Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

3. Культура сярэднявечнай Еўропы: асноўныя асаблівасці.

У наш час тэрмін сярэднявечча атаясамляецца найперш з Заходняй Еўропай з яе рыцарамі, гарадамі і манастырамі. І ў значнай ступені гэта справядліва. Увогуле тэрмін сярэднія вякі ўзнік у 15 ст. у асяроддзі італьянскіх інтэлектуалаў, якія супрацьстаўлялі іх антычнасці. Трэба адзначыць, што сярод многіх аматараў гісторыі да сённяшняга дню захоўваецца стэрэатыпнасць ва ўспрыяцці эпохі Сярэднявечча, як эры цемрашальства і рэлігійнага фанатызму. Такі погляд выглядае занадта спрошчаным, пра што пераканаўча сведчаць вынікі навейшых гістарычных даследаванняў. Менавіта ў часы С. у Еўропе сфармаваліся культурныя асаблівасці еўрапейскай цывілізацыі, якія сталі падмуркам яе дынамічнага развіцця ў наступныя стагоддзі.

Разам з тым з’яўляецца несумненным і той факт, што пасля крушэння Рымскай імперыі ў Заходняй Еўропе на працягу некалькіх стагоддзяў назіраўся заняпад матэрыяльнай і духоўнай культуры, спрошчванне і нават прымітывізацыя антычнай спадчыны. Менавіта таму гэты час атрымаў назву Цёмныя стагоддзі. Спрашчэнне антычных стандартаў можна прасачыць на прыкладзе адаптацыі рымскай сістэмы адукацыі. Сярэднявечная грамадства ўзяло з антычнасці ні сістэму Цыцэрона ці Цэртуліана, але іх спрошчаную мадэль, якую распрацаваў у 5 ст. карфагенскі навуковец Марцэлін Капэла. Гэтая мадэль грунтавалася на сямі свабодных альбо вызваленых навуках (сэптэм артэс лібералес): граматыка, рыторыка, дыялектыка або логіка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Славуты філосаф Баэцы падзяліў сем вызваленых навук на трывіум (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і квадрывіум (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Такім чынам, у розных сферах культуры ішла адаптацыя антычнай спадчыны да новых умоў, адбываўся сінтэз рымскіх і германскіх культурных узораў. У выніку гэтага сінтэзу паўстала сацыяльна-палітычная сістэма феадальных адносін, якая адыграла выключна важную ролю ў гісторыі Еўропы.

Культурную прастору Еўропы і сетку міжкультурнай камунікацыі найперш стваралі структуры хрысціянскай царквы. Асабліва вялікую ролю адыгрывалі манастыры, якія сталі галоўнымі захавальнікамі культурнай спадчыны. На пачатку эпохі С. была выпрацавана дагматыка і асновы багаслоўя заходняга хрысціянства. У гэтым працэсе асабліва вялікую ролю адыграў Блажэнны Аўгусцін (жыў на мяжы 4-5 ст. у паўночнай Афрыцы), які на аснове ідэй Платона і яго паслядоўнікаў развіў хрысцянскае вучэнне пра Бога і Царкву. Сакральнай мовай заходняй цывілізацыі стала лаціна, веданне якой аб’ядноўвала адукаваных людзей ад Іберыйскай паўвыспы да Скандынавіі.

Для гісторыі С. была характэрнай цэлая чарада "Адраджэнняў", калі назіраліся спробы вяртання да антычнай культурнай спадчыны, намаганні дасягнуць культурнага ўзроўню антычнасці. Можна назваць “Остгоцкае" і “Вестгоцкае” адраджэнні", “Каралінгскае“, “Аттонава“. Усе гэтыя "адраджэнні" былі даволі кароткачасовымі, аднак менавіта яны падрыхтавалі глебу вялікай эпохі еўрапейскага Адраджэння ці Рэнесансу.

