Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
92
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў г. Гомель

ад Канцавога Івана Мікалаевіча, 1929 г.н.,

студэнткай Каморынай С. (2006 г.)

Русалка

На пытанне: “Хто станавіўся русалкай?” – жыхары Гомельшчыны выказвалі некалькі тыпаў версій. Паводле адной з іх, найбольш распаўсюджанай, русалкамі маглі стаць прыгожыя дзяўчаты, якія ўтапіліся: “русалкі – ета дзеўкі такія, што ўтапіліся” (в. Свяцілавічы Веткаўскага р-на), “русалкі – то патануўшыя дзеўкі, але якіх патапіў вадзянік“ (г. Гомель), “эта вутопленіцы, маладыя дзяўчыны” (в. Лядцы Гомельскага р-на), “дзяўчаты, якія памерлі або патанулі, звычайна ператварыліся ў русалку” (в. Сяменча Жыткавіцкага р-на), “русалками становились молодые девушки, которые утопились” (г. Гомель), “русалкі – тыя жэншчыны, якія ўтапіліся” (в. Прудок Мазырскага р-на), “русалкамі становяцца маладыя дзеўкі, якія ўтапіліся” (в. Чырвоная Буда Добрушскага р-на), “гэта ўтопленыя маладыя дзяўчаты” (в. Сівенка Веткаўскага р-на), “русалкамі маглі стаць незамужнія дзяўчыны, ці, можа, тыя дзевачкі, якія ўтапіліся і іх не знайшлі” (в. Кавалёў Рог Чачэрскага р-на), “русалкай можа быць незамужняя дзеўка, каторая ўтопіцца” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на).

Заўважым, што апошнія звесткі дазваляюць вылучыць нават асобна версію паходжання русалкі ад дзяўчат-нявест. Можна пагадзіцца з высновай Л.М. Вінаградавай, што большая частка такіх адказаў “сканцэнтравана ў зоне Заходняга Палесся” [1, с. 146].

Згодна з другой версіяй, русалкамі станавіліся дзеці, памёршыя нехрышчонымі: “русалкі – маладыя дзяўчынкі, якія памерлі нехрышчонымі” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “станавіліся русалкамі…дзеткі, памерлыя да храшчэння” (в. Бабоўка Жлобінскага р-на), “русалкі…узніклі ў выніку ператварэння…утопленых немаўлят, дзяцей, што нарадзіліся мёртвымі ці былі задушаны” (в. Роза Люксембург Ельскага р-на), “русалкі, уродзі бы, тыя народжаныя мёртвыя дзеці, нехрышчоныя дзевачкі”, гэта “дзіця, якое памірае да хрышчэння” (г. Гомель), “нехрышчоныя дзеці после смерці станавіліся русалкамі” (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на), “Русалкі – дзяўчаты, якія памёрлі яшчэ ў дзетстве. Яны былі нехрышчоныя і та­му ператварыліся ў русалак” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на).

Вылучаецца асобная група павер’яў, паводле якіх паходжанне русалак звязваецца з дзяўчатамі, якія ўтапіліся і якіх яшчэ ва ўлонні праклялі маці: “русалкі – гэта дзяўчаты, што ўтапіліся ў рэчцы, якіх праклялі маткі” (в. Шылавічы Чачэрскага р-на), “дзяўчаты, якія былі пракляты маці” (в. Бабоўка Жлобінскага р-на), “дзяўчыны, якіх праклялі маці” (г. Гомель), “дочкі, якіх праклялі бацькі” (в. Ванюжычы Петрыкаўскага р-на), “то дочкі, праклятыя бацькамі, каторыя патапіліся” (в. Баец Калінкавіцкага р-на), “Памятаю, колісь ка­за­лі, што гэта звычайна маладыя дзяўчаты няхрышчоныя, каторыя патапіліся ў вадзе, у рацэ той” (в. Забалацце Акцябрскага р-на).

