Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

7. Беларусь у часы рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Першыя палітычныя арганізацыі.

Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі: 1) незадаволенасць царызмам (манархічнай формай кіравання); 2) крызіс у аграрных адносінах; 3) імкненне прыгнечаных народаў да пашырэння сваіх правоў. Разлік царскага ўрада на тое, што вайна Расіі з Японіяй 1904 г. можа быць пераможнай і супакоіць грамадства, даў адваротны вынік. Жорсткае паражэнне расійскага войска толькі абвастрыла эканамічны крызіс і прыспешыла рэвалюцыю.

Расстрэл мірнага шэсця пецярбургскіх рабочых з сем’ямі да цара 9 студзеня 1905 г. (“Крывавая нядзеля”) ускалыхнуў імперыю. Хваля стачак і мітынгаў пратэсту ахапіла ўсю краіну, у тым ліку і беларускія гарады. Так пачалася першая расійская рэвалюцыя, якая ў Беларусі ў сваім развіцці прайшла некалькі этапаў.

Першы, пачатковы, этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. У выніку веснавых забастовак рабочыя Беларусі дамагаліся павышэння заробкаў і скарачэння рабочага дня да 9-10 гадзін. Хваляванні перакінуліся ў вёску. Сяляне ахвотна збіраліся на палітычныя сходы і мітынгі. Улетку беларускую вёску ахапілі забастоўкі. З пачаткам рэвалюцыі актывізавалася дзейнасць палітычных партый. У пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала звыш 20 палітычных партый: 9 нацыянальна-дэмакратычных, 9 яўрэйскіх і 5 агульнарасійскіх.

У Беларусі найбольшым уплывовымі партыямі былі:

  • Бунд – “Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі”, утвораны ў Вільні ў 1897 г. у мэтах арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча.

  • РСДРП – Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, абвешчаная на І з’ездзе прадстаўнікоў шэрагу сацыял-дэмакратычных арганізацый у Мінску ў 1898 г.

Афармленне сацыя-дэмакратычнага руху было абумоўлена крызісам вучэння народнікаў аб магчымасці пераходу да сацыялізму, мінуючы капіталістычны лад, праз сялянскую абшчыну, як зародак сацыялізму. Ва ўмовах актывізацыі рабочага руху ў Беларусі пачалося распаўсюджванне марксісцкага вучэння аб класавай барацьбе як рухаючай сіле гісторыі. Марксісты рабілі стаўку на пралетарыят. Менавіта так звалася першая польская сацыялістычная партыя. З яе дзейнасцю, а таксама з дзейнасцю групы “Вызваленне працы” пад кіраўніцтвам “першага рускага марксіста” Г. Пляханава звязана ўзнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі. У 1903 г. адбылося афармленне дзвюх фракцый у РСДРП. Бальшавікі (большасць іх увайшла пры выбарах у Цэнтральны камітэт партыі) выступалі за рэвалюцыйныя сродкі дасягнення канчатковай мэты – будаўніцтва сацыялізму, меншавікі – за паступовае рэфармаванне грамадства.

Агульнарасійская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) аформілася ў 1902 г. Эсэры лічылі, што ў сялянскай Расіі нельга прымяняць еўрапейскія сацыялістычныя тэорыі, адхілялі марксізм, імкнуліся стварыць самабытны, сялянскі сацыялізм. Эсэры выкарыстоўвалі тэрор як асноўны сродак барацьбы.

Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) не мела прыкметнага ўплыву сярод рабочых. Яе ўтварылі браты І. і А. Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс, К. Кастравіцкі (К. Каганец), В. Іваноўскі, А. Уласаў і інш. у канцы 1902 – 1903 гг. Праграма Грамады (1903) прадугледжвала звяржэнне царызму, перадачу зямлі сялянам, сацыялізацыю гаспадарак шляхам добраахвотнай кааперацыі, перадачу фабрык рабочым, развіццё беларускай культуры, прадастаўленне Беларусі краявой аўтаноміі з сеймам у Вільні, устанаўленне прагрэсіўнага падатку, выбранне чыноўнікаў. Дзеячы БСГ разгортвалі працу найперш у вёсцы. Для кіраўніцтва сялянскімі выступленнямі супраць памешчыкаў ствараўся Беларускі сялянскі саюз (1905). І ў горадзе, і ў вёсцы грамадаўцы (сябры БСГ) выступалі адзіным фронтам з бундаўцамі, эсэрамі, членамі РСДРП і Польскай сацыялістычнай партыяй (ППС).

