Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

3. Полацкае і Тураўскае княствы. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у іх – хііі ст. Увядзенне хрысціянства і развіццё культуры.

Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, пры гэтым Полацку надавалася важнае значэнне. З 882 г. Полацк і землі, якія яму падпарадкоўваліся, знаходзіліся ў пастаянных эканамічных і палітычных сувязях з Кіеўскім княствам. Аб гэтым ёсць некалькі ўспамінаў у летапісе. У першым з іх гаворыцца аб удзеле крывічоў у сумесным паходзе ў 882 г. кіеўскага князя Алега на Смаленск. У 907 г. князь Алег здейсніў паход на Канстанцінопаль, у якім удзельнічалі і палачане. Аналізуючы сведчанне летапісу, многія даследчыкі прыйшлі да высновы, што Полацкае княства ўваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, але адносіны з ёй былі намінальнымі і абмяжоўваліся толькі ўдзелам на ўзаемавыгадных ваенных мерапрыемствах.

Прыкладна ў 70-я гг. Х ст. у Полацку пачаў княжыць Рагвалод. Ён адзінаўладна кіраваў усёй Полацкай зямлёй, да саюзу з якой імкнуліся і наўгародскі князь Уладзімір, і кіеўскі князь Яраполк. У 980 г. Уладзіміру Святаславічу, які змагаўся са сваім братам Яраполкам за кіеўскі трон, удалося захапіць Полацк. Рагвалод быў забіты, яго дачка Рагнеда гвалтам узята Уладзімірам у жонкі. Яна нарадзіла яму сына Ізяслава. Згодна паданню, якое перададзена ў летапісе, Рагнеда зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра і была саслана разам з сынам у крэпасць, якая пазней стала вядомая як горад Ізяслаўль (Заслаўе). Потым, верагодна, Ізяслаў быў запрошаны палачанамі на княжанне ў Полацк. Такім чынам, была адноўлена кіруючая дынастыя полацкіх князёў.

У заканадаўчых адносінах Полацкая зямля кіравалася вечам, а ў выканаўчых – князем і яго дружынай. Веча запрашала князя, дамоўлівалася з ім аб умовах яго княжання, прымала абавязковыя для насельніцтва рознага роду пастановы, прызначала на пасады ўраднікаў (чыноўнікаў), аб’яўляла вайну і заключала мір. У выпадку парушэння князем дагавора веча пазбаўляла яго паўнамоцтваў. Выканаўчая ўлада абараняла тэрыторыю, ажыццяўляла адміністрацыйнае кіраванне і г. д. Уступленне князя на прастол суправаджалася строга вызначаным рытуалам прынясення клятвы. Новы князь прысягаў абараняць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы яе жыхароў.

Пасля смерці Ізяслава адзіным пераемнікам княжацкай улады ў Полацку становіцца яго малодшы сын Брачыслаў Ізяславіч. Князь Брачыслаў (1003 – 1044) і асабліва яго сын Усяслаў (1044 – 1101) фактычна не лічыліся з воляй кіеўскіх князёў і праводзілі самастойную палітыку. У барацьбе з кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад Брачыслаў дабіўся перадачы яму гарадоў Віцебска і Усвят, якія стаялі на важным шляху са Скандынавіі ў Візантыю. Па Заходняй Дзвіне палачане ажыццяўлялі экспансію на прыбалтыйскія землі, засноўваючы там цэнтры па збору даніны і кіраванню падуладным насельніцтвам. Магчыма, Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, які размяшчаўся на мяжы балцкай і славянскай супольнасці.

Усяслаў Брачыславіч, які атрымаў прозвішча Чарадзей, некаторы час падтрымліваў мірныя адносіны з кіеўскімі князямі. Аднак як толькі паміж апошнімі пачаліся ўсобіцы, разгарнуў барацьбу за падпарадкаванасць Полацку Паўночнай Русі. У 1065 г. полацкія дружыны асаджалі Пскоў, а ў 1066 г. штурмам узялі Ноўгарад. У адказ на гэта тры князі – браты Яраславічы на чале з кіеўскім князем Ізяславам пайшлі на полацкую зямлю і захапілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. на беразе ракі Нямігі адбылася страшэнная бітва. Усяслаў адступіў. Нягледзячы на выйграную бітву, князі Яраславічы прапанавалі мір і запрасілі Усяслава на перагаворы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Усяслаў адправіўся на перагаворы з двума сынамі. Аднак Яраславічы пайшлі на клятвапарушэнне, схапілі яго пад Оршай і адвезлі ў Кіеў.

