Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

14 2. Кнігавыдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны ў кантэксце еўрапейскага кнігадрукавання.

Уплывы Рэнесансу адыгралі вельмі істотную ролю ў культурным развіцці беларускіх земляў у 16 ст. Самым яскравым прыкладам рэнесансавага светаадчування з’яўляецца легендарная постаць Францыска Скарына. Гэтай асобе прысвечана вялізная колькасць навуковых прац, якія пераканаўча паказалі рэнесансныя асновы яго светапогляду. Несумненна, што Скарына быў геніальным чалавекам, апярэдзіўшым свой час. Але, разам з тым, яго асветніцкая дзейнасць цалкам упісваецца ў кантэкст развіцця тагаснай еўрапейскай кніжнай культуры.

Трэба адзначыць, што друкаваная кніжка з’яўляецца на беларускіх землях даволі хутка пасля вынаходніцтва друкарскага варштата. Пераважна гэта была кніжка лацінамоўная. Але яе пашырэнне напачатку абмяжоўвалася даволі вузкім колам людзей, атрымаўшых добрую адукацыю, у тым ліку і за межамі ВКЛ. У той жа час на беларускіх землях большая частка шляхты і заможных гараджан умела чытаць і пісаць толькі на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах кірылічным пісьмом. Менавіта таму хутка ўзнікла патрэба ў кірылічным кнігадрукаванні.

Кнігадрукаванне на славянскіх мовах бярэ пачатак у Чэхіі. У 1488 г. была надрукавана Біблія на чэскай мове. Чэскія друкары выкарыстоўвалі арыгінальны гатычны шрыфт, т.зв. чэскі бастард. Даволі хутка зараджаецца і кірылічнае кнігадрукаванне. Першая друкаваная кніга на царкоўнаславянскай мове і кірылічным шрыфтом убачыла свет у польскім Кракаве ў 1491 г. Гэта былі багаслужэбныя кнігі Актоіх і Часаслоў. Выдаўцом з’яўляўся нейкі Швайпольт Фіёль. У 1493 г. ён жа выдаў багаслужэбную кнігу Трыёдзь. Наступная кірылічная друкарня паўстала ў Чарнагорыі на Балканах. У горадзе Цэтыне друкар Джурд Црноевіч выдаў у 1494 г. Актоіх. На пачатку 16 ст. браты Любавічы заснавалі друкарню ў Сербіі. Сербскі ж феадал Бажыдар Вукавіч заснаваў кірылічную друкарню ў Венецыі ў 1519 г. У 1520 г. гэтая друкарня выдала Псалтыр. У 1508 г. паўстала друкарня Макарыя ў Валахіі. Усяго ж у другой палове 15 ст. у амаль 300 еўрапейскіх гарадах дзейнічалі каля 1700 друкарняў, якія выдалі каля 40 тыс. кніг агульным накладам звыш 10 млн. экземпляраў.

Беларускае кнігадрукаванне пачынаецца ў славутай чэскай Празе. Гэта быў адзін з самых вялікіх і прыгожых гарадоў тагачаснай Сярэдне-Ўсходняй Еўропы, які налічваў каля 25 тыс. жыхароў. У 1517 г. Францыск Скарына пры дапамозе беларускай гандлёвай калоніі заснаваў тут сваю друкарню. Сын полацкага купца Лукі Скарыны з’яўляўся прадстаўніком няўрымслівай навуковай гільдыі, якая ў многім вызначала культурнае аблічча Еўропы. Ураджэнец старажытнага Полацка ў Вільні, Кракаве і Падуі ўзбагачаў свае веды і талент. Чалавек еўрапейскай культуры і рэнесансавых поглядаў, ён заставаўся патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, пра што выдатна сведчаць яго прамовы да біблійных тэкстаў. У 1517-1519 г. Ф.Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі агульным накладам каля 10 тыс. экзэмпляраў. Для ручной перапіскі такой колькасці кніг спатрэбілася б доўгая праца соцень перапісчыкаў. Скарынінскія кнігі вылучаліся добрай якасцю і мастацкім афармленнем.

Выданне кніг у Празе мела свае недахопы, звязаныя найперш з іх далейшай перавозкай у ВКЛ. Таму цалкам лагічным крокам Скарыны было заснаванне друкарні ў Вільні, у якой ён у 1522 г. выдае "Малую падарожную кніжыцу". Гэтая кніга была разлічана на купцоў, якія маглі ў часе доўгіх падарожжаў прысвяціць час чытанню рэлігійных тэкстаў. У 1525 г. у гэтай жа друкарні ўбачыў свет "Апостал". Можна меркаваць, што скарынінскія кнігі карысталіся попытам, паколькі “Апостал“ выйшаў даволі вялікім накладам у 2 тыс. экзэмпляраў. На жаль, пасля гэтага друкарня спыніла сваю працу. Дакладных прычын мы не ведаем. Можна меркаваць, што дзейнасць Скарына выклікала і гнеў царкоўных уладаў, паколькі ён не мог тлумачыць у сваіх прадмовах сэнс Святога Пісання, не будучы духоўнай асобай. Уніяцкі палеміст Сялява нават шмат гадоў ужо пасля смерці Скарыны называў яго распаўсюджвальнікам ерасі на беларускіх землях. Па-сутнасці беларускі кнігадрукар апярэдзіў свой час. Ф.Скарына так і не змог ужо вярнуцца да друкарскай справы і нават быў вымушаны назаўсёды пакінуць Беларусь.