Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

15 2. Рэфармацыйныя рухі ў Еўропе і ў Беларусі.

Вельмі вялікі ўплыў на культурныя працэсы ў паўночнай частцы Еўропы ў 16 ст. аказала царкоўная Рэфармацыя. Распаўсюджанне Р-цыі таксама неабходна разглядаць у рэчышчы пашырэння рэнесансавага светапогляду. Спробы новага асэнсавання месца і ролі чалавека ў свеце, пераэсэнсавання яго прызначэння на зямлі прывялі да сутыкнення з пануючай дактрынай каталіцкага касцёла і існуючай практыкай царкоўнага жыцця. Асаблівае незадавальненне і абурэнне многіх адукаваных людзей выклікаў продаж каталіцкімі манахамі індульгенцый. Набыццё індульгенцый, паводле касцёлу, выбачала людзям іх грахі, грошы нібыта ішлі на пабудову храма Св.Пятра ў Рыме, але насамрэч у большай ступені прысвойваліся вярхушкай рымскага духавенства, якое вяло лад жыцця вельмі далёкі ад евангельскіх запаветаў. У 1519 г. нямецкі манах Марцін Лютэр у сваім горадзе Вітэнбергу апублікаваў 95 тэзісаў супраць рымскага царкоўнага прастолу. Ідэі М.Лютэра вельмі хутка пашырыліся ў Германіі і за яе межамі, дзякуючы найперш друкаванай кніжцы. Толькі ў 1517-1520 гг. было прададзена звыш 300 тыс. друкаваных кніг Лютэра. Спробы Рыма асудзіць бунтаўніка не мелі поспеху, паколькі яго падтрымала значная частка нямецкай арыстакратыі і рыцарства, якім падабалася ідэя духоўнай незалежнасці ад Ватыкана. Лютэр распрацаваў уласнае вучэнне. Яно атрымала назву лютэранства і стала самай уплывовай плынню пратэстантызму. Асновай гэтага рэлігійнага вучэння была асабістая вера чалавека ў бога, а чатырма галоўнымі прынцыпамі – Толькі Ласка Божая, Толькі Вера, Толькі Евангелле, Толькі Хрыстос. Лютэр абвяшчаў непатрэбным існаванне грувасткіх царкоўных інстытутаў і духавенства, як пасярэднікаў паміж звычайнымі вернікамі і Богам, адмаўляў манаства і роскаш каталіцкіх храмаў. Цяпер святар станавіўся толькі першым сярод роўных у рэлігійнай грамадзе, а храм – местам чытання і тлумачэння Бібліі. Выратаванне чалавека немагчыма было набыць за грошы, ці нават заслужыць прыкладнымі паводзінамі і гераічнымі ўчынкамі. Усё залежала ад Ласкі Божай. А грахі людскія скупіў сваімі пакутамі Ісус Хрыстос. Менавіта жыццё Ісуса павінна быць адзіным прыкладам для чалавека. Таму кожны вернік абавязаны самастойна чытаць і разумець Евангелле, каб непасрэдна пазнаць Божыя запаветы. У выніку лютэранства дало магутны штуршок развіццю адукацыі, пісьменнасці і кнігадрукавання. М.Лютэр сам зрабіў выдатны пераклад Бібліі на нямецкую мову. З другога боку, як мы ўжо адзначылі, менавіта кнігадрукаванне аблегчыла перамогу Рэфармацыі ў паўночнай частцы Еўропы.

Распачатую ў Германіі справу рэфармацыі працягнулі ў іншых краінах. У Швейцарыі яе лідарам быў Ульрык Цвінглі, які загінуў ва ўзброенай барацьбе з сваімі праціўнікамі. Яго справу прадоўжыў Жан Кальвін. Ён стварыў уласнае вучэнне, у некаторых момантам больш радыкальнае за вучэнне Лютэра. Асновай кальвінізму стала вера ў боскае прадвызначэнне. Згодна з гэтай тэзай, жыццё кожнага чалавека ўжо заранёў прадвызначана Богам, які ўжо не ўмешваецца ў ход падзей. Прычым большасць людзей асуджана на вечныя пакуты пасля смерці, і толькі жменька абраных патрапіць у Царства Божае. Паводле гэтага суровага і па сутнасці антыгуманнага вучэння, абавязкам чалавека з’яўляецца выконане ўласнага прадвызначэння. Таму ў кальвінізме гандляр ці рамеснік разглядалі сваю працу не проста як неабходную для фізічнага пражыцця, але як выкананне Боскага прадвызначэння. Таму і поспехі ў сваёй працы яны разглядалі як пацверджанне таго, што пасля смерці апынуцца у Царстве Божым. Другім пацверджаннем была моц уласнай веры. Менавіта таму некаторыя даследчыкі, як, напрыклад, нямецкі сацыёлаг Макс Вэбэр, лічылі, што пратэстантызм, а асабліва кальвінізм, сталі асновай для стварэння сучаснага капіталістычнага грамадства, з яго рацыяналізмам і прадпрымальнасцю. Для нас кальвінізм цікавы яшчэ тым, што менавіта гэтая плынь рэфармацыі атрымала найбольшае пашырэнне на беларускіх землях у 16 ст.

