Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

Літаратура

  1. Гісторыя Беларусі. Ч.1. Ад старажытных часоў да канца ХУІІІ ст. Мінск, Лекцыі 11,16.

  2. Гісторыя Беларусі. Т.1.Старажытная Беларусь. Мінск, 2000.

  3. Лазука Б.А. Гісторыя мастацтва. Мінск:“Беларусь“, 1996. С.66-109.

  4. Мировая художественная культура: Учебное пособие. Москва, 1997. С.104-153.

  5. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХУІІІ ст. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001. С.48-58..

  6. Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. Москва:Прогресс, 1992.

Лекцыя 3. Культурнае развіццё Беларусі ў кантэксце еўрапейскага Рэнесансу і Рэфармацыі

13 1.Ідэі Гуманізму і Рэнесансу ў развіцці еўрапейскай культуры 14-16 ст.

Слова Рэнесанс выклікае ў нашым уяўленні вобразы такіх мастацкіх шэдэўраў як “Нараджэнне Венеры“ Батычэлі, “Давід“ Мікеланджала, “Мона-Ліза“ Леанарда да Вінчы. Самы вядомы знаўца эпохі Рэнесансу, швейцарскі даследчык Якаб Буркхардт вылучае дзве асноўныя рысы Р.: індывідуалізм і навізна. На яго думу: "У Сярэднявеччы чалавечая самасвядомасць … спала ці, прынамсі, драмала пад адною агульнаю коўдраю… Чалавек усведамляў сябе толькі як частку пэўнае расы, народу, групоўкі, сям’і ці цэха, іншымі словамі – толькі праз тыя свае рысы, якія ядналі яго з іншымі (П.Б.С.5). У часы Р. паводле Я. Буркхардта, “гэтая коўдра была скінутая… чалавек усвядоміў сябе і зрабіўся духоўнаю індывідуальнасцю“. Некаторыя сучасныя даследчыкі параўноўваюць Р. з мадэрнізмам 20 ст. Таксама часта ўжываецца адносна гэтай эпохі акрэсленне “залаты век", якое першым выкарыстаў славуты мысляр-гуманіст Эразм Ротэрдамскі ў сваім лісце да папы Льва Х.

Як слушна адзначае Пітэр Бэрк, можна весці гаворку пра існаванне сапраўднага міфу пра Р. Многія навукоўцы, якія проста закаханыя ў гэтую эпоху, лічаць Р. рэвалюцыйнай з’явай у гісторыі Еўропы і ўсяго чалавецтва ў цэлым, якая выкшталтавала асноўныя рысы сучаснай еўрапейскай цывілізацыі. Іншыя знаходзяць у Р. адмоўныя моманты, якія, на іх думку, паслужылі прычынай для наступных трагічных здарэнняў у гісторыі чалавецтва. Але і тых, і другіх аб’ядноўвае рэзкае адмяжоўванне Р. ад папярэдняй эпохі і супрацьстаўленне “змрочнаму“ Сярэднявеччу. Для акрэслення эпохі Р. часта таксама ўжываецца тэрмін Гуманізм. Сам гэты тэрмін з’яўляецца ў 15 ст. у тагачасным універсітэцкім слэнгу. Тады гуманітарнымі лічыліся наступныя дысцыпліны: граматыка, рыторыка, паэзія, этыка і гісторыя. Лічылася, што гэтыя дысцыпліны садзейнічалі ўдасканаленню чалавека (П.Б.С.17).

Лічыцца, што ў часы Адраджэння менавіта чалавек з яго жыццёвымі праблемамі быў пастаўлены ў цэнтр увагі мастакоў і мысляроў. Такім чынам, звычайна гаворыцца пра антропацэнтрызм эпохі Адраджэння ў супрацьстаўленне тэацэнтрызму папярэдняй эпохі. На сённяшні дзень многія даследчыкі схіляюцца да таго, што азначаная схема з’яўляецца даволі моцным спрашчэннем вельмі складанага працэсу. Гісторыкі знаходзяць вельмі шмат рэнесансных рыс у часы С-ва., так жа як і для людзей эпохі Адраджэння заставаліся характэрнымі вельмі многія асаблівасці мыслення і светаадчування папярэдніх стагоддзяў. Такім чынам, можна гавараць пра пашырэнне ўзважанага падыходу, паводле якога Р-с не з’яўляся своеасаблівай антытэзай С-ва, а быў падрыхтаваны ўсім папярэднім ходам соцыякультурнага і эканамічнага развіцця еўрапейскай цывілізацыі.

