Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух.

У пачатку і сярэдзіне 20-х гадоў сацыяльная і нацыянальная барацьба ў Заходняй Беларусі выяўлялася не толькі ў эканамічных забастоўках і антыўрадавых дэманстрацыях, але і праз узброеныя выступленні ў форме партызанскага руху. У барацьбе прымалі ўдзел працоўныя гарадоў і вёсак, сельская інтэлігенцыя. Гэта былі людзі розных палітычных поглядаў – ад камуністаў да нацыянал-дэмакратаў. Там, дзе кіравалі партызанскімі атрадамі камуністы, рух насіў ярка акрэслены антыпамешчыцкі, класавы характар. А там, дзе задавалі тон людзі з нацыяналістычнымі настроямі, партызанская барацьба насіла антыпольскі напрамак. Такое назіралася на Гродзеншчыне і Беласточчыне. На Віленшчыне, Палессі, Навагрудчыне дзякуючы кіраўніцтву такіх камуністаў, як К. П. Арлоўскі, С. А. Ваўпшасаў, В. З. Корж і іншыя, партызанская барацьба набыла шырокі размах. Агульная колькасць партызан налічвала 5-6 тыс. чал. У 1924 – 1925 гг. было праведзена каля 300 баявых аперацый. Польскія ўлады вымушаны былі ўвесці надзвычайнае становішча ў краі, каб рэпрэсіямі і тэрорам ліквідаваць гэты рух.

Ва ўзмацненні сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху значную ролю адыгралі партыі і арганізацыі камуністычнага і нацыянальна-дэмакратычнага напрамку. Сярод іх галоўнае месца займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна была створана ў кастрычніку 1923 г. Нягледзячы на нелегальны характар работы, рады партыі пашыраліся. У 1923 г. яна налічвала 523 камуністы, у 1928 г. – 3 тыс., у 1934 г. – 4 тыс. Акрамя таго, каля 3 тыс. членаў партыі знаходзілася пастаянна ў турмах. Друкаванымі органамі ЦК КПЗБ былі газета “Чырвоны сцяг” і часопіс “Бальшавік”. У розныя гады ЦК КПЗБ выдаваў на беларускай, польскай, рускай і яўрэйскай мовах газеты “Партработнік”, “Да барацьбы”, “Весткі з СССР”, “Куйце зброю”, “Голас салдата”, “Чырвоны сцяг” і інш.

КПЗБ была часткай Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльнай нацыянальнай арганізацыі, таму яна не мела сваёй праграмы і статута, а кіравалася дакументамі КПП. Такая ж сітуацыя была і ў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які з’яўляўся аўтаномнай арганізацыяй камсамола Польшчы. Створаны КСМЗБ у студзені 1924 г. ўвесь час заставаўся верным і надзейным памочнікам КПЗБ, яе рэзервам. Да 4 тыс. чалавек аб’ядноўваў камсамол Заходняй Беларусі, пераважна сялянскую моладзь.

Значны ўплыў на палітычнае жыццё Заходняй Беларусі мела масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), створаная ў 1925 г. Яе праграма мела наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне яе з БССР, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы, падзел зямель без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, ліквідацыя асадніцтва, 8-гадзінны працоўны дзень, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове, свабода сумлення, аддзяленне царквы ад дзяржавы і іншыя патрабаванні. Галоўным сродкам вызвалення працоўных была абвешчана адкрытая барацьба з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочых і сялян. БСРГ праводзіла мітынгі, дэманстрацыі, выступленні сялян супраць абшарнікаў, кулакоў і асаднікаў, падатковага ўціску і аграрнай палітыкі польскіх улад, за вызваленне палітычных вязняў, за стварэнне беларускіх школ і інш.

ЦК Грамады выдаваў газеты, якія па прычыне праследавання ўладамі часта закрываліся, таму выходзілі пад новымі назвамі: “Жыццё беларуса”, “Беларуская ніва”, “Беларуская справа”, “Народная справа”, “Наша справа”, “Наш голас”, “Наша воля”, “Народны звон”. Выходзіў таксама сатырычны часопіс “Маланка”.

На пачатак 1927 г. Грамада аб’ядноўвала больш за 2 тыс. суполак, у якіх налічвалася каля 120 тыс. чалавек, дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ. Бурны рост Грамады, яе поспехі ў кіраўніцтве барацьбой працоўных супраць эканамічнага, нацыянальнага і палітычнага прыгнёту непакоілі памешчыкаў, асаднікаў і акупацыйныя ўлады. У студзені 1927 г. улады пачалі ліквідацыю гурткоў і камітэтаў БСРГ. Па ўсім краі прайшлі масавыя арышты яе актывістаў. Грамада была забаронена афіцыйна, больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў прыцягнуты да судовай адказнасці. У 1927 – 1929 гг. адбылося некалькі судовых працэсаў над членамі БСРГ.

Важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі адыграла культурна-асветная арганізацыя – Таварыства беларускай школы (ТБШ), створаная ў 1921 г. з адзінай мэтай, якая была сфармулявана ў статуце ТБШ: “распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул”.

За перыяд свайго існавання (да 1937 г.) ТБШ заваявала вялікую любоў насельніцтва Заходняй Беларусі. Аб гэтым сведчыць тое, што да пачатку 30-х гадоў яна стала масавай прагрэсіўнай культурна-асветнай арганізацыяй і налічвала каля 500 гурткоў і 30 тыс. актывістаў. ТБШ змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за беларускія школы, стварала бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, выдавала падручнікі, песеннікі. Мясцовыя аддзелы ТБШ стваралі драматычныя гурткі, якія актыўна працавалі сярод насельніцтва.

Заслуга ТБШ была не толькі ў асветніцкай ролі, але і ў тым, што яна падрыхтавала і выхавала ў вельмі цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту значную колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэта – грамадскі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, музыкант і кіраўнік народнага хору Рыгор Шырма, паэты Яўген Скурко (Максім Танк) і Валянцін Таўлай, пісьменнік Піліп Пестрак і многія іншыя.

Такім чынам, можна зрабіць высновы, што падзел Беларусі ў 1921 г. быў трагічнай падзеяй не толькі для беларускага, але і польскага народа. Заходняя Беларусь стала паўкалоніяй Польшчы, а Польшча – не дэмакратычнай дзяржавай Еўропы, а каланізатарам. Беларускі народ не змірыўся з прыгнечаным становішчам, а актыўна змагаўся за нацыянальную незалежнасць, сваю мову і культуру, уз’яднанне ў адной дзяржаве.