Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Novy_EUMK_pa_bel_move_praf_lex_EA.doc
Скачиваний:
362
Добавлен:
20.11.2018
Размер:
2.07 Mб
Скачать

Вучэбна-метадычны блок

МОДУЛЬ 1

Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей

Мэта — усвядоміць ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыяльных зносін, функцыі беларускай мовы як асноватворнага кампанента нацыянальнай культуры; набыць практычныя ўменні і навыкі граматнага карыстання вуснай і пісьмовай мовай.

Задачы:

  • засвоіць паняцці мовы, маўлення, формы беларускай літаратурнай мовы, літаратурных норм, функцый мовы ў грамадстве; канцэпцыі паходжання і этапы развіцця беларускай мовы;

  • усвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і духоўным адраджэнні нацыі; месца і ролю беларускай мовы ў славянскай і еўрапейскай супольнасці народаў і моў;

  • пазнаёміцца з моўнай палітыкай дзяржавы ў гістарычным кантэксце, моўнай сітуацыяй ў Рэспубліцы Беларусь на сучасным этапе.

Тэма 1

Уводзіны ў дысцыпліну «Беларуская мова (прафесійная лексіка)». Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей

1.1 Мова і соцыум. Гіпотэзы паходжання мовы. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова — грамадская з’ява. Яна стала тым неабходным і абавязковым элементам жыцця чалавека, які суправаджае яго ва ўсіх сферах жыцця. Як мова без грамадства не можа існаваць, так і грамадства не будзе існаваць без мовы, бо мова — гэта не штучнае ўтварэнне адной асобы, а з’ява цэлага калектыву, соцыуму ў працэсе яго гістарычнага развіцця.

Мова з’явілася настолькі даўно, што пра яе паходжанне мы можам толькі будаваць тэорыі. Лінгвісты і філосафы ў розныя часы вылучалі наступныя тэорыі: тэорыя гукапераймання, выклічнікавая тэорыя, тэорыя грамадскай дамоўленасці, тэорыя Энгельса і лагасічная тэорыя.

Прыхільнікі гукапераймальнай тэорыі сцвярджаюць, што мова ўзнікла дзякуючы таму, што людзі пачалі пераймаць гукі жывой і нежывой прыроды. Напрыклад, такім спосабам было ўтворана слова рускай мовы «кукушка» ад «ку-ку», у беларускай мове слова «капаць» ад «кап-кап» і інш. Аднак паходжанне абсалютна ўсіх слоў пад гэтую тэорыю падвесці было нельга (напрыклад, чаму стол назвалі сталом).

Вучоныя і мудрацы Старажытнай Грэцыі заўважалі, што чалавек сам можа ствараць вялікую колькасць розных гукаў, і менавіта ад гэтых гукаў бярэ свой пачатак мова. У сувязі з тым, што такія гукі сучаснымі лінгвістамі класіфікуюцца як выклічнікі, дадзеная тэорыя стала называцца выклічнікавай. Паводле гэтай тэорыі мова ўзнікла як рэакцыя на розныя пачуцці (радасць, перажыванне, боль і інш.), гэтым падкрэсліваўся індывідуальны фактар утварэння мовы.

Па меркаванні прыхільнікаў лагасічнай (ад грэч. logos) тэорыі паходжання мовы, мова і слова былі падараваны людзям ад Бога і існавалі задоўга да з’яўлення чалавека. Зыходзячы з гэтага, слову прыпісвалася магічная сіла, яно разглядалася як першааснова ўсяго, што існавала ў прыродзе.

Найбольш уплывовай і аўтарытэтнай у сучаснай лінгвістыцы з’яўляецца тэорыя Ф. Энгельса, які лічыў, што ўзнікненне мовы залежала ад развіцця двух фактараў: біялагічнага (чалавек пачаў хадзіць прама, канечнасці пачалі дзяліцца на рукі і ногі, некаторыя жыццядзейныя органы набываюць дадатковую функцыю ўтварэння маўлення і ўтвараюць маўленчы апарат чалавека) і сацыяльнага (праяўляўся ў калектыўнай працы людзей, праз якую адбывалася развіццё свядомасці).

Вучоныя вылучаюць больш за 25 функцый, якія выконвае мова ў грамадстве. Галоўнай функцыяй мовы з’яўляецца камунікатыўная — функцыя сувязі. Пры дапамозе яе людзі звязваюцца паміж сабою. Сувязь можа быць як вербальная (слоўная), так і невербальная (жэсты, міміка). З камунікатыўнай функцыяй цесна звязана кагнітыўная (пазнавальная) функцыя. Пры дапамозе мовы чалавек пазнае акаляючы свет, засвойвае пэўныя паняцці і рэаліі.

Для выражэння жаданняў і патрэб ў паўсядзённым жыцці выкарыстоўваецца валюнтатыўная функцыя мовы — функцыя волевыяўлення і пабуджэння да дзеяння. Пры дапамозе яе чалавек выказвае сваё жаданне і волю. Дзякуючы намінатыўнай (называльнай) функцыі мовы адбываецца называнне ўсіх абстрактных і канкрэтных паняццяў і рэалій, што акаляюць нас у нашым жыцці. Рэгулятыўная функцыя мовы адказвае за наладжванне кантактаў паміж людзьмі пад уплывам некаторых фактараў (сацыяльны статус, узрост, пол суразмоўцаў). Акумулятыўная функцыя адказвае за назапашванне ведаў, традыцый, гісторыі і культуры пэўнага народа. Эстэтычная функцыя праяўляецца праз уздзеянне на чалавека словам, формай выражэння вербальнага выказвання.

Мова абслугоўвае ўсе сферы жыцця чалавека, яна з’яўляецца носьбітам нацыянальнага скарбу, культурнай спадчыны, духоўнага здабытку этнасу. Народ, грамадства, якія абслугоўвае мова, непарыўна і бесперапынна прыўносяць у мову здабыткі культуры, нацыянальны кантэкст. Такім чынам, мова адлюстроўвае ўсё культурнае (духоўнае) багацце народа. У гэтым праяўляецца этнічная функцыя мовы.

Мова — вышэйшы скарб чалавецтва. Толькі дзякуючы слову мы можам выказваць свае думкі, пачуцці, перажыванні. Таму відавочны працэс узаемадзеяння мовы і мыслення. Выражэнне думкі пры дапамозе слова адбываецца праз катэгарыяльнае абагульненне ведаў і назіранняў пра навакольнае асяроддзе. Кожны прадмет, дзеянне, з’ява, адчуванне знайшлі сваё адлюстраванне ў мове і ў свядомасці чалавека.

Такім чынам, мова — сацыяльная з’ява, набытая чалавецтвам у працэсе яго развіцця, непарыўна звязаная з соцыумам, яго грамадскім, культурным і нацыянальным жыццём.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]