У пераважнай большасці сведчанняў інфарматараў можна ўбачыць суіснаванне розных версій паходжання гэтай дэманічнай істоты жаночага роду: “Русалкі – ета жанчыны, кажуць, гэта душы памёршых тапельніц і дзеці, якія па­мер­лі нехрышчоныя” (в. Асарэвічы Брагінскага р-на), “Русалкі – то патануўшыя дзеўкі, якіх утапіў вадзяны, ці дзіця, якое памірае да хрыш­чэн­ня, або дзеўка, якая сама ўтапілася” (в. Крыўск Буда-Кашалёўскага р-на).

Па сутнасці і ранейшы палескі матэрыял, які прааналізавала Л.М. Вінаградава, і пазнейшыя экспедыцыйныя запісы, зробленыя на тэрыторыі Гомельшчыны, пацвярджаюць высновы Л.М. Салавей, што русалкі “ўзнікаюць у выніку ператварэнняў маладых тапельніц-самазабойцаў, дзяцей, праклятых яшчэ ў мацярынскім улонні, немаўлят, што нарадзіліся мёртвымі, ці загубленых (задушаных, утопленых) адразу пасля нараджэння” [2, с. 434].

“Па паходжанні русалкі – дзеці, якія памерлі нехрышчонымі, або дзяўчаты- самазабойцы, тапельніцы. На працягу першых чатырох гадоў з моманту гібелі яны могуць яшчэ вярнуцца да жывых людзей, калі знойдзецца дасведчаны чалавек, які можа своечасова падаць русалцы крыж. Праз чатыры гады ператварэнне становіцца немагчымым” [3, с. 482-483].

Вобраз русалкі з’яўляецца агульнаславянскім (а магчыма, і агульнаіндаеўрапейскім), бо вобразы-аналагі гэтых дэманічных істот сустракаюцца ў культурах іншых народаў. Яднае іх ідэя аграрна-магічных уяўленняў, звязаных з ураджайнасцю нівы.

Паводле даследавання Л.М. Вінаградавай можна вылучыць чатыры тыпы апісанняў знешнасці русалак:

а) “страшныя, немаладыя, выродлівыя”;

б) “прыгожыя маладыя дзяўчаты”;

в) “паўжанчына-паўрыба”;

г) нейтральны тып (у вобліку дзіцяці або жанчыны з распушчанымі валасамі) [1, с. 149].

Звернемся да больш шырокай геаграфіі запісаў беларускіх матэрыялаў, каб падкрэсліць, наколькі шматпланавы вобраз гэтай дэманічнай істоты, звязанай не толькі з вадой, але і з лесам, і з полем. “Так, русалка магла адначасова выступаць як вадзяны, лясны і палявы, дух урадлівасці і дух лесу; яна магла ўспрымацца і як заложны нябожчык (пракляты або заўчасна памёршы чалавек), і як паўбагіня” [4, с. 454].

На карысць версіі аб тым, што русалкі – гэта прыгожыя маладыя дзяўчаты, сведчаць шматлікія наступныя звесткі: “Эта такія красівыя дзеўкі. У іх длінныя светлыя валасы” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на), “русалкі – то прыгожыя дзяўчыны, каторыя ўтоплі” (г. Гомель), “яны ў вадзе жывуць, прыгожыя такія дзяўчыны, очэнь прыгожыя” (в. Макрэц Брагінскага р-на), “яны прыгожыя, з доўгімі валасамі” (в. Свяцілавічы Веткаўскага р-на), “гэта вельмі прыгожыя дзяўчыны, яны жывуць у вадзе, у іх вельмі доўгія валасы” (г. Гомель), “русалка – гэта красівая дзеўка з бальшой касой…” (в. Калюды Кармянскага р-на), “русалкі – гэта прыгожыя дзяўчаты з доўгім, як у рыбы, хвастом” (в. Карма Добрушскага р-на), “русалки – это красивые девчата с долгими волосами и хвастом замест ног" (г. Гомель), “русалка – істота жаночага полу, красуня з доўгімі валасамі і хвастом” (в. Азершчына Рэчыцкага р-на), “Гэтыя дзеўкі – русалкі – былі сільна красівыя, з бальшымі касамі” (в. Выішча Чачэрскага р-на), “Яна выглядае так: дявочыя валасы абматваюць всё яе цела, бальшы і длінны хвост. Глаза, як азёра, галубыя, галубыя, але пад ноч меняюцца ў чорныя (в. Клімаўка Гомельскага р-на), “Русалкі – гэта прыгожыя дзяўчаты з доўгімі валасамі і хвастом замест ног, на кан­цы якога рыбін плаўнік. Іх цела пакрыта рыбяй чашуёй, і каб схаваць яе, яны часта зак­руч­ва­юц­ца ў водараслі” (г. Гомель); і інш. У большасці прыведзеных прыкладаў знешні воблік русалкі звязаны з паўжанчынай-паўрыбай.