Другі этап, ці ўздым рэвалюцыі, прыпадаў на кастрычнік – снежань 1905 г. У кастрычніку краіну ахапіла Усерасійская палітычная стачка. У Беларусі першымі ў барацьбу ўключыліся чыгуначнікі. Снежаньскае ўзброенае паўстанне ў Маскве стала кульмінацыяй падзей 1905 г. і суправаджалася Усерасійскай чыгуначнай стачкай. У Беларусі блізкім да паўстання было становішча ў Баранавічах, Гомелі, Мінску. 18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест цара Мікалая ІІ ад 17 кастрычніка 1905 г. Паводле яго створаная ў жніўні 1905 г. як дарадчы орган пры цары Дзржаўная дума – правобраз парламента Расіі – надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Упершыню ў гісторыі Расіі абвяшчаліся свабоды слова, друку, сходаў, веравызнання, недатыкальнасць асобы. Дарэчы, у сувязі з падпісаннем Маніфеста ў Расіі быў створаны “Саюз 17 кастрычніка”. Яго прадстаўнікі (“акцябрысты”) – асноўная частка буржуазіі – былі задаволены магчымасцю правесці сваіх дэпутатаў у Дзяржаўную думу.

У Мінску пры патуранні мясцовай улады 18 кастрычніка 1905 г. быў расстраляны шматлюдны народны мітынг, на якім абмяркоўваўся Маніфест. Да 100 чалавек было забіта і каля 300 паранена. Гэта падзея атрымала ў гісторыі назву “Курлоўскі расстрэл” (губернатар Мінска – П. Курлоў). Мітынг быў расстраляны таксама і ў Віцебску. У адказ на “Курлоўскі расстрэл” частка членаў партыі эсэраў вырашыла адпомсціць губернатару. Выканаўцамі замаху сталі І. Пуліхаў і А. Ізмайловіч. Забойства не адбылося, а І. Пуліхаў быў павешаны на браме Мінскай турмы.

У снежні 1905 г. цар аб’явіў аб правядзенні выбараў у І Дзяржаўную думу. У барацьбе за галасы беларускага насельніцтва змагаліся тры палітычныя лагеры: кансерватыўны, ліберальны і рэвалюцыйны.

У кансерватыўным лагеры найбольш рэакцыйную пазіцыю займаў “Саюз рускага народа” (чарнасоценцы). У іх шэрагі траплялі ўраднікі, праваслаўнае духавенства, стараверы і часта крымінальныя элементы. З чарнасоценцамі актыўна супрацоўнічалі мясцовыя групы партыі акцябрыстаў. Усе яны змагаліся за захаванне манархіі пад лозунгам “Расія для рускіх” і пра рэформы чуць не хацелі.

Ліберальны лагер фарміраваўся пераважна за кошт партыі кадэтаў. Яе ідэалам была канстытуцыйная манархія з двухпалатным парламентам. Кадэты выступалі за частковае адчужэнне памешчыцкіх зямель па рыначнай ацэнцы, былі прыхільнікамі палітычных рэформаў і ворагамі сацыялізму.

Рэвалюцыйны лагер прадстаўлялі левыя партыі (РСДРП, эсэры, Бунд, БСГ, ППС), якія спадзяваліся на рэвалюцыйнае звяржэнне самаўладдзя і ўсталяванне грамадства сацыяльнай справядлівасці, а таму байкатавалі выбары.

Трэці этап, ці адступленне рэвалюцыі, працягвалася са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Большасць у І Думе заваявалі кадэты. Асноўным у парадку дня Думы было аграрнае пытанне. Ва ўрадавай аграрнай праграме аб пашырэнні сялянскага зямельнага кліна (водруба) гаворка не ішла. Таму дэпутаты адмовілі ўраду ў падтрымцы, і ён у ліпені 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах. Перад ІІ Думай, якая адкрылася ў лютым 1907 г., паўсталі тыя ж праблемы, што і перад І Думай – знайсці выхад з аграрнага і нацыянальнага крызісу. Агульнага паразумення дэпутатаў і паміж сабой, і з урадам не адбылося. Урэшце Дума зайшла ў палітычны тупік і 3 чэрвеня была разагнана ўрадам. Рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Кансерватыўныя, манархічныя сілы аказаліся мацнейшымі.