У 1068 г. кіяўляне, якія паўсталі супраць Ізяслава, вызвалілі Усяслава і зрабалі яго кіеўскім князем. Праз сем месяцаў ён вярнуўся на радзіму. Усяслаў займае ганаровае месца ў гісторыі нашай краіны. У час яго кіравання Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і найвышэйшай ступені незалежнасці. У той час, калі ў астатніх усходнеславянскіх княствах з другой паловы ХІ ст. пачынаецца актыўнае дзяленне на ўдзелы, Полацкая зямля застаецца цэласнай дзяржавай з адным цэнтрам у Полацку. У гэты перыяд адбыліся такія значныя падзеі для Полацкага княства, як замацаванне за Полацкам Ніжнягя Падзвіння, будаўніцтва Сафійскага сабора, аднаўленне Менска, барацьба за пашырэнне ўсходняй мяжы княства. Пасля смерці Усяслава паміж яго сынамі вялася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся і іншыя князі.

Найбольш моцным з сыноў Усяслава быў князь Глеб Усяславіч, які праводзіў палітыку ўзвышэння Менска і ўсю сваю энергію накіроўваў на ўмацаванне і пашырэнне межаў Менскага княства. Гэта выклікала незадавальненне Кіева, якое прывяло да войнаў і плянення Глеба кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам. Адносіны Полацка з паўднёварускімі князямі ў першай трэці ХІІ ст. заставаліся вельмі вострымі. Гэта прывяло ў 1129 г. да таго, што кіеўскі князь Мсціслаў захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і выслаў у Візантыю. Толькі праз дзесяць гадоў яны здолелі вярнуцца ў свае ўдзелы.

У ХІІ ст. Полацкая зямля складалася з удзельных княстваў: Віцебскага, Менскага, Заслаўскага, Лагойскага і інш., у якіх улада, абмежаваная вечам, належала прадстаўнікам полацка-крывіцкай кіруючай дынастыі. Феадальная раздробленасць і бясконцая варожасць князёў аслаблялі Полацкую зямлю.

Тураўскае княства прымыкала да паўднёвых межаў Полацкай зямлі і знаходзілася на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў басейне Прыпяці. Першапачатковы яе палітычны цэнтр – Тураў. Буйным горадам княства быў Пінск. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980 г. Межы Тураўскай зямлі ў асноўным адпавядалі тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Пра грамадска-палітычны ўклад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак вельмі мала. Верагодна, што ў Тураве дзейнічала веча, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. У Тураве быў і пасаднік (пра гэта сведчыць Іпацьеўскі летапіс). Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага, – з’ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма. Такое параўнанне сведчыць пра асаблівасці грамадска-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. У канцы Х ст. і на працягу ХІ ст. Тураўская зямля знаходзілася ў цесным палітычным кантакце з Кіевам. Аднак у 50-я гг. ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. К пачатку ХІІІ ст. Тураўскае княства страціла сваё ранейшае палітычнае значэнне. Усё большую вагу набываў Пінск, які станавіўся па сутнасці другой сталіцай княства.

Такім чынам, першыя раннефеадальныя княствы ў Беларусі з’яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве – першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў беларусаў, якое ўзнікла ў канцы 1-га тысячагоддзя н.э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на працягу шэрагу стагоддзяў.

Перыяд ІХ – першай паловы ХІІІ ст. на беларускіх землях характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Паралельна з феадальным існавалі і іншыя ўклады – абшчынны і рабаўладальніцкі. Значная частка зямлі належала дзяржаве. Сяляне, якія пражывалі на ёй, эксплуатаваліся вялікім князем і пануючай вярхушкай. Асноўнай формай эксплуатацыі была даніна, якая збіралася самім князем з дружынай.

