Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў в. Салтанаўка Жлобінскага р-на

ад Паўлюковай Валянціны Мікадаеўны, 1930 г.н.,

студэнткай Шышовай К. (2006 г.)

Цмок – гэта такі вужака, які адбірае малако ў кароў, ён сільна цмокае, таму яго так і празвалі. Жыве ў зараслях, кучах мусара, каля канавы. Як павадзіцца ў сарай да ка­ро­вы – спасу няма. Тады трэба яго вылавіць, ноччу падкарауліць, у сараі знянацку свет уключыць і тапаром парубіць.

Запісана ў в. Перасвятое Рэчыцкага р-на

ад Грабок Анастасіі Паўлаўны, 1936 г.н.,

студэнткай Сакалюк А. (2006 г.)

Ён душу чалавека і жывёлы п’е (цмокае). Змій страшэнны. Чалавек чахне і па­мі­рае ад хворы. Гэта цмок яго душу выпіў.

Запісана ў в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на

ад Мышкавец Ганны Кузьмінічны, 1926 г.н.,

студэнткай Белька С. (2006 г.)

Чорт

Міфалагічныя ўяўленні старажытных славян – гэта надзвычай устойлівы, “жывучы” пласт культурнага развіцця, у якім адметнае месца належыць з’явам ніжэйшага міфалагічнага ўзроўню. Вывучэнне пытання лакалізацыі звестак пра персанажы ніжэйшай міфалогіі на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, Палесся, – задача адказная, але вырашальная. За апошнія гады ў фальклорным архіве кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі назапашаны шматлікі фактычны матэрыял, запісаны ў розных раёнах Гомельшчыны. Даволі распаўсюджанымі на гэтай тэрыторыі з’яўляюцца міфалагічныя ўяўленні пра чорта, якога называюць злосным духам. Яго дахрысціянскае паходжанне амаль не замацавалася ў народных традыцыях: “...Хрысціянскія ўяўленні пра д’ябла паўплывалі на яго пазнейшы воблік: у фальклоры і народных карцінках – антрапаморфныя істоты, пакрытыя чорнай шэрсцю, з рагамі, хвастамі і капытамі” [1, с. 391]. “Вобраз чорта меў дахрысціянскае паходжанне, але быў істотна дапоўнены хрысціянскімі ўяўленнямі аб д’ябле” [2, с. 554]. “Ва ўсходніх славян чорт – радавое паняцце, якое часта ўключае ўсю нячыстую сілу… разам з гэтым уласна чэрці адрозніваюцца ад іншай нечысці і месцамі свайго знаходжання (апраметная, дзе яны мучаюць грэшнікаў, балота, скрыжаванні і перакрыжаванні дарог), і свабодай руху (усюды, ўключаючы царкву ноччу), і здольнасцю да пярэваратніцтва (ператвараюцца ў чорную кошку, сабаку, свінню, змея, часцей – у чалавека, вандроўніка, дзіця, каваля, мельніка, могуць прымаць воблік знаёмага – суседа, мужа і г.д.)” [1, с. 391].

Чорт у розных лакальных традыцыях Гомельшчыны мае адметны знешні воблік. Напрыклад, жыхары в. Ягаднае Веткаўскага р-на ўяўляюць яго з “рагамі і хвастом”, у народным усведамленні вяскоўцаў Жлобіншчыны, “он такой шэрэнькій, а рукі его, ці капыты, эта, як хто гавора, заўсёды гразныя, рожкі ў яго ёсць, маленькія такія, каля вушак, і хвост, доўгі такі, як вяроўка, і на канцы яго мяцёлка, каб гразь раскідваць, а глаза ў него малыя такія і злыя-злыя” (в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на).

