Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2. Грамадска-палітычнае жыццё ў 1945 – 1991 гг.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1945 – 1953 гг. было звязана з існаваннем таталітарнага палітычнага рэжыму i ўзмацненнем рэпрэсій. Для гэтага рэжыму па-ранейшаму былі характэрныя поўны кантроль дзяржавы над жыццём грамадства, адзіная дзяржаўная ідэалогія, аднапартыйная палітычная сістэма. Усе прыкметы грамадска-палітычнага жыцця самі па сабе прысутнічалі, але былі звязаны з дзейнасцю толькі Камуністычнай партыі. Асаблівасцю грамадска-палітычнага жыцця з'яўлялася адсутнасць шматпартыйнасці. У гэтых умовах Камуністычная партыя была не столькі палітычнай, колькі дзяржаўнай арганізацыяй, якая ажыццяўляла функцыі заканадаўчай i выканаўчай улады праз выбары сваіх прадстаўнікоў у Саветы дэпутатаў працоўных. Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) захоўвала сваю ўладу дзякуючы таму, што партыйныя камітэты ўзялі на сябе функцыю падбору i расстаноўкі кіраўнічых кадраў.

У першыя гады пасля вызвалення адбылося аднаўленне работы Саветаў. У 1947 г. былі праведзены першыя ў пасляваенныя гады выбары ў Вярхоўны Савет БССР, а ў 1948 г. – у мясцовыя Саветы рэспублікі, у тым ліку i на тэры­торыі заходніх абласцей. У першыя пасляваенныя гады кіраўнікамі КПБ былі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. – М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. – М. Патолічаў.

Першым беларусам на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ у 1956 г. стаў К. Мазураў. Спроба дэмакратызацыі грамадстка-палітычнага жыцця ў БССР была абумоўлена адыходам пасля смерці ў 1953 г. І. Сталіна ад палітычных рэпрэсій і прыняццем пры М. Хрушчове курса на дэсталінізацыю грамадства. Мерапрыемствы, якія праходзілі ў СССР і, адпаведна ў БССР, пры Хрушчове атрымалі ў літаратуры назву палітыкі “адлігі”. У 1956 г. на ХХ з’ездзе КПСС М. Хрушчоў выступіў з дакладам аб кульце асобы Сталіна, у выніку чаго ў рэспубліцы пачалася рэалібітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Было рэабілітавана каля 40 тыс. жыхароў рэспублікі, але ўсе гэтыя змены былі накіраваны не на злом таталітарнага палітычнага рэжыму, а на яго рэфармаванне. Далей пэўнага паслаблення кантролю “зверху” і пашырэння ролі мясцовых органаў справа на пайшла, паколькі сама камандна-адміністрацыйная цэнрталізаваная сістэма кіравання засталася непахіснай.

“Хрушчоўская адліга” праводзілася без уліку аб’ектыўных законаў развіцця грамадства і рэальных абставін і характарызуецца як “палітычны валюнтарызм”. Праявай такога валюнтарызму, звязанага з воляй кіруючай асобы, якая становіцца вызначальнай для ўсяго грамадства, стала прыняцце ў 1961 г. Праграмы КПСС, накіраванай на будаўніцтва камунізму ў СССР. Былі вызначаны і тэрміны, калі гэта павінна было завяршыцца, – 80-я гг. ХХ ст. Але гэтага не адбылося, а сама праграма засталася толькі на паперы.

У кастрычніку 1964 г. першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. Брэжнеў, гады кіравання якога (1964 – 1982) атрымалі ў некаторых гісторыкаў назву “застою. У гэтыя гады імкненне вярнуцца да сталінізму старанна хавалася, рабіўся выгляд, што ў краіне існуюць дэмакратычныя формы ўлады. На самой справе ўся ўлада фактычна была ў руках партыйнага апарату. Аднапартыйная палітычная сістэма аказалася няздольнай да пастаяннага самаўдасканалення, што абумовіла непазбежнасць яе крызісу. Асаблівасцю палітычнай сістэмы таго часу стала непасрэднае прамое партыйнае кіраўніцтва эканомікай. Так, напрыклад, планы пяцігодак прымаліся на з'ездах Камуністычнай партыі Бе­ларусі (КПБ). У краіне паступова адбываўся паварот да кансерватызму – захавання старых камандных метадаў кіравання i кантролю дзяржавы над грамадствам. Кіруючая роля Камуністычнай партыі была замацавана у Асноўным Зако­не краіны — Канстытуцыі БССР 1978 г., якая атрымала назву «Канстытуцыі развітога сацыялізму». Партыйным кіраўніком у Беларусі з'яўляўся Пётр Машэраў, які з 1965 па 1980 гг. узначальваў КПБ. Ён карыстаўся вялікай павагай сярод насельніцтва за прастату, даступнасць, дэмакратычнасць, а таксама як актыўны ўдзельнік падпольнай і партызанскай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адміністрацыйна-камандная сістэма абмяжоўвала магчы­масці Саветаў, дэпутаты якіх не мелі дастатковых праў у рашэнні многіх пытанняў жыцця грамадства. Адбылося адзяржаўленне прафсаюзау – абарона правоў i зацікаўленасці работнікаў была абмежавана. Пастаянны кантроль з боку парторганаў скоўваў работу камсамола, страчваліся маральныя асновы моладзі, расло п'янства, з'явілася наркаманія. Акрамя таго, адміністрацыйна-камандная сістэма не садзейнічала павышэнню прэстыжнасці сумленнай працы. Масавы характар набылі абыякавыя адносіны да дзяржаўнай уласнасці, крадзёж, марнатраўства i безгаспадарчасць. Вялікую шкоду прыносіла ўраўнілаўка ў аплаце працы, у выніку чаго ўпаў прэстыж працы інжынераў, настаўнікаў, урачоў, вучоных.