Працэс росту буйнога феадальнага землеўладання ішоў шляхам усталявання ўлады над абшчыннымі землямі і ў выніку падараванняў князя за ваенную службу, а таксама падараванняў царкве. Асноўнымі відамі феадальнага землеўладання былі баярскае, княжацкае і царкоўнае. Згодна свайму гаспадарчаму і прававому палажэнню сяляне-смерды падзяляліся на дзве асноўныя групы: свабодных і залежных ад землеўладальнікаў. З’яўленне катэгорыі залежных сялян сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны, з аднаго боку, і аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках пануючага класа феадалаў – з другога. Адначасова з феадальным укладам працягваў існаваць абшчынны ўклад, які захаваўся яшчэ ад першабытных часоў. У карыстанні абшчыны былі зямля, сенажаці, рэкі. Узаемаадносіны смердаў рэгуляваліся абшчынным судом. Абшчына збірала даніну. Дапамагала будаваць або аднаўляць жылле і г.д. На тэрыторыі Беларусі рабаўладанне не стала масавай з’явай. Рабаўладальніцкі ўклад існаваў у выглядзе дамашняга і гандлёвага рабства.

Асноўным заняткам насельніцтва было земляробства. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. назіраўся значны працэс вырабу прылад працы, спосабаў апрацоўкі зямлі. Асноўнай прыладай працы ворыўнага земляробства стала вялікае драўлянае рала з жалезнай рабочай часткай – наральнікам. Інтэнсіфікацыя тэхналогіі земляробства была звязана з выкарыстаннем двухполля і нават трохполля. Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі жыта, ячмень, авёс, проса, пшаніца. Як сельскае, так і гарадское насельніцтва займалася агародніцтвам і садаводствам. Адной з галін сельскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Акрамя земляробства і жывёлагоўлі сяляне займаліся рознымі падсобнымі і хатнімі промысламі.

Развіццё вытворчых сіл на тэрыторыі Беларусі было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. Адным з першых з масы сельскага насельніцтва вылучыліся крычнікі і кавалі. У гарадах апрацоўкай жалеза займаліся рамеснікі не менш чым 16 спецыяльнасцяў. У ІХ – Х ст. як самастойная галіна рамяства выдзяляецца ювелірная справа. Развіваліся выраб і апрацоўка скур (гарбарства), выраб бочак (бондарства), апрацоўка каменя, дрэва, косці, ганчарства, ткацтва і іншыя віды рамёстваў.

З развіццём рамяства і аддзяленнем яго ад сельскай гаспадаркі быў звязаны працэс узнікнення і росту гарадоў. На тэрыторыі Беларусі найбольш буйнымі гарадамі сталі Полацк (862), Тураў (980), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск (1067), Гародня (1127), Наваградак (1252) і інш. Летапісныя крыніцы сведчаць аб існаванні ў ХІІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш чатырох дзесяткаў гарадоў. У аснове ўзнікнення многіх гарадоў былі феадальныя і княжацкія замкі або памежныя крэпасці. Горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзяцінца (града) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся кірмаш.

Найбольш багатую частку гараджан складалі князі, баяры, купцы, заможныя рамеснікі. Аддзяленне ад сельскай гаспадаркі, горада ад сяла стала перадумовай развіцця гандлю. У ІХ – ХІІІ ст. беларускія землі вялі гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, усходнеславянскімі краінамі. Важнае значэнне для развіцця гандлю ў ІХ – ХІ ст. меў водны шлях “з вараг у грэкі”, які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеславянскія землі паміж сабой. Ён злучаў Балтыйскае (Варажскае) і Чорнае (Рускае) моры праз рэкі Заходнюю Дзвіну і Днепр. Паміж гэтымі рэкамі ў раёне сучасных Оршы і Віцебска былі наладжаны сухапутныя шляхі зносін – волакі, на якіх судны перацягвалі ад ракі да ракі па зямлі, падкладваючы пад іх бярвенні. У разглядаемы перыяд з тэрыторыі Беларусі экспартавалі футра, воск, мёд, лён, рамесныя вырабы і іншыя тавары. З Еўропы і Візантыі паступалі прадметы раскошы: дарагія тканіны, прыправы, каляровыя металы і каштоўныя каменні, віно і інш.

