Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

2. Развіццё адукацыі на беларускіх землях у першай палове 19 ст.

Адносна пачатку 19 ст. можна весці гаворку пра працяг развіцця асветніцкіх ідэй на беларускіх землях. На думку часткі гісторыкаў, эпоха Асветніцтва ў Беларусі завершылася каля 1830 г., а некаторыя даследчыкі даводзяць яе да 1860-х гадоў і нават да 20 ст. Гэтае развіццё асветніцкіх ідэй у першай трэці 19 ст. найбольш выразна праявілася ў сферы адукацыі. Можна нават весці гаворку пра сапраўдны росквіт сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі на землях былога ВкЛ у дадзены перыяд. Гэты росквіт стаў наступствам рэформаў, праведзеных яшчэ славутай Адукацыйная камісіяй у часы Рэчы Паспалітай. У працяг рэформаў ужо ў Расійскай імперыі была ў 1803 г. створана Віленская навучальная акруга, у склад якой увайшлі таксама і беларускія землі. Куратарам гэтай акругі доўгія гады быў арыстакрат Адам Чартарыйскі, блізкі сябар расійскага імператара Аляксандра І. Усёй сістэмай школьніцтва кіраваў Віленскі ўніверсітэт, утвораны ў 1803 г. на базе Галоўнай Літоўскай школы. Ён слушна лічыўся лепшым універсітэтам у Расійскай імперыі. У 1830 г. тут вучылася 1300 студэнтаў (другім па колькасці студэнтаў быў на той час у Расійскай імперыі Маскоўскі універсітэт – 800). У склад Віленскага універсітэта ўваходзілі 4 факультэты – медычны, фізіка-матэматычны, грамадскіх і маральных навук, літаратуры і мастацтваў. Асабліва добрай арганізацыя навучання славіўся медычны факультэт. Шмат моладзі ішло на фізіка-матэматычны факультэт, на якім многія прадметы выкладаліся на самым высокім еўрапейскім узроўні. Ніжэй каціраваўся факультэт грамадскіх навук, хаця і тут выкладалі вельмі моцныя навукоўцы – у першую чаргу на кафедры гісторыі. Найменшай папулярнасцю цешыўся факультэт літаратуры і мастацтваў, паколькі гэтыя заняткі лічыліся для шляхціча не вельмі прэстыжнымі. А ў Віленскім універсітэце большасць студэнтаў складалі прадстаўнікі шляхецкага стану, прычым дамінавалі выхадцы з беларускіх земляў. Тое ж самае можна сцвярджаць і адносна выкладчыкаў. Таму роля універсітэта ў культурным жыцці тагачаснай Беларусі была выключна важнай.

У студэнцкім асяроддзі Вільні панавалі ліберальныя настроі. Моладзь была прасякнута ідэямі адраджэння Рэчы Паспалітай, лічыла расійскую ўладу захопніцкай і тыранічнай. Адраджэнне сваёй айчыны студэнцкія лідэры звязвалі з пашырэннем у грамадстве перадавых асветніцкіх ідэй. У 1817 г. ва універсітэце быў утвораны тайны студэнцкі гурток філаматаў, у склад якога ўваходзілі такія асобы, як Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч і інш. У хуткім часе вакол гэтага гуртка ўтварылася значна больш шырокае таварыства філарэтаў. Філаматы і філарэты актыўна займаліся самаадукацыяй, наладжвалі публічныя лекцыі, заклікалі моладзь больш актыўна вывучаць свой родны край.

У 1823 г. царскія ўлады разграмілі студэнцкія таварыствы, а найбольш актыўных удзельнікаў выслалі за межы Беларусі. У часе паўстання 1831 г. шмат студэнтаў Віленскага універсітэта ўзялі ўдзел ва ўзброенай барацьбе супраць царскіх войскаў. У выніку расійскі ўрад прыняў рашэнне аб закрыцці універсітэта як рассадніка вольнадумства і антырасійскіх настрояў. У 1832 г. славутая вучэльня была зачынена, а на яе аснове ўлады стварылі універсітэт у Кіеве. Гэта мела вельмі важныя наступствы для развіцця культурных працэсаў на беларускіх землях, паколькі знікае асяродак высокай інтэлектуальнай культуры, які выпраменьваў свае ўплывы на цэлы абшар былога ВкЛ. Цяпер таленавітая моладзь мусіла пакідаць сваю радзіму, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Многія яе прадстаўнікі заставаліся назаўсёды ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве ці Кракаве, узбагачаючы культуры іншых народаў.