На пытанне, як выглядаюць русалкі і дзе іх можна было сустрэць, былі атрыманы яшчэ і наступныя адказы. “У лесе жылі русалкі. Яны былі голыя. Вылезуць з вады, схопяцца за дзерава, як скалыхнуцца і ў ваду. Патом вылазяць і ляжаць на берагу. У русалак былі длінныя валасы, красівыя яны жэншчыны з нагамі” (запісана ў в. Папоўка Рагачоўскага р-на ад Рудкоўскай Надзеі Мікалаеўны, 1946 г.н.), “на лузе бачылі ў белым плацці дзяўчыну, якая з ракі выйшла, і хадзіла па жыце” (запісана ў в. Гурыны Мазырскага р-на ад Аляксеевай Галіны Людзвінаўны, 1932 г.н.), “Калі я была маладая, я работала на кані. Адзін раз перавозіла сена з адной дзярэўні ў другую, а ехаць трэба было чэраз поле, дзе расло добрае жыта. Быў сонечны, цёплы дзень. І вось я еду чэраз гэта поле, а лошадзь узяла ды астанавілася. Як я яе не калаціла, ўсё роўна стаіць як укопаная. Тут я вырашыла павярнуцца і паглядзець, а можа хто едзе. Тут я паварочваю галаву, а па полю бяжыць русалка. Яна была адзета ў белае плацце і з дліннымі чорнымі валасамі. Бегла яна ў старану могілак. Пасля гэтай сустрэчы я хварэла” (запісана ў в. Прыстараны Гомельскага р-на ад Краўчанка Алы Ігараўны, 1923 г.н.).

Як бачым, уяўленні аб знешнім выглядзе русалкі неаднародныя. У адных месцах (зах. Палессе, Украіна) лічылі, што русалкі выглядаюць як маладыя прыгожыя дзяўчыны без адзення або ў белым адзенні; іншы раз яны з’яўляюцца ў тым самым выглядзе, які мелі падчас іх пахавання – у святочным убранстве, з распушчанымі валасамі і з вянком на галаве (так, паводле мясцовых звычаяў, апраналі памерлых дзяўчат, што сімвалізавала для іх вяселле ў час пахавання).

Калі прааналізаваць прыведзеныя і іншыя былічкі пра русалку ў адносінах да яе знешняга выгляду, то можна вылучыць некалькі тыпаў яе знешняй характарыстыкі. Па-першае, ва ўяўленнях жыхароў Беларусі, гэта прыгожыя дзяўчаты: “эта такія красівыя дзеўкі, у іх длінныя светлыя валасы” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскі р-на), “русалкі – прыгожыя дзяўчыны, каторыя ўтоплі” (г. Гомель), “відзелі русалак – дзевачкі такія” (г. Жлобін). Другі тып – гэта русалкі – паўлюдзі-паўрыбы “русалка – получалавек, полурыба, у яе толькі хвост рыбі, а ўсё астальное чалавечае: і рукі, і ліцо” (в. Шырокае Буда-Кашалёўскі р-на). Да трэцяга тыпу павер’яў адносяцца ўяўленні пра русалак як пра маленькіх дзяўчынак (нехрышчоных дзевачак) (в. Брылёва Гомельскі р-на). Чацвёрты тып павер’яў (адзінкавы паводле запісаў) звязвае русалку з “вадзянымі жэншчынамі, вадзянымі прыведзенкамі” (в. Целяшы Гомельскі р-на). Пяты тып павер’яў суадносіць русалку з нячыстай сілай: “Гэта нечысць, сіла нячыстая: во етыя во лесуны, русалкі, чэрці, або начніцы – тыя, што абычна толькі ноччу” (в. Ціхінічы Рагачоўскі р-на).