На думку многіх даследчыкаў, адрозныя рысы еўрапейскай цывілізацыі сфармаваліся ў часы "Каралінгскага Адраджэння". Яго цэнтрам стаў двор Карла Вялікага ў Аахіне. Карл намагаўся аднавіць Рымскую імперыю і стаць яе імператарам. Пры яго двары дзейнічаў славуты асветнік Алкуін, які спрабаваў адрадзіць антычную сістэму адукацыі. Аднак вялізная дзяржава Карла прыйшла ў заняпад пасля яго смерці. На Заходнюю Еўропу абрынуліся набегі вікінгаў і венграў. Скандынавы адыгралі асабліва вялікую ролю ў афармленні палітычнай структуры еўрапейскага кантыненту. Апроч таго яны стварылі вельмі арыгінальную матэрыяльную і духоўную культуру. Уражваюць сваім рэалізмам эпас вікінгаў, сабраны ў Вялікая і Малой Эддах Сноры Стурлурсана, паэзія скальдаў.

Новы росквіт Еўропы распачынаецца ў часы “Аттонава Адраджэння“ (10 ст.) З 10 па 13 ст. насельніцтва Еўропы вырасла з 40 да 70 мільёнаў чалавек. Назіраецца бурны росквіт гарадоў, насельніцтва якіх здабывала ў барацьбе з каралямі і буйнымі феадаламі асобыя правы і прывілеі, што рабіла гарады сапраўднымі выспамі свабоды ў свеце жорстка іерархізаваных феадальных адносін (добра вядома выказванне тых часоў, што паветра горада робіць чалавека свабодным). Адбываюцца таксама па сутнасці рэвалюцыйныя змены ў тэхніцы і сельскай гаспадарцы.

У 10 ст. у еўрапейскім мастацтве паўстае ўпершыню адзіны агульнаеўрапейскі стыль – раманскі. Тэрмін раманскі стыль з’явіўся ў 19 ст. па аналогіі з паняццем раманскія мовы. Напачатку гэты тэрмін ужываўся толькі ў дачыненні да архітэктуры, але затым быў перанесены на ўсё еўрапейскае мастацтва 10-12 ст. Пад раманскім стылем напачатку даследчыкі разумелі выкарыстанне сярэднявечнымі дойлідамі некаторых рыс і будаўнічых прыёмаў старажытных рымлянаў. Але на гэтым спецыфіка азначанага стылю не вычэрпвалася. Галоўнымі яго асаблівасцямі лічацца: дамінацыя ў архітэктуры паўцыркульнай формы скляпенняў, цяжкія і масіўныя апоры, гладкія, вялікай таўшчыні сцены з малой колькасцю вузкіх вакон і дзвярных праёмаў.

У 13 ст. у Заходняй Еўропе назіраецца росквіт стылю готыка. Сам гэты тэрмін узнік у 15 ст. у асяроддзі тэарэтыкаў італьянскага адраджэння і ўтрымліваў першапачаткова адмоўнае сэнсавае напаўненне. Пад готыкай разумелі спадчыну варвараў-готаў – разбуральнікаў Рыму. Такая ацэнка готыкі была безумоўна несправядлівай. Нарадзіўшыся ў паўночнай Францыі ў 12 ст., гэты стыль мастацтва, які найбольш выразна праявіў сябе ў культавым дойлідстве, хутка пашырыўся па ўсёй Еўропе. Гатычнае мастацтва было цесна звязана з сярэднявечным горадам, з’яўлялася сведчаннем яго росквіту і незалежнасці. Гатычная архітэктура ў адрозненне ад раманскай мела іншую канструкцыю скляпенняў, асновай якіх была каркасная сістэма са спічастымі аркамі і склепяннямі, рэбрамі-контрфорсамі, якія вытрымлівалі цяжар высокіх вежаў і дахаў. Гатычныя будынкі, асабліва храмы, мелі вялікую колькасць вакон, якія ўпрыгожваліся рознакаляровымі вітражамі. Унутр храма хлынулі патокі святла, што найбольш адпавядала ўяўленням сярэднявечнага чалавека аб адухоўленай матэрыі. Для гатычнай архітэктуры характэрна імкненне ўвышыню, лёгкасць і вытанчанасць. Зніклі гладкія сцены і столі, якія цяпер прарэзваліся шматлікімі нервюрамі, нішамі і арачкамі. Звонку і ўнутры гатычныя храмы багата ўпрыгожваліся скульптурнымі выявамі.

