Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Novy_EUMK_pa_bel_move_praf_lex_EA.doc
Скачиваний:
362
Добавлен:
20.11.2018
Размер:
2.07 Mб
Скачать

3.3 Тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі, іх роля і месца ў лексікаграфічнай сістэме беларускай мовы

Тэрміналагічныя слоўнікі — лексікаграфічныя даведнікі, якія сістэматызуюць і тлумачаць спецыяльныя тэрміны розных галін навукі і тэхнікі. Гісторыя сучаснай беларускай тэрміналогіі вядзе свой пачатак ад вядомай «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча, якая не толькі замацавала на пісьме асноўныя правапісныя і марфалагічныя нормы, але і зафіксавала існуючую на той час беларускую лінгвістычную тэрміналогію.

Тэрміналагічныя слоўнікі адносяцца да слоўнікаў змешанага (лінгвістычнага і энцыклапедычнага) тыпу. У іх сумяшчаюцца як звесткі пра само слова-тэрмін, так і звесткі пра тую рэалію, якую абазначае дадзены тэрмін. Слоўнікавы артыкул тэрміналагічнага слоўніка складаецца з рэестравага слова, дыфініцыі і этымалагічнай даведкі.

Да слоўнiкаў такога тыпу адносяцца, напрыклад, «Слоўнiк лiнгвiстычных тэрмiнаў» А. Юрэвiча (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» А. А. Макарэвіча (2-е выд., 1969), «Слоўнiк лiнгвiстычных тэрмiнаў» П. У. Сцяцко, М. Ф. Гулiцкага, Л. А. Антанюк (1990), «Слоўнiк акцёра i рэжысёра» А. А. Каляды (1995), «Тэорыя лiтаратуры ў тэрмiнах» В. П. Рагойшы (2001), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» А. М. Каладзінскага, Д. М. Карацінскай, П. У. Сцяцко (1999) і інш.

Гласарый

Гiстарычны слоўнік — слоўнік, які адлюстроўвае лексiку мiнулых эпох.

Дыялектны слоўнiк — слоўнік, які змяшчае і тлумачыць дыялектную лексіку, запісаную ў пэўнай гаворцы, у якой-небудзь мясцовасці.

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos — слоўнікавы і grapho — пішу) — раздзел мовазнаўства, які вывучае тэорыю і практыку складання слоўнікаў.

Слоўнiк iншамоўных слоў — слоўнік, які адзнача­е паходжанне iншамоўнага слова, указвае на мову-крынiцу i напiсанне ў ёй слова, а таксама раскрывае сэнс запазычанага слова.

Тлумачальны слоўнiк — слоўнік, які тлумачыць зна­чэнне слова, дае яго напiсанне, указвае месца нацiску, адлюстроўвае граматычныя i стылiстычныя асаблiвасцi.

Фразеалагічны слоўнік — слоўнік, у якім тлумачыцца сэнс фразеалагізмаў і іх варыянтаў, прыводзяцца ілюстрацыйныя прыклады, часам тлумачыцца паходжанне фраземы.

Этымалагiчны слоўнiк — слоўнік, які тлумачыць паходжанне слоў.

Пытанні для самападрыхтоўкі

    1. Што такое слоўнік?

    2. Якія элементы ўваходзяць у склад слоўнікавага артыкула?

    3. Якая розніца паміж лінгвістычнымі і энцыклапедычнымі слоўнікамі? Што (паняцце, рэалія ці слова) раскрываецца, апісваецца ў першых слоўніках і што — у другіх?

    4. Чым адрозніваецца сістэма падачы тэрмінаў у тлумачальных і перакладных слоўніках, у слоўніках іншамоўных слоў?

Трэнінг уменняў

Заданне 1. Карыстаючыся слоўнікамі, вызначце, што могуць абазначаць наступныя словы.

◊ Маркетынг, адміністраванне, акрэдытыў, эканоміка, арэнда, біржа, прапанова, прыбытак, дэпанент, канкурэнцыя, дэфіцыт, квота, попыт, манаполія, акцыя, уклад, цана, падатак, банк, дэвальвацыя.

