Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў в. Залессе Чачэрскага р-на

ад Карпенкінай Ганны Якаўлеўны, 1941 г.н.,

студэнткай Парукавай Н. (2006 г.)

Як у прэзідэнта ёсць міністры, так у Бога – прарокі. Бог распрадзяляў абя­зан­нас­ці, каму за чым глядзець. Аднаму паручыў за вадой глядзець – гэта вадзянік, дру­го­му за домам – дамавы, трэцяму за жывёлай – Юрый, Ягорый.

Вадзянік аказаўся сільна жадным. Людзі ж раней піталіся рыбай. І вот калі яны бра­лі штосьці з мораў ці рэк, то вадзянік сільна за ета мсціў у 10 пакаленнях. За ета ён сі­ль­на наказваў: тапіў караблі, лодкі, людзей. За такое павядзенне вадзяніка Бог ад яго ад­ка­заў­ся. Вадзянік стаў прыслугай нячыстай сілы. Ён забіраў сабе дзевак, якіх на­сі­ль­ні­ча­лі і якія самі тапіліся. Ета была яго дабыча. Вадзянік здзелаў етых дзевак на­па­ла­ві­ну рыбай, напалавіну людзьмі.

Запісана ў в. Рэпішча Чачэрскага р-на

ад Патапенка Ганны Пятроўны, 1922 г.н.,

студэнткай Лагвіненка В. (2006 г.)

Вадзяны сядзіць у рацэ, возяры. Вон топіць людзей, напрымер после Ільі. После Ільі купацца ня можна, бо судорга скруціць і вадзянік зацягне на дно. Кажуць, што Ілья “помочывса” ў ваду і ўгнявіў вадзяного, вот вон і мсціць. Вадзянік похожы на вя­лі­ко­го зялёного чоловека.

Запісана ў в. Вулька-2 Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.

ад Якубовіч Аляксандры Іванаўны, 1936 г.н.,

студэнткай Верас Н. (2006 г.)

Вадзянік – гэта такі мужчына, які ўвесь зялёны, з галавы да ног. У яго доўгая ба­ра­да з ціны, на галаве ў яго трава балотная, а цела яго ўсё пакрыта чашуёй. Гас­па­да­рыць ён у вадзе на балотах, у рэках. Вельмі не любіць, калі нехта муціць ваду, можа на­ват утапіць. Вадзянік – бацька для русалак. Яны яго слухаюць ва ўсім. Заўлякаюць па-рознаму людзей у ваду і згубляюць іх.

Запісана ў г. Бялынічы Магілёўскай вобл.

ад Селівестравай Таццяны Якаўлеўны, 1935 г.н.,

студэнткай Чыжук Н. (2004 г.)

Вампір

Вампір (“вупыр”) – міфалагічны персанаж, які вядомы ў традыцыях усіх славянскіх народаў, гэта “нябожчык, які ўстае ноччу з магілы, ён шкодзіць людзям і жывёле, п’е іх кроў, наносіць шкоду гаспадарцы” [1, с. 283]. “Вера ў вампіраў звязана з уяўленнямі аб існаванні двух відаў нябожчыкаў: тых, чыя душа пасля смерці знайшла супакаенне на “тым свеце”, і тых, хто працягвае сваё паслясмяротнае існаванне на мяжы двух светаў” [1, с. 283].

У адпаведнасці з агульнаславянскімі павер’ямі вампірамі становяцца тыя людзі, якія на працягу жыцця парушалі рытуальныя або маральныя нормы.

Паводле беларускіх павер’яў, вампір – гэта “нябожчык, які выходзіць ноччу з могілкі” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на), “вупер – ета нечысць такая, якая ноччу з магіл выходзіць” (п. Чамярня Веткаўскага р-на). Калі чалавек ператвараўся ў вампіра? Як сведчаць канкрэтныя запісы, “просты чалавек мог таксама стаць вупыром. Гэта здаралася тады, калі яго кусаў сапраўдны вупыр” (п. Чамярня Веткаўскага р-на), вампірамі станавіліся людзі, якія “пры жызні з нечысцю вадзіліся, ета ведзьмы” (в. Збароў Рагачоўскага р-на), сапраўдны вампір – гэта “чалавек, якога закапалі ў зямлю жывым. Ёсць такая хвароба, калі надоўга засыпаеш, а людзі не ведаюць і хароняць чалавека. А калі ён прасыпаўся ў магіле, пачынаў з голаду грызць свае рукі” (в. Гадзічава Гомельскага р-на), вампірам можа стаць “мяртвец, каторага чорная кошка перапрыгне” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на).

