Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

20 7. Філасофская думка Беларусі эпохі Адраджэння.

Можна сцвярджаць, што філасофская культура на беларускіх землях фармуецца менавіта ў эпоху Адраджэння. Умовамі для яе развіцця сталі сінтэз заходнееўрапейскіх гуманістычна-рэнесансных уплываў і мясцовай праваслаўна-візантыйскай традыцыі, унікальная полікультурная сітуацыя, якая склалася ў ВкЛ у 16 ст., а таксама пашырэнне кнігадрукавання, што зрабіла магчымым для мысляроў распаўсюджваць свае ідэі сярод дастаткова шырокіх колаў грамадства. Адметнай рысай таго часу сталі публічныя дыспуты на рэлігійныя і філасофскія тэмы, якія адбываліся ў розных гарадах Беларусі

Вялікую ўвагу сярод адукаваных людзей тагачаснай Беларусі выклікалі анталагічныя пытанні. Варта адзначыць, што ў 16 ст. у Беларусі панавала геацэнтрычная карціна свету. Напрыклад, на думку даследчыкаў, Ф.Скарына прытрымліваўся арыстоцелеўска-пталемееўскай сістэмы свету. Вучэнне М.Каперніка становіцца вядомым у ВкЛ толькі з другой паловы 17 ст.

Адно з самых вострых светапоглядных пытанняў эпохі – існаваў свет спрадвеку ці створаны Богам – закранаецца Францыскам Скарынам у «Кнізе Быцця»: «Кто убо от філозофов, мог поразуметі, абы господь бог словом своім с ні з чего сотворіл вся відімая і невідімая, па старйешіне іх Арістотелю глаголяшу: «З ні чего нічто же бысть». Гэтая цытата сведчыць, што Скарына ведаў пра погляд антычных аўтараў, згодна з якім свет існаваў вечна, а не быў створаны Богам з нічога, як сцвярджалася ў Бібліі. Сам ён аднак прымаў крэацыянісцкую канцэпцыю паходжання свету, прынятую ў хрысціянскай дактрыне.

Асаблівыя дыскусіі ў 16 ст. выклікаў хрысціянскі дагмат Троіцы: Бог-бацька (безпачатковы першапачатак), Бог-сын (логас ці абсалютны сэнс) і Бог Дух Святы (жыватворчы пачатак). Бацька, паходле хрысцянскай тэалогіі лічыўся праасновай чыстага быцця, сын – народжаным ім логасам (слова), ці сэнсавым афармленнем быцця, дух – пачаткам, які творыць на аснове злучэння быцця і логаса.

Арыяне аспрэчвалі дагмат Троіцы. С.Будны ўпершыню адмовіўся ад яго ў лісце да швейцарскага тэолага Г.Булінгера. Яго пазіцыя была пазней абгрунтавана ў кнізе «Аб самых галоўных палажэннях хрысціянскай веры». Будны сцвярджаў, што «слова не магло быць на пачатку, таму што яно павінна было папярэднічаць Богу». На думку Буднага, «дух» не самастойная субстанцыя, а атрыбут бога, яго стваральная сіла: «Калі мы гаворым, што Бог стварыў чалавека ці дух божы стварыў чалавека – гэта адно і тое ж, калі б мы сказалі: зрабіў рамеснік гадзіннік, ці – гадзіннік зроблены рукою рамесніка. Рука ж рамесніка і сам рамеснік у дадзеным выпадку адно і тое ж». Будны даводзіў, што Ісус Хрыстос быў не Богам, а чалавекам, які дзякуючы духоўнаму подзвігу ўзняўся да ўзроўню прарока Божага. Самым смелым элементам вучэння Сымона Буднага было яго адмаўленне вечнасці і несмяротнасці душы. Гэта супярэчыла афіцыйным вучэнням амаль усіх хрысціянскіх цэркваў. Так, паводле Т.Аквінскага чалавек з'яўляецца мікракосмам, у якім функцыі рухавіка выконвае форма-душа. Галоўны тэолаг каталіцтва разглядаў душу ў якасці адной з рознавіднасцяў чыстай формы, што канструюе быццё кожнага чалавека. Будны ж не прымаў дагмат аб бессмяротнасці душы і замагільным свеце: «Многія вучоныя людзі лічаць, што пасля мерці душа чалавека будзе прыпадобнена цялеснай субстанцыі, якая ці пераносіць пакуты, ці мае асалоду, вандруючы з месца на месца, але гэта язычніцкая, яўрэйская і паэтычная памылковая думка… мёртвыя не валодаюць ведамі, паколькі душы пасля смерці нічога не адчуваюць. Пасля смерці кожнага чалавека як святога, так і бязбожнага душа яго нічога не ведае ні аб сабе, ні аб кім-небудзь іншым, нічога не адчувае, не пераносіць ні пакуты, ні ўцехі… памылкай з'яўляецца агульнапрынятае ўяўленне людзей аб душах, быцца яны жывуць пасля смерці, пераносяць пакуты ці маюць асалоду. Душа – гэта ні што іншае, як чалавечае жыццё ці чалавечае цела; меркаванне ж, што пасля смерці існуюць нейкія душы, што пераносяць пакуты ці радуюцца на небе, ёсць «сапраўдныя забабоны».