▲ Абвінаваўца, ашуканства, растэрміноўка, самаабкладанне, ісцец, адзінаначалле, скарга, тэстамент, хабарніцтва, банкруцтва, адвакат, злачынства, усынаўленне, ідэнтыфікацыя, пакаранне, санкцыі.

■ Плячо рычага, двухвалковы стан, рухавік унутранага згарання, дадатны зарад, прагрэсія, лінейнае праграмаванне, сіметрыя, анод, асінхроннасць, хаатычнасць, упускны клапан, вадкае паліва,.

Заданне 2. Прааналізуйце змест слоўнікавых артыкулаў, назавіце іх асноўныя структурныя элементы.

◊ 1. ДЭВАЛЬВАЦЫЯ, -і, ж. (спец.). Ажыццяўляемае ў заканадаўчым парадку змяншэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі або зніжэнне курсу нацыянальнай валюты. || прым. дэвальвацыйны, -ая, -ае. (ТСБЛМ)

2. ЗАЯЎНІК, -а, мн. -і, -аў, м. (афіц.). Той, хто падае заяву (у 2 знач.). || ж. заяўніца, -ы, мн. -ы, -ніц. || прым. заяўніцкі, -ая, -ае. (ТСБЛМ)

1. АБВІНАВАЎЦА, -ы, мн. -ы, -аў, м. Той, хто абвінавачвае каго-н. у чым-н., падтрымлівае абвінавачванне ў судовым працэсе. Дзяржаўны а. Грамадскі а. (ТСБЛМ)

2. МАХЛЯВАЦЬ, -люю, -люеш, -люе; -люй; незак. (разм.) Займацца махлярствам; жульнічаць, ашукваць. || зак. змахляваць, -люю, -люеш, -люе; -люй. || наз. махляванне, -я, н. (ТСБЛМ)

1. КАЛІБРАВАЦЬ, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; незак., што (спец.). 1. Правяраць або ўдакладняць калібр (у 1 знач.). К. дрот. 2. Правяраць дзяленні якога-н. вымяральнага прыбора. К. тэрмометр. || наз. калібраванне, -я, н. і каліброўка, -і, ДМ -роўцы, ж. (ТСБЛМ)

2. АРМАТУРА, -ы, ж. 1. зб. Прылады і прыналежнасці якога-н. апарата, машыны і пад. 2. Сталёвы каркас жалезабетонных збудаванняў (спец.). || прым. арматурны, -ая, -ае. (ТСБЛМ)

Заданне 3. З дапамогай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ўстанавіце значэнне агульнаўжывальных слоў і паняццяў, якія яны абазначаюць у пэўнай галіне навукі і тэхнікі. Якая памета ў слоўніку суправаджае тэрміны?

Заданне 4. Параўнайце змест слоўнікавых артыкулаў, адзначце іх падабенства і адрозненне.

◊ 1. ІНФЛЯЦЫЯ, -і, ж. Абясцэньванне папяровых грошай у выніку выпуску іх для абарачэння ў памерах, якія перавышаюць патрэбы таваразвароту.

[Ад лац. Inflatio — уздуцце.] (ТСБМ)

2. ІНФЛЯЦЫЯ, -і, ж. Празмернае (у адносінах да дзяржаўнага залатога запасу) павелічэнне колькасці папяровых грошай, што знаходзяцца ў абарачэнні ў краіне, якое выклікае іх абясцэньванне. || прым. інфляцыя, -ая, -ае. (ТСБЛМ)

▲ 1. КОДЭКС, -а, м. 1. Звод законаў. Кодэкс законаў аб працы. 2. перан. Сукупнасць правіл паводзін, поглядаў. Маральны кодэкс будаўніка камунізма (ТСБМ)

2. КОДЭКС, -а, мн. -ы, -аў, м. 1. Звод законаў. Грмадзянскі к. 2. перан., чаго або які. Сукупнасць асноўных правіл, пераконанняў (кніжн.). Маральны к. будаўнікоў новага грамадства. 3. Старадаўні рукапіс у пераплёце (спец.). Пергаментны к. (ТСБЛМ)

■ 1. ДЫЗЕЛЬ, -я, м. Рухавік унутраннага згарання, які працуе на вадкім паліве. Тысячасільныя дызелі пакручваюць магутныя трубы, на канцы якіх недзе ў недасягальнай глыбіні круціцца долата. Даніленка.

