Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Novy_EUMK_pa_bel_move_praf_lex_EA.doc
Скачиваний:
362
Добавлен:
20.11.2018
Размер:
2.07 Mб
Скачать

Навуковы стыль і яго моўныя асаблівасці

2.1 Навуковы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Сфера прымянення навуковага стылю мовы — навука, тэхніка і вучэбны працэс. Мэта навуковага стылю — паведаміць агульныя ці прыватныя істотныя прыкметы прадмета апісання, яго ўласцівасці, прычыны і інш.

Вылучаюць наступныя асноўныя функцыянальна-стылёвыя характарыстыкі навуковага стылю: дакладнасць, лагічнасць, абстрактнасць, доказнасць і аб’ектыўнасць.

Дакладнасць рэалізуецца праз сэнсавую адпаведнасць асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям, а таксама праз выкарыстанне адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках. Праяўленне дакладнасці ў навуковым тэксце звязана з выкарыстаннем правераных па аўтарытэтных выданнях лічбаў, фактаў і інш. Для навуковага стылю дакладнасць служыць абавязковым атрыбутам: гэтаму спрыяюць і адназначная лексіка дадзеных стыляў, і стандартныя структуры сказаў, і наяўнасць добра ўсвядомленых паняццяў, старанна падрыхтаваных думак і суджэнняў.

Пры дапамозе лагічнасці ўстанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі паведамлення. Так, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксісу. Лагічнасць павінна прымяняцца і па-за межамі сказа да выступленняў, дакладаў, артыкулаў і г. д., якія звычайна будуюцца па лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) — асноўная частка — заключэнне. Асноўныя палажэнні кожнай часткі павінны арганічна і лагічна звязвацца паміж сабой.

Абстрактнасць у навуковым стылі праяўляецца ў абмежаванні прадмета даследавання ад усіх магчымых фактараў, што могуць паўплываць на аб’ектыўнасць аналізу. Так, апісваючы паняцце «дрэва» мы маем на ўвазе не канкрэтнае дрэва (бяроза ці сасна), а абстрактнае паняцце, што мае свае прыметы і вылучае яго з шэрагу іншых прадметаў. Абстрагаванне — даволі важны працэс мыслення чалавека.

Доказнасць, або аргументаванасць, выкарыстоўваецца ў навуковым стылі з мэтай абмежавання наяўнасці ў навуковых тэкстах беспадстаўных сцвярджэнняў. Кожны аргумент (гіпотэза) павінен быць пацверджаны дакладным фактам.

Аб’ектыўнасць навуковай інфармацыі — гістарычна залежнае паняцце, абумоўленае ступенню развіцця навукі на пэўным этапе вывучэння з’явы або прадмета. Аднак кожны навуковец пры аналізе аб’екта даследавання павінен імкнуцца да аб’ектыўнага апісання вынікаў даследавання, не ўтойваючы і не прыдумваючы жаданыя вынікі. У такім выпадку аб’ектыўнасць даволі цесна звязана з абстрагаваннем.

2.1 Сістэма лексічных сродкаў навуковага стылю

Лексіка навуковага стылю складаецца з трох узроўняў: 1) агульнаўжывальная (нейтральная); 2) кніжная (агульнанавуковая); 3) спецыяльная (тэрміналагічная). Агульнаўжывальныя словы выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі толькі ў першасным значэнні, што дазваляе аб’ектыўна акрэсліць сутнасць паняцця або з’явы. Таму, калі слова шматзначнае, у навуковым стылі яно ўжываецца толькі ў адным значэнні (радзей у двух-трох). Напрыклад, слова зямля ў беларускай мове мае пяць значэнняў:

  1. «планета»;

  2. «суша ў адрозненні ад воднай прасторы»;

  3. «глеба»;

  4. «гаспадарка»;

  5. «радзіма».

У навуковым стылі з прыведзеных тут значэнняў рэалізуюцца толькі тры — першае, другое і трэцяе.

Імкненне да абагульнення, да абстарктнага характару паведамлення праяўляецца ў тым, што ў навуковым стылі абстрактная лексіка пераважае над канкрэтнай. Слова ў навуковым стылі звычайна называе не канкрэтны індывідуальна непаўторны прадмет, а клас аднародных прадметаў або з’яў, г. зн. выражае не прыватнае, індывідуальнае, а агульнае навуковае паняцце. Напрыклад: Эканоміка займаецца вывучэннем народнай гаспадаркі або яе часткі. У гэтым прыкладзе амаль кожнае слова абазначае агульнае паняцце — эканоміка ўвогуле (а не эканоміка Беларусі, напрыклад), гападарка ўвогуле і інш.