Паводле звестак, атрыманых ад інфарматараў з п. Арол Лоеўскага р-на, чорт – “чорны, як смоль, ростам такі мо дзе з метра паўтара. Хвост у яго доўгі з мяцёлкай, ён етай мяцёлкай сляды свае замятае. Рогі, як у казла. Ды і сам ён на морду казла напамінае. Зато вочы страшныя, жоўтыя такія, лупатыя. Ногі ў яго – капыты, а рукі – нашыя напамінаюць, толькі ўсе валасамі аброслыя, і кіпці, як то ў сабакі, толькі чорныя”. Паводле ўяўленняў мясцовых жыхароў в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на, чорт – “такая істота, якая робіць усім гора, ён страшэнны, чорны, з капытамі, рагамі і хвастом”, в. Хутар Светлагорскага р-на – “у чорта длінная барада і рогі іе на кашлатай галаве, а ззадзі – хвост, як пуга”; г.п. Акцябрскі – “Чорт – чорнае сушчэство, з рожкамі на галаве ды капыцікамі на нагах, з доўгім хвас­том, як у каровы”; в. Сямёнаўка Рэчыцкага р-на – “чорненькі столб і два вочкі”; в. Бабічы Рэчыцкага р-на – “гэта д’ябал, які падобны на чалавека, але на галаве ў яго растуць рогі, а замест рук і ног – капыты”, в. Бялёў Жыткавіцкага р-на, “чорт падобны на чалавека. Усё цела яго пакрыта шэрсцю. Ён мае хвост, рогі, казліныя ногі, кіпцюры”.

Як пацвердзілі інфарматары гэтай вёскі, чорт мог мець і антрапаморфны, і зааморфны выгляд: “Чорт вельмі часта з’яўляецца ў вобразе старца або маладога хлопца, але і таксама можа быць і жывёлай, і птушкай” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на). Паводле сведчанняў жыхароў іншых вёсак, таксама “чорт можа ператварацца ў чалавека і розных жывёл” (в. Бабоўка Жлобінскага р-на), сумяшчаць у сваім абліччы рысы і чалавека, і жывёлы: “Чорт – гэта то лі звер, то лі чалавек. Увесь чорны, кашлаты, вочы красныя, нос пя­тач­ком, на галаве рогі. Замест ног капыты” (в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на). У вёсцы Карма Добрушскага р-на, паводле мясцовых уяўленняў, чорт у сваім абліччы спалучаў і зааморфныя, і антрапаморфныя рысы: “Сам чорт быў як козлік, а ліцо напамінала чалавека”. Часцей за ўсё зааморфны выгляд чорта асацыіраваўся з “казлом” (в. Васільеўка Добрушскага р-на), “сабакаю”, “авечкаю” (в. Ляхавічы Жыткавіцкага р-на), “ён мог з’явіцца чорным сабакам, казлом” (г. Добруш), чорт мог з’явіцца і ў выглядзе чорнага ката (в. Карма Добрушскі раён). Некаторыя інфарматары прыгадвалі, што ў чорта мог быць ператвораны і анёл, які “правініўся перад Богам” (г. Гомель). У іншых мясцовых традыцыях Добрушчыны і Жлобіншчыны чорт ў народным паэтычным асэнсаванні падаваўся персанажам, які з’ядноўваў у адной іпастасі асаблівасці розных істот: “Чорт – састаўное ад людзей, свінняў, капытных жывёл” (г. Добруш), “чорт з свінячым носам, бычымі вушамі, каровячымі рагамі, чалавечымі рукамі, конскімі нагамі і ўвесь пакрыты чорнай шэрсцю” (в. Сівенка Веткаўскага р-на).

Паводле іншых народных крыніц, чорт як міфалагічны персанаж мог “мець знешнасць маладога хлопца, дзеда, старца, але ніколі не прымае жаночай знешнасці” (р.п. Бальшавік Гомельскага р-на); “чорт з хвастом, рагамі, а хто ён такі, ніхто не ведае” (г. Гомель); “на галаве ў чорта рогі, казліная барада, двухкапытныя ці аднакапытныя ногі, каровій хвост, на руках длінныя когці, цела пакрыта шэрсцю” (г. Добруш); “чорта ад людзей адлічае хвост, паганыя рогі, яшчэ яго валасы па ўсім целе” (п. Лядцы Гомельскага р-на); “абычна чэрці чорнага цвета” (п. Грушаўка Добрушскага р-на); “чорт мог з’явіцца сабакаю, авечкай” (в. Ляхавічы Жыткавіцкага р-на); “чорт можа з’явіцца ў абліччы жывотнага, у абліччы старога чалавека, што грошы просіць; у абліччы знаёмага, аднак з нядобрым намерам” (в. Матнявічы Чачэрскага р-на); “адна казала, што ноччы яна ўстала ад таго, што ў яе на грудзях сядзеў чорны кот і як бы душыў яе” (в. Карма Добрушскага р-на); “чорт мог прыйсці ў любым выглядзе, ён прэўрашчаўся і ў чалавека, і ў сабаку” (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на); “мог з’явіцца чорным сабакам, казлом” (г. Добруш); “ён быў пахожы на чалавека, але ж увесь чарненны і з рагамі, чорт пераўтвараўся у сабаку і пугаў людзей” (в. Карма Добрушскага р-на).