Для С.Буднага з'яўляўся характэрным крытычны падыход да аналізу біблейскіх тэктсаў. Напрыклад, ён скептычна разглядаў радкі Евангелля ад Матфея, што Іаан Хрысціцель харчаваўся саранчой: «Неймаверна, каб чалавек стаў есці гэтую атрутную поскудзь». У поглядах Буднага выразна адчуваецца натуралістычная лінія рэнесансавай філасофіі. Гэтая ж лінія выявілася і ў поглядах праваслаўных мысляроў Беларусі, якія таксама адчулі ўплыў гуманістычных ідэй. Яскравым прыкладам стаў дыспут Лаўрэнція Зізанія з маскоўскімі багасловамі, які адбыўся ў Маскве ў 1628 г. Беларускага тэолага там абвінавацілі ў тым, што прыклады, якія ён прыводзіць у сваіх кнігах «худы, к божеству зело нелепотны». На гэта наш зямляк адказаў: «Худа нет, не дело к делу приложено, естество к естеству».

Вельмі вялікая ўвага мыслярамі эпохі Адраджэння надавалася таксама пытанням гносеалогіі (тэорыі пазнання). Гэта ж было характэрным і для беларускай думкі. Важнейшай крыніцай усякага пазнання ў тыя часы лічылася Біблія. Паводле традыцый візантыйскага багаслоўя вылучаліся эзатэрычная і экзатэрычная мудрасць Бібліі. У прадмове «Во всю Бівлію рускаго языка» Францыск Скарына адзначае, што аднолькава з утоеным, цяжка зразумелым сэнсам боскае адкрыццё змяшчае больш ці менш выразныя і відавочныя ісціны, якія могуць уразумець «не толико докторове и люди вченые, но и всякий человек простый и посполитый». Да ліку эзатэрычных кніг, напісаных «внутрь духовне», Скарына адносіў кнігі Быцця, пачатак і канец кнігі Іезекіля і Песні Песняў. Экзатэрычнымі ён лічыў «Кнігу прытчаў Саламонавых», «Кнігу Ісуса Сірахава», «Царствы», «Юдзіф», з агаворкамі «Кнігу Еклесіяста». Скарына ўпершыню ў усходнеславянскай традыцыі паставіў праблему пазацаркоўнай інтэрпрэтацыі «Свяшчэннага пісання» і спрабаваў абгрунтаваць права чытача на свабоднае вывучэнне Бібліі. Ён разглядаў Біблію ў якасці галоўнай крыніцы ведаў, дапаможніка для вывучэння сямі свабодных навук.

Пратэстанты лічылі што ўся рэлігійная ісціна заключаецца ў Бібліі. Схільная да містыкі плынь арыян асноўным сродкам пазнання бачыла ўнутранае адкрыццё, непасрэдны духоўны кантакт чалавека з Богам. Усю тэалогію яны лічылі «чалавечым мудрагельствам» і «домысламі», якія скажаюць «праўдзівае слова Божае». «Скажонаму розуму» схаластычнай філасофіі мысляры-містыкі проціўстаўлялі «здаровы сялянскі розум». Галоўную ролю яны адводзілі ірацыянальнаму фактару, містычнай інтуіцыі.

Сымон Будны прытрымліваўся больш памяркоўнага погляду. Ён меркаваў, што ісціна ў свяшчэнным пісанні знаходзіцца ў згорнутым выглядзе, адкуль яе трэба выцягнуць і адэкватна перадаць. Але зрабіць гэта здольны толькі высокаадукаваны чалавек. Для Буднага характэрным было кантэкстуальнае асэнсаванне Бібліі: «Не трэба чапляцца за словы, лічыць склады, займацца сафістыкай, але неабходна добра разумець задуму Хрыста і да яе звяртаць усе словы… У кожнай спрэчцы вернаму не трэба спасылацца толькі на адно месца «свяшчэннага пісання», але неабходна мець на ўвазе ўвесь тэкст…». Натуралістычны падыход Буднага выявіўся ў словах: «Хай прарокі пішуць ці прадказваюць, вы ж разважайце і ўсё выпрабоўвайце, ці даследуйце… і ўсё добрае… прымайце». Швейцарскі тэолаг Сімлер нават папракаў Буднага, што ён «не імкнецца спасцігнуць сэнс свяшчэннага пісання з яго самога, але прыўносіць у яго сваё разуменне». На думку Сімлера, Біблія не падуладная філасофскаму ці натуральнаму аналізу.

Ідэі гуманістычнага рацыяналізму ўзмацінілся ў Рэчы Паспалітай, дзякуючы выхадцу з Італіі Фаусту Соцыну, які далучыўся да арыян. Апошніх нават пачалі называць соцыянамі. У Беларусі ідэі Соцына падзяляў і прапагандаваў Ян Ліцыні Намыслоўскі, настаўнік арыянскай школы ў Іўі.

