, як, усё роўна што, усё роўна як, з якіх самы пра­дукцыйны – злучнік як: Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы, з тугім за­пасам жыццядзейных сіл (А.П.); Хусцінка яе, што макавы пялёстак, плы­ве сярод сіняга лёну (ЛіМ). Умоўнасць прадметаў і з’яў, узятых для параў­нання, падкрэсліваюць злучнікі бы, нібы, нібыта, быццам: Быццам крылы казачнай птушкі, узвіваліся над прылаўкам яе [дзяўчыны-прадаўшчыцы] белыя рукі... (Кір.).

Параўнальна-раўналежныя звароты не могуць выражаць умоўнасць і ўключацца ў сказ пры дапамозе злучнікаў бы, нібы, быццам. Пры выяў­ленні падабенства прадметаў паводле дзеяння ці прыметы яны ўводзяцца злучнікам як, а пры падкрэсліванні поўнай адпаведнасці дзеянняў ці пры­мет – злучнікам як і, параўн.: Спачатку ціха, як здалёк, а потым усё гуч­ней і гучней залу запаўняла песня, народная, знаёмая, многа разоў чутая (Шам.) і Свет кніг Кузьмы Чорнага, як і свет кніг усіх вялікіх мастакоў слова, таксама жывы (Сач). Параўнальна-раўналежныя звароты выра­жаюцца рознымі часцінамі мовы, але часцей – прыслоўямі і займеннікамі.

Параўнанні як моўныя адзінкі і вобразны сродак у мастацкім творы з’яўляюцца прадметам грунтоўных лінгвістычных даследаванняў. Параў­нальныя звароты як моўныя адзінкі вывучалі В. Рабкевіч, Г. Малажай, М. Бу­зук. Вобразна-выяўленчую функцыю параўнанняў у моўным кантэксце Я. Брыля, іх захаванне і перадачу ў перакладах твораў пісьменніка на рус­кую мову аналізуе Т. Трыпуціна. Параўнанні ў творах У. Караткевіча да­следуе В. Іўчанка, у творах У. Адамчыка – Ф. Шумчык.