У шматлікіх міфалагічных апавяданнях русалка паўстае або ў вобразе маладой жанчыны, прывабнай з доўгімі распушчанымі валасамі: “Русалкі – гэта вельмі прыгожыя дзяўчыны. Яны жывуць у вадзе, у іх вельмі доў­гія валасы” (г. Гомель), “Яна выглядае так: ног у яе няма, рыб’е такое, а так – дзяўчына, красівая, валасы ба­ль­шыя, ніколі яна іх не заплятала” (г. Добруш), або ў выглядзе пачварнай жанчыны: “Сама голая, страшная, ва­ла­сы доўгія, аж то па зямлі цягнуцца” (в. Заселле Рэчыцкага р-на), А то з нябожчыкам, бачылі, ходзіць, гуляе, пачвара” (в. Заселле Рэчыцкага р-на).

Канкрэтныя матэрыялы дазваляюць зрабіць вывад пра амбівалентнасць гэтага міфалагічнага персанажа: “русалкі бываюць добрыя і злыя” (Буда-Кашалёўскі р-н, в. Рагінь), “Русалкі – вельмі злобныя сушчаства, і сваю злосць яны пераносяць на людзей” (г. Гомель), “Яны доб­ра нікому не дзелаюць, а толькі шчыкоцяць ды пугаюць тых, хто прыйшоў на возера” (г. Гомель). Гэта асаблівасць яскрава выяўляецца на ўзроўні функцыянальнасці персанажа ў розных лакальных традыцыях Гомельшчыны. З аднаго боку, гэтых істот баяліся, бо яны маглі нашкодзіць чалавеку: “утапіць могуць, распугваюць рыб ад берага, калышуць лодкі людзей, зацягваюць пад ваду плаўцоў” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскі р-на), “яны могуць чалавека зашлакатаць” (в. Хутар Светлагорскі р-на), “русалкі не любяць людзей, могуць пагубіць іх” (в. Будзішча Чачэрскі р-на)… “Русалка збівае путнікаў з дарогі. Калі к ёй хтось па­дый­дзе, то ана можа забраць к сабе. Ані пакасцяць людзям, бо хаваюць адзежу” (п. Чырвонае Жыткавіцкага р-на), “Русалкі хлопцаў маладых да сябе заўлякаюць, а потым топяць” (г. Калінкавічы), “А шчэ яны, русалкі, маглі агарод порціць, парыць ці павырываць што-небудзь у гародзе” (в. Дуброва Светлагорскага р-на). “Калі рыбак ловіць рыбу, дык русалкі пугаюць рыб, каб у іхням прудзе не зводзілася ры­ба” (в. Мнагаверш Калінкавіцкага р-на); а з другога боку, лічылася, што русалкі дапамагалі рыбакам “Доб­рыя русалкі памагаюць рыбакам, вешаюць ім на кручкі шчук, пяюць сабе песні і ні­ка­му зла не робяць” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на), “Ка­за­лі, іншы раз рыбакам дапамагалі, каб добры ўлоў быў, рыбы налавіць. Казалі, гэта ру­сал­кі дапамагалі ім” (в. Забалацце Акцябрскага р-на).

У асноўным месца знаходжання русалак – вада, але і на дрэвах яны таксама могуць сядзець. І яны вельмі любяць людзям шкодзіць: то ў ваду каго-небудзь з мужчын зацягнуць, а то і дзяўчыну іншы раз забяруць, але вельмі рэдка, толькі тады, калі пазайздросцяць прыгажосці.

Паводле ўяўленняў жыхароў Гомельскага р-на, “русалкі – гэта тыя людзі, каторыя тапіліся, утопленікі. Душа іхняя выходзіць з вады ў дванаццаць ночы ў белым, у асноўным жанчыны. Яны маглі прывлеч хлопца, завесць у балота. Потым хлопцы казалі, што русалкі з імі піравалі і гулялі цэлую ноч, а ўтрам нічога не было”. Лічылася ў народзе, што русалкі прадчуваюць бяду і прыходзяць папярэдзіць сваіх родных. Паводле ўспамінаў некаторых інфарматараў, русалкі не шкодзяць, а могуць толькі напалохаць чалавека або пажартаваць з яго.