Даследчыкі вылучаюць Італьянскі і Паўночнаеўрапейскі Р-с, паколькі Адраджэнне як мастацкі стыль і светаадчуванне нараджаецца ў Італіі і толькі праз некаторы час пачынае пашырацца ў іншых краінах Заходняй Еўропы. Вельмі цікавай праблемай з’яўляецца пашырэнне рысаў Р-у ва Усходняй Еўропе. Дастаткова складана таксама вызначыць храналагічныя межы эпохі Адраджэння. Звычайна вылучаюць Протарэнесанс (канец 13-14 ст.), Ранняе Адраджэнне (15 ст.), Высокае Адраджэнне (першая палова 16 ст.). У Сярэдзіне 16 ст. у мастацтве назіраецца пэўны распад стылявога адзінства Р-су.

Калі, аднак, дакладна прытрымлівацца значэння самаго тэрміну Р., дык яго галоўнай знешняй рысай трэба бачыць імітацыю антычнасці. Як адзначае П.Берк:“Асабліва выдзяляе гэты рух шчырая спроба адрадзіць іншую культуру, імітаваць яе ў розных галінах і рознымі сродкамі. Безумоўна, гэта не адзіная важная рыса італьянскага Рэнесансу, але пачаць лепш за ўсё з яе" (П.Б.С.1). Такім чынам, Р. акрэсліваўся напачатку самымі яго творцамі ў першую чаргу як наследаванне антычных узораў і захапленне культурнай спадчынай старажытнага Рыму, якая абвяшчалася вяршыняй дасягненняў чалавечага генія. Натуральна, што радзімай Р. стала Італія, дзе захавалася вельмі шмат помнікаў антычнага мастацтва, а многія славутыя арыстакратычныя роды выводзілі свае пачаткі ад дзеячоў рымскай эпохі.

Імкненне імітаваць антычную спадчыну праявілася ў Італіі літаральна ва ўсіх сферах культуры. Але найпрасцей было гэта рабіць дойлідам, паколькі захавалася даволі шмат будынкаў старажытнарымскіх часоў. Дастакова ўзгадаць славутыя Калізеум і Пантэон. Апроч таго захаваўся таксама трактат антычнага аўтара Вітрувія па мастацтву будаўніцтва.

Таксама захавалася даволі шмат узораў старажытнарымскай скульптуры. Адным з самых апантаных яе калекцыянераў з’яўляўся рымскі папа Юлій ІІ, а яго рэзідэнцыя Бельведэр славілася самым багатым у свеце зборам антычных культурных каштоўнасцяў. Сярод скульптараў эпохі Р. лічылася модным так выканаць скульптурную выяву, каб яе немагчыма было адрозніць ад антычных узораў. Прыкладам гэтага можа паслужыць скульптурная выява Вакха, зробленая Мікеланджала. Аднак насамрэчы, лепшыя творы скульптараў Р. безумоўна ўжо пераўзыходзілі творы сваіх антычных настаўнікаў. Найперш гэта датычыла унутранага псіхалагізму іх скульптурных выяў, які амаль цалкам адсутнічае ў антычнай скульптуры.

Складаней выглядала справа наследавання антычнасці ў жывапісе, паколькі карцін антычнай эпохі практычна не захавалася (Больш блізка з антычным жывапісам чалавецтва азнаёмілася толькі ў канцы 18 ст. пасля раскопак Пампеі). Тут мастакі Р-су пайшлі далей за сваіх антычных настаўнікаў, адкрыўшы, напрыклад, правіла лінейнай перспектывы (Брунэлескі), пра якое невядома было, ці выкарыстоўвалася яно у часы старажытнага Рыму.

