Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

6. Вызваленне Беларусі. Вынікі вайны для беларускага народа і яго ўклад у Перамогу над фашызмам.

Вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося ўвосень 1943 г. падчас шырокага наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі ў Курскай бітве. Да канца 1943 г. была вызвалена паўднёва-ўсходняя частка рэспублікі з гарадамі Камарын, Мсціслаў, Чэрыкаў, Гомель, Рэчыца, Мазыр. Але далей развіваць наступленне без сур’ёзнай дадатковай падрыхтоўкі не ўяўлялася магчымым, паколькі тэрыторыю Беларусi немцы лiчылi зонай сваёй жыццёвай прасторы, стварылі тут некалькi магутных лiнiй абароны і далi ім назву «Фатэрлянд» (Айчына).

Вясной 1944 г. Генеральным штабам Чырвонай Арміі была распрацавана аперацыя па поўнаму вызваленню Беларусі, якая атрымала кодавую назву «Баграцiён». У аснову распрацоўкi стратэгii аперацыi было пакладзена становiшча, якое склалася на лiнii фронту да лета 1944 г.: у выніку вызвалення Украіны канфігурацыя фронту ў Беларусі ўяўляла вялікі выступ, так званы «беларускi балкон». Савецкае камандаванне хацела магутнымi ўдарамi з флангаў акружыць i разграмiць групу армiй «Цэнтр», для чаго была створана колькасная перавага ў жывой сiле (у два разы) i тэхнiцы (амаль у пяць разоў). Вызваленне Беларусi ажыццяўлялася сiламi 1-га, 2-га і 3-га Беларускiх франтоў (камандуючыя К. Ракасоўскі, Г. Захараў, І. Чарняхоўскі) i 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы І. Баграмян).

Савецкай наступальнай аперацыі папярэднічаў 3-ці этап «рэйкавай вайны», які распачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. Партызаны фактычна паралізавалі асноўныя чыгуначныя магістралі Беларусі і пазбавілі кіраўніцтва групы армій «Цэнтр» магчымасці аператыўна перамяшчаць свае войскі. Непасрэднае ажыццяўленне плана «Баграціён» праходзіла ў два этапы:

1 этап (23 чэрвеня – 4 ліпеня 1944). Раніцай 23 чэрвеня 1944 г. пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі пачалося наступленне савецкіх войск. За шэсць дзён ваенных дзеянняў лінія абароны праціўніка была прарвана на 100– 150 км, а нямецкія войскі апынуліся ў трох «катлах»: Вiцебскiм (5 дывiзiй), Бабруйскiм (6 дывiзiй) і самым вялікім ― Мiнскiм «катле», дзе ў акружэнне трапіла каля 105 тыс. чалавек. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск.

2 этап (5 ліпеня – 29 жніўня 1944 ). У ходзе другога этапа былі вызвалены большая частка Літвы, Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы. Вызваленне Беларусі завяршылася 28 ліпеня 1944 г. вызваленнем г. Брэста.

У баях за Беларусь вызначылася больш за 402 тыс. воінаў Савецкай Арміі, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш як 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя таго ў час Беларускай аперацыі вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя імёны «Віцебскіх», «Барысаўскіх», «Магілёўскіх» і інш. У выніку аперацыі «Баграціён» стратэгічнае становішча на Усходнім фронце карэнным чынам змянілася на карысць Чырвонай Арміі. Савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы, непасрэдна наблізіліся да дзяржаўнай мяжы з Германіяй. Па ацэнцы аперацыі «Баграціён» з боку нямецкага камандавання, яна лічылася яшчэ большай катастрофай для вермахта, чым паражэнне пад Сталінградам. Беларуская наступальная аперацыя па свайму размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з’яўляецца адной з буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны.

Такім чынам, у вынiку правядзення аперацыі «Баграціён» была разгромлена нямецкая група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена тэрыторыя Беларусi, адноўлена заходняя граніца СССР, а лiнiя фронту перамясцілася за межы Савецкага Саюза.

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя бедствы. Паводле афіцыйных даных загінула больш за 2 млн. 200 тыс. чалавек. На думку многіх сучасных даследчыкаў гэтая лічба значна вышэй і складае каля 3 млн. чалавек. Прамыя матэрыяльныя страты рэспублікі склалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1941 г.). Было разбурана і разрабавана 209 гарадоў і райцэнтраў, 10338 заводаў і фабрык, знішчана 96 % электрычных магутнасцяў, 9200 сёл і вёсак, прычым 5295 з іх знішчаны з усімі ці часткай жыхароў, узарвана 23 тыс. адміністрацыйных і культурна-бытавых устаноў. Буйныя прамысловыя і культурныя цэнтры рэспублікі – Мінск, Гомель, Віцебск і іншыя былі разбураны на 80 – 90%.

За час вайны за мужнасць і гераізм ордэнамі і медалямі было ўзнагароджана звыш 7 млн ваеннаслужачых, больш за 11 тыс. чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў – ураджэнцаў Беларусі – атрымалі ордэны і медалі, 441 воін удастоены звання Героя Савецкага Саюза, а чацвярым (лётчык П. Я. Галавачоў, камандзіры танкавых злучэнняў І. І. Гусакоўскі, С. Ф. Шутаў, І. І. Якубоўскі) гэта званне прысвоена двойчы, 65 ураджэнцаў Беларусі сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Ураджэнцамі Беларусі былі выдатныя военачальнікі, якія затым сталі маршаламі: В. Д. Сакалоўскі, І. І. Якубоўскі, С. А. Красоўскі; генераламі арміі: А.І. Антонаў, І. І. Гусакоўскі; генерал-палкоўнікамі А. Р. Бацюня, І. П. Камера, Ф.І. Кузняцоў; віцэ-адміралам В.П. Дрозд; контр-адміралам В. Е. Ананіч – усяго 217 генералаў і адміралаў. У складзе ваенна-паветраных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бранятанкавых і механізаваных часцях – 2490 афіцэраў з Беларусі.

Свой ўклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі “Рэспублікай-партызанкай”.

Нямала беларусаў у ліку савецкіх грамадзян удзельнічала ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Агульная колькасць савецкіх партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, складала 12 тыс. чалавек, Чэхаславакіі – больш за 17 тыс. чалавек.

Вялікая Перамога 1945 года, вытокі якой у гераічнасці і ахвярнасці абаронцаў 1941 года, у іхняй веры ў справядлівую справу, заклалі асновы таго светаладу, які, нягледзячы на ўсе яго заганы, дазволіў пазбегнуць новага глабальнага ваеннага канфлікту і ў цэлым спрыяў руху чалавецтва да больш стабільнага, бяспечнага і гуманнага свету. Узаемаразуменне, якое ўстанавілася паміж былымі саюзнікамі і праціўнікамі, доўгі час садзейнічала захаванню стабільнасці ў свеце Гэты светалад, насуперак усяму, працягвае існаваць і ўплываць не толькі на постсавецкую, але і на еўрапейскую і сусветную геапалітыку ўжо і ў новым, XXI стагоддзі.