Рэфармацыя дала моцны штуршок у развіцці багаслоўскай і філасофскай думцы. Там, дзе яна перамагала, адбываўся заняпад рэлігійнага мастацтва, паколькі храмы пратэстантаў вызначаліся сціпласцю і прастатой. Аднак, з другога боку, гэта стымулявала свецкае мастацтва, прыкладам чаго з’яўляецца нідэрландскі жывапіс той эпохі.

Ідэі Р-цыі вельмі хутка дасягнулі беларускіх земляў. Напачатку спрабавалі распачаць сваю дзейнасць у ВкЛ лютэране. Адным з першых прапаведнікаў у Вільні стаў Абрахам Кульва ў 1539 г. Але дзейнасць гэтая не дасягнула асаблівага поспеху, паколькі лютэранства моцна атаясамлялася з нямецкай верай. Затое значна лепш пашыраліся ўплывы кальвінізму, ідэі якога падтрымала большая частка беларуска-літоўскай арыстакратыі. Падтрымка грамадскіх эліт была характэрнай для развіцця кальвінства ва ўсіх краінах. Магнтам імпанавала ідэя дэтэрмінізму і Боскага прадвызначэння, паколькі па сутнасці апраўдвала іх пазіцыі ў грамадстве.

У ВкЛ асаблівую ролю адыграў пераход у кальвінізм самага магутнага з магнатаў княства – Мікалая Радзівіла Чорнага. Менавіта ён стаў галоўным апекуном кальвінства на беларускіх землях. У выніку ў 1570-х гадах у ВКЛ налічвалася ўжо 163 кальвінскія зборы (грамады). Да гэтай рэлігійнай плыні далучыліся амаль усе славутыя княскія і магнацкія роды.

Пазней ад кальвінізму адкалолася больш радыкальная плынь – арыяне ці антытрынітарыі (адмаўлялі дагмат Троіцы). Яны рашуча выступалі за пабудову больш справядлівага сацыяльнага ладу. Да арыян далучалася пераважна дробная, але высокаадукаваная шляхта, якая была незадаволена сваім другарадным становішчам пасля магнатаў. Усяго ў ВКЛ налічвалася каля 10 арыянскіх збораў. Да арыян далучыліся такія вядомыя асветнікі Беларусі, як Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Р-цыя аказала велізарныя ўплывы на развіццё культурным працэсаў у ВКЛ у 16 ст. Прычым гэтым ўплывам вельмі складана даць адназначную ацэнку. З аднаго боку Р-цыя стымулявала развіццё кніжнай культуры, прынесла новыя грамадскія ідэі, выклікала ў адукаваным асяроддзі дыскусіі на рэлігійную і філасофскую тэматыку. Дзякуючы рэфармацыі ў Беларусі выходзяць друкаваныя кнігі на старабеларускай мове. Але, з другога боку, Р-цыя ў далейшым паспрыяла працэсу моўна-культурнай паланізацыі беларуска-літоўскай шляхты ў той перыяд, калі працэс кансалідацыі беларускай этнічнай супольнасці яшчэ не набраў дастатковай сілы. У выніку Р-цыі вельмі моцна аслаблі пазіцыі праваслаўнай царквы ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. А галоўнае, на беларускіх землях адсутнічалі аб’ектыўныя ўмовы для перамогі Р-цыі. Як засведчыў еўрапейскі вопыт, пратэстантызм, а найперш кальвінізм, пераважна ўсталёўваўся ў эканамічна высокаразвітых краінах, дзе былі багатыя гарады з моцным і незалежным бюргерствам. У беларускім грамадстве гарады не былі яшчэ настолькі моцнымі, працэнт адукаваных людзей з’яўляўся значна ніжэйшым, чым, напрыклад, у Германіі, Англіі ці Галандыі. Таму перамога Контрэфармацыі ў 17 ст, якая абапіралася на матэрыяльную, культурную і інтэлектуальную магутнасць усяго каталіцкага касцёла, выглядала ў ВКЛ цалкам заканамернай.