[Ад уласн. імя] (ТСБМ)

2. ДЫЗЕЛЬ, -я, мн. -і, -яў, м. Рухавік унутраннага згарання, які прцуе на вадкім паліве. || прым. дызельны, -ая, -ае.

Заданне 5 *. Прааналізуйце асаблівасці структуры слоўнікавага артыкула тлумачальнага і перакладнога слоўнікаў.

1. ДЫПЛАМАТЫЯ, -і, ж. 1. Дзейнасць урада па ажыццяўленню знешняй, міжнароднай палітыкі дзяржавы. 2. перан. Тонкі разлік, умельства і спрыт у дзеяннях, накіраваных на дасягненне якой-н. мэты. Наскрозь бачу тваю дыпламатыю. || прым. дыпламатычны, -ая, -ае. Дыпламатычныя адносіны. (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 1999)

2. ДИПЛОМАТИЯ дыпламатыя, - тыі ж. (Русско-белорусский словарь, 1982)

Заданне 6 *. Параўнайце слоўнікавыя артыкулы «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (ЭЛіБел) і «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» АН БССР (ТСБМ). Вызначце адрозненні ў будове артыкулаў, абгрунтуйце іх.

1. Выдавецтва, прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі. У БССР (1984) 11 В.: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларусь», Выдавецтва ЦК КПБ, «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». Гл. таксама атр. Выдавецкая справа.

2. Выдавецтва, -а, мн, -ы, -аў, н. Установа, якая займаецца выданнем кніг, часопісаў і пад. || прым. выдавецкі, -ая, ае.

Заданне 7. Адзначце, да якога з ніжэйпералічаных даведнікаў адносіцца наступны слоўнікавы артыкул:

◊ Пісь-м-енн-і[ц-к]-і (пісь+м+енн+ік+ск+і).

  1. «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (Г. У. Арашонкава, В. П. Лемцюгова, 1987);

  2. «Слоўнік беларускай мовы: цяжкасці правапісу, вымаўлення, акцэнтуацыі, словазмянення» (Л. А. Ламека, У. Б. Ламека, 2000);

  3. «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, М. М. Круталевіч, А. А. Лукашанец, 2000);

  4. «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, Л. М. Шакун, 1989);

  5. «Марфемны слоўнік беларускай мовы для сярэдніх школ» (М. А. Аўласевіч, Т. Я. Якубовіч, 1998).

▲ Аб-він-авач-ва-нн-е

  1. «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, М. М. Круталевіч, А. А. Лукашанец, 2000);

  2. «Слоўнік беларускай мовы: цяжкасці правапісу, вымаўлення, акцэнтуацыі, словазмянення» (Л. А. Ламека, У. Б. Ламека, 2000);

  3. «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, Л. М. Шакун, 1989);

  4. «Марфемны слоўнік беларускай мовы для сярэдніх школ» (М. А. Аўласевіч, Т. Я. Якубовіч, 1998);

  5. «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (Г. У. Арашонкава, В. П. Лемцюгова, 1987).

■ Палірав-а-нн-е

  1. «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, М. М. Круталевіч, А. А. Лукашанец, 2000);

  2. «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (Г. У. Арашонкава, В. П. Лемцюгова, 1987);

  3. «Слоўнік беларускай мовы: цяжкасці правапісу, вымаўлення, акцэнтуацыі, словазмянення» (Л. А. Ламека, У. Б. Ламека, 2000);

  4. «Марфемны слоўнік беларускай мовы для сярэдніх школ» (М. А. Аўласевіч, Т. Я. Якубовіч, 1998);

  5. «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (А. М. Бардовіч, Л. М. Шакун, 1989).

Заданне 8 *. Падрыхтаваць у алфавітным парадку беларуска-рускі слоўнік па спецыяльнасці на 10 слоў.

Заданне 9 *. Дайце характарыстыку аднаму са слоўнікаў (на выбар), выкарыстоўваючы наступны план: а) асноўнае прызначэнне слоўніка; б) будова слоўнікавага артыкула; в) колькасць загаловачных слоў; г) сістэма памет; д) прыклад аднаго слоўнікавага артыкула.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]