Знешні выгляд вампіра ў лакальных міфалагічных традыцыях беларусаў таксама вар’іруецца: “Вампір выглядае як чалавек, але ў яго вострыя вушы і вялікія зубы, красныя вочы” (в. Забалатнікі Клецкага р-на Мінскай вобласці), “Вампіры вельмі страшныя, з ледзянымі вачыма” (п. Палянаўка Веткаўскага р-на), “Кажуць, зубаты ён, …ходзіць бледны, што аладка няпечаная” (в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на), “Вампіра можна ўгадаць па вялікіх зубах, росту вялікаму, красным глазам і твару” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на). “Худы і высокі ча­ла­век. У яго чорныя валасы, мяртвяцкі цвет кожы, сіняватыя губы. Могуць быць длін­ны­мі ногці” (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на); “Вупыр – дзіцёнак ведзьмы і чорта. Ён сам на чалавека пахож, не атлічыш нават. Але ўсё ж пазнаць яго можна. Рукі ў яго страшныя, на іх чорныя кіпцюры, а вочы заў­сё­ды адліваюць кроўю” (в. Глыбаўка Веткаўскага р-на); “Вампіра так проста не пазнаеш. Людзі гавораць, што ў яго два сэрца. Ды ты ж не будзеш яго слухаць. Я толькі знаю, што вочы ў яго красныя, кроўю налітыя” (г. Ветка); “Вампір – гэта зубасты чалавек, які смокча чалавечую кроў” (в. Пірэвічы Жлобінскага р-на); “Вампір – гэта нейкая страшэнная пачвара, страхалюдзіна” (в. Слабань Светлагорскага р-на). Паводле народных павер’яў, вампір мог прымаць як антрапаморфны выгляд (“Вампір – гэта чалавекападобная істота” – в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на), так і зааморфны (“Вампір – гэта такая цігра, як кот” – в. Перасвятое Рэчыцкага р-на).

Матыў пярэваратніцтва ў адносінах да вампіра мае рэальнае пацвярджэнне не толькі ў канкрэтных міфалагічных аповедах балгар, сербаў, але і беларусаў. Факт ператварэння ведзьмы ў вампіра, які прымаў воблік кошкі, зафіксаваны ў в. Шэйка Веткаўскага р-на ад Ніны Канстанцінаўны Рослікавай, 1930 г.н.: “Раніцай, калі яшчэ не развіднела, бачылі на ганку чорную кошку, у якой уся пыса была ў крыві. Пасля ўжо ніхто не сумняваўся, што гэтай кошкай была тая вядзьмарка”.

У іншых славянскіх міфалагічных традыцыях вампір “можа мець выгляд прадмета – “ползущего полотна” або гайды (музычнага інструмента), напоўненага крывёю (балг.). Вампір паказваецца ў фантастычным выглядзе: чалавека, які носіць сваю галаву пад пазухай (укр., пол.), чалавека з голым чэрапам, у якім гарыць агонь (кашуб.), сабакі з чалавечай галавой (балг.)” [1, с. 284].

Вампір, як сведчаць запісы, шкодзіў не толькі чалавеку, але і жывёле: “У поўнач выбіраўся, калі мог, і нападаў на скот і грыз яго, каб напіцца крыві” (в. Гадзічава Гомельскага р-на), “вампіры ўстаюць ноччу з магіл і сасуць у людзей кроў, асобенна любяць яны дзецкую кроў, таго, што яна дае ім сіл, і яны маладзеюць ад яе” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на), “вампіры нападаюць на людзей і жывёлу. Потым яны выпіваюць кроў у іх” (в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на). У ролі памочнікаў вампіра, паводле мясцовых павер’яў, выступалі кажаны: “Казалі, уночы будзеш ісці, цябе схопяць кажаны, аднясуць свайму хазяіну, і той вып’е ўсю з цябе кровушку” (г. Рэчыца).

Як засцерагаліся ад вампіраў? Да ліку агульнаславянскіх абярэгаў даследчыкі адносяць агонь, вострыя прадметы, расліны-апатрапеі, спецыяльныя заклінальныя славесныя формулы і малітвы. Як і ў павер’ях паўднёвых славян, беларусы надавалі таксама першаступеннае значэнне часнаку: “Казалі, што калі вампір з’есць часнок, ён памірае. Нават ад паху часнаку яму становіцца дрэнна. У тую хату, дзе людзі засцярагаліся часнаком, вампір не мог зайсці, і служкі яго туды не заляталі” (г. Рэчыца), “ад вампіраў каб захавацца, трэба было насіць часнок, крыжы розныя” (в. Гадзічава Гомельскага р-на), “вампіры не пераносяць на дух шчэ часночнага запаху. Ён для іх, як для нас запах навозу” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на). “Для абароны ад вампіраў традыцыйна выкарыстоўвалі і розныя сакральныя прадметы – крыж, іконы, прасфоры, воск і інш. Напрыклад, для таго, каб перашкодзіць ператварэнню памёршага ў вампіра, палякі аблеплівалі шыю памёршага пяццю шарыкамі з воску, а ўкраінцы ўскладалі на грудзі нябожчыку васковы крыжык і ў рукі ўстаўлялі васковую свячу; рускія сяляне насілі на шыйным крыжы запісаныя на паперы малітвы і спецыяльныя ладанкі, мяркуючы, што гэта засцеражэ ад нападзення вампіра і ўвогуле нячыстай сілы, а ў некаторых месцах і сам нацельны крыжык лічыўся дастатковай абаронай ад нячыстага нябожчыка” [2, с. 136].

