- •Прадмова
- •Тэма 1 уводзіны ў дысцыпліну “гісторыя беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый”
- •1. Метадалагічныя асновы, прынцыпы і метады вывучэння гісторыі.
- •2. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы да вывучэння гісторыі, яе перыядызацыя.
- •3. Крыніцы па гісторыі Беларусі.
- •4. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі.
- •Тэма 2: цывілізацыйная спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і беларусь
- •1. Насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў эпоху каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага веку.
- •2. Фарміраванне раннекласавага грамадства і станаўленне першых дзяржаўных утварэнняў усходніх славян на тэрыторыі Беларусі. Кіеўская Русь.
- •3. Полацкае і Тураўскае княствы. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у іх – хііі ст. Увядзенне хрысціянства і развіццё культуры.
- •4. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага (вкл). Знешняя палітыка і дзяржаўны лад.
- •5. Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл.
- •6. Этнічная сітуацыя на беларускіх землях. Асноўныя канцэпцыі беларускага этнагенезу.
- •Тэма 3. Цывілізацыйныя працэсы новага часу і беларусь
- •Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай.
- •1. Люблінская унія. Утварэнне Рэчы Паспалітай і статус вкл у яе складзе.
- •2. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай. Войны другой паловы хvіі – хvііі ст.
- •3. Грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў хvііі ст. Падзелы Рэчы Паспалітай.
- •4. Уплыў эпохі Асветніцтва на айчынную культуру хvіі – хvііі ст.
- •3.2. Беларусь у складзе Расійскай імперыі
- •1. Палітыка царызму ў Беларусі ў канцы хvііі – пачатку хіх ст. Беларусь у вайне 1812 г.
- •2. Эканамічнае развіццё Беларусі ў перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы.
- •3. Зараджэнне грамадска-палітычнага руху на Беларусі. Паўстанне 1830 – 1831 гг.
- •4. Адмена прыгоннага права. Асаблівасці буржуазных рэформаў у Беларусі. Паўстанне 1863 г. І яго сацыяльна-палітычныя вынікі.
- •5. Культура Беларусі хіх ст.
- •6. Развіццё капіталізму ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы Беларусі ў пачатку хх ст. Сталыпінская аграрная рэформа.
- •7. Беларусь у часы рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Першыя палітычныя арганізацыі.
- •8. Беларусь у Першай сусветнай вайне. Нямецкая акупацыя.
- •Тэма 4. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў беларусі
- •2. Кастрычніцкая рэвалюцыя у Беларусі. Першыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні.
- •3. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва. Усебеларускі з’езд. Абвяшчэнне бнр.
- •4. Утварэнне Беларускай сср. Аб’яднанне Беларускай сср і Літоўскай сср.
- •5. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі.
- •6. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў бсср і яе асноўныя характарыстыкі.
- •7. Станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры.
- •Тэма 5. Заходняя беларусь у складзе польскай дзяржавы. Геапалітычнае становішча беларусі ў 20 – 30-я гады хх ст.
- •Беларускае пытанне пры афармленні Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
- •Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.
- •Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух.
- •1. Беларускае пытанне пры афармленні Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
- •2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.
- •3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух.
- •Тэма 6. Беларусь у гады другой сусветнай вайны і вялікай айчыннай вайны
- •1. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж еўрапейскімі дзяржавамі ў канцы 30-х гг. XX ст. Мюнхенская змова. Правал палітыкі калектыўнай бяспекі.
- •2. Савецка-германская дамова аб ненападзе 1939 г. Пачатак Другой сусветнай вайны. Аб'яднанне беларускага народа ў складзе бсср.
- •3. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі.
- •4. Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі.
- •5. Партызанскі рух і падпольная барацьба.
- •6. Вызваленне Беларусі. Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам.
- •Тэма 7. Савецкая беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945 – 1991 гг.)
- •1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1945 – 1991 гг.
- •2. Грамадска-палітычнае жыццё ў 1945 – 1991 гг.
- •3. Асноўныя дасягненні ў развіцці навукі, адукацыі і культуры Беларусі ў 1945 – 1991 гг.
