Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

3. Беларуская літаратура ў другой палове 19 ст.

Пасля паўстання 1863 г. умовы для развіцця беларускай мастацкай літаратуры вельмі моцна ўскладніліся. Выданне беларускамоўных твораў лацінкай было забаронена ўладамі. А трэба нагадаць, што большасць беларускіх літаратараў сярэдзіны 19 ст. належалі да шляхецкага польскамоўнага асяроддзя і пісалі па-беларуску менавіта лацінкай. Пераход на кірыліцу ўяўляўся для іх даволі няпростай справай нават з псіхалагічнага пункту гледжання. Таму Дунін-Марцінкевіч пісаў у стол, хаця і рабіў беспаспяховыя спробы выдаць свае творы кірыліцай. Справа ў тым, што на беларускую мову быў пашыраны царскі ўказ, выдадзены адносна ўкраінскай мовы. Гэты ўказ дазваляў выдаваць на гэтых мовах толькі па сутнасці фальклорныя творы, але забараняў друк, напрыклад, дыдактычнай ці навучальнай літаратуры. Таму ў другой палове 19 ст. у Расійскай імперыі было выдадзена ўсяго некальні кніг на беларускай мове. Такім чынам, аўтары, якія спрабавалі ствараць літаратуру на беларускай мове, не мелі рэальнай магчымасці дайсці да шырокага чытача. Але ў гэтых выключна неспрыяльных палітычных умовах развіццё беларускамоўнай літаратуры не спынілася. Можна налічыць каля дзясятку аўтараў, якія пісалі беларускамоўныя творы, найперш вершы: Альгерд Абуховіч-Бандынэлі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Ян Неслухоўскі, Адам Гурыновіч, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. Безумоўна, са спадчыны названых аўтараў захавалася вельмі мала твораў. Прычым многія вершы выпадкова ацалелі ў рукапісах, якія не былі вядомыя іх сучаснікам. А большая частка літаратурнай спадчыны тагачасных беларускіх пісьменнікаў увогуле загінула. Пераважна яны былі, як і ў першай палове 19 ст., выхадцамі са шляхецкага асяроддзя, якія імкнуліся абудзіць сялянства да новага жыцця. Амаль усе былі адмоўна настроены адносна царскай улады і нярэдка прытрымліваліся радыкальных рэвалюцыйных ідэй. Дзейнасць гэтых людзей выдатна можна зразумець у агульнаеўрапейскім культурным кантэксце. Менавіта ў разгляданы перыяд набіраюць сілу працэсы нацыянальнага і культурнага адраджэння многіх еўрапейскіх народаў, якія лічыліся сялянскімі і недзяржаўнымі. Пра гэта цудоўна ведалі прадстаўнікі шляхецкай інтэлігенцыі Беларусі, якія звязвалі будучыню сваёй краіны з адраджэннем беларускай культуры. Напрыклад, В.Савіч-Заблоцкі перапісваўся на беларускай мове з вядомым украінскім дзеячом Міхаілам Драгаманавым, ідэйным лідарам украінскага нацыянальнага адраджэння.

Самай яркай постаццю гэтага перыяду ў беларускай літаратуры стаў, несумненна, Францішак Багушэвіч. У 1891 г. пры падтрымцы сваіх польскіх сяброў ён выдаў у Кракаве паэтычны зборнік “Дудка Беларуская“. Напісаная Ф.Багушэвічам прадмова да гэтага зборніку стала сапраўдным маніфестам беларускага нацыянальнага руху. У адрозненне ад многіх іншых літаратараў, якія пісалі ў 19 ст. на беларускай мове, Багушэвіч прамаўляе не толькі да селяніна-беларуса, але і ад імя гэтага селяніна. Багушэвіча нельга лічыць толькі асветнікам сялянства ці прапагандыстам беларускасці. Беларуская літаратурная творчасць была яго страсцю, так ён рэалізоўваў сябе як творца і мастак. Яго апісанне сялянскага светаўспрымання і вясковага жыцця ўражвае праўдзівасцю і псіхалагічнай глыбінёй. Творчасць Ф.Багушэвіча стала класікай беларускай літаратуры і падмуркам для яе дынамічнага развіцця напачатку 20 ст.