Хаця па свайму паходжанню русалкі – гэта душы дзяўчат, памершых да вяселля, аднак шырока вядомы павер’і аб іх мацярынстве (русалка з’яўляецца з дзіцём на руках, пагражае таму, хто не клапаціўся пра яе дзіця), а таксама аб здольнасці русалкі карміць грудзямі чалавечых дзяцей, апекаваць нованароджаных, пакінутых жанчынамі ў полі і г.д. У народзе кажуць, што русалкі ў абмен на завіты вянок могуць паслаць жаніха. Знаходжанне русалак у ржаным або канапляным полі матывуецца ў народных павер’ях тым, што русалкі ахоўваюць пасевы і садзейнічаюць ураджаю.

У першапачатковых народных уяўленнях дэманічны вобраз русалкі абагаўляўся і звязваўся з клопатамі пра пладаноснасць зямлі, пра яе ўраджайнасць. Але з цягам часу, як сведчаць вучоныя, у выніку ўзаемадзеяння язычніцкіх і хрысціянскіх вераванняў многія старажытныя боствы захавалі ў сабе амбівалентныя рысы: выступалі то як памочнікі чалавека, то як яго ворагі. Паводле меркавання Г.А.Барташэвіч, русалкі – загадкавыя істоты, якія выклікаюць да сябе дваякае стаўленне: “пачцівае, як да бостваў (пра што сведчыць прысвячэнне ім абрадаў і песень), і пагрозліва-засцерагальнае (выгнанне і рытуалы ахоўнай магіі)” [5, с. 64].

Маючы на ўвазе апошні момант адносін да русалак, спашлемся на цікавыя віды засцярог, якія існавалі ў свой час на Смаленшчыне. Фалькларыст-збіральнік У.М. Дабравольскі паведамляе: “Каб выратавацца ад русалак у час іх нападу, трэба было абвесці вакол сябе рысаю, у гэтым крузе і стаць. Русалкі тады не падступяцца, паходзяць, паходзяць каля рысы і схаваюцца” [5, с. 64]. Далей фалькларыст прыводзіць канкрэтныя прыклады духаўскіх песень, у якіх дзяўчаты просяць бабулю абвесці іх чарадзейным кругам і абсыпаць аўсом і хмелем:

А ты, бабушка Купріяноўна,

Ты ж абчарці нас залатым нажом,

Ты ж абсей нас ярым аўсом,

У адказ бабуля абвяла рысаю дзяўчат у крузе, гаворачы:

Хто ў чарце – то нашы,

За чартою – то не нашы! [5, с. 64]

Зыходзячы са сведчанняў У.М. Дабравольскага, на Духаўскім тыдні, згодна з народнымі павер’ямі, ходзяць па лесе голыя жанчыны і дзеці, пры сустрэчы з якімі трэба абавязкова накінуць на іх хустку ці якую-небудзь анучку. Калі ж нічога з сабой няма, то трэба адарваць рукаў ад сукенкі і кінуць на русалак, бо ў адваротным выпадку пагражае непазбежная смерць. Павер’е адносна дзяцей русалкі, якія стогнуць, было надзвычай распаўсюджаным. Напрыклад, сялянка з в. Данькова Фёкла Маркаўна расказала У.М. Дабравольскаму наступнае: “Я ехала праз лес са сваім бацькам, праязджаючы каля адной вялікай ёлкі, мы пачулі жалобны стогн, быццам маленькія дзеці плакалі. Бацька шапнуў мне на вуха: “Гэта дзеці русалкі плачуць!” Мы прыкрылі месца каля ёлкі хусткай, і іх плач сціх” [5, с. 65].

Іншы раз вінавацілі русалак і тады, калі згубіцца скаціна. У такім выпадку старыя людзі казалі, што трэба пакласці “аднос” русалкам, каб згубленую жывёліну знайсці. “Аднос” раілі рабіць так: “Спляці лапці, седзячы ў лесе на пні, разарві новую жаночую сарочку і зрабі з яе анучы, і разам з хлебам і соллю ўсё гэта закруці ў чыстую анучку, перавяжы чырвонай лентай і аднясі на перакрыжаванне ў лес. Там, паклаўшы ўсё гэта на якое-небудзь дрэва, нахіліся да зямлі, не хрысцячыся, на ўсе чатыры бакі і гавары: “Прашу вас, русалкі, мой дар прыміце, а скаціну вярніце!” [5, с. 65].