- •4. Беларусь на міжнароднай арэне ў 1945 – 1991 гг.
- •Тэма 8. Суверэнная рэспубліка беларусь ва ўмовах глабалізацыі
- •1. Жнівеньскія падзеі 1991 г. Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь і стварэнне снд.
- •2. Беларуская палітычная сістэма ва ўмовах шматпартыйнасці.
- •3. Трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі.
- •4. Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь. Беларуская дыяспара.
- •5. Развіццё культуры ў Рэспубліцы Беларусь.
- •Спіс рэкамендаванай літаратуры па інтэграванаму модулю “гісторыя беларусі” Асноўная
- •Дадатковая
4. Адмена прыгоннага права. Асаблівасці буржуазных рэформаў у Беларусі. Паўстанне 1863 г. І яго сацыяльна-палітычныя вынікі.
Усведамленне сацыяльна-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай адсталасці Расіі, а таксама небяспека хуткага нарастання антыпрыгонніцкага сялянскага руху вымусілі ўрад прыступіць да падрыхтоўкі адмены прыгоннага права. Але ўрад жадаў, каб ініцыятыва аб вызваленні сялян ішла ад памешчыкаў, і ў першую чаргу – ад Беларусі і Літвы. Па-першае, памешчыкі гэтых раёнаў былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз усходнееўрапейскі рынак. Па-другое, памешчыкі Беларусі і Літвы самі лічылі неабходным вызваліць сялян, хоць і без зямлі. Па-трэцяе, у беларускіх і літоўскіх губернях узмацніўся сялянскі рух, што было асабліва небяспечна для царызму ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы.
Умовы вызвалення памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці былі вызначаны ў падпісаным Аляксандрам ІІ 19 лютага 1861 г. Маніфесце, агульным і мясцовым “Палажэннях” і дадатковых “Правілах”. Сяляне атрымалі асабістую вольнасць і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянілі іх становішча. Сярод гэтых правоў былі наступныя: самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, непасрэдна звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і суд, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову, запісвацца ў саслоўі мяшчан ці купцоў. Памешчыкі страцілі паліцэйскую і судовую ўладу над сялянамі і, разам з тым, вызваляліся ад усякай адказнасці за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы. За гэта адказвалі самі сяляне на аснове кругавой парукі.
Атрымаўшы асабістую вольнасць, былыя памешчыцкія сяляне не атрымалі зямлі. Зямля прызнавалася ўласнасцю памешчыкаў. Сяляне павінны былі выкупляць зямлю па ўстаноўленай урадам значна завышанай цане. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе было шырока распаўсюджана абшчыннае землекарыстанне, прадугледжваліся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзесяцін) і ніжэйшыя (ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу) нормы сялянскіх зямельных надзелаў (1 дзесяціна – 1,09 га). У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і частцы Віцебскай губерняў, дзе існавала падворнае землекарыстанне, за сялянамі захоўваўся зямельны надзел, які яны мелі да рэформы. У тых выпадках, калі ў памешчыка пасля надзялення сялян зямлёй заставалася менш за 1/3 ад яго ранейшых зямельных уладанняў, ад сялянскіх надзелаў рабіліся адрэзкі на карысць памешчыкаў. Пры раздзеле зямлі памешчыкі пакінулі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да цераспалосіцы, калі памешчыцкія і сялянскія надзелы (палоскі) зямлі чаргаваліся паміж сабой у залежнасці ад месца знаходжання ўрадлівай глебы.
