Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

5. Культура Беларусі хіх ст.

Умовы развіцця культуры Беларусі ў ХІХ ст. былі звязаны з працэсам станаўлення беларускай нацыі, фарміраваннем творчай, адданай інтэлігенцыі, якая распачала справу нацыянальна-культурнага адраджэння, узнікненнем новага навуковага напрамку – беларусазнаўства. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася нявывучаным краем. Зусім не было даследванняў аб мове, фальклоры, этнаграфічных межах рассялення беларусаў, гісторыі Беларусі. Не існавала нават адзінай назвы народа і краіны. Так, назва “Беларусь” на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі – Віцебскай і Магілёўскай. Мінская, Гродзенская, Віленская губерні называліся Літвой. Пераважна непісьменнае беларускае насельніцтва не ўсведамляла сябе асобным народам. Сваю нацыянальную прыналежнасць яны вызначалі не па этнічных, а па канфесійных або мясцовых прыкметах, называючы сябе тутэйшымі. Праваслаўе ўспрымалася імі як “руская” вера, а каталіцтва – як “польская”.

Развіццё навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ было звязана з дзейнасцю выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, даследчыкаў беларускага краю – аматараў гісторыі. Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі: Т. Нарбут – аўтар “Гісторыі літоўскага народа” (т.1-9), І. Грыгаровіч – стваральнік “Беларускага архіва старажытных грамат” і складальнік “Слоўніка заходнерускай гаворкі”, пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі – аўтар шматлікіх навуковых твораў, у т. л. нарысаў “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. Актыўным збіральнікам беларускага фальклору стаў Я. Чачот, які адзначыў граматычныя асаблівасці беларускай мовы і вылучыў яе з іншых славянскіх моў, назваўшы крывіцкай.

Да ліку выдатных дзеячаў культуры Беларусі належаць браты Я. і К. Тышкевічы. Па іх ініцыятыве ў 1842 г. у Лагойску быў створаны першы ў Беларусі музей старажытнасцей. Пазней, у 1856 г., быў адкрыты Віленскі музей старажытнасцяў, куды Я. Тышкевіч перадаў збор уласных археалагічных матэрыялаў. Такім чынам, быў пакладзены пачатак музейнай справе ў Беларусі. Адным з заснавальнікаў беларусазнаўства быў археолаг, этнограф, гісторык, літаратар А. Кіркор, які для шматтомнага выдання “Живописная Россия” напісаў асобны том прысвечаны беларуска-літоўскаму краю. Для вывучэння гісторыі Віцебшчыны шмат зрабіў гісторык і краязнавец А. Сапуноў, які выдаў тры тамы архіўных дакументаў пад назвай “Витебская старина”. Значную навуковую каштоўнасць уяўляе этнаграфічная і мовазнаўчая дзейнасць І. Насовіча, які выдаў “Слоўнік беларускай гаворкі”, сабраўшы больш за 30 000 слоў жывой беларускай мовы з разгорнутымі тлумачэннямі да іх.

З пазіцый тэорыі “заходнерусізму” асвятляў пытанні гісторыі Беларусі М. Каяловіч. Згодна з гэтай тэорыяй – беларусы разглядаліся як састаўная частка рускага этнасу, у які ўключалі яшчэ велікарусаў і ўкраінцаў праваслаўнай веры. У першай трэці ХІХ ст. яшчэ моцныя пазіцыі займала на Беларусі польская культура. Польская мова з’яўлялася мовай пераважнай часткі адукаванага грамадства, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання.

У галіне адукацыі ў 1803 – 1804 гг. была праведзена рэформа, якая грунтавалася на прынцыпах яе ўсесаслоўнасці (даступнасці для ўсіх слаёў насельніцтва) і свецкасці (пераход адукацыі з царкоўнага ведамства ў рукі дзяржавы). У Расіі было створана Міністэрства народнай асветы, а на тэрыторыі Беларусі – Віленская навучальная акруга на чале з князем А. Чартарыйскім. Галоўная роля ў сістэме адукацыі адводзілася Віленскаму ўніверсітэту, які стаў у 1803 г. пераемнікам Галоўнай Віленскай школы. Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі, няпоўную сярэднюю – павятовыя, а пачатковую – прыходскія вучылішчы. Сярэднюю адукацыю давалі таксама езуіцкія калегіумы, якія існавалі да 1820 г. Найбольш значным сярод іх быў Полацкі калегіум, ператвораны ў 1812 г. у Акадэмію.

Пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг. у 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, кожны трэці студэнт якога быў у шэрагах паўстанцаў. Да паўстання асноўнай мовай навучання была польская, але ў 1836 г. выкладанне ва ўсіх тыпах адукацыйных устаноў было пераведзена на рускую мову, а сама яна ўводзілася ў якасці абавязковага прадмета. Польская мова была выключана з вучэбных праграм.

Патрэбы развіцця сельскай гаспадаркі выклікалі адкрыццё ў 1848 г. у Горы-Горках Магілёўскай губерні земляробчага інстытута – першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы сельскагаспадарчага профілю (зачынены у 1864 г. у сувязі з паўстаннем К. Каліноўскага). Атрымаць вышэйшую адукацыю выхадцы з Беларусі ў другой палове ХІХ ст. маглі толькі за яе межамі, у вышэйшых навучальных установах Расійскай імперыі.

У ХІХ ст. адбываўся працэс станаўлення беларускай літаратурнай мовы на аснове жывой шматдыялектнай народнай (сялянскай) мовы. Першымі беларускімі паэтамі сталі выхадцы з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты. Характэрнай з’явай стала ўжыванне кірыліцы ў ананімных літаратурных творах. Найбольшую цікавасць выклікаюць ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Сёння найбольш верагоднымі іх аўтарамі лічацца адпаведна В. Равінскі і К. Вераніцын. Паэма “Тарас на Парнасе” стала выдатным узорам літаратурнай апрацоўкі сярэднябеларускай гаворкі, якая і лягла ў аснову новай беларускай літаратурнай мовы. Паэма ўпершыню была апублікавана ў 1889 г. у газеце “Минский листок”.

Сярод выдатных пісьменнікаў ХІХ ст. трэба вылучыць А. Міцкевіча, аўтара рамантычных вершаў і паэм “Пан Тадэвуш”, “Дзяды”, “Гражына”, “Мешка, князь Навагрудка” і інш. Першым класікам новай беларускай літаратуры з’яўляецца В. Дунін-Марцінкевіч. У яго двухмоўнай драме “Сялянка” (“Ідылія”), надрукаванай у Вільні ў 1846 г., упершыню загучала жывая беларуская гаворка. Яго ідэалам было адзінства вярхоў і нізоў народа. Станаўленне і развіццё новай беларускай літаратуры адбывалася на аснове, з аднаго боку, вуснай народнай творчасці (паэт П.Багрым), з другога боку, беларускай плыні ў польскамоўнай мясцовай літаратуры (У. Сыракомля, Я. Баршчэўскі, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.).

Істотную ролю ў станаўленні нацыянальнай мовы адыграў Ф. Багушэвіч. Ён адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў адзначыў самастойнасць беларускай мовы і стаў своеасаблівым “бацькам” беларускага адраджэння. Напрыканцы ХІХ ст. за межамі Беларусі (у Кракаве і Познані) выйшлі з друку зборнікі яго вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” пад псеўданімамі “Мацей Бурачок” і “Сымон Рэўка з-пад Барысава”.

Роднымі матывамі была прасякнута і творчасць прадстаўнікоў выяўленчага мастацтва, якое набывала свецкі характар і развівалася пад уплывам ідэй класіцызму і рамантызму. Жывапісцы звярталіся да розных жанраў: пейзажу, нацюрморта, бытавога, батальнага, гістарычнага. Найбольшага поспеху яны дасягнулі ў такім жанры, як партрэт, раскрываючы ўнутраны свет чалавека, яго перажыванні, памкненні. Высокім майстэрствам вызначаліся працы І. Аляшкевіча, В. Ваньковіча, І. Хруцкага. Першым прафесійным скульптарам у Беларусі лічыцца К. Ельскі.

У беларускай архітэктуры ў пачатку ХІХ ст. пануе класіцызм, а з сярэдзіны ХІХ ст. пачаў усталёўвацца рамантычны стыль. Сярод найбольш вядомых архітэктурных помнікаў гэтага часу – палацава-паркавы комплекс графа Румянцава ў Гомелі, палацы ў Жылічах і Снове (Бабруйскім і Нясвіжскім раёнах), Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Праабражэнская царква ў Чэрыкаве і інш. Уплыў рамантызму найбольш відавочны ў пейзажна-паркавым мастацтве. Такім чынам, беларуская культура ў ХІХ ст. зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. На яе вялікі ўплыў аказала культура Расіі, Украіны, Польшчы, усіх еўрапейскіх краін.