Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

5. Культура Беларусі на сучасным этапе.

Вельмі істотныя змены ва ўмовах культурнага жыцця Беларусі адбыліся ў часы т. зв. гарбачоўскай перабудовы (пач. у 1985 г.). У грамадстве паступова набіралі сілу працэсы лібералізацыі і галоснасці. Абрынулася таталітарная аднапартыйная сістэма, якая дзесяцігоддзямі жостка кантралявала жыццё людзей у СССР. Неўзабаве разваліўся і такі б здавалася магутны Савецкі Саюз, і Беларусь стала незалежнай суверэннай дзяржавай. Але аказалася, што набыццё асабістай свабоды творчасці не гарантуе аўтаматычнага з’яўлення шэдэўраў літаратуры і мастацтва. Больш таго, многія прадстаўнікі творчага асяроддзя не здолелі адаптавацца да новых умоваў, надыход камерцыялізацыі культурнага жыцця, рынкавых адносінаў стаў для іх асабістай трагедыяй, выклікаў настальгію па старых часах, калі абласканыя ўладай пісьменнікі і мастакі мелі гарантаваны дабрабыт і магчымасць выдаваць і выстаўляць свае творы. Таму, напэўна, галоўным дасягненнем культурнага жыцця Беларусі ў перабудовачныя часы стала вяртанне імёнаў і твораў тых дзеячоў беларускай культуры, якія шмат гадоў замоўчваліся. Так, са «спецсховішчаў» былі вернуты і надрукаваны празаічныя творы А.Мрыя, М.Гарэцкага, А.Гаруна, Л.Калюгі, П.Галавача, В.Ластоўскага і г.д. Былі выдадзены таксама творы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Алеся Салаўся і інш. З увагай і цікавасцю чытач сустрэў аповесці-ўспаміны беларускіх літаратараў, якія прайшлі пекла сталінскага гулагу: “Зона маўчання“ і “З воўчым білетам“ Сяргея Грахоўскага, “У кіпцюрах ГПУ“ Францішка Аляхновіча, “Споведзь“ Ларысы Геніюш і інш.

Да найбольш трагічных тэмаў нядаўняй беларускай гісторыі і сучаснасці звяртаецца і класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў. Так, у 1993 г. была апублікавана яго аповесць “Сцюжа“, у якой паказана жыццё беларускай вёскі ў часе калектывізацыі і рэпрэсій. Пазней В.Быкаў усё часцей звяртаецца да новага для сябе літаратурнага жанру – прытчы, і спрабуе асэнсаваць праблемы сучаснага беларускага грамадства.

Перабудова выклікала ў беларускім адукаваным грамадстве абуджэнне цікавасці да гісторыі сваёй радзімы. З вялікай цікавасцю чытач сутрэў гісторыка-літаратурныя творы Кастуся Тарасава, Уладзіміра Арлова, Вітаўта Чаропкі. Да гістарычнай прозы звярнуліся Леанід Дайнека і Вольга Іпатава.

Многія пісьменнікі звярнуліся да найбольш трагічнай праблемы сучаснай беларускай гісторыі – Чарнобыля. Асаблівую вядомасць за межамі нашай краіны набыла “Чернобыльская молітва“ Святланы Алексіевіч, найбольш папулярнай рускамоўнай пісьменніцы Беларусі.

Адметнай з’явай тэатральнага жыцця Беларусі ў перабудовачныя часы стала стварэнне новых тэатральных калектываў. Так, у 1993 г. адкрыў свой першы сезон Дзяржаўны тэатр лабараторыя “Вольная сцэна“ (пазней Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі). Тэатральныя калектывы пачалі ўсё больш актыўна звяртацца да ідэі нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. У 1990 г. рэжысёр Мікалай Пінігін паставіў у Купалаўскім тэатры славутую п’су Я.Купалы “Тутэйшыя“. У 1991 г. ён ставіць спектакль “Ідылія“ паводле лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. Да беларускамоўнай драматычнай спадчыны пачалі звяртацца таксама Альтэрнатыўны тэатр, тэатр драмы “Дзе-Я?“ і інш. калектывы.

Найбольш яркай новай з’явай у музычным жыцці Беларусі стала творчасць беларускамоўных рок-гуртоў. У савецкія часы рок-музыка, якая з’яўляецца найбольш характэрнай асаблівасцю моладзевай культуры 20 ст., разглядалася ўладамі як праява буржуазнай масавай культуры, сродак абалваньвання моладзі, і знаходзілася па-сутнасці на паўлегальным становішчы. У перабудовачныя часы назіраецца імклівы рост зацікаўлення рокам у моладзевым асяроддзі. Паўстаюць беларускамоўныя рок-гурты – “Бонда“,“Мроя“, “Мясцовы час“ і інш. Большасць з іх у хуткім часе распадаецца, але на іх месца прыходзяць новыя. У беларускай рок-музыцы 1990-х найбольш значную ролю адыгралі такія гурты, як “Крама“, “Уліс“, “Новае Неба“. У апошнія гады несумненным лідарам у беларускай рок-музыцы стаў гурт “НРМ”.

Значную папулярнасць набылі калектывы, якія працавалі ў кірунку фольк-рок. Тут трэба назваць гурт “Палац“, з якога пазней выйшла трыо “Крыві“ і некалькі самастойных выканаўцаў. Вялікай павагай да аўтэнтычнасці беларускай народнай музыкі вылучаўся гурт “Троіца“ пад кіраўніцтвам Івана Кірчука, які, на жаль, вельмі рэдка выступае на радзіме. Значная частка беларускіх рок-гуртоў стварае свае песні на англійскай і расійскай мове. Але агульнай праблемай для ўсіх выканаўцаў з’яўляецца слабасць беларускага музычнага бізнэсу, адсутнасць грошай і магчымасцяў для якаснага запісу сваіх твораў. Таму на сённяшні дзень большасць беларускай моладзі слухае выключна заходнюю і расійскую рок і поп музыку і амаль зусім нічога не ведае пра айчынных выканаўцаў. Праўда, у апошнія гады праглядваюцца змены да лепшага і творы беларускіх выканаўцаў становяцца ўсё больш вядомымі і папулярнымі.

На сённяшні дзень беларуская культура перажывае няпростыя часы, звязаныя з агульнай вельмі складанай эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй. З гэтай прычыны ў цяжкім становішчы знаходзіцца, напрыклад, кінематограф. Цяжка выдаваць свае творы пісьменнікам. Вельмі няпроста выжываць навуцы і г.д. Кожны творца мусіць рабіць выбар паміж працай над сур’ёзнымі праблемамі і магчымасцю зарабіць грошы на т.зв. халтуры. Вельмі няпроста сёння гаварыць пра лёс беларускамоўнай культуры, паколькі большая частка сучаснага насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога, ужо не карыстаецца ў штодзённым жыцці беларускай мовай. Але несумненным з’яўляецца тое, што беларуская культура з гонарам вытрымае ўсе выпрабаванні, захавае сваю нацыянальную самабытнасць і непаўторнасць і яшчэ ўзбагаціць выдатнымі шэдэўрамі скарбніцу лепшых набыткаў сусветнай культуры.