Адносна месцазнаходжання чорта ў народзе гавораць: “водзіцца чорт у балоце” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “Чорт – нячыстая сіла. Водзіцца ў балоце, жыве ў балоце” (в. Дзербічы Буда-Кашалёўскага р-на), “Чорт жыве ў балоце, заводзе людзей у балота” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на), “чорт можа пасяліцца ў хаце” (в. Целяшы Гомельскага р-на), “у пеклі хто там, дак ето ж іх (чарцей) работа” (в. Рудакоў Хойніцкага р-на), “Чорт – злы дух. Жывуць яны ў лесе, у полі, у вадзе, але асноўнае месца іх зна­ход­жан­ня – пекла” (в. Раманаўка Мазырскага р-на),“чэрці жывуць у балоце, у пекле” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на). Іншы раз месцам яго знаходжання з’яўляецца дрэва: “любяць чэрці сядзець на дзераве і пужаць людзей” (Чачэрскі раён).

Функцыянальнасць чорта мае, як правіла, адмоўную скіраванасць. З гэтай істотай звязваюць зло, бяду, хваробы: “Нельга памінаць чорта, бо гэта прыводзіць да бяды. Можа захварэць дзіця” (в. Целяшы Гомельскага р-на), “чорт можа абы-што ў комін накідаць, ва двары напакасціць” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “людзям ані шкодзілі, маглі ў багну зацягнуць” (г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на), “неадступна сочыць за чалавекам і імкнецца напакасціць, увясці ў грэх” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на), “я знаю, што тыя людзі, што на сябе рукі хацелі накласці, то ён ўсё роўна давядзе да смерці” (в. Бацвінава Чачэрскага р-на), “падказвае п’яніцам, гдзе бутэлька” (р.п. Бальшавік Гомельскага р-на), “можа паяўляцца на зямлі, каб спакусіць людзей” (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) і інш. “Асноўны занятак чорта – рабіць усялякую шкоду людзям (п’янства, сваркі, бойкі) і ўводзіць іх у грэх (самазабойства, прага да грошай, хлусня і г.д.), за які ён забірае душы грэшнікаў у пекла, гаспадаром якога з’яўляецца. Адсюль перасцярожлівае стаўленне да чорта: “І Бога любі, і чорта не гняві” [2, с. 554].

У асобных гомельскіх павер’ях чорт асэнсоўваецца як істота, якая служыць самому д’яблу: “Чорт дапамагае д’яблу рабіць шкоду людзям” (Чачэрскі раён). Напрыклад, у адной з былічак распавядаецца пра тое, як чорт душыў людзей: “У адной жэншчыны расла ля дому груша. А жэншчына та, гаварылі, умела трошку варажыць – калдунья, значыць, була. І вот ішлі раз хлопец з дзеўкай міма той грушы, і раз – нехта напрыгнуў на хлопца і стаў яго душыць” (Чачэрскі раён). Спрэчкі і сваркі ў хаце ў некаторых мясцовасцях таксама звязваюць з функцыянальнасцю чорта, які мог “праз комін апынуцца ў хаце і зрабіць многа зла” (п. Стаўпішча Буда-Кашалёўскага р-на).

У розных лакальных традыцыях Гомельшчыны былі запісаны таксама і наступныя звесткі пра шкодныя дзеянні чорта: то ён заманьвае чалавека ў балота (в. Ванюжычы Петрыкаўскага р-на), то імкнецца пагубіць душу, “зрабіць чалавеку шкоду” (р.п. Бальшавік Гомельскага р-на), то з’яўляецца прычынай разладу ў сям’і (“муж з жонкай жылі харашо, а сталі ругацца. А чорт пад сталом сядзеў і хвастом круціў. Дык чорт падпекваў хазяіна” (в. Балотня Рагачоўскага р-на), то жартуе, “любіць збіваць путнікаў з дарогі, збрасываць калёса з восей у час язды, заводзіць п’яных у балота ці ў прорубі” (г. Добруш).

Адзначым, што беларускі міфалагічны персанаж “чорт” выяўляе свой негатыўны пачатак у залежнасці ад маральна-этычных паводзін чалавека: “Як толькі нешта дзелае чалавек дрэннае, то зараз і цапляецца за яго душу і ўжо да самай смерці” (в. Пракісель Рэчыцкага р-на), “хто дзелае калдаўство чалавеку, той аддае сваю душу чорту” (г.п. Акцябрскі). Доказам таго, што чорт – не такая ўжо і страшная істота, сведчыць выказванне жыхаркі в. Карма Добрушскага р-на: “Я вераю, што яны (чэрці) шкоду робяць: свараць з суседзямі, могуць украсці штосьці. Але ён не такі страшны, як ведзьма”.

