Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник 2008.doc
Скачиваний:
131
Добавлен:
08.11.2018
Размер:
1.09 Mб
Скачать

Тэарэтычны матэрыял да тэмы Слова як адзінка мовы

Мова складаецца са слоў. У словах адлюстраваліся працэсы і вынікі пазнавальнай дзейнасці чалавека за шматвяковую гісторыю грамадства.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы з пэўным значэннем.

Словы служаць для моўных зносін паміж людзьмі. Значэнне слова – гэта прынятая грамадствам суадноснасць гукавой абалонкі слова з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці.

Асноўнае прызначэнне слова ў мове – называць прадметы, іх прыметы, дзеянні, з’явы: хата, расліна, вялікі, бегчы, спяваць. Прадметы і з’явы рэчаіснасці, якія мы бачым, адчуваем дотыкам, нюхам, на слых і на смак, адлюстроўваюцца ў нашай свядомасці ў выглядзе паняццяў пра іх.

Паняцце – гэта абагуленае ўяўленне людзей пра істотныя прыметы і ўласцівасці прадметаў, з’яў рэчаіснасці.

Паняцці ўзнікаюць і рэалізуюцца ў словах, часам у словазлучэннях, за якімі замацоўваюцца адпаведныя значэнні. Так, слова ядро выражае адно паняцце “унутраная частка чаго-небудзь” і мае некалькі лексічных значэнняў: 1) унутраная частка плода ў цвердай абалонцы (ядро арэха); 2) шарападобны каменны або чыгунны артылерыйскі снарад (пушачнае ядро); 3) спарт. Металічны шар для штурхання (спаборніцтвы ў штурханні ядра); 4) спец. Унутраная, цэнтральная частка чаго-небудзь (ядро атама, ядро Зямлі); 5) перанос. Асноўная частка якой-небудзь групы, калектыву (ядро арміі) і інш.

Не выражаюць паняццяў некаторыя займеннікі, службовыя і мадальныя словы, выклічнікі. Самастойныя словы (назоўнікі, прыметнікі і інш.) маюць свае лексічныя і граматычныя значэнні. Лексічнае значэнне перадаецца асновай слова, граматычнае значэнне выражаецца канчаткам, прыназоўнікам і канчаткам адночасова, прыстаўкай, суфіксам, прыстаўкай і суфіксам, націскам, формамі ліку, часу, ладу і інш. Граматычныя значэнні слоў вывучае граматыка, лексічныя – лексікалогія.

Асноўныя лексічныя значэнні слова

Адрозніваюць два асноўныя лексічныя значэнні слова: прамое і пераноснае.

Прамое значэнне непасрэдна ўказвае на прадмет, з’яву, дзеянне, якасць.

Так, у сказе Дзеці ахвотна чытаюць казкі ўсе словы маюць прамое значэнне: дзеці – хлопчыкі або дзяўчынкі, ахвотна – з радасцю, чытаюць – успрымаюць напісанае, вымаўляючы ўголас ці самі сабе, казкі – апавядальныя творы вуснай народнай творчасці.

Словы, якія маюць адно лексічнае значэнне, называюцца адназначнымі. Да іх адносяцца навуковыя тэрміны: ангіна – з медыцыны, залоза – з біялогіі, дзеяслоў – з мовазнаўства; назвы асобных дрэў, кустоў, ягад, грыбоў – елка, баравік, брусніцы і г.д.

Значна больш у лексіцы мнагазначных слоў. Уласцівасць слоў мець некалькі лексічных значэнняў называецца мнагазначнасцю. У мнагазначных словах можа быць некалькі прамых і пераносных значэнняў.

Пераносныя значэнні – гэта значэнні, якія ўзніклі ў слове ў выніку пашырэння першапачатковага значэння пры пераносе якасці, уласцівасці аднаго прадмета на другі.

Пераносныя значэнні слова – другасныя, вытворныя, і ўсведамляюцца яны толькі ў супастаўленні з прамым значэннем таго самага слова. Напрыклад, слова плынь мае 3 значэнні: 1) рух вады ў рэчках, морах: рачная плынь; 2) перан. Вялікая маса людзей, якая рухаецца ў адным напрамку: людская плынь, 3) перан. Напрамак у якой-небудзь галіне дзейнасці: літаратурная плынь. Развіцце некалькіх значэняў у слове адбываецца пры пераносе найменняў з адных прадметаў і з’яў на другія на аснове падабенства іх прымет, формы (шышка сасновая і шышка на ілбе), колеру (залаты пярсценак і залаты характар), прызначэння (пяро гусінае і пяро ў ручцы), сумежнасці ў прасторы або часе (драўляны стол і дыетычны стол) і інш.

Канкрэтнае лексічнае значэнне выяўляецца толькі ў словазлучэннях, у сказах або ў кантэксце. Няведанне дакладнага значэння слова прыводзіць да непаразумення, памылак. Здольнасць мнагазначнага слова набываць у кантэксце новыя значэнні ці адценні значэння шырока выкарыстоўваецца пісьменнікамі і публіцыстамі, якія ствараюць яркія, вобразныя малюнкі прыроды, характары людзей, трапна перадаюць думкі і пачуцці герояў.