Яшчэ адным вельмі важным аспектам Р-су было адраджэнне прыгожага пісьменства і класічнай лаціны. Увогуле, эпоху Р-су можна назваць эпохай філолагаў. Менавіта літаратура лічылася тады вяршыняй мастацтва, а не жывапіс ці скульптура, якія па-ранейшаму часта атаясамлівалі са звычайным рамяством. Мысляры эпохі Р-су прыйшлі да высновы, што ў Сярэднявеччы ніхто правільна не пісаў і не размаўляў на лаціне, і, больш таго, правільна не разумеў напісанага ў антычныя часы. Нараджаецца метад крытычнага аналізу старых рукапісаў. Так, напрыклад, Лаўрэнцы Вала выкрыў падробку славутага "Ахвяравання Канстанціна“, паводле якога рымскі папа валодаў Папскай вобласцю ў Італіі. Вяршыняй паэтычнага мастацтва лічылася дасягненне ўзроўню антычных аўтараў. Актыўна практыкавалася наследаванне антычных літаратурных формаў – драма, трагедыя, ода, элегія і г.д. Напрыклад, славуты Франчэска Петрарка лепшым сваім творам лічыў эпічную паэму "Афрыка", прысвечаную старажытнарымскаму дзеячу і палкаводцу Сцыпіёну і напісаную на лаціне адпаведна з літаратурнымі канонамі антычнасці. Мы ж ведаем яго сёння найперш як аўтара любоўнай лірыкі на тагачаснай жывой італьянскай мове, якой сам Петрарка не прыдаваў асаблівага значэння. Напрыклад, “Гісторыя народу Фларэнцыі" Леанарда Бруці была напісана на лацінскай мове на пачатку УХст. А "Гісторыя Італіі" Фр.Гуічардзіні на італьянскай мове з’явілася толькі праз стагоддзе.

Апроч цікавасці да лаціны і спробы прывесці яе да ўзроўню антычнай класікі, назіраўся таксама рост зацікаўленасці да старажытнагрэцкай мовы. Многія інтэлектуалы бяруцца за яе вывучэнне. Набывае папулярнасць філасофская спадчына Платона, асабліва яго славутыя "Дыялогі", якія цяпер чытаюць у арыгінале. Гэта ж датычыць многіх іншых мысляроў старажытнай Грэцыі. Нагадаем, што з антычнай спадчынай сярэднявечныя мысляры знаёміліся пераважна з арабскіх перакладаў. Цяпер жа адкрываецца, што пераклады часта скажалі першапачатковы сэнс напісанага. Найперш гэта датычыла філасофскай спадчыны Арыстоцеля. Гэтаму садзейнічаў той факт, што пасля заваявання туркамі Візантыі многія адукаваныя грэкі перабіраюцца ў Італію. Часта яны прывозілі з сабой зборы рэдкіх рукапісаў. У гэтым рэчышчы адбываліся і спробы адрадзіць класічную сістэму адукацыі. Асабліва ярасныя атакі дзяечы Р-су накіроўвалі супраць логікі, з яе адарванасцю ад жыцця і акадэмічнай сухасцю.

І ўсё ж, нягледзячы на велізарную цікавасць да старажытных моваў, эпоха Адраджэння заканамерна прыводзіць да ўзвышэння жывых гутарковых моваў еўрапейскіх народаў. У 15 ст. быў зроблены пераклад на жывыя мовы – нямецкую, французскую, анлійскую, іспанскую, галандскую, чэскую – самай чытаемай на той час кнігі – Бібліі. Э. Ротэрдамскі пісаў, што яму хацелася б, каб Біблію чыталі і рамеснік, і просты селянін, і нават туркі і сарацыны. Велізарную ролю ў развіцці тагачаснай кніжнасці адыграла вынаходніцтва кнігадрукавання нямецкім майстрам Еханам Гутэнбергам у 1455 г. У небывала кароткім часе гэта вынаходніцтва распаўсюджваецца па ўсёй Еўропе. За паўстагоддзя колькасць кніг на еўрапейскім кантыненце павялічваецца з 300 тыс. да 10 млн. Большасць гэтых кніг складалі пераклады Бібліі.