Тыповымі засцярогамі ў беларускіх павер’ях былі святы крыж, абрад хрышчэння, дзённае святло (г. Рэчыца), асінавае палена (кол): “І многія ж хадзілі на кладбішча, асінавы дубец у магілу савалі, так, каб не вылез какой вораг закляты” (в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на); “Але ўсё ж пасля многія паверылі, бо аднойчы мужчыны сабраліся разам і пайшлі на могілкі, там яны раскапалі труну і ўбілі асінавы кол у сэрца таго чалавека. Пасля гэтага той вупыр ужо ніколі не выходзіў са сваёй труны” (в. Шэйка Веткаўскага р-на); “Так нада абраціцца к харошай знахарцы, іна паможа, скажа, хто прырабіў і п’е з цябе кроў. Тады трэба зрабіць асінавы кол і забіць яго ў магілу” (в. Збароў Рагачоўскага р-на). Цікавыя звесткі пра гэты міфалагічны персанаж прыводзіць выдатны беларускі этнограф і фалькларыст Часлаў Пяткевіч у кнізе “Рэчыцкае Палессе”. Параўноўваючы “вупыра” (“мертвяца”) з чортам, даследчык падкрэслівае, што вампір “не баіцца ніводнае святасці, але вельмі ўражлівы на пеўневы спеў і ўцякае прэч, як толькі яго пачуе. Ён рэдка прыходзіць з добрымі намерамі, а з’яўляецца пераважна з прэтэнзіяй, што яму даюць спакою празмерным аплакваннем ці што не паставілі крыжа на яго магіле альбо зняважылі крыж; у гэтым выпадку ён паводзіць сябе, як фурыя” [3, с. 452]. Добрымі сродкамі, якія дапамагаюць выратавацца ад вампіра з’яўляюцца, як падкрэслівае Часлаў Пяткевіч, асінавы кол, мак, зламаная вось ад воза: “У месячную ноч трэба прыбіць асінавым калом цень уласнай левай нагі; адкапаць памерлага і прабіць яго асінавым калом; абсеяць макам магілу альбо хату. Аднак за найбольш эфектыўны сродак лічаць, калі раптоўна ўдарыць вупыра зламанай у дарозе воссю ад воза” [3, с. 452]. Паводле павер’яў, зафіксаваных рускімі даследчыкамі, “калі начныя вылазкі вампіраў усё ж працягваліся, то труп спальвалі, а попел кідалі ў ваду. Абярэгамі ад вампіраў лічыліся цыбуля, часнок, жалеза, калакольны звон” [4 с. 63]. Паводле сведчанняў інфарматараў, “каб схавацца ад вам­пі­раў, трэба насіць крыж і часнок” (г. Бабруйск Магілёўскай вобласці), “каб зашчыціцца ад яго, нада па­ка­заць яму крэст. Яго вампіры баяцца” (в. Пірэвічы Жлобінскага р-на), “Штоб збавіцца ад вампіра, нада яму ў грудзі за­біць асінавы кол, штоб не ўскрэс” (г. Гомель).

У шматлікіх міфалагічных аповедах матыў выпівання вампірамі людской крыві з’яўляецца цэнтральным. Ва ўсіх рэгіянальных традыцыях беларусаў адзначаецца, што вампіры – “ето тые людзі, екіе п’юць кроў” (в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на); “сасуць кроў” (г. Борань Аршанскага р-на Віцебскай вобласці); “любяць смактаць чалавечую кроў” (г. Светлагорск); гэта “памерлы чалавек, які ноччу ўстае з магілы, нападае на жывёлу ці людзей, выпівае іхнюю кроў” (в. Залессе Чачэрскага р-на); “ето сам чалавек, каторы жаждуе людской крыві” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на). Паводле звестак, змешчаных у працы М. Федароўскага “Люд беларускі”, вампір “настолькі помслівы, што за кожную знявагу ў свой адрас, за самую малую крыўду, нават за нястрыманае слова або жывым разрывае чалавека, або адкручвае яму галаву” [5, с. 160].

У сучасных запісах у розных мясцовасцях функцыянальнасць вампіра звязана з укусам чалавека і ператварэннем апошняга таксама ў вампіра: “калі вампір укуся, адразу робішся і сам вампірам” (г. Борань Аршанскага р-на Віцебскай вобласці); “вампір любіць чалавечую кроў і як укусіць чалавека, то і той становіцца вампірам” (в. Слабань Светлагорскага р-на); “калі каго вампір укусіў, то тады той чалавек сам становіцца вампірам” (в. Залессе Чачэрскага р-на). У некаторых мясцовасцях Украіны бытуе павер'е, што “мертвага вампіра носяць на спіне жывыя” [6, с. 58]