Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

3. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі.

У Савецкім Саюзе напярэдадні вайны існавала забарона ўсялякай антынацысцкай прапаганды, але разам з тым ваенна-патрыятычныя творы, у першую чаргу песні, якія пісаліся ў адпаведнасці з палітыка-сацыяльным заказам, прапаведвалі непазбежнасць перамогі над нейкім неназваным праціўнікам «малой крывёю і на чужой тэрыторыі». Эканоміка СССР мела выразны мілітарызаваны характар з ужываннем надзвычайных метадаў: у 1939 г. быў уведзены абавязковы мінімум працадзён для калгаснікаў; у 1940 г. быў прыняты ўказ аб замацаванні рабочых і служачых за прадпрыемствамі і ўсталяванні 8-гадзіннага рабочага дня пры 7-дзённым працоўным тыдні; жанчыны павінны былі авалодваць прафесіяй трактарыста, каб у выпадку неабходнасці замяніць пайшоўшых на фронт мужчын і г. д. Тым не менш, нападзенне Германіі на Савецкі Саюз у ноч на 22 чэрвеня 1941 г. трыма групамi армій «Поўнач», «Цэнтр» і «Поўдзень» па ўсёй заходняй мяжы ад Балтыйскага мора да Чорнага прывяло да разгортвання ваенных дзеянняў па сцэнарыю, якога не чакала савецкае кіраўніцтва.

Дзякуючы падрабязнай інфармацыі, сабранай на тэрыторыі рэспублікі з дапамогай агентурнай сеткі, вораг наносіў дакладныя ўдары па аэрадромах, скапленнях ваеннай тэхнікі. Часці Чырвонай Арміі неслі велізарныя страты. Удар групы армій "Цэнтр" прынялі на сябе арміі Заходняй асобай ваеннай акругі. У першы дзень вайны толькі на тэрыторыі Беларусі Чырвоная Армія страціла 738 самалётаў, з іх 528 на аэрадромах.

Насмерць стаялі на сваіх рубяжах пагранічнікі. За тыдзень баёў байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. Кіжаватава, што знаходзіліся ў заходняй частцы Брэсцкай крэпасці, знішчылі каля батальёна гітлераўцаў. А. Кіжаватаў загінуў як герой. Сем атак, адна за другой, адбіла застава пагранатрада на чале з лейтэнантам В. Усавым. Лейтэнанта пяць разоў ранілі, але ён працягваў кіраваць боем. Лейтэнант В. Усаў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Гераічна трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці. Штаб абароны ўзначаліў капітан I. Зубачоў і палкавы камісар Я. Фамін. Ім давялося абараняць цэнтральную частку крэпасці. Абаронай Усходняга форту кіраваў маёр П. Гаўрылаў. Толькі нямногім абаронцам удалося вырвацца з крэпасці і прадоўжыць барацьбу з фашыстамі. Большасць з іх пазней падверглася сталінскім рэпрэсіям.

Нягледзячы на мужнасць і гераізм пагранічнікаў і супраціўленне асобных адступаючых савецкіх войск, нямецкія арміі вельмі хутка, да 60 км у дзень, рухаліся па тэрыторыі Беларусі. Стойка трымалі абарону 64-я, 100-я, 108-я стралковыя дывізіі. Але гераізм воінаў не мог кампенсаваць адсутнасці рэзерваў і прадуманай сістэмы абароны. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі прарвалі абарону, уварваліся ў Мінск. У акружэнні праціўніка аказаліся 11 баяздольных злучэнняў. Гэта пазбавіла магчымасці стрымліваць націск праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі.

Адступаючы на ўсход, часці Чырвонай Арміі працягвалі весці цяжкія абарончыя баі. У пачатку ліпеня арганізуецца лінія абароны па Заходняй Дзвіне і Дняпры. Упартае супраціўленне ворагу было аказана пад Оршай, дзе 14 ліпеня ўпершыню ўступіла ў бой батарэя рэактыўных мінамётаў (камандзір – капітан I. Флёраў). Каля тыдня цягнуліся баі за Віцебск.

Напружаны характар насілі баі ў раёне Магілёва, абарона якога працягвалася 23 дні (3–26 ліпеня 1941 г.). Для абароны горада было створана народнае апалчэнне. З Усходняй Беларусі здолелі эвакуіраваць 1,5 млн. спецыялістаў народнай гаспадаркі і 124 прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх быў «Гомсельмаш». Жахлівы лёс напаткаў палітычных зняволеных, большасць якіх была расстраляна супрацоўнікамі НКУС.

У пачатку жніўня нямецкае камандаванне кінула ў наступленне на Гомель звыш 25 дывізій, галоўным чынам танкавых і матарызаваных. Пад сценамі горада вермахт страціў звыш 80 тыс. сваіх салдат і афіцэраў, каля 200 танкаў і 100 самалётаў. У ноч з 19 на 20 жніўня 1941 г. савецкія войскі і апалчэнцы пакінулі Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіраваная нямецкімі войскамі.

Няўдачы Чырвонай Арміі на пачатковым этапе вайны былі вызначаны наступнымі асноўнымі прычынамі:

1. памылковасцю савецкай ваеннай дактрыны, недахопамі і пралікамі ў стратэгічнай і тактычнай падрыхтоўцы савецкіх войск: замест выкарыстання рухомай абароны, якая прадугледжвала адыход пад націскам ворага ад аднаго падрыхтаванага рубяжа да другога, пры гэтым затрымліваючы яго пранікненне, выкарыстоўвалася тактыка контрудараў, у якіх гінулі дзесяткі тысяч салдат і яшчэ больш пападалі ў акружэнні, пры нязначных аператыўных выніках;

2. аслабленнем Чырвонай Арміі ў выніку «чысткі» 1938 − 1939 г., падчас якой было рэпрэсіравана каля 40 тыс. чалавек вышэйшага афіцэрскага саставу;

3. вострым недахопам падрыхтаваных прафесійных малодшых камандзіраў (сяржантаў і старшын) і малодшых афіцэрскіх кадраў – ад малодшага лейтэнанта да капітана ўключна;

4. пралікамі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай сітуацыі і ў вызначэнні магчымых тэрмінаў нападзення Германіі на СССР;

5. велізарнымі стратамі ў жывой сіле, узбраеннях і тэхніцы, панесеныя ўжо ўпершыя тыдні і месяцы вайны;

6. тонам савецкага друку, а таксама паведамленнем ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г., якія аб’ектыўна прытуплялі ў савецкага народа пачуццё пільнасці і не садзейнічалі яго мабілізацыйнай гатоўнасці напярэдадні і ў пачатку вайны.

Такім чынам, савецкія войскі на ўсіх узроўнях – ад Стаўкі Галоўнага Камандавання да камсастава тактычнага звяна – не былі падрыхтаваны да вядзення сучаснай вайны з масавым выкарыстаннем артылерыі, танкаў, авіяцыі. У выніку нападзенне фашысцкай Германіі аказалася нечаканым для савецкага народа і яго Узброеных Сіл.