Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

6. Культура беларускага замежжа

У 20 ст. шмат асяродкаў беларускага культурнага жыцця паўстала за межамі нашай Бацькаўшчыны. Напачатку 20 ст. сотні тысяч беларусаў выязджалі на заробкі ў Паўночную Амерыку. У 1921 г. у Ню Ёрку і Чыкага былі ўтвораны першыя беларускія арганізацыі, а ў 1926 г. пачала выходзіць першая ў ЗША газета на беларускай мове “Беларуская трыбуна“ (рэд.Я.Варонка). Пасля першай сусветнай вайны і расійскай рэвалюцыі беларускія палітычныя эмігранты стварылі асяродкі беларускага культурнага жыцця ў Рызе (Латвія), Коўне (Літва), Празе (Чэхія). Напрыклад, у Латвіі ў 1920-х гадах працавала беларуская гімназія, каля 50 пачатковых школ. У 1930-я гады значны паток працоўнай эміграцыі з Заходняй Беларусі накіраваўся ў Лацінскую Амерыку (каля 350 тыс. чалавек). У 1934 г. у Аргенціне паўстала Беларускае культурна-асветнае таварыства, у 1938 г. – таварыства “Белавежа“.

У пасляваенны перыяд актыўнай дзейнасцю на ніве беларускай культуры вызначалася эмігранцкае асяроддзе ў ЗША. Найбольш актыўнай працай вылучалася арганізацыя Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, у склад якога ўваходзілі Наталля Арсеннева, Ян Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі і інш. З 1950 г. у ЗША выходзіць газета “Беларус“. Выдаюцца часопісы на беларускай мове: “Беларуская Думка“, “Беларускі Свет“, “Летапіс беларускай эміграцыі“, “Полацак“. У 1972 г. у ЗША налічвалася 14 беларускамоўных выданняў з агульным накладам 10000 асобнікаў. У 1951 г. у Ню Ёрку дзеячамі эміграцыі быў створаны Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, які збіраў архіў беларускай эміграцыі, выдаваў свае навуковыя “Запісы…“. Рэлігійнае жыццё беларусаў у ЗША развіваецца пераважна ў рамках Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Апроч Паўночнай Амерыкі асяродкі беларускага культурнага жыцця існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Заходняй Еўропы. Напрыклад, з 1948 па 1980 г. у Парыжы, а затым Лондане выходзіў беларускі рэлігійны часопіс “Божым Шляхам“. Па сённяшні дзень у сталіцы Вялікабрытаніі жыве і актыўна працуе на ніве беларускай культуры вядомы рэлігійны дзеяч айцец Надсан.

Пасля распаду Савецкага Саюза асяродкі беларускай культуры пачалі паўставаць у рэспубліках былой адзінай краіны. На сённяшні дзень існуюць дзесяткі беларускіх таварыстваў, многія з якіх праводзяць актыўную працу па развіцці нацыянальнай культуры. Можна вылучыць беларускае таварыства ў Іркуцку (Расійская федэрацыя), якое займаецца вывучэннем і захаваннем традыцыйнай культуры беларускіх сялян, якія перасяліліся ў Сібір яшчэ напачатку 20 ст.

Вельмі цікавым і самабытным асяродкам беларускай культуры з’яўляецца беларуская грамада на Беласточчыне (Падляшскае ваяводства ў сучаснай Польшчы). У пасляваенны час тамтэйшым беларусам прыйшлося сутыкнуцца з працэсамі моўнай і культурнай паланізацыі. Беларуская нацыянальная культура спіхвалася ў рамкі этнаграфізму. У 1956 г. у Беластоку было ўтворана Беларускае Гісторыка-Культурнае Таварыства. На той час на Беласточчыне налічвалася 66 беларускіх пачатковых школ і 90 школ, дзе беларуская мова вывучалася як прадмет. У 1960-я гады назіраецца некаторы ўздым беларускай культуры. Былі ўтвораны кафедра беларускай філалогіі ў Беластоцкай філіі Варшаўскага універсітэта, беларускі фальклорны калектыў “Лявоніха“, музей беларускай народнай культуры ў Белавежы. У 1967/68 г. колькасць вучняў, якія вывучалі беларускую мову, дасягнула лічбы 12504. Але ў 1970-я гады адбываецца сапраўдная катастрофа. Працэс паланізацыі хутка пайшоў наперад. У 1972 г. распаўся гурт “Лявоніха“, у 1973 г. быў зачынены музей у Белавежы. У 1980/81 г. колькасць вучняў, што вывучалі беларускую мову, складала ўсяго 4068 чалавек.

Напачатку 1980-х гадоў пачынаецца адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця ў Польшчы. У 1981 г. быў створаны аргкамітэт Беларускага Аб’яднання Студэнтаў (БАС). Афіцыйна БАС было зарэгістравана ў 1988 г. Менавіта з шэрагаў гэтай арганізацыі выйшла большасць сённяшніх беларускіх дзеячоў Беласточчыны. Нягледзячы на ўсе складанасці, беларуская культурнае жыццё на Падляшшы вылучаецца актыўнасцю і самабытнасцю. Выходзіць цэлы шэраг перыядычных выданняў на беларускай мове (тыднёвік “Ніва“, навуковы часопіс “Беларускі гістарычны сшытак“, шэраг моладзевых і краязнаўчых выданняў). Штогод праводзіцца фестываль беларускай рок-музыкі “Басовішча“. Далёка за межамі Беласточчыны вядомая творчасць пісьменніка Сакрата Яновіча, перакладчыка Я.Максімюка, мастака Ю.Тарасевіча. Вельмі плённа працуюць на ніве беларускай гістарычнай навукі Антось і Яўген Мірановічы, Алег Латышонак, Лена Глагоўская. Актыўнасць, беларускі патрыятызм і самаадданасць гэтых людзей дае спадзяванне на тое, што беларускае культурнае жыццё на Беласточчыне не памрэ, а беларуская культура займе сваё пачэснае месца сярод культур народаў Еўрапейскага Звязу.