І ўсё ж у цэнтры філасофскай думкі эпохі знаходзілася праблема чалавека. Ідэал гуманістычнага светапогляду бліскуча сфармуляваў Францыс Скарына: «Да совершенен будет человек божий и на всяко дело добро уготован, яко святый апостол Павел пишет. І сего ради святые писма уставлена суть к нашем навчению, исправлению, духовному и телесному, различными обычаи». Асноўным з’яўлялася пытанне пра свабоду волі чалавека. Афіцыйная каталіцкая дактрына (Блажэннны Аўгусцін і Тамаш Аквінскі) сцвярджала, што свабода выбару чалавека залежыць ад Ласкі Божай. Марцін Лютэр і асабліва Жан Кальвін прытрымліваліся ідэі дэтэрмінізму і адмаўлялі свабоду волі чалавека. Для рэнесанснага светапогляду было характэрным прызнанне свабоды выбару. Напрыклад, Фауст Соцын лічыў што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў. Лаўрэнці Зізнаній таксама прытрымліваўся падобнага погляду: «Самовластием человек абрашчается к добродетелям, якоже и злобам. Ім почтен был сперва Адам от Бога».

Хвалявала мысляроў Беларусі і праблема чалавечага шчасця. Тут у першую чаргу неабходна назваць тракта Андрэя Лована «Аб шчаслівым жыцці або вышэйшым чалавечым дабры», у якім ён разглядае чатыры канцэпцыі шчасця: эпікурэйскую, стаіцысцкую, рэнесансную і хрысціянскую.

Вельмі шмат трактатаў 16 ст. было прысвечана сацыяльна-палітычным праблемам. Адным з найбольш вядомых можна назваць трактат С.Буднага «Аб свецкай уладзе»(1583). Тут Будны вылучае два тыпы манархаў – хрысціянскі гасудар і язычніцкі. Язычніцкія гасудары, на думку Буднага, імкнуцца да таго, каб іх баяліся. Дэспат кіруе краінай па прынцыпу «так хачу, так гавару, замест розуму будзе мая воля». Хрысціянскі гасудар павінен «шмат і старанна чытаць», вывучаць «язычніцкія кнігі, асабліва старажытных і новых гісторыкаў, каб ведаць, што адбывалася да нас, бо, як пісаў Цыцэрон, хто не ведае, што калі небудзь тварылася на свеце, застаецца вечным юнаком». Акрамя таго разумны манарх «павінен акружаць сябе мудрымі і вучонымі людзьмі, з якімі ён мог бы параіцца, як паступаць у цяжкіх сітуацыях».

У ВкЛ 16 ст. у адукаваным грамадстве былі пашырана ідэя прававой дзяржавы, якая з'яўляецца адным з найвялікшых дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Найбольш грунтоўна гэтая ідэя была сфармулявана ў працы Андрэя Волана «Аб палітычнай і грамадзянскай свабодзе» (1572). Беларускія мысляры вельмі часта паўтаралі славутае выказванне Цыцэрона: «Каб быць вольнымі, мы павінны стаць рабамі законаў». Для А.Волана было характэрным наступнае разуменне свабоды: «Першы і галоўны крытэрый нашай свабоды заключаецца ў тым, каб наша жыццё было свабоднае ад усякага замаху на яго і несправядлівасці. Далей, каб наша маёмасць не падвяргалася якому-небудзь грабяжу і насіллю». Палітычным ідэалам Волана з'яўляецца манархія, якая «кіруе і правіць народам з дапамогай законаў». Прычым закон – гэта «валадар грамадзян і караля».

У філасофскай думцы Беларусі таго часу можна вылучыць радыкальную плынь, найбольш яркімі прадстаўнікамі якой былі Марцін Чаховіч, Якуб з Калінаўкі, Павел з Візны, Пётр з Ганёндза. Усе яны належалі да радыкальнага крыла арыян. Асабліва турбавала гэтых мысляроў праблема сацыяльнай роўнасці людзей. Праўда, вырашыць яе яны прапаноўвалі залішне радыкальнымі спосабамі, заклікаючы людзей увогуле адмовіцца ад уласнасці. Востра крытыкавалі радыкалы прыгнет аднаго чалавека другім. Напрыклад, у 1568 г. у Іўі адбыўся філасофскі дыспут, на якім Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны даводзілі, што сапраўдны хрысціянін не можа мець рабоў. Прадстаўнікі радыкальнай плыні выступалі таксама супраць вайны і любога гвалту над чалавекам.

Філасофская думка Беларусі была ўплецена ў агульны кантэкст культуры Усходняй Еўропы. Ідэі Скарыны, Буднага, Зізанія траплялі, напрыклад, у Маскоўскую дзяржаву і абуджалі там грамадскую думку. З Масковіі ў Беларусь перабраліся, ратуючыся ад пераследу, вольнадумцы старац Арцемі і Феадосі Касы, якія пакінулі заўважны след у беларускай культуры. У 16 ст. агульнай была культурная і інтэлектуальная прастора Беларусі і Ўкраіны. Браты Зізаніі-Тустаноўскія і Мялеці Сматрыцкі ў аднолькавай ступені належаць як да беларускай культурна-гістарычнай спадчыны, так і да ўкраінскай.