Каб засцерагчыся ад згубнага ўздзеяння русалкі, прамаўлялі замовы: “Вадзяніца, лесавіца, шалёная дзявіца! Адвяжысь, адкацісь, у маём дварэ не кажысь; табе тут ня век жыць, а нядзелю быць. Ступай у рэчку глыбокую, на бярозу высокую. Бяроза, трасісь, вадзяніца ўймісь. Амінь” (Запісана ў в. Збароў Рагачоўскага р-на ад Адамавай Кацярыны Іванаўны, 1936 г.н.), або “Вадзяніца, лесавіца, шальная дзявіца! Адвяжыся, адчапіся, у мой двор не кажыся і табе тут не век жыць, а нядзелю быць. Ступай у раку глыбокую, на асіну высокую. Асіна, трасіся, уйміся. Я закон прынімаю, златы крыж цалаваў; мне з табой не вадзіцца, не куміцца. Ступай у бор к лесному хозяіну, ён цябе ждаў, на імху пасцель слаў, муравой усцілаў, у ізгалоўе калоду клаў; з ім табе спаць, а мне, хрышчонаму, цябе не відаць. Амінь” (Запісана ў в. Гарадзец Рагачоўскага р-на ад Тамашовай Ганны Дзянісаўны, 1948 г.н.). “Абараніцца ад нападу гурта русалак вельмі проста, дастаткова мець пры сабе жалезную булаўку, шпільку: варта ўкалоць адну русалку, як усе з крыкам разбягаюцца і знікаюць” [2, с. 435]. “Супраць русалак выкарыстоўваюцца і ўніверсальныя сродкі, прыгодныя супраць любой нячыстай сілы – крыж, малітва, мацерная лаянка” [6, с. 255].

З мэтай засцярогі ад русалак выкарыстоўвалі часнок і цыбулю: “Каб засцерагчыся ад русалак трэба на нітачку насадзіць кусочак часнака ці цыбулі і завязаць на шэі, бо русалкі не любяць гэ­та­га запаху” (г. Ветка), палын: “А колі ходзі­лі, то бралі з собой полын, оны (русалкі) его бояцца” (в. Малешаў Жыткавіцкага р-на), крыж: “Зразумеў ён тады, што то русалкі. Выняў крыж і к русалцы прылажыў, тая завыла і ў ваду кінулася, а за ёй ўсе астальныя” (в. Глыбаўка Веткаўскага р-на), жалеза, крапіву: “Русалкі вельмі баяцца жалеза, крапівы” (в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на), кудзелю, якую закідвалі на дрэва: “ Болей ўсяго баяцца іх перад Купаллем. Песні тады пець нада на вербы кудзелі закідаць” (в. Страдубка Лоеўскага р-на), іголку: “Калі ўбачыш русалку, нужна ўкалоць сябе іголкай” (г. Рэчыца), “Ад русалкі ёсць засцярога – гэта жалезная іголка” (в. Залессе Чачэрскага р-на).

Такім чынам, аналіз павер’яў, звязаных з русалкай, пераконвае, наколькі яны шырока лакалізаваны, багатыя і шматстайныя, калі мець на ўвазе сюжэты міфалагічных аповедаў, і яскрава дэманструюць амбівалентнасць функцый. Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з русалкамі, ляжаць ля вытокаў абраду ваджэння русалкі. У сувязі з гэтым Л.М. Вінаградава падкрэслівае: “Не цалкам зразумелым заставалася і пытанне аб суадносінах павер’яў аб русалках і дадзеных абраду “праводзін русалкі”: па матэрыялах павер’яў гэты персанаж уяўляўся ў большай ступені звязаным з “нечысцю”, небяспечнай і шкаданоснай сілай, па дадзеных русальнай абраднасці – больш відавочнай станавілася сувязь русалак з вегетатыўным культам, з расліннасцю, жытам, бярозай, з ідэяй плоднасці і ураджайнасці” [7, с. 88].