Большасць беларускіх матэрыялаў сведчыць, што толькі калі справакаваць чорта, то ён можа зрабіць штосьці дрэннае: “Калі чорту што-нібудзь здзелаеш плахое, дык можа і хату спаліць. Раней жыў у аднаго чалавека чорцік, а хазяін узяў і пабіў яго, дык чорцік таму чалавеку гумно спаліў” (в. Карма Добрушскага р-на).

У сістэме народных міфалагічных вераванняў важнае месца займаюць магічныя спосабы засцярогі ад нячыстай сілы (ад чарцей). Адзначым, што спецыфіка сімвалічных дзеянняў, скіраваных на абарону ад чорта, абумоўлена канкрэтнай мясцовасцю бытавання тых ці іншых павер’яў. Напрыклад, калі “бачыш чорта, трэба абязацельна хрысціцца – баяцца яны, калі ўбачаць крэсцік ці калі хрысцяцца” (в. Ванюжычы Петрыкаўскага р-на); “у празднікі нельга чорта памінаць” (в. Балотня Рагачоўскага р-на); “Чэрці не паміраюць, а іх можа забіць толькі гром, грома яны баяцца” (г. Добруш); “Баяцца ж чэрці яшчэ і петушынага крыку на світанні, царквы вельмі баяцца, папоў і больш усяго крыжоў” (п. Лядцы Гомельскага р-на); калі нейкае месца было праклята, трэба пабудаваць тэрмінова царкву..., бо “нечысць усякая і чэрці баяцца святога духа” (п. Грушаўка Добрушскага р-на); “калі едзеш на жалезных калёсах, смела едзь у лес” (в. Ляхавічы Жыткавіцкага р-на); “чорт баіцца праклёнаў, калі чалавек моліцца, то чорт уцякае” (в. Матнявічы Чачэрскага р-на); “чорт баіцца краста” (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на) і інш. “Чорт не выносіць крыжа, малітвы, святой вады і прыгадвання імя Божага. Ён не застанецца ў доме, дзе ўсе вокны і дзверы захрышчаны, а сцены апырсканы святой вадой – чорт апячэ, і ён імкнецца ўцячы з такога памяшкання” [3, с. 448].

Самыя разнастайныя спосабы засцярогі ад чорта знайшлі адлюстраванне і ў іншых мясцовых міфалагічных традыцыях Гомельшчыны. Напрыклад, у п. Кавалёў Рог Чачэрскага р-на лічылі, што трэба “кайстру ад лёна, калі яго мнуць, пасыпаць перад уваходам ва двор, у хлеў, усюды, дзе ёсць парог, ілі крапіву-жгунку”, “чорт баіцца часнаку” (п. Баец Калінкавіцкага р-на), “чорт ладану баіцца і малітвы” (г.п. Акцябрскі), “ладана і жалеза чорт баіцца” (в. Ляхавічы Жыткавіцкага р-на), “чорт баіцца краста” (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на), “Чёрт боится ладан и креста” (г. Гомель), а таксама пасвечанага маку: “А каб збавіцца ад чорта, трэба ўзяць свя­цо­ны мак і абсыпаць парог і вуглы ў хаце” (в. Шэйка Веткаўскага р-на), цыбулі і часнаку: “Кажуць, што чорт часнаку і цыбулі баіцца, таму што яны пякучыя” (в. Дуброва Ельскага р-на).

Каб вызваліцца ад шкоднага ўздзеяння чорта, ажыццяўлялі і рытуал асвячэння небяспечнага, па народных уяўленнях, месца: “А на другі дзень прывялі да тае грушы папа і асвяцілі тое месца. Калі свяцілі, то нехта вельмі сільна плакаў і пішчаў. Пасля ўжо ніхто на людзей з тое грушы не кідаўся. Груша ж расце і па сённяшні дзень, толькі на ёй зусім не бывае груш, і цвіце яна вельмі мала” (Чачэрскі раён). Зыходзячы з народных вераванняў, “чэрці баяцца толькі грому, бо толькі гром можа іх забіць. Самі яны не паміраюць” (в. Буркі Брагінскага р-на).