Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КУРС ЛЕКЦИЙ Ненадовец А.М., Гребенчук И.В. Интегрированный модуль История. Курс лекций ( №286 ).doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

5. Развіццё культуры ў Рэспубліцы Беларусь.

У працэсе нацыянальнага адраджэння пачатку 1990-х г. можна вызначыць некалькі ключавых момантаў:

1) адраджэнне беларускай мовы. Як было сказана вышэй, 26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон, згодна з якім беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Законам прадугледжваўся паступовы перавод на дзяржаўную мову ўстановаў ураду, навукі, адукацыі, культуры і інш. Па сутнасці, гэта была другая беларусізацыя ў ХХ ст. Пры гэтым у Беларусі дазвалялася свабоднае выкарыстанне іншых моваў нацыянальных меншасцяў. Мовай міжнацыянальных зносін была прызнана руская;

2) адраджэнне беларускай культуры. 4 верасня 1991 г. быў прыняты Закон аб культуры, які гарантаваў свабоду творчай дзейнасцi, абарону інтэлектуальнай уласнасці, адмаўленне ад манапалізму ў культуры, права на развіццё культуры нацыянальных супольнасцяў і інш. Паводле Закона аб свабодзе веравызнання ў Рэспубліцы Беларусь (1992 г.), у нацыянальную культуру пачалі вяртацца прынцыпы хрысціянскай духоўнасці і маралі, прызнанне перавагі агульначалавечых каштоўнасцяў;

3) вяртанне гiстарычнай спадчыны. Гістарычная памяць народа з’яўляецца сведчаннем яго самабытнасці і разумення сваёй ролі ў развіцці сусветнай цывілізацыі. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. стварыла спрыяльныя ўмовы для вяртання гістарычнай спадчыны Беларусі. Пiсьменнiкi i гiсторыкi краіны пачалi звяртацца да нацыянальнай гiсторыi, выводзiлi на свет з небыцця гiстарычныя асобы: полацкіх князёў, князёў ВКЛ, прадстаўнікоў беларускай культуры, дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху і інш. Пачалася новая хваля рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла выданне часопісаў «Спадчына», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская думка» і інш. На іх старонках друкаваліся артыкулы, у якіх, у адпаведнасці з нацыянальнай канцэпцыяй, па-новаму ацэньваліся шмат якія падзеі даўняга і недалёкага гістарычнага мінулага Беларусі. Навукова-папулярная гістарычная літаратура пачатку 1990-х г. мела самы высокі рэйтынг, што сведчыла пра цікавасць народа да сваіх гістарычных каранёў і мінулага сваёй краіны. У гэтым накірунку развіваліся таксама літаратура і мастацтва.

Такім чынам, поспеху нацыянальна-культурнага адраджэння ў першыя гады незалежнасці, у першую чаргу, садзейнічаў той факт, што стварэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі стала афіцыйным накірункам палітыкі ўлад.

Развіццё літаратуры i мастацтва на рубяжы 80 – 90-х гг. XX ст. было звязана з новымі ўмовамі грамадска-палітычнага жыцця. З'явілася магчымасць для пераадолення прынцыпу партыйнасці i метаду сацыялістычнага рэалізму. У ліку беларускіх пісьменнікаў, што даследуюць мінулае Бацькаўшчыны, Л. Дайнека. Яго раман «Меч князя Вячкі» прысвечаны часам Полацкага княства, якое паўстала на шляху заваёўнікаў-крыжакоў. Полацкі князь Усяслаў Чарадзей – галоўны герой рамана «След ваўкалака». Аднаўленню гістарычнай памяці народа садзейнічаюць лiтapaтypныя творы У. Арлова, які прысвяціў сваю дзейнасць асвятленню гісторыі Полаччыны. Заслужанай папулярнасцю карыстаюцца творы К.Тарасава «Памяць пра легенды», «Пагоня на Грунвальд», «Тры жыцці княгіні Рагнеды» i інш. Пісьменнік Г. Далідовіч у cваіx раманах «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя» расказвае пра лёс дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

На шырокім гістарычным фоне з улікам агульначалавечых каштоўнасцяў разглядаецца лёс бе­ларускага народа ў XX ст. у аповесцях В. Быкава «Сцюжа», «Сцяна». Псіхалагічны стан людзей у гады сталінскіх рэпрэсій паказаны ў яго апавяданні «Жоўты пясочак».

Да тэмы сучаснасці, у тым ліку Чарнобыля, звярнуўся I. Шамякін. Выйшлі яго раман «Злая зорка», аповесці «Ахвяры», «Caтанінскі тур» i інш. Асаблівае месца ў беларускай літаратуры займае творчасць лаўрэата прэстыжных літаратурных прэмій «Еўрапейскае ўзаемапаразуменне», “Гонар i годнасць у літаратуры” Святланы Алексіевіч. Сусветную вядомасць атрымалі яе творы «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», “Чарнобыльская малітва – хроніка будучыні» i інш.