Здаровыя сілы савецкага грамадства, у тым ліку i ў Белаpyci, адчувалі жыццёвую неабходнасць радыкальных перамен, маральнага ачышчэння i абнаўлення грамадства. Пошук выхаду з сітуацыі быў начаты пасля смерці Л. Брэжнева ў лістападзе 1982 г., калі новым Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Ю. Андропаў. За кароткі перыяд яго дзейнасці на гэтай пасадзе па-новаму быў пастаўлены шэраг пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, пачалася барацьба з карупцыяй i навядзеннем парадку i дысцыпліны, хоць i тут не адбылося без перагібаў. Пасля смерці Ю. Андропава ў лютым 1984 г. партыю ўзначаліў К. Чарненка i на кароткі час зноў наступіў застой. Зразумела, што гэтыя змены палітыкі на саюзным узроўні адбіваліся i на Беларусі.

Такім чынам, грамадска-палітычнае жыццё Беларусі у другой палове 40-х – першай палове 80-х гг. ХХ ст. было супярэчлівым i неадназначным. У гады так званай "хрушчоўскай адлігі" ажывілася работа Саветаў, прафсаюзаў, камсамола, іншых грамадскіх арганізацый, пашырыліся ix правы. Аднак з другой паловы 60-х гг. у грамадскім жыцці верх узялі кансерватыўныя погляды, што прывяло да ўзмацнення негатыўных з'яў, застою ў грамадстве, сацыяльнай апатыі, абыя-кавасці, абыякавых адносін да працы. Радыкальныя зме­ны ў грамадстве станавіліся неабходнымі.

Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў другой палове 80-х гг. была звязана з курсам на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця i дэмакратызацыю палітычнага жыцця. Ён быў абвешчаны ў 1985 г. новым кіраўніком ЦК КПСС М. Гарбачовым i атрымаў назву палітыкі перабудовы. Беларусь у той час набыла аблічча адной з самых кансерватыўных рэспублік, дзе па-ранейшаму існавала iмкненне да захавання аўтарытарнага палітычнага рэжыму i супрацьдзеяння ў адносінах да рэформаў. Аднак палітычная актыўнасць насельніцтва рэспублікі нарастала па меры таго, як партыя, што з'яўлялася кіруючай сілай у грамадстве, губляла свае дзяржаўныя функцыі.

Важным крокам на шляху пашырэння ролі народа ў жыцці грамадства з'явілася прыняцце ў 1988 г. Закона «Аб народ­ным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР». У 1989 г. адбыліся выбары народных дэ­путатаў СССР, якія ўпершыню праходзілі як свабодныя i алътэрнатыўныя. У 1990 г. паводле новага выбарчага Закона былі праведзены выбары народных дэпутатаў у Вярхоўны i мясцовыя Саветы народных дэпутатаў БССР. Аднак ва ўмовах аднапартыйнасці большасць месцаў атрымалі прыхільнікі Камуністычнай пар­тыі Беларусі (КПБ).

Адным з рэальных дасягненняў палітыкі перабудовы другой паловы 80-х гг. стала галоснасцъ – магчымасць адкрыта гаварыць праўду пра сваю гісторыю i сучаснасць, адкрыта выказваць крытычныя адносіны да ўлады i існуючай ідэалогіі, рэалізаваць на справе абвешчаныя Канстытуцыяй БССР 1978 г. дэмакратычныя свабоды слова, друку, мітынгаў i шэсцяў.

Pyx за дзяржаўны суверэнітэт Беларусі ўзмацніўся ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XX ст. i быў звязаны з дасягненнем палітычнай незалежнасці i самастойнасці дзяржаўнай улады ва ўмовах палітыкі перабудовы. У Беларусі рух за нацыянальнае адраджэнне прадугледжваў перш за ўсе карэннае пераўтварэнне Саюза ССР у сапраўды дэмакратычную прававую дзяржаву, заснаваную на добраахвотным аб'яднанні раўнапраўных суверэнных рэспублік. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Гэта азначала, што Беларусь выбрала ўласны шлях развіцця, хоць i не выключала магчымасці аб'яднання разам з іншымі рэспублікамі ў новы саюз.