У 1812 г. была заснавана Полацкая езуіцкая акадэмія. У гэтай вышэйшай навучальнай установе былі тры факультэты: мовазнаўчы, свабодных навук і багаслоўя. Колькасць студэнтаў дасягала 600, выкладчыкаў – 39. Акадэмія мела сваю бібліятэку, добра абсталяваныя кабінеты і друкарню. Аднак гэтая навучальная ўстанова мела кароткую гісторыю. У 1820 г. яна была зліквідаваная ў сувязі з забаронай дзейнасці езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. На базе акадэміі быў утвораны Полацкі кадэцкі корпус.

Вышэйшай агранамічнай навучальнай установай на беларускіх землях можна лічыць Горы-Горыцкі земляробчы інстытут (Магілёўская губерня), які быў утвораны ў 1848 г. на базе мясцовай земляробчай школы. Гэта была першая ў Расійскай імперыі вышэйшая агранамічная ўстанова. Тут студэнты за 4 гады навучання павінны былі вывучыць батаніку, заалогію, хімію, фізіку, мінералогію, матэматыку, геадэзію, ветэрынарыю, жывёлагадоўлю, лесаводства і інш. навукі. Колькасць навучэнцаў дасягала 500 чалавек. Пасля паўстання 1863 г. інстытут перавялі ў Санкт-Пецярбург і з 1865 г. на яго базе стварылі Пецярбургскую сельскагаспадарчую акадэмію.

У Віленскі універсітэт і Полацкую акадэмію паступалі выпускнікі сярэдніх навучальных устаноў, большасць з якіх у першай трэці 19 ст. знаходзілася пад апекай каталіцкіх манастыроў. Напрыклад, у Гарадзенскай губерні такія ўстановы існавалі ў Гародні (дамініканаў), Берасці (базыльян), Лідзе (піяраў), Наваградку (дамініканаў), Слоніме, Жыровіцах (базыльяне), мястэчку Лыскава пад Ваўкавыскам. У 1805 г. граф Тышкевіч заснаваў свецкую гімназію ў Свіслачы. У гэтых навучальных установах вывучалі лацінскую, польскую, расійскую, нямецкую і французскую мовы, гісторыю, літаратуру, матэматыку, фізіку і інш прадметы. Большасць прадметаў выкладалася на польскай мове. Звычайна навучанне працягвалася 7 год.

Узровень развіцця сярэдняй адукацыі на беларускіх землях быў значна вышэйшым, чым у астатніх рэгіёнах вялізнай Расійскай імперыі. У выніку эфектыўнай працы Віленскага універсітэта і шматлікіх сярэдніх школ на абшарах былога ВКЛ сфармавалася магутнае асяроддзе добра выкшталтаванай інтэлігенцыі шляхецкага паходжання, прадстаўнікі якога па ўзроўню сваёй адукаванасці не саступалі сярэдняму класу развітых еўрапейскіх краін. Але праблема палягала на тым, што ў сувязі з адносна нізкім узроўнем гаспадарчага развіцця большасць гэтых інтэлігентаў не магла знайсці адпаведнага прымянення сваім здольнасцям. Можна нават весці гаворку пра перавытворчасць інтэлігенцыі ў Беларусі на той час. Гэтае асяроддзе было падатлівым на ліберальныя і рэвалюцыйныя ідэі, многія яго прадстаўнікі актыўна бралі ўдзел у паўстаннях супраць Расійскай імперыі.

З высокім узроўнем вышэйшай і сярэдняй адукацыі кантраставала пачатковае школьніцтва, якое прадстаўлялі парафіяльныя школкі. Стан большасці гэтых школак выглядаў бядотным. Звычайна яны паўставалі пры касцёлах, дзякуючы намаганням ксяндзоў, якія прытрымліваліся асветніцкіх поглядаў. Выдатным прыкладам такога святара можа паслужыць ксёндз Магнушэўскі з Крошына, у школе якога навучыўся пісьму і чытанню сялянскі паэт Паўлюк Багрым. Дзяржаўныя ўлады таксама часам прыкладалі намаганні да арганізавання пачатковага школьніцтва. Так, у 1820 г. ў некаторых гарадах і мястэчках утвараліся т.зв. ланкастэрскія школы (узаемнага навучання). Але гэтыя намаганні давалі вельмі слабы вынік. Абсалютная большасць сялянскага насельніцтва на беларускіх землях у першай палове 19 ст. была непісьменнай. На думку французскага даследчыка Даніэля Бавуа, галоўнай перашкодай на шляху развіцця пачатковай адукацыі ў Беларусі было тое, што ў школах амаль не выкарыстоўвалася беларуская мова, на якой размаўляла большасць насельніцтва краіны. Адукацыя развівалася на польскай і расійскай мовах, якія сяляне разумелі кепска.