Сучаснаму культурнаму адраджэнню Беларусі ў значнай ступені спрыяе вяртанне незаслужана забытых або забароненых раней імёнаў дзеячаў навукі i культуры. Адноўлена ў памяці народа імя выдатнага беларускага вучонага-гісторыка У. Ігнатоўскага – аўтара «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі», В. Ластоўскага, які ў 1910 г. надрукаваў упершыню на беларускай мове «Кароткую гісторыю Беларусi» i інш. Дзякуючы даследаванням Г. Кісялёва, вызначаны магчымы аўтар вядомай ананімнай паэмы першай паловы XIX ст. «Та­рас на Парнасе» – К. Вераніцын. У 1990 г. перакладзена з польскай на беларускую мову кніга Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Да гістарычнай спадчыны беларускага народа звярнуліся i мастакі. Браты У. i M. Басалыгі стварылі партрэты славутых беларускіх князёў, серыю графічных работ «Помнікі дойлідства Беларусі». Грунтоўна ўзнаўляюць старонкі нашай гісторыі партрэты дзеячаў беларускай культу­ры М. Гусоўскага, Ф. Скарыны, Е. Полацкай, зробленыя мастакамі А. Марачкіным, Л. Шчамялёвым. Жаночую прыгажосць увасабляе ў cваix карцінах, прысвечаных «беларускім мадоннам», Аляксей Кузьміч. У цэнтры творчасці народнага мастака Беларусі М. Савіцкага – чарнобыльская трагедыя, якая знайшла адлюстраванне ў цыкле карцін. У ix ліку – «Чарнобыльская мадонна».

Развіваецца беларускае тэатральнае мастацтва: створа­ны п'есы «Казімір Лышчынскі» У. Бутрамеева, «Крыжы Ефрасінні Полацкай» І. Масляніцынай, «Звон – не малітва» І. Чыгрынава, «Песня пра зубра» А. Дударава. У 1997 г. на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы адбылася прэм'ера п'есы А. Дударава «Князь Вітаўт», якая распавядае аб складаным гістарычным лёсе беларускага на­рода. 3 1990 г. ідзе на сцэне Нацыянальнай оперы твор кампазітара У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Старонкі гісторыі Полацкага княства сталі сюжэтам беларускага балета «Страсці (Рагнеда)», які пастаўлены В. Елізар'евым. Балет прызнаны ў 1995 г. лепшым у свеце па сваей харэаграфіі.

У 1992 г. створаны калектыў «Беларуская капэла». У 1997 г. выдадзены нотны зборнік С. Манюшкі «Песні з-над Нёмана i Дзвіны» на вершы Я. Чачота. Заслужанай павагай слухачоў карыстаецца Дзяржаўны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Традыцыйным стала правядзенне шэрагу музычных фестываляў, сярод якіх міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве i інш.

У апошнія гады створаны помнікі выдаўцу першай на тэрыторыі Беларусі друкаванай на беларускай мове кнігі С. Буднаму ў Нясвіжы, беларускаму пісьменніку XII ст. К. Тураўскаму ў старажытным Тураве, паэту – ураджэнцу Беларусі А. Міцкевічу ў Навагрудку, беларускаму першадрукару Ф. Скарыне на яго радзіме ў Полацку, Е. Полацкай таксама ў Полацку, пісьменніку першай паловы XIX ст. Я. Баршчэўскаму ў в. Mypaгi Віцебскай вобласці, аўтару акварэльных замалёвак Н. Орду ў г. Іванава Брэсцкай вобласці, мастаку Я. Драздовічу ў Мінску. З'явіўся першы ў краіне помнік вучонаму-гісторыку М. Доўнар-Запольскаму на яго радзіме ў г. Рэчыца, помнік М. Шагалу ў Віцебску. У Мінску створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры імя А. Бембеля.

На узор заходнееўрапейскіх універсітэтаў дворык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпрыгожылі скульптуры славутых асветнікаў. Брэсцкім майстрам М. Кузъмічом адноўлена хрысціянская святыня, страчаная ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – крыж Е. Полацкай. Адкрыты Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адкрыў свае філіялы ў Мірскім замку, які рашэннем ЮНЕСКА ўнесены ў cпіс Сусветнай спадчыны.

Развіццё палітычных, эканамічных, навуковых, культурных сувязяў з іншымі краінамі свету з’яўляецца жыццёва важнай справай для паспяховага ўваходжання самастойнай і незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь у сусветную супольнасць, уласнага развіцця краіны, павышэння дабрабыту народа.