Ідэі Рэнесансу з Італіі пашыраюцца па ўсёй Еўропе. Гэта адбывалася як у выніку міграцыі людзей навукі і мастацтва, так і кніг і твораў мастацтва. Многія італьянскія мастакі і архітэктары атрымлівалі запрашэнне на працу пры дварах розных манархаў і магутных феадалаў. Шмат працавала іх пры двары французскага караля Францыска І. Пад пратэкцыяй польскага магната Замойскага італьянцы збудавалі цэлы горад Замосце ў Рэчы Паспалітай. Італьянскія архітэктары збудавалі мураваныя касцёлы ў Гародні, Нясвіжы і іншых гарадах Беларусі. І такіх прыкладаў адносна ўсёй Еўропы можна прывесці вельмі шмат. Нярэдка дзеячы культуры мусілі пакідаць Італію з палітычных прычын, шукаючы, напрыклад, паратунку ад праследаванняў за свае рэлігійныя пераканні. Так, мысляр Фауст Сацыні перабраўся ў Польшчу, дзе пад яго ўплывам склалася цэлая плынь рэфармацыі – сацыянства, якое пашыраецца таксама і на беларускія землі.

Натуральна, што за межамі Італіі рысы Р-су мелі сваю адметнасць. Таму менавіта даследчыкі гавораць пра Італьянскі і Паўночнаеўрапейскі Р-с. На поўначы Еўропы ідэя вяртання да антычных узораў не адыгрывала такой ужо істотнай ролі, паколькі слядоў рымскай эпохі там захавалася мала. Тут у большай ступені можна гаварыць пра ідэі Гуманізму.

Даволі няпроста вызначыць і тую храналагічную рысу, якая б акрэслівала завяршэнне эпохі Р-су. Часта адзначаецца даследчыкамі, што на змену Р-су прыйшла эпоха Контррэфармацыі, пачатак якой быў звязаны з Трыдэнцкім саборам каталіцкай царквы (сярэдзіна 16 ст.). Пасля гэтага сабору каталіцкі касцёл, узмацніўшы свае структуры і ўнутраную дысцыпліну, пераходзіць у аткыўнае наступленне супраць ерасяў і імкнецца рашуча змагацца з іншадумствам. Аптымісычны рэнесансны светапогляд з яго верай у розум чалавека становіцца па сутнасці недарэчным у час, калі Еўропу ахапілі крывавыя рэлігійныя войны.

Распад стылявога адзінства Р-су ў мастацтве назіраецца ў першай палове 16 ст. Гэты працэс у вялікай ступені быў абумоўлены ўнутранымі законамі развіцця мастацкіх стыляў. Напрыклад, рэнесансны рэалізм у жывапісе дасягнуў па сутнасці ідэалу. Каб праявіць сябе, мастакі, скульптары і архітэктары мусілі свядома адыходзіць ад канонаў, парушаць класічныя правілы і падыходы. Некаторыя даследчыкі стыль першай паловы 16 ст. акрэсліваюць як маньерызм. Для яго з’яўляюцца характэрнымі некаторая штучнасць, ненатуральнасць. На карцінах мастакоў звычайны паказаныя сады, гроты (адсюль паходзіць тэрмін гратэск).

На сённяшні дзень не спыняюцца сярод даследчыкаў дыскусіі адносна сутнасці Р-су. Усё больш гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў схіляюцца да думкі, што да акрэслення Р-су больш падыходзіць тэрмін працэс, а не эпоха. У любым выпадку бясспрэчным застаецца тое, што без Р-су немагчымым было б уявіць паўстанне сучаснай еўрапейскай цывілізацыі.