Лексіка навуковага стылю характарызуецца таксама адноснай аднароднасцю. Гэта праяўляецца ў тым, што аб’ём слоўнікавага складу тэксту павялічваецца не столькі ў выніку ўжывання розных слоў, колькі за кошт шматразовага паўтарэння адных і тых жа.

Другі значны пласт навуковага маўленння складае агульнанавуковая, або кніжная, лексіка. Пры дапамозе агульнанавуковых слоў апісваюцца з’явы і працэсы розных галін навукі і тэхнікі, напрыклад, аперацыя, пытанне, задача, працэс, прыстасаванне, вынік, аспект, этап, дыяпазон, факт, актуальнасць, каштоўнасць і г. д.

Трэці пласт лексікі навуковага стылю мовы складае тэрміналогія. Тэрміналогія — гэта ядро навуковага стылю, найбольш істотная асаблівасць мовы навукі. Тэрмін — слова або словазлучэнне, якое дакладна і адназначна называе прадмет, з’яву або паняцце навукі, найбольш поўна раскрывае змест вывучаемага прадмета або з’явы. У аснове тэрміна ляжыць навукова пабудаванае азначэнне (дэфініцыя). Валодаючы строгім, дакладна акрэсленым значэннем, тэрмін называе ўсе істотныя прыметы, неабходныя для раскрыцця паняцця, паказвае агульнасць дадзенага паняцця з іншымі, а таксама адрознівае яго ад іх пры дапамозе спецыфічных рыс, напрыклад: Эканомічны крызіс — парушэнне ў працэсе развіцця эканомікі, якое праяўляецца ў абсалютным падзенні вытворчасці, недагрузцы вытворчых магутнасцяў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фінансавай сферах і інш.

Важнае месца сярод тэрміналагічнай лексікі займаюць запазычаныя словы. Гэта тлумачыцца наступнымі фактарамі: 1) запазычаныя словы, як правіла, не звязаны для чалавека з пэўнымі асацыяцыямі, як гэта адбываецца са словамі роднай мовы; 2) выкарыстанне запазычаных тэрмінаў спрыяе развіццю тэндэнцыі да міжнароднай стандартызацыі мовы і навукі.

Тэрміналагічная лексіка ў сваю чаргу падзяляецца на агульнанавуковую тэрміналогію і вузкаспецыяльную. Агульнанавуковыя тэрміны выражаюць катэгорыі і паняцці, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах навуковых ведаў. Напрыклад: сістэма, элемент, структура, функцыя, мадэль, парадыгма, праграма, фактар, аналіз, сінтэз і інш.

Вузкаспецыяльныя тэрміны называюць спецыфічныя для кожнай навуковай галіны прадметы і з’явы, паняцці і катэгорыі. У адпаведнасці з асаблівасцямі той дзейнасці, якую абслугоўвае спецыяльная мова, вылучаюць пяць адносна самастойных лексічных груповак вузкаспецыяльных тэрмінаў:

  1. тэрміны, якія называюць сферу дзейнасці, у склад якіх уваходзяць назвы навуковых дысцыплін, галін тэхнікі, тэхналогіі вытворчасці; найменні праблем, якімі займаюцца канкрэтныя навукі і інш.: інфарматыка, эканоміка сельскай гаспадаркі, радыёфізіка, малекулярная біялогія, мікрабіялогія і інш.;

  2. тэрміны, якія называюць аб’ект дзейнасці: мова (мовазнаўства), літаратура (літаратуразнаўства), вірусы (вірусалогія), металы (металазнаўства), гукі (фанетыка) і інш.;

  3. тэрміны, якія называюць суб’ект дзейнасці: навуказнаўца, інфарматык, генетык, мікрабіёлаг, эканаміст, лінгвіст і інш.;

  4. тэрміны, якія называюць сродкі дзейнасці, уключаюць некалькі самастойных катэгарыяльных груповак: а) прылады дзейнасці — датчыкі, мікрапрацэсары, ператваральнікі, тэрміналы, лазеры, рэзанатары, рэактары і інш.; б) працэсы дзейнасці — тэлекіраванне, радыёлакацыя, праектаванне, дыягностыка і інш.; в) метады дзейнасці — збор інфармацыі, анатаванне, рэфераванне і інш.;

  5. тэрміны, якія называюць прадукты дзейнасці, ахопліваюць шырокі спектр розных вынікаў дзейнасці: паўправадніковыя матэрыялы, металічныя сплавы, пласмасы, мовы праграмавання і г. д.

Такім чынам, лексіка навуковага стылю ўяўляе сабой складанае ўтварэнне, якое ўключае розныя лексічныя пласты, сярод якіх базавым з’яўляецца пласт тэрміналагічнай лексікі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]