У 12-13 ст. назіраецца таксама актыўнае развіццё духоўнай культуры. Фармуецца рыцарская культура са сваім эпасам, паэзіяй, маральнымі нормамі і складаным этыкетам, культам Чароўнай Дамы. Яскравай праявай гэтага стала творчасць трубадураў, трувэраў, міннезінгераў. Праўда, пашырэнне сярод рыцарства вытанчаных нормаў паводзін адначасова з’яўлялася прадвеснікам яго будучага палітычнага заняпаду.

Вельмі своеасаблівай рысай заходнееўрапейскай культуры стала стварэнне універсітэцкай адукацыі. Напачатку гэтая сфера культурнага жыцця знаходзілася пад амаль поўным кантролем царквы. Асноўнымі навучальнымі ўстановамі былі кафедральныя школы пры біскупах. У гарадах існавалі і прыватныя школы, дзе выкладалі магістры (настаўнікі). На мяжы 12-13 ст. паўстаюць першыя універсітэты. Найбольш вядомымі былі універсітэты ў Парыжы і Балоніі. Ва універсітэтах апрача свабодных навук вывучалі таксама багаслоўе і філасофію, права і медыцыну. Вельмі важнай асаблівасцю універсітэтаў стала іх аўтаномія і самакіраванне, яны захоўвалі пэўную незалежнасць і ад свецкіх уладаў, і ад царквы. У Балоніі кіраўніка рэктара нават абіралі самі студэнты. Менавіта універсітэты стварылі агульную інтэлектуальную прастору еўрапейскай цывілізацыі. Веданне лацінскай мовы, на якой адбывалася навучанне, дазваляла выхадцам з самых розных куткоў Еўропы разумець адзін аднаго. Праўда, у тагачаснай навуцы і адукацыі пераважала схаластыка, якую мысляры эпохі Адраджэння вельмі шмат крытыкавалі за адарванасць ад жыцця. Але трэба прызнаць, што менавіта схаластыка сфармавала традыцыю строгага навуковага мыслення.

Разам з тым сутыкненне схаластычнай навукі Касцёла з новымі канцэпцыямі ў розных галінах ведаў абвастрыла канфлікт паміж хрысціянскай тэалогіяй і класічнай спадчынай. Сінтэз стварыў Тамаш Аквінскі (1225-1274). Ён даводзіў, што чалавек мае несубстанцыйную несмяротную душу, а адной з найважнейшых праяў душы ёсць розум. Таму чалавек здольны пазнаваць створаную Богам прыроду, але розум не ў стане пазнаць Бога.

Прага да ведаў становіцца адной з галоўных прычын вандровак людзей. Нават імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі выдаў дэкрэт, які прадпісваў падданым аказваць дапамогу падарожным навукоўцам. Вандроўныя студэнты ваганты ствараюць ўласную субкультуру, важнымі рысамі якой былі дух свабоды і непакорлівасці, насмешлівае стаўленне да духавенства і феадалаў.

Якімі былі прасторавыя ўяўленні жыхароў сярэднявечнай Еўропы. Галоўнай рэальнасцю быў хрысціянскі свет. Адносна яго хрысціянін вызначаў і ўсё астатняе чалавецтва, і свае адносіны да іншых. Так, візантыйцы лічыліся ерэтыкамі. Адносна іх заходнееўрапейскія рыцары адчувалі нейкую сумесць зайздрасці і агіды. Лаціняне папракалі грэкаў у баязлівасці і ненадзейнасці. Гэта была рэфлекторная рэакцыя ваяўнічага і беднага варвара на багатага і цывілізаванага чалавека. Тагачасныя людзі Захаду, для якіх галоўнай каштоўнасцю была простая і сумленная вернасць феадала, лічылі вераломствам візантыйскія метады, цалкам пранізаныя меркаваннямі дзяржаўнай карысці. У сваю чаргу візантыйцы лічылі лацінян жорсткімі, ганарлівымі і сквапнымі варварамі. Варта адзначыць, што менавіта з Візантыі ў Заходнюю Еўропы прыходзілі самыя дарагія і якасныя тавары, а залатая манета “безант” былі сапраўдным “доларам Сярэднявечча”.