Такім чынам, у ІХ – першай палове ХІІІ ст. (на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе) на беларускіх землях адбывалася ўсталяванне раннефеадальных адносін: узнікаюць першыя дзяржавы, пачынаюць фарміравацца асноўныя пласты феадальнага грамадства. Гэты перыяд характарызуецца станаўленнем асноўных форм зямельнай уласнасці, развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, узнікненнем і развіццём гарадоў.

Значную ролю ў культурным развіцці ўсходніх славян адыграла хрысціянская рэлігія. Адзіная агульнадзяржаўная рэлігія кансалідавала ўсе бакі грамадскага жыцця, і перш за ўсё ў культурна-духоўнай сферы. У 992 г. князь Ізяслаў заснаваў у Полацку епархію – вялікую царкоўную акругу. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысціянамі ў Полацкім княстве. Вядома, што Рагнеда не толькі стала хрысціянкай, але і прыняла манаскі пострыг пад імем Анастасіі. Ізяслаў, яе сын, з павагай ставіўся да духоўнага і манаскага сану. Пры ім у Полацку ўжо быў адзін хрысціянскі храм. Зразумела, барацьба паміж новай, хрысціянскай, верай і старой, язычнічкай, мела месца. Напэўна, пры гэтым не абыходзілася і без гвалту, аб чым сведчыць народная прымета, што сустрэча з манахам, папом прывядзе да бяды. Дваяверства яшчэ доўга захоўвалася на беларускіх землях.

Дабратворным быў уплыў хрысціянства на распаўсюджанне пісьменства і адукацыі. Рукапісных кніг ХІ – ХІІІ ст. да нас дайшло няшмат. Вядомы Тураўскае і Полацкае евангеллі таго часу. Самае ранняе з тых, якія захаваліся, – Тураўскае евангелле, створанае на беларускіх землях у ХІ ст. Гэты твор напісаны царкоўнаславянскай мовай, упрыгожаны вялікімі літарамі-ініцыяламі, якія былі размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі. У ХІ ст. на Полацкай зямлі пачала асвойвацца кірылічная азбука (складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем, утрымлівала 43 літары). Аб гэтым сведчылі, напрыклад, надпісы на так званых Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзвіны, а таксама надпіс на “Рагвалодавым камені” каля Оршы. У Брэсце быў знойдзены драўляны грэбень для расчэсвання валасоў з паслядоўна размешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіта.

Выключную навуковую каштоўнасць маюць берасцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Такія граматы знойдзены археолагамі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны сведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце. Вельмі старажытным помнікам усходнеславяскай пісьменнасці з’яўляецца надпіс на полацкай пячатцы канца Х ст. У Ноўгародзе Вялікім была знойдзена свінцовая пячатка, якая належала полацкаму князю Ізяславу.

Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы. Свядомы жыццёвы выбар зрабіла ўжо ў 12-гадовым узросце дачка полацкага князя Прадслава, унучка знакамітага Усяслава Чарадзея. Даведаўшыся аб намеры бацькі заручыць яе з будучым мужам-княжычам, яна выбрала служэнне Богу і тайна збегла з дому ў жаночы манастыр, дзе атрымала імя Ефрасіння. Пазней яна заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, дзе перапісваліся царкоўныя кнігі. Справа гэта была ў той час вельмі цяжкай, на перапісванне адной кнігі звычайна патрабавалася ўсё жыццё. Ефрасіння стала першай вядомай нам жанчынай-кнігапісцам. Для маладых жанчын у манастары яна адкрыла школу. Ужо на схіле жыцця Ефрасіння здзейснілаа рэлігійны подзвіг – адправілася ў далёкае і цяжкае падарожжа ў Святую зямлю – Іерусалім, дзе і памерла. Ефрасіння Полацкая (1104 або 1110? – каля 1167 або 1173) – першая жанчына ва ўсходніх славян, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Вернікі лічаць яе нябеснай заступніцай беларускай зямлі і кожны год 5 чэрвеня адзначаюць дзень яе памяці.

