Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

4. Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі.

На занятых землях немцы удала выкарыстоўвалі грамадскія настроі, выкліканыя папярэдняй савецкай палітыкай. Асабліва гэта было адчувальна ў Заходняй Беларусі, дзе частка насельніцтва пайшла на супрацоўніцтва (калабарацыянізм) з немцамі. Акупацыйная адміністрацыя актыўна выкарыстоўвала беларускую нацыянальную карту, ствараючы ілюзію падтрымкі беларускага руху і аднаўлення беларускай дзяржаўнасці ў перспектыве: адкрываліся беларускія школы, былі створаны Беларуская народная самапомач, Беларуская самаахова, Саюз беларускай моладзі і інш.

Але на самай справе ў адносінах да насельніцтва на акупіраваных тэрыторыях германскае камандаванне кіравалася планам «Ост» – генеральным планам каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы. У нямецкіх планах Беларусь з’яўлялася тэрыторыяй, якая ў будучым павінна была ператварыцца ў частку іх жыццёвай прасторы. Згодна з гэтымі планамі, 25 % беларусаў планавалася анямечыць, непрацаздольных – знішчыць, а астатніх перасяліць на ўсход і выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы на карысць Вялікай Германіі. Поўнаму вынішчэнню падлягалі яўрэі і цыгане. Зразумела, што план «Ост» быў сакрэтным, і яго палажэнні не былі вядомыя не толькі насельніцтву Беларусі, але нават частцы вышэйшага кіраўніцтва Трэцяга рэйха.

Нямецкія ўлады падзялілі тэрыторыю Беларусі на некалькі акупацыйных зон, якія падпарадкоўваліся розным цэнтрам: Усходняя Прусія – да яе былі далучаны паўночна-заходнія раёны Брэсцкай і Беластоцкай абласцей; рэйхскамісарыяту «Украіна» падпарадкоўваліся паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей; генеральная акруга Літва ўключала ў сябе паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці; зону армейскага тылу з непасрэдным ваенным кіраўніцтвам складалі Віцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай і усходнія раёны Мінскай абласцей; генеральная акруга Беларусь («Беларутэнія») – самая вялікая зона акупацыі з цэнтрам у Мінску, якая ўключала 1/3 частку тэрыторыі Беларусі.

Для дасягнення сваіх мэт немцы на акупаваных тэрыторыях пачалі ўводзіць так званы «новы парадак», накіраваны, у першую чаргу, на ліквідацыю савецкіх органаў улады і замену іх уласнай адміністрацыяй. У верасні 1941 г. ва ўсіх зонах акупацыі, акрамя зоны армейскага тылу, была ўсталявана грамадзянская адміністрацыя, функцыі якой былі абмежаваны дзейнасцю паліцыі і войск СС. Генеральную акругу Беларусь узначаліў Вільгельм Кубэ.

Фашысцкае кіраўніцтва дзейнічала насуперак існаваўшым міжнародным канвенцыям і здымала са сваіх салдат усялякую адказнасць за любыя злачынствы. Новы парадак грунтаваўся на палітыцы генацыду – знішчэння груп насельніцтва па тых ці іншых прычынах: за прыналежнасць да камуністаў, яўрэяў або цыган, за антыфашысцкую дзейнасць, за любое непаслушэнства рэжыму.

Акупацыйныя ўлады распрацавалі праграму рабавання занятых тэрыторый. Каралі літаральна за ўсё: за адмову ад працы, за перамяшчэнне ў начны час, за забойства жывёлы без дазволу ўладаў і г. д. Спецыяльныя гаспадарчыя інспекцыі рэквізавалі харчаванне, матэрыяльныя каштоўнасці, рэсурсы, у тым ліку людскія. За часы акупацыі ў Германію прымусова было вывезена каля 380 тыс. працаздольнага насельніцтва Беларусі.

У той жа час нямецкія ўлады былі зацікаўлены ў арганізацыі бесперабойнай працы прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі на патрэбы фронту. Усе прамысловыя прадпрыемствы былі абвешчаны ўласнасцю Германіі. У гарадах на насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў распаўсюджвалася ўсеагульная працоўная павіннасць. Заработная плата была вельмі нізкая, а кіраўнікі прадпрыемстваў мелі права ў выпадку неабходнасці падаўжаць працоўны дзень. Мясцовае насельніцтва таксама выкарыстоўвалася на прымусовых работах па расчыстцы дарог, будаўніцтву мастоў, ваенных умацаванняў і інш.

На тэрыторыі «Беларутэніі» вясной 1942 г. была праведзена аграрная рэформа, у адпаведнасці з якой ліквідаваліся калгасы, а іх землі і інвентар перайшлі ў сямейнае карыстанне сялян. Ва Усходняй Беларусі, у зоне армейскага тылу калгасы, наадварот, аднаўляліся, паколькі з такіх гаспадарак было значна прасцей збіраць прадукцыю, неабходную для забеспячэння рэгулярнай арміі.