Пра людзей праваслаўнай Усходняй Еўропы на Захадзе ведалі менш, за выключэннем жыхароў Скандынавіі і ганзейскіх нямецкіх гарадоў. Больш ведаў з’явілася, калі галоўны кірунак крыжовых паходаў быў скіраваны на ўсходнюю Прыбалтыку. Такія асобы, як рыцар і паэт Жыльбер дэ Лануа, апісвалі свае прыгоды ў землях далёкай і таямнічай Русі-Літвы. Цікава, што для ўдзельнікаў аднаго з тэўтонскіх набегаў на Гародню нечаканых адкрыццём стала тое, што жыхары горада ўжо былі хрысціянамі, а не паганцамі. Але на гэтай праблеме мы больш падрабязна спынімся ніжэй.

Такім чынам, менавіта ў сярэднявечную эпоху сфармаваліся адрозныя рысы еўрапейскай цывілізацыі. Вядомы даследчык эпохі С. Т.Ніпэрдэй вызначыў наступныя асноўныя дасягенні ўрапейскага грамадства ў тыя часы:

  1. Еўропа паўстала ў Сярэднявеччы. С. стварае сучасныя еўрапейскія народы. Еўропа – гэта з сярэднявечных часоў культурна самастойныя, аднак між сабою звязаныя народы і дзяржавы на этнічнай аснове, якія суіснавалі з надэтнічнымі дынастычнымі імперыямі.

  2. Спрэчка між духоўнай і свецкай уладамі характарызуе сярэднявечную Эўропу. Еўрапейская сістэма біпалярная: гэта стварае прастору як свабоды, так і незвычайнае напругі і дынамікі. Хрысціянства выразна аформіла бясцэнную свабоду індывіда, застаючыся рэлігіяй сумлення. Сярэднявечная ж тэалогія спрыяла ўсталяванню і легітымізацыі рацыянальнага. Там, дзе свет абязбожваецца, ён адкрываецца планаванаму ўмяшальніцтву чалавека, дзе ў ручаінах і рэках больш няма німфаў і ды іншых нечалавечых істотаў, можна без клопату будаваць млын.

  3. У С. адукацыя і навука, інстытуцыялізаваныя ў універсітэт, становяцца адной з фундаментальных структур Еўропы. Універсітэты і навука – адна з першаасноў сучаснага свету. Універсітэт паўстае ў сярэднявечнай сыстэме прывілеяў, свабодаў ды імунітэтаў. Ён быў самастойнай арганізацыяй паміж палітычнай уладай і царквой.

  4. Феадалізм – сацыяльная сістэма з іерархічнай разгалінаванай структурай свабодаў, залежнасцяў і карпаратыўных сувязяў. Сучасны свет індустрыі мог паўстаць толькі ў Еўропе і Японіі, а значыць менавіта там, дзе мелася федальная структура: падзеленасць, шматстайнасць, аўтаномія, канфлікты і рэгуляванне канфліктаў, а гэтым і элемент нясучай дынамікі, чаго не знаходзім у іншых грамадствах – у Кітаі, Індыі, свеце ісламу.

  5. Горад, які з’яўляецца не проста пасяленнем, але ў рамках рымскага права ды яго сярэднявечных трансфармацый і прававой формай, што ёсць гарадское самакіраванне і аўтаномія, што гарадское паветра робіць чалавека свабодным, тут развіваецца рацыяналізм, этас працы і заробку, мірных, а не ваенных здольнасцяў, спецыфічная культура і адукацыя.

  6. Сярэднявечная культура ў вялікай ступені культура прававая: права тут непарушнае і пастаяннае, яно пранікае ў царкоўную, феадальную ўладную сістэму. Гэта свет прывілеяў і вольнасцяў, за якія змагаюцца станы, гарады, цахі, універсітэты.