Выдатным рэлігійным асветнікам быў тураўскі епіскап Кірыла (каля 1130 – каля 1182 або пасля 1184?). Ён на пэўны час замураваўся ў невялічкай манастырскай вежы (стаўпе, які меў некалькі паверхаў) і жыў пустэльнікам – у ізаляцыі ад іншых людзей. Кірыла Тураўскі не толькі чытаў тут кнігі, але і пісаў “словы” – звароты да вернікаў, малітвы-споведзі, аповесці-прытчы, якія маюць характар павучанняў. За красамоўства Кірылу Тураўскага яшчэ пры жыцці, што не так часта сустракаецца ў гісторыі, празвалі Залатавустам, які “паче всех воссиял на Руси”.

Выдатным царкоўным дзеячам і пісьменнікам ХІІ ст. з’яўляўся Клімент Смаляціч, які на працягу сямі гадоў быў кіеўскім мітрапалітам, дзе абараняў незалежнасць усходнеславянскай праваслаўнай царквы ад Візантыі. Да нашых дзён дайшоў толькі адзін яго твор – “Пасланне Фаме прасвітару”, у якім аўтар паказаў сябе арыгінальным мысліцелем, здольным палемістам і шырока эрудзіраваным крытыкам.

Выдатным помнікам мураванага дойлідства (будынкам, узведзеным з камянёў і цэглы, замацаваных растворам) з’яўляецца пабудаваны ў 50-я гады ХІ ст. у Полацку пры князю Усяславе Чарадзею Сафійскі сабор. Слова Сафія азначае “Боская мудрасць”, якая, па ўяўленні веруючых, кіравала сусветам. Гэта быў трэці храм такога тыпу, пабудаваны на землях усходніх славян пасля Кіеўскай і Наўгародскай Сафіі. Сафія мела, як мяркуюць даследчыкі, пяць ці сем купалоў. Пры будаўніцтве сабора выкарыстана плоская цэгла – плінфа. Унутраная паверхня храма была аздоблена фрэскамі – роспісам вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы. Полацкая Сафія некалькі разоў за сваю гісторыю разбуралася, перабудоўвалася і дайшла да нас у значна змененым выглядзе.

На працягу ХІІ ст. у Полацку было ўзведзена дзесяць мураваных аднакупальных царкоўных пабудоў. Адной з іх стала Спаская царква, пабудаваная па замове Ефрасінні Полацкай за 30 тыдняў дойлідам Іаанам (Іванам). Яна мела ярусны вежападобны выгляд, упрыгожана так званымі какошнікамі стрэльчатай формы. Слова Спас азначае выратаванне. У гэтай царкве захоўваюцца сёння мошчы (астанкі) святой Ефрасінні Полацкай, царква захавалася ў значна перабудаваным выглядзе.

У Гродне захаваляся Каложская (Барысаглебская) царква, пабудаваная ў ХІІ ст. Сцены царквы ўпрыгожаны ўстаўкамі з каляровага паліраванага каменю і керамічнымі пліткамі, якія ўтваралі вызначаны малюнак. Асаблівасцямі царквы з’яўляюцца наяўнасць круглых слупоў і вялікая колькасць галаснікоў – гліняных збаноў, умураваных у сцены, каб было добра чуваць малітву і голас святара. Помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца пяціярусная, вышынёй у 30 метраў, Камянецкая вежа, пабудаваная ў ХІІІ ст. на Брэстчынне з жоўтай і карычневай цэглы.

Шэдэўрам старажытнага мастацтва з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены ў тэхніцы перагародчатай эмалі майстрам Богшам (у хрышчэнні Лазарам) па замове Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Крыж выраблены з кіпарысавага дрэва. Яго паверхня абкладзена залатымі, а бакі – сярэбранымі пласцінамі з выбітымі на іх надпісамі кірыліцай. На залатых пласцінах змешчаны выявы святых, выкананыя рознакаляровымі эмалямі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік і дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, які працаваў над сучаснай копіяй крыжа некалькі гадоў.