Парадак размеркавання зямлі замацоўваўся ў спецыяльных дакументах – устаўных граматах. Свае надзелы сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Адмовіцца ад зямельнага надзелу селянін не мог і абавязаны быў на працягу першых 9 гадоў пасля 1861 г. трымаць яго ў сваім карыстанні, а таксама выплачваць за яго грошы. Прадугледжвалася таксама, што сялянская абшчына на ўмовах кругавой парукі можа выкупляць зямлю і сама размяркоўваць яе паміж сялянамі. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Сума платы за зямлю вызначалася шляхам капіталізацыі пераведзенага на грошы аброку з разліку 6 % гадавых. Атрыманую з сялян выкупную суму памешчык мог пакласці ў банк і атрымліваць у выглядзе 6 % капіталу такі ж прыбытак, які раней ён атрымліваў з гадавога аброку. Такім чынам, сяляне павінны былі заплаціць не толькі за зямлю, але фактычна выкупіць і свае аброчныя павіннасці. Аднак сяляне не мелі такой сумы грошай. У сувязі з гэтым дзяржава выступіла ў якасці пасрэдніка паміж памешчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20-25 % ад выкупной сумы, а астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне сталі даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй так званыя выкупныя плацяжы. У склад штогадовых плацяжоў уваходзілі і працэнты, якія дзяржава брала за дадзеную сялянам пазыку. Да 1 студзеня 1907 г., калі выкупныя плацяжы былі адменены, сяляне заплацілі дзяржаве і памешчыкам за зямлю ў 3,3 раза больш рыначнай цаны на яе напярэдадні рэформы.
Для кіравання сялянамі былі ўтвораны сельскія і валасныя ўрады. Сяляне, якія пражывалі на зямлі аднаго памешчыка і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка подацей і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Абвяшчэнне рэформы выклікала пад’ём сялянскага руху і паказала, што сяляне засталіся незадаволены “дараванай” ім свабодай. Асабліва ўпартую барацьбу яны вялі супраць складання ўстаўных грамат. Граматы меркавалася ўвесці 19 лютага 1863 г., аднак у выніку супраціўлення сялян у маі 1864 г. 78 % грамат не было падпісана імі.
Узмацненне сялянскай барацьбы ў пачатку 1863 г. супала з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем. Гэта вымусіла ўрад пайсці на істотныя ўступкі сялянам Беларусі і Літвы. Часоваабавязанае становішча сялян адмянялася, яны пераводзіліся на выкуп і станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. Акрамя таго, на 20 % зніжаліся выкупныя плацяжы. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны феадальныя адносіны. Але галоўным прыгонніцкім перажыткам у эканоміцы пасля рэформы з’яўлялася памешчыцкае землеўладанне. Захоўваліся таксама сервітуты, цераспалосіца, ва ўсходняй частцы Беларусі не было ліквідавана абшчыннае землекарыстанне. Памешчыкі на тэрыторыі Беларусі трымалі ў сваёй уласнасці больш за палову ўсіх зямель. Сялянскія надзелы складалі толькі 1/3 усёй зямлі.
Лагічным працягам адмены прыгоннага права стала правядзенне ўрадам Аляксандра ІІ буржуазных рэформаў у 60-70-я гг. Вайсковая рэформа ўводзіла замест рэкруцкай сістэмы камплектавання арміі ўсеагульную воінскую павіннасць. Земская рэформа прадугледжвала стварэнне земстваў – выбарных органаў для кіравання ў губернях і паветах мясцовай гаспадаркай, адукацыяй, аховай здароўя. На тэрыторыю Беларусі закон аб земствах не распаўсюджваўся ў сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863 – 1864 гг. не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам. У выніку судовай рэформы суды сталі ўсесаслоўнымі, адкрытымі і незалежнымі ад урада. Пры разглядзе крымінальных спраў уводзіліся прысяжныя засядацелі, якія, не з’яўляючыся прафесійнымі юрыстамі, прымалі рашэнні згодна з дадзенай прысягай сумленна і былі незалежныя ад суддзяў. У дапамогу падсудным уводзілася пасада адваката – абаронцы іх інтарэсаў. У Беларусі судовая рэформа пачалася пазней, чым у расійскіх губернях, з увядзення ў паветах міравых суддзяў, якія не выбіраліся ў сувязі з адсутнасцю земстваў, а назначаліся міністрам юстыцыі. Пазней, чым у Расіі, пачалася ў Беларусі гарадская рэформа. Згодна з ёй у гарадах ствараліся выбарныя органы гарадскога самакіравання на аснове маёмаснага цэнзу. Рабочыя і рамеснікі, дробныя служачыя, інтэлігенцыя адхіляліся ад удзелу ў выбарах, таму што не плацілі гарадскіх падаткаў. Акрамя таго ў гарадскіх думах абмяжоўвалася прадстаўніцтва яўрэйскага насельніцтва, якое складала большасць гарадскіх жыхароў.
У Беларусі правядзенне рэформаў мела свае асаблівасці. Земская рэформа была праведзена толькі ў пачатку ХХ ст. Мясцовае дваранства з-за значнай перавагі ў ім палякаў, якім царскі ўрад не давяраў пасля паўстання 1863 – 1864 гг., было пазбаўлена права на выбарнае самакіраванне. Міравыя суддзі ў Беларусі не выбіраліся, а прызначаліся. Адкрываючы шлях для развіцця капіталізму і станаўлення буржуазнага грамадства, яны не закранулі асноў самадзяржаўнай улады, не ліквідавалі саслоўнае і нацыянальнае нераўнапраўе насельніцтва. Працэс мадэрнізацыі быў замаруджаны ў выніку ваеннага становішча, уведзенага ў пачатку 60-х гг. у сувязі з паўстаннем 1863 г. і адмененага толькі ў 1870 г.
Як адзначалася вышэй, рост сялянскіх выступленняў пасля аграрнай рэформы супаў з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам. На працягу першай паловы 1862 г. аформілася арганізацыя паўстанцаў у Варшаве, якая атрымала назву “Цэнтральны нацыянальны камітэт” (ЦНК). Яна ставіла сваёй мэтай падрыхтаваць паўстанне за нацыянальнае вызваленне Польшчы і дэмакратызацыю яе грамадскага ладу. У гэтым руху абазначыліся два напрамкі: “белыя” і “чырвоныя”.
Лагер “белых” у Польшчы складаўся з ліку буйной і сярэдняй шляхты, гандлёва-фінансавай буржуазіі, у Беларусі і Літве – пераважна з памешчыкаў. Іх галоўнай мэтай з’яўлялася аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Пры гэтым яны выключалі рэвалюцыйныя шляхі барацьбы: частка іх была схільна да кампрамісу з царскім урадам на аснове Канстытуцыі 1815 г.; другая, больш значная, звязвала вызваленне Польшчы з палітыкай Францыі і Англіі. Пры гэтым даць Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне права на самавызначэнне “белымі” не прадугледжвалася.
Партыя “чырвоных” у сацыяльнах адносінах была вельмі неаднароднай. Яна аб’ядноўвала рамеснікаў і рабочых, навучэнцаў і інтэлігенцыю, дробную і некаторую частку сярэдняй шляхты, буржуазію. Таму сярод “чырвоных” узнікла некалькі плыней. Левая, рэвалюцыйная, плынь імкнулася весці ўзброеную барацьбу за рэспубліканскую і дэмакратычную Польшчу, за вызваленне сялян ад феадальных павіннасцей і надзялення іх зямлёй. Правая і памяркоўная частка ў рашэнні сваёй палітычнай праграмы адводзіла вядучую ролю шляхце. Асцерагаючыся сялянскага паўстання, усе яны выступалі за надзяленне сялян зямлёй за кошт канфіскацыі яе часткі ў памешчыкаў з адпаведнай грашовай кампенсацыяй.
Падобныя палітычныя плыні існавалі ў Беларусі і Літве. Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыяльна камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены ЦНК. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як “чырвоных”, так і “белых”. Па ініцыятыве ЛПК збіраліся сродкі на паўстанне, былі створаны мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: гродзенская (кіраўнік К. Каліноўскі), мінская (А. Трусаў), навагрудская (У. Борзабагаты) і інш.
Левую частку паўстанцаў у Беларусі ўзначальваў Кастусь Каліноўскі – першы беларускі рэвалюцыйны дэмакрат, мысліцель, паэт, публіцыст. Летам 1862 г. разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім К. Каліноўскі пачынае выдаваць газету “Мужыцкая праўда”. Гэта было адзінае ў Еўропе выданне сярэдзіны ХІХ ст., непасрэдна адрасаванае сялянам. Газета ў даступнай форме паказвала сутнасць царскай палітыкі і суда, выяўляла грабежніцкі характар рэформы 1861 г. Яе артыкулы заклікалі сялян да ўзброенага паўстання. Выйшла 7 нумароў газеты, кожны з якіх пачынаўся зваротам “Дзецюкі!”, адрасаваным тым беларускім сялянам-юнакам, якім па ўзросце трэба было ісці выконваць воінскі абавязак у расійскай арміі. Нумары газеты ён падпісваў псеўданімам “Яська, гаспадар з-пад Вільні”.
Разыходжанні ўдзельнікаў паўстання ў поглядах адбіліся на ходзе і выніках паўстання. Яно пачалося ў ноч на 10 студзеня 1863 г. Узначаліў паўстанне ЦНК, які аб’явіў сябе часовым Нацыянальным урадам. У першы дзень быў абнародаваны маніфест, які абвясціў нацыянальную незалежнасць Польшчы, нацыянальнае і палітычнае раўнапраўе, вызваленне сялян ад усіх феадальных павіннасцяў і надзяленне іх зямлёй без выкупу. ЛПК пасля некаторых ваганняў падпарадкаваўся Варшаве і 22 студзеня выдаў маніфест аб патрымцы паўстання ў Польшчы. ЛПК таксама аб’явіў сябе Часовым урадам на тэрыторыі Літвы і Беларусі.
1 лютага 1863 г. Літоўскі правінцыяльны камітэт звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. Першыя паўстанцкія атрады былі створаны ў заходніх паветах Беларусі яшчэ ў канцы студзеня. У красавіку 1863 г. паўстанцы дзейнічалі ўжо амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Атрады фарміраваліся з дробнай шляхты, рамеснікаў, афіцэраў, сялян, студэнтаў, навучэнцаў гімназій. К. Каліноўскі меў намер распаўсюдзіць паўстанне на Смаленскую і Прыбалтыйскую губерні.
На падаўленне паўстання была накіравана 200-тысячная рэгулярная расійская армія. Супрацьстаяць ёй паўстанцы не маглі і вымушаны былі весці партызанскую вайну. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі быў прызначаны М. Мураўёў. За бязлітасную расправу над паўстанцамі ён атрымаў прозвішча “вешацель” і “людаед”. У маі паўстанне ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях было падаўлена.
Для заспакаення сялян Аляксандр ІІ яшчэ 1 сакавіка выдаў указ аб адмене часоваабавязаных адносін, вяртанні сялянскіх адрэзкаў і змяншэнні выкупных плацяжоў на 20 %. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні (сялян налічвалася толькі 18 %). Панічны настрой сярод белых у Вільні быў абумоўлены і стратай імі веры ў дапамогу з боку Англіі і Францыі, якія абмежаваліся нотамі пратэсту. Таксама не садзейнічаў пашырэнню паўстання спад рэвалюцыйнага руху ў Расіі.
Летам 1864 г. была ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У студзені 1864 г. у Вільні быў арыштаваны К. Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і пераправіў на волю “Лісты з-пад шыбеніцы” ў трох частках. У іх К.Каліноўскі заклікаў беларускі народ ваяваць “за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную”. 22 сакавіка 1864 г. К. Каліноўскі быў павешаны ў Вільні на Лукішскай плошчы.
Паўстанне 1863 г. было накіравана супраць самадзяржаўя, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці, супраць рэшткаў прыгоннага права. І хоць яно скончылася няўдачай, тым не менш паўстанне адыграла вялікую ролю ў гісторыі беларускага народа. Яно прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Беларусі і Літве. Паўстанне садзейнічала абуджэнню самасвядомасці беларусаў.
Разам з тым яно мела і адмоўныя вынікі. У Беларусі і Літве 128 чалавек былі пакараны смерцю, больш за 850 чалавек сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. чалавек выселены. Іх сядзібы былі разбураны, маёмасць канфіскавана. Землеўладальнікам “польскага “ паходжання забаранялася купляць у Беларусі зямлю, сялянам-католікам норма зямлі на гаспадарку абмяжоўвалася. За ўдзел у паўстанні каталіцкіх святароў касцёлы закрываліся або ператвараліся ў праваслаўныя цэрквы. За падтрымку паўстання студэнтамі ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасць сярэдніх навучальных устаноў. Мэтай усёй